Прад імем Святой Еўфрасінні...
Еўфрасіння была дачкой малодшага сына Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і да пострыгу насіла імя Прадслава. Здавалася, юную князёўну чакае звычайны жаночы лёс -- шлюб, сям’я, дзеці... Тым больш ад нараджэння ёй было дадзена ўсё: незвычайная прыгажосць, набожнасць, знатнасць роду. Невыпадкова многія князі слалі да яе бацькі сватоў. Да ўсяго Прадслава рана авалодала граматай, чытала Святое Пісанне, Псалтыры і ўсе духоўныя кнігі, якія траплялі ў рукі. Шмат якія княжычы хацелі яе рукі. Аднойчы, уведаўшы пра бацькоўскую задуму абручыць яе з нейкім князем, 12-гадовая Прадслава ўпотайкі пакінула дом і пасялілася ў манастыры. Ігумення Раманія (удава Рамана Усяславіча) прыняла яе і блаславіла дзяўчынку на манаскі абраз.
Па блаславенні ж епіскапа Полацкага Іліі Прадслава стала жыць пры Сафійскім саборы, ва ўсім пераймаючы Прасвятую Багародзіцу, якая ў маленстве таксама жыла пры храме -- Іерусалімскім. Штодня і па начах, пакуль сон не зморыць, вывучала кнігі з бібліятэчнага збору, займалася перапісваннем іх, а большую частку заробленых грошай раздавала бедным людзям...
Сёння і заўтра, да нас і пасля нас людзі пытацьмуць: хто падзвіг прыгажуню, разумніцу, дачку слаўнага князя памяняць бесклапотнае жыццё ў бацькоўскім доме на аскетычнае слугаванне Богу і людзям? Лепш як у самім “Жыціі Еўфрасінні Полацкай”, ці льга сказаць?.. “Што ж учынілі бацькоўскія роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж і княжылі, але не вечна жылі, жыццё іх праплыло, і загінула іхняя слава, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім жаніхом, і целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды, аддаўшы целы посту, чуйнаванню і малітоўнаму кленчанню, і зямельнаму лятанню, -- тых памятаюць на зямлі, іх імёны напісаны на нябёсах, дзе яны з анёламі Бога ўхваляюць. А слава гэтая -- пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне”.
Падзвігла князёўну нічым не замутнёная анёльская душа, адкрытая Богу і свету... Сэрцам зразумела юная Прадслава ўсю марнасць людской мітусні, пагоню за багаццем і сытасцю, спракавечную прагу да зямной славы -- тыя самыя пыл і попел. Але нятленнымі застануцца добрыя справы, а праз дабро людзям, праз любоў да іх можна ўратаваць і Божы дар -- саму душу. Ужо ў дзіцячым узросце яна спасцігла мудрасць, якую, бывае, і ў старасці не кожнаму дадзена ўнікнуць -- мудрасць Божага запавету. Таму і была пакліканай Госпадам, стала служыць Яму і людзям...
Неўзабаве, прыкладна ў 1114 годзе, Прадслава прыняла анёльскі чын і пры пострыгу атрымала імя -- Еўфрасіння (па грэчаску -- “Радасць”). Можна толькі здагадвацца, у якім горы і роспачы быў ейны бацька Святаслаў-Георгій, як смуткаваў -- дачка ж, у яго разуменні, была страчана для сям’і. Але дарэмна сумаваў уладар, суцяшаючы сябе і блізкіх. Не згубіў ён дачку, а прыдбаў заступніцу перад Богам і за сваю сям’ю, і за свой родны Полацк, і за ўсіх людзей...
Шчырыя малітвы ўзносіла да нябеснага Айца верніца. І шчырасць яе душы асвятляла цемру таго жорсткага часу. Ды каб жа толькі малітвы... Да яе ішлі на суцяшэнне, па міласціну. Яна лячыла цялесныя і духоўныя раны. З дня ў дзень руплівая праца па перапісванні Святога пісання, асветных кніг. І кожнае напісанае ёю слова -- як зерне, кінутае аратаем ва ўраджайную глебу. Кожнае слоўца несла людзям асвету, расплюшчвала вочы тым, хто яшчэ ўчора біў паклоны ідалам... І храм свой -- бялюткі, нібы свечка, з яркімі фрэскамі святых, белакаменны -- пабудавала яна. Па ейнай просьбе Іаан узвёў царкву, якой яшчэ не было ні ў Полацкай зямлі, ні ва ўсёй Русі. У першай жа малітве ў сваім Спасаўскім храме Еўфрасіння прасіла Бога, каб збярог ён людзей: “Будзь ім, Госпадзе, зброяй і забралам, каб не сышло на іх зло, каб раны не закранулі цел нашых; не загубі нас з нашымі беззаконнямі, бо на цябе мы ўсхваляем да апошняга нашага ўздыху! Давеку -- амін!”
І яшчэ адзін храм пабудавала Еўфрасіння і заснавала два жаночыя манастыры. Прыходзілі ў тыя храмы святыя і вернікі, каго паклікаў да сябе Бог. І навучала іх Еўфрасіння: “Вось сабрала вас, нібы птушанятаў, пад крылы свае і на пашы, нібы авечак, каб вы пасвіліся ў Божых наказах. А я з лёгкім сэрцам стараюся вучыць вас, бачачы плён вашай працы, і такі дождж вучэння на вас праліваю! Але ж вашыя нівы стаяць, не ўзыходзячы і не ўзрастаючы ўгору, а год ужо завяршаецца, і лапата ляжыць на гумне. І баюся, што будзеце вы пустазеллем і аддадуць вас агню непагаснаму. Пастарайцеся ж, дзеці мае, пазбегнуць яго, і ўчыніце сябе вы пшаніцаю чыстай, і змяліцеся ў жорнах умірнасцю, малітвамі, постам, каб чыстым хлебам прынесціся на трапезу Хрыстову!”
Еўфрасіння несла людзям не адно веру Хрыстову, але і святасць роднай зямлі, аздабляла яе святынямі. Па яе просьбе візантыйскі імператар Мануіл і Канстанцінопальскі патрыярх Лука прыслалі ў Полацк абраз Эфескай Божай Маці, пісаны, паводле падання, евангелістам Лукой. Яна ж заказала майстру Лазару Богшу зрабіць крыж, у якім знаходзіліся хрысціянскія рэліквіі: кроплі крыві Ісуса Хрыста, кавалачак крыжа Гасподняга, каменьчык ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў Святых Стэфана і Панцеляймона, а таксама кроплі крыві Святога Дзмітрыя. Той шасціканцовы крыж -- галоўная святыня ўсіх беларусаў -- быў выкрадзены зламыснікамі падчас Другой сусветнай вайны. І пакуль невядома, дзе ён, у якіх сховах... Затое вядома іншае, з напісанага на тым крыжы: “Господи, помози рабоу своемоу Лазарю, нареченномоу Богъши, съделавъшему крьстъ сии церкви Святого Спаса и Офросиньи”.
Палачане прызналі сваю знакамітую суайчынніцу святой яшчэ восем стагоддзяў таму. Да сярэдзіны ХV стагоддзя Полацк быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх зямель, дзяржавы нашай. Адсюль услаўленне князёўны-ігуменні распаўсюдзілася па ўсёй Беларусі, і паступова ў вачах вернікаў -- як у праваслаўных, так і ў католікаў -- яна сталася нябеснай заступніцай.
...У Свята-Еўфрасіннеўскім манастыры, куды сцякаюцца паломнікі з усяго свету, ёсць сціплая белая цэркаўка. У сярэдзіне XII стагоддзя яе ўзвёў той самы манах Іаан. Маленькі памерамі храм (8 на 12 метраў) унікальны ўжо тым, што выстаяў амаль тысячу гадоў на Богам блаславёнай зямлі -- нашай з вамі зямлі, якую цягам стагоддзяў спустошвалі і руйнавалі ворагі яе. Але сапраўдным рукатворным цудам з’яўляюцца фрэскі на сценах гэтай цэркаўкі. Яны ўцалелі да нашых дзён, захаваўшы шматколернасць фарбаў і адухоўленасць, якой, несумненна, валодаў майстар, што іх стварыў. Як ад “Тройцы” Андрэя Рублёва, гэтак і ад фрэсак Спасаўскай царквы струменіць Божая раскоша. Сярод фрэсак ёсць адна (на паўночна-заходнім слупе, ён падтрымлівае царкоўныя хоры), перад якой затрымліваюцца асабліва падоўгу. Перад намі незвычайны жаночы твар. Жанчына не падаецца пакутніцай, тым больш пашаноўнай князёўнай. У вачах няма ні пакоры перад лёсам, які сабе выбрала, ні ўладарніцкага бляску першых хрысціянскіх прапаведнікаў. З вачэй, быццам жывых, струменіць цёплае, добрае святло і любоў да ўсіх. Кожны, хто хоць аднойчы зазірнуў у гэтыя вочы, пагодзіцца з тым, што фрэска пісалася з самой настаяцельніцы манастыра, ігуменні Еўфрасінні, якую ўдзячны майстар яшчэ пры жыцці лічыў святой...
Дык хто ж яна для нас, цяперашніх, -- Святая Еўфрасіння Полацкая? Узор духоўнасці, сімвал падзвіжніцтва і высакародства, увасабленне веры ў Госпада?.. Ці проста -- апякунка зямлі беларускай, сыноў і дачок яе?..
Насамрэч усё сказанае і ёсць адказ на запытальнае... Іншая справа, што народжаныя на гэтай зямлі, ускормленыя і выхаваныя сваімі бацькамі, не абавязкова носяць у сэрцы ўдзячнасць за тое, што над імі нехта апякуецца. А дарэмна, бо толькі завешчанае Святой Еўфрасінняй, успрынятае кожным з нас як запавет яе -- прыўносяць не адно радасць у быццё зямное, веру ў Боскую літасць і спагаду, але і даюць надзею на збавенне... Таму ўсе, хто не страціў веры, зімой і летам, асабліва ж 5 чэрвеня (у Дзень памяці) едуць у старажытны Полацк -- каб пакланіцца мошчам Прападобнай Еўфрасінні, першай святой жанчыне не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе.
Георгій ЧЫГІР.





галоўнае онлайн:


6 студзеня 2012 г.
Навіны
абмеркаванне