ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ
«Сляпая» шыльда ў гонар Браніслава Тарашкевіча
Хто з вас, шаноўныя чытачы, бываючы ў Вільнюсе, не блукаў гадзінамі па вузкіх брукаваных вулачках старога города. Вось і я днямі меў такую радасць. Падыходжу да аднаго будынка архітэктуры пачатку мінулага стагоддзя і бачу: на сцяне барэльеф нашага выбітнага грамадскага дзеяча, навукоўца Браніслава Тарашкевіча, а пад ім мемарыяльная шыльда з надпісам: “У гэтым доме ў 1923—1926 гадох жыў аўтар першай граматыкі сучаснай беларускай мовы, лідэр стотысячнай Сялянска-рабочай Грамады Браніслаў Тарашкевіч”. Такі ж тэкст і на літоўскай мове.
Пастаяў я хвілін дзесяць, паўзгадваў старонкі біяграфіі гэтага змагара за беларускасць і міжволі яшчэ раз звярнуў увагу на надпіс на шыльдзе, якую, каб прачытаць, трэба мець вельмі і вельмі пільны зрок. Мабыць, з тых часоў, калі тут, у колішняй нашай агульнай з літоўцамі сталіцы, усталёўваўся памятны знак у гонар славутага земляка, мінула не адно дзесяцігоддзе. Пад уплывам надвор’я і барэльеф счарнеў, і надпіс на дошцы амаль знік. Толькі наблізіўшыся на даўжыню рукі і ўзброіўшыся акулярамі, можна з цяжкасцю прачытаць радкі на мемарыяльнай шыльдзе. А так хочацца, каб кожны, хто праходзіць па вуліцы, мог даведацца, у гонар каго яна тут з’явілася. Таму просьба да “Народнай Волі”: паклапаціцеся, шаноўныя журналісты, аб тым, каб вільнюская мэрыя знайшла магчымасць абнавіць памятны знак у гонар слыннага дзеяча Беларусі Браніслава Тарашкевіча.
Я не раз чытаў у вашай газеце, што ў Вільнюсе ёсць беларускія суполкі. Магчыма, і яны могуць зрабіць гэтую нескладаную, але вельмі важную справу. А калі не, то ў рэшце рэшт і з Мінска няцяжка пад’ехаць спецыялістам і падчысціць, падфарбаваць радкі на мемарыяльнай шыльдзе, якая сведчыць пра тыя гады, калі ў тагачаснай Вільні жыў і працаваў вядомы беларускі дзеяч Браніслаў Тарашкевіч. Звярні, шаноўная рэдакцыя, на гэта ўвагу таго ж Рэспубліканскага таварыства беларускай мовы.
Сцяпан КАРПІЕВІЧ, неабыякавы беларус.
АД РЭДАКЦЫІ
Так атрымалася, што назаўтра пасля з’яўлення ў рэдакцыйнай пошце ліста С.Карпіевіча ў Вільнюс накіроўваліся журналісты “Народнай Волі” Марыя Малевіч і Віталь Гарбузаў. Яны атрымалі заданне сфатаграфаваць мемарыяльную шыльду на доме, у якім некалі жыў і працаваў Б.Тарашкевіч. Як бачым, яна сапраўды патрабуе рэстаўрацыі. Мяркуем, амбасада Літвы ў Беларусі зверне на гэта ўвагу вільнюскай мэрыі, а рэдакцыя ў сваю чаргу адрасуе інфармацыю РГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне