НУ І НУ!
Плюралізм у адной галаве
Буйнейшае беларускае прадпрыемства, аналагаў якому на постсавецкай прасторы няма, рыхтуюць да продажу. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "ВА "Беларуськалій" ператворана ў адкрытае акцыянернае таварыства.
На даны момант 100% акцый новастворанага ААТ належаць дзяржаве, але ўжо вядуцца перамовы з патэнцыяльнымі пакупнікамі акцый аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў мінеральных угнаенняў. "Беларуськалій" уключаны ў план прыватызацыі на 2010 год, зацверджаны Аляксандрам Лукашэнкам. І, як заявіў журналістам першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, ужо ёсць шмат ахвотнікаў на набыццё "Беларуськалія".
Хто б сумняваўся! Распрадаваць нетры — гэта самае апошняе, што робяць дзяржавы, прычым робяць ад бязвыхаднасці… І, без перабольшвання, выказаўшы жаданне прадаць "Беларуськалій", кіраўніцтва краіны спакусілася на прадпрыемства, якое, на добры толк, павінна было заставацца "недатыкальным запасам".
Але ў сувязі з намерам прадаць інвестарам акцыі "Беларуськалія" і шэрагу іншых буйных прадпрыемстваў, узнікае пытанне: хто сапраўды прымае рашэнні ў нашай краіне?
Так, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па эканамічных пытаннях Леанід Анфімаў выступіў с рэзкай крытыкай намераў урада распрадаваць маёмасць. Так, на думку спадара Анфімава, "урад не бачыць іншых шляхоў вырашэння праблемы адмоўнага сальда з прычыны падаражання імпартных энерганосьбітаў, акрамя як за кошт продажу стратэгічных аб'ектаў дзяржуласнасці".
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў: "Калі хтосьці думае, што мы закрыем дзіркі, прадаючы дзяржаўную ўласнасць, дык гэта абсалютна дарэмна. Ніякай дзяржуласнасці для гэтых мэтаў прадаваць мы не будзем".
Нейкі плюралізм у адной галаве атрымліваецца: сёння Аляксандр Лукашэнка падпісвае ўказы, а заўтра разам са сваімі памочнікамі пачынае іх крытыкаваць…





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне