bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №136-137 (3266-3267) - "РУБАМ!"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

РУБАМ!

Праспалі? Альбо як апазіцыя ператварылася ў вузкае кола дысідэнтаў...

Аўтар: I 31 жніўня 2010 г.
Напрыканцы 2010-га ці на самым пачатку наступнага 2011 года ў Беларусі павінны адбыцца чарговыя выбары прэзідэнта краіны. Зразумела, што "Народная Воля" як найбольш папулярнае і аўтарытэтнае дэмакратычнае выданне проста не можа заставацца ў баку ад гэтай значнай палітычнай падзеі.

На старонках газеты ўжо з'явіліся грунтоўны артыкул былога дэпутата Вярхоўнага Савета Паўла Знаўца, а таксама надзвычай цікавае і змястоўнае інтэрв'ю з былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым. Друкуюцца таксама шматлікія іншыя матэрыялы. Мне, як непасрэднаму ўдзельніку дзвюх папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній (2001 г. і 2006 г.), таксама хацелася б выказацца на гэты конт. Тым больш што ўсё, што выкладзена ніжэй, пісалася выключна з жаданнем паспрыяць "выздараўленню" дэмакратычных сіл і з глыбокай павагай да шараговых актывістаў, якія змагаюцца з дыктатурай, рызыкуючы працай, вучобай, а нярэдка свабодай і здароўем.

На маю думку, прапісная ісціна для любога адказнага палітыка: да новых выбараў неабходна пачынаць рыхтавацца на наступны дзень пасля заканчэння папярэдніх. У беларускай сітуацыі гэта значыць, што пачынаючы з 2006 года апазіцыйныя партыі, якія прэтэндуюць на атрыманне ўлады, павінны былі ўключыцца ў актыўную працу. Перш за ўсё па змене існуючых правіл "гульні", калі назіральнікі не маюць ніякіх правоў, а ўчастковыя выбарчыя камісіі фарміруюцца выключна з прадстаўнікоў існуючага рэжыму. Другім, не менш важным пытаннем павінна была б стаць ініцыятыва па поўнай змене складу Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале са спадарыняй Ярмошынай. Па-трэцяе, трэба было ўсімі магчымымі сродкамі развіваць і адбудоўваць рэгіянальныя структуры апазіцыйных партый і рухаў.

Замест усяго гэтага лідэры апазіцыйных структур "заснулі" да парламенцкіх і мясцовых выбараў, якія ў чарговы раз пацвердзілі тое, што сістэма фальсіфікацый і рэпрэсій супраць палітычных апанентаў адпрацавана ў краіне ад А да Я. Апазіцыйныя ж лідэры ў чарговы раз сваю паразу патлумачылі неспрыяльнымі ўмовамі, дыктатурай, уціскам і г.д. Усё так! Але напрошваецца пытанне: а вы што, даражэнькія, думалі, што будзе па-іншаму, што рэжым зменіцца за адну ноч і ўсю брудную справу за вас зробяць еўрапейскія камісары?

Увогуле дзіўная сітуацыя: лідэры апазіцыі разглядаюць удзел у любой выбарчай кампаніі як "легальную магчымасць даносіць свае ідэі да людзей" і нават не заікаюцца пра перамогу! А што, да выбараў і пасля іх такой магчымасці няма? Тым больш што ўся актыўнасць абмяжоўваецца зборам подпісаў, распаўсюджваннем друкаванай прадукцыі і нешматлікімі (калі дазволяць) пікетамі. Дык па гэтай схеме можна працаваць у любы час 365 дзён у год! Чаму б было не пачаць кампанію па зборы подпісаў, напрыклад, супраць удзелу Лукашэнкі ў выбарах?

Хоць некаторыя лідэры апазіцыі (дастаткова прыгадаць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча) зараз знайшлі новую слоўную цацку-дрындушку. Зараз яны кажуць, што не выступаюць проста "супраць Лукашэнкі", а прапануюць "пазітыўную альтэрнатыву для электарату". Як быццам мы жывём у супердэмакратычнай дзяржаве, дзе будуць шчыра падлічваць галасы. Возьмем праведзены напрыканцы 2009 года сп.А.Мілінкевічам так званы "Еўрапейскі форум". Задачы і план дзеянняў па "еўрапеізацыі" краіны і прасоўванні "еўрапейскіх каштоўнасцяў" там былі такімі глабальнымі, што проста дух займала! А што на справе — пшык і пустая балбатня. Не ведаю, як там у Мінску, а ў палескім рэгіёне рух А.Мілінкевіча  "За свабоду" не вядзе ніякай дзейнасці. Навошта тады было пускаць людзям пыл у вочы?! Не дзіўна, што адтуль сыходзяць актывісты, якія спачатку паверылі абяцанням пра "актыўную працу".

У паўмёртвым стане знаходзіцца не толькі рух "За свабоду", але і іншыя суб'екты апазіцыі. Найстарэйшая палітычная арганізацыя — Партыя БНФ дык, як мне здаецца, і ўвогуле не выходзіць з комы і нагадвае пра сябе толькі ўнутрыпартыйнымі разборкамі і скандаламі. Не лепшыя справы і яшчэ ў аднаго "ветэрана" апазіцыі — Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Напрыклад, у Калінкавічах (40 тысяч насельніцтва) гэтыя партыі калісьці мелі даволі моцныя пярвічныя і арганізацыйныя структуры, а зараз Партыя БНФ не прадстаўлена ўвогуле, а філія АГП, можна прагназаваць,  дажывае апошнія дні, страціўшы колькасны склад амаль на 90%.

Побач (усяго 10 км) знаходзіцца Мазыр — адзін з найбуйнейшых прамысловых і адміністрацыйных цэнтраў не толькі Гомельскай вобласці, але і ўсёй краіны. І што? Там сітуацыя з апазіцыйнымі структурамі і іх дзейнасцю не лепшая. Дакладней, самой дзейнасці фактычна няма. І што самае сумнае — гэта амаль не хвалюе ні лідэраў, ні цэнтральныя офісы. Пра якую папулярнасць і вядомасць сярод насельніцтва можна весці гаворку, калі ў больш як 150-тысячным рэгіёне (Калінкавічы і Мазыр) налічваецца чалавек 10—20 актывістаў, якія нярэдка працуюць без ніякай фінансавай, маральнай і юрыдычнай падтрымкі! Прысутнасць жа такіх віртуальных арганізацый, як "Хартыя'97" ці БСДП "Грамада" спадара Ляўковіча на Гомельшчыне не заўважаецца ўвогуле.

Недзеяздольнасць апазіцыі даволі яскрава пацвердзілі мясцовыя выбары, калі апазіцыя па ўсёй краіне вылучыла ад сілы некалькі сотняў чалавек у камісіі (усіх узроўняў) і прыкладна столькі ж кандыдатаў у дэпутаты. Гэта, на мой погляд, паказчык поўнай дэмаралізацыі, адсутнасці чалавечых, арганізацыйных і матэрыяльных рэсурсаў. Пры гэтым трэба ўлічыць, што значная колькасць фармальных апазіцыянераў старанна спрабавала схаваць сваю прыналежнасць да апазіцыі і ўсяляк дэманстравала свой "незалежны" статус.

І вось у такім непрыглядным стане апазіцыйныя сілы падышлі да прэзідэнцкай кампаніі. Кандыдатаў — процьма. Але сапраўднага лідэра, які б мог павесці людзей да перамогі, няма. Дакладней, на маю думку, адзін чалавек усё ж мог прэтэндаваць на гэтую ролю. Гэты чалавек — Аляксандр Казулін. Але ён даволі цвяроза ацэньвае сённяшнюю сітуацыю і адкрыта, адказваючы на пытанне "Народнай Волі", заявіў, што не збіраецца ўдзельнічаць у маючым адбыцца спектаклі. Іншыя ж прэтэндэнты імкнуцца на ролю дэкарацый у лукашэнкаўскім шоу, высалапіўшы языкі, без ценю сумлення і здаровага глузду. На што можна разлічваць, не маючы ні доступу да тэлебачання, ні разгалінаваных структур з актывам, ні фінансаў, ні нават уцямнага плана дзеянняў!

Фактычна беларуская апазіцыя ператварылася ў вузкае кола дысідэнтаў, якія робяць вельмі важную і небяспечную справу (за што ім павага і вялікі дзякуй): абарона палітычных, эканамічных, сацыяльных правоў грамадзян і актыўная крытыка рэжыму. Але пры існуючых палітычных рэаліях яны не здольныя дамагчыся улады на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах. А каб нешта змяніць і паспрабаваць перамагчы хаця б на наступных выбарах, трэба спыніць надзіманне шчок, перанесці ўсе рэсурсы і сілы не на бясконцыя замежныя ваяжы, а накіраваць іх у рэгіёны.

І самае галоўнае: трэба ўсімі магчымасцямі спрыяць і падтрымліваць існуючую незалежную і, што важна, зарэгістраваную прэсу: "Народную Волю", "Новы Час", "Нашу Ніву", "Свабодныя навіны" і іншыя рэспубліканскія, а таксама рэгіянальныя выданні. Не ладзіць бясконцыя семінары і прэзентацыі ў пяцізоркавых гатэлях, а друкаваць і распаўсюджваць у глыбінцы вольнае слова.

Дзяніс РАБЯНОК, грамадскі актывіст.

г.Калінкавічы.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

В.Зарецкий (31.08.2010 21:43)

К сожалению, Д.Рабянок прав. Оппозиция, наблюдая политическую пассивность общества и равнодушное к ней, оппозиции, отношение, не сочла нужным работать с этим обществом. "Заграница за нас всё сделает"- таков по сути настрой у партийных лидеров. Сначала большие надежды возлагались на Европу, а когда убедились, что у неё нет ни возможности ни желания работать за них, поехали в Канаду и возврптились с не менее радужными надеждами. Это напоминает мне жениха Голохвостого из комедии "За двумя зайцами", который сватался к нескольким девкам, а когда его разоблачили, он заявил: "А мне только ваших денёг и надо было". С 90-х годов оппозиция (хочется взять это слово в кавычки) не сочла нужным создать общегосударственную газету, доступную всем, предпочитая плакаться, что её не пускают в госСМИ. А какая может быть пропаганда идей оппозиции без органа пропаганды? Крайне неразумной представляется ориентация на Запад и не только игнорирование России но и демонстрация не дружественного к ней отношения, хотя влияние Запада в Беларуси несоизмеримо с влиянием России. Не считаться с этим разумные политики не могут. Лидеры партий вместо объединения сил в деле демократизации общества фактически стали противостоять друг другу, не достигнув соглашения о разделе "шкуры не убитого медведя". Всё это и многое другое привело нашу оппозицию к нынешнему состоянию. Без смены лидеров и, главное, стратегии и тактики партий уже ничего изменить нельзя.

ГАЛАСАВАННЕ

Как вы восприняли новость о подорожании мяса?

Нам же обещали мраморное мясо, а не золотое!
Мы оплачиваем непрофессиональное руководство страной
Этого можно было ожидать, ничего не поделаешь
Мне и до повышения не часто удавалось выкроить средства на хорошие мясные продукты
На моём семейном бюджете это никак не отразится
Я вегетарианец и другим советую
С пониманием - жизнь во всём мире дорожает
Надо активнее отстаивать свои права, чтобы нас не довели до полной нищеты
Сможем построить больше ледовых дворцов и расширить штат силовых структур. Ура, товарищи!
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл