ПАЛІТКУХНЯ
Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА: «Калі з’езд абярэ старшынёй кагосьці іншага, то я спакойна сыду з пасады. Але не з партыі»
У сакавіку-красавіку бягучага года пройдзе чарговы справаздачна-выбарчы з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На ім павінна быць абрана новае кіраўніцтва АГП. Але па даўняй партыйнай традыцыі наўрад ці яно будзе сапраўды новым.
Па крайняй меры, кіраўнік маладзёжнага крыла АГП звязвае нядаўняе выключэнне з партыі Андрэя Дзмітрыева з бояззю цяперашняга кіраўніцтва згубіць уладу.
“Думаю, што кіраўніцтва партыі баіцца альтэрнатывы, тым больш перад маючым адбыцца з’ездам, — мяркуе Алег Корбан. — Тады які сэнс маладым, талковым людзям, якія не хочуць увесь час клеіць і раздаваць улёткі, быць у партыі? Амбіцыі тут хаваюць. Ініцыятыўнасць тут не заўжды вітаецца, гэта я ведаю дакладна”.
“Хто наступны на выключэнне?” — задаецца рытарычным пытаннем Алег Корбан.
Зерне здаровага сэнсу ў разважаннях аб неабходнасці змен у першых шэрагах апазіцыянераў, пагадзіцеся, ёсць. Хаця б таму, што кіраўнікі дэмакратычных партый адкрыта крытыкуюць Аляксандра Лукашэнку за тое, што ён узурпіраваў уладу ў краіне і цягам амаль 18 гадоў не хоча яе саступаць. Але ў партыях, якія прапагандуюць дэмакратычныя каштоўнасці, сітуацыя не нашмат лепшая. І некаторыя кіраўнікі гэтых структур знаходзяцца ў сваіх крэслах столькі ж, колькі Лукашэнка ў крэсле кіраўніка Беларусі...
Што тычыцца Аб’яднанай грамадзянскай партыі, то яе цяперашні кіраўнік Анатоль Лябедзька быў абраны старшынёй у красавіку 2000 года. З той пары — хутка 12 гадоў (!) — бяссменна кіруе АГП.
“Шчыра кажучы, для мяне была нечаканай такая пазіцыя Алега Корбана, — прызнаецца Лябедзька. — Чаму я столькі гадоў пры пасадзе? Па шчырасці, я хацеў пакінуць пасаду старшыні АГП адразу пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. У мяне быў спіс з тых асоб, якія маглі заняць маё месца. Але, трэба прызнаць, што ўнутры АГП недастатковая матывацыя для таго, каб вылучацца на пасаду старшыні. Быць старшынёй АГП у тых умовах, у якіх партыя існуе зараз, і ў тым фармаце, у якім яна працуе, — гэта вялікая адказнасць.
Калі б наша з вамі размова адбылася восенню 2010 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, то я сказаў бы вам, што, хутчэй за ўсё, пакіну пасаду старшыні пасля іх. А зараз мая пазіцыя наступная: я буду змагацца за пасаду старшыні АГП, бо не хачу, каб партыя, якой я аддаў значную частку жыцця, партыя, якой пааддавалі жыццё і здароўе дзясяткі выбітных людзей, перайшла ў нечыя дрыжачыя ці ліпкія рукі... Але пры гэтым дыктатуры у АГП не будзе. Калі з’езд абярэ старшынёй кагосьці іншага, то я спакойна сыду з пасады. Але не з партыі”.
Ці нармальна, калі ля руля апазіцыйнай партыі шмат год знаходзяцца адны і тыя ж людзі, якія пры гэтым крытыкуюць Аляксандра Лукашэнку за тое, што ён не хоча пакідаць займаемую пасаду?
ПАРТЫЙНЫ ПОГЛЯД
Сябра палітсавета АГП Анатоль Паўлаў лічыць некарэктнымі падобныя параўнанні:
— Гэтыя рэчы нельга змешваць, — гаворыць Анатоль Васільевіч. — Чаму нельга крытыкаваць Лукашэнку за доўгае знаходжанне ва ўладзе? Можна. А што тычыцца апазіцыйных партый, то тут сітуацыя іншая. Па-першае, не так проста знайсці годную замену для кіраўніка апазіцыйнай партыі, асабліва ў нашых умовах. Па-другое, апазіцыянерам у Беларусі не так проста ўладкавацца на працу. Я, былы прарэктар БДУ, палітык не такі засвечаны, як Анатоль Лябедзька, і тое не магу ўладкавацца — нават дацэнтам не бяруць. Што ўжо казаць пра Лябедзьку!..
БЕСПАРТЫЙНЫ ПОГЛЯД
А што думаюць на гэты конт простыя, далёкія ад палітыкі людзі?
Пенсіянерка Зоя Чурыла лічыць, што ратацыя ў кіраўніцтве апазіцыйных партый быць усё ж такі павінна:
— Калі адзін чалавек доўга знаходзіцца на пэўнай пасадзе — гэта дрэнна, бо гэта вядзе да застою. У выпадку з Лукашэнкам — у застойным перыядзе апынулася Беларусь, у выпадку са шматгадовымі лідарамі апазіцыйных партый — гэта вядзе да застою ў дэмакратычным асяродку.
Я так разумею, палітычныя партыі павінны змагацца за ўладу і прыходзіць да яе. Крытыкаваць Лукашэнку за доўгае знаходжанне ва ўладзе можна і трэба. Але хто крытыкуе? Тыя апазіцыянеры, якія ўпарта не жадаюць сысці з першых пастоў, даць дарогу іншым лідарам? Чым тады яны лепшыя за Лукашэнку?
Па-мойму, апазіцыі зараз увогуле не чутно. За апошнія гады ў парламенце няма ніводнага апазіцыйнага дэпутата. А калі няма выніку ў палітычнай барацьбе, мне здаецца, трэба саступаць месца іншым... Няхай спрабуюць яны.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне
люблю Беларусь (21.01.2012 14:40)
"бяссменна" калька з расейскага языка(бессменны). У беларускай мове няма такога слова. Хай ваш расейскі журналіст загляне ў беларускі слоўнік,падказкі ня будзе.Добра ,што не выпісяваю вашу газэту і не чытаю(патэлефанавала знаёмая),з такой непавагай да беларусаў можа адносіцца толькі акупант.