Някляеву вярнулі білет на... балет
17 жніўня ў “Народнай Волі” быў надрукаваны адкрыты ліст лідэра кампаніі “Гавары праўду!” паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Някляева да генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь з просьбай вярнуць яму літаратурныя рукапісы, канфіскаваныя пры ягоным затрыманні 18 мая. Наш карэспандэнт патэлефанаваў Уладзіміру Някляеву, каб даведацца, ці ёсць які-небудзь вынік ад звароту да генпракурора.
У кожнага чалавека збіраецца з часам шмат рознай, выпадкова не выкінутай драбязы. Запісаў на сурвэтках, на шматках газеты, а таксама картак, рахункаў, запрашальных білетаў, квіткоў... Дык вось гэта і хацелі мне вярнуць. Каб я схадзіў на балет, на якім ужо быў, як сведчыць запрашальны білет на той балет, у 1975 годзе. Я прапанаваў ім скарыстацца тым білетам самім.
— Не ўзялі?
— Не. Хоць ён шмат пра што нагадвае — і на ім пачатак верша, праз што білет і захаваўся.
Сярод таго, што прапанавалі вярнуць, не было нічога, што я прасіў вярнуць. Найперш — электронныя рукапісы: у камп’ютэры і на зменных носьбітах. Не аддалі мне рукапісы. І я адмовіўся браць усё астатняе.
— А чым патлумачылі тое, што рукапісы не вяртаюць?
— Сказалі, што яны вывучаюць іх. Ну, няхай вывучаюць. Можа, нечаму навучацца.
— Неяк вы проста пра гэта кажаце... Усё ж рукапісы...
— А што мне рабіць?.. Думаеце, мне проста было напісаць ліст да пракурора?.. Але ўсё ж напісаў, бо сярод рукапісаў шмат недаробленага. І адчуваю: прасочваецца ўсё недапісанае, як вада скрозь пальцы, выпарваецца, высыхае — і хутка ўжо нічога з таго, што тады было прыдумана, ува мне не застанецца. Энергетыка, з якой тыя рэчы ўзнікалі, сыходзіць... Ды каму з гэбэшнікаў такое растлумачыш, госпадзі! Калі вунь нават журналісты папікаюць: ягоных актывістаў садзяць, а ён пра рукапісы... Так, пра рукапісы! І не бачу ў тым нічога кепскага. А тым больш цынічнага, у чым мяне папракаюць. Што мне гэтым хочуць давесці? Што чалавек, ягонае жыццё, ягоная свабода вышэй за нейкія там мае — вершаваныя ці празаічныя — тэксты?..
Калі ў нечым і ёсць цынізм, дык у такім пасыле. Цынічна параўноўваць такія рэчы.
Скуль, з чаго гэты цынізм?.. Нават у людзей, здавалася б, не цынічных. Здольных ацэньваць. Не ў апошнюю чаргу з таго, што літаратура, паэзія, мастацтва для нашага грамадства страцілі вартасць. А менавіта яны засцерагаюць ад цынізму. Уздымаючы душу, якая шмат у каго ў жываце (а ў некага і ніжэй), да ўзроўню сэрца.
— Але ж вас папракаюць яшчэ і тым, што вы не дапамагаеце затрыманым актывістам вашай кампаніі.
— На якой падставе папракаюць?.. На падставе выдумак?
Пра нас выдумляюць, што мы прарасійская кампанія, што ў нас расійскія грошы. Я кажу: дайце хоць адзін доказ. Не даюць. А ў той жа час тыя ж гэбэшнікі, якія забралі і не аддаюць мае рукапісы, палююць на тых маіх сяброў, якія займаюцца хоць якім-небудзь бізнесам. Мяркуючы, што гэта яны мяне фінансуюць. Аднаго падвялі ўжо пад турму, яшчэ аднаго пазбавілі грамадзянства... За што, калі мае грошы з Крамля?..
Пра нас выдумляюць, нібы мы не сабралі 105.000 подпісаў за тое, каб назваць імем Быкавам вуліцу ў Мінску. Я кажу: мы здалі падпісныя лісты ў Мінгарвыканкам, схадзіце і палічыце — не ідуць.
Пра нас выдумляюць, што мы не дапамагаем арыштаваным, затрыманым. Я кажу: мы дапамагаем ім і юрыдычна, і маральна, і матэрыяльна, ідзіце і спытайце пра гэта ў іх родных, хто лепш за іх пра гэта ведае, — не пытаюць...
Ну што ж, няхай выдумляюць далей. Праз гэта ні праўды ў нас не паменее, ні рашучасці за яе змагацца.
А рукапісы мае я ўсё ж прашу вярнуць. Гэтым разам ужо не генеральнага пракурора, а таварышаў у цывільным. Для якіх, падобна, пракуроры, нават генеральныя, — не начальнікі.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне