ЛЁС ЧАЛАВЕКА
Эмігрант з беларускай душой
Некалі мінчанін Мікалай Раманаў працаваў вадзіцелем на Мінскім аўтамабільным заводзе. І быў добра вядомай у дэмакратычным асяродку асобай — меў членскі білет БНФ “Адраджэньне”, актыўна ўдзельнічаў у акцыях апазіцыі, дапамагаў незалежным прафсаюзам. За чужыя спіны не хаваўся.
Спачатку Мікалай праблем праз гэта на заводзе не меў, бо нейкі налёт дэмакратыі ў першыя гады праўлення Лукашэнкі ў Беларусі яшчэ заставаўся. Але далей пачалі “закручваць гайкі”. Даходзіла да таго, што начальства прыкладна так казала яго сябрам-рабочым: “Вы хоць гарэлку ў працоўны час піце, але побач з Раманавым не стойце, бо ён праводзіць няправільную палітыку”.
Зразумела, што праз сваю дзейнасць ён хутка стаў “злосным парушальнікам закона”. Але канчатковае разуменне таго, што ў Беларусі ўсталёўваецца дыктатура, што да такіх, як ён, рэпрэсіі будуць узмацняцца, да Раманава прыйшло пасля рэферэндуму 1996 года.
— Вынікі гэтага рэферэндуму і эміграцыя Зянона Пазьняка, якога я дагэтуль лічу самым годным палітыкам, вартым прэзідэнцкай пасады, па сутнасці, і падштурхнулі мяне да рашэння пакінуць Беларусь.
У рэшце рэшт Мікалай Раманаў адважыўся на эміграцыю. Здарылася гэта 11 гадоў таму.
— Папярэдзіў маці, склаў рэчы і сабраўся ехаць. Але ж як і куды ехаць, калі ў мяне англійская мова на школьным узроўні? Як я патлумачу замежнікам, што хачу ў іх застацца? Рашэнне выспела неяк само сабою. Я накіраваўся ў сталічны “іняз”, злавіў за руку першую студэнтку, якая трапілася, і яна мне на аркушы напісала па-французску: маўляў, я такі і такі, хачу папрасіць у вас прытулку.
Толькі-толькі перайшоўшы французска-бельгійскую мяжу, Раманаў першай справай звярнуўся да паліцэйскіх.
— Тыя прачыталі пасланне, напісанае мінскай студэнткай (дарэчы, без памылак), і падказалі, што мне трэба ехаць у Брусель у камісарыят па міграцыі. Добрыя такія паліцэйскія, намалявалі дакладную карту са стрэлачкамі, як і куды ехаць...
Прыехаў я ў гэты камісарыят. Там са мной пачалі гутарку. Пытанні задавалі кшталту: “Ці ёсць у Беларусі пагроза вашаму жыццю і небяспека зняволення?” Я дастаў пакунак, дзе ў мяне захоўваліся больш за 100 позваў па адміністрацыйных справах, і вымавіў: “Не хачу і не магу жыць у краіне, дзе людзей цкуюць за іхнія перакананні”. У выніку пытанне аб прадастаўленні мне статусу палітычнага ўцекача вырашылася вельмі хутка.
Зняўшы жыллё ў Антверпене, Раманаў стаў шукаць выйсце на беларускую дыяспару ў Бельгіі. І запомніў тое знаёмства надоўга.
— Знайшоў іх каардынаты, мяне запрасілі на вечарынку, прыехаў у Брусель... На радасцях ад сустрэчы з землякамі, шчыра кажучы, перабраў. І наступнай раніцай прачнуўся на лаўцы ў незнаёмай краіне. Без дакументаў і вадзіцельскага пасведчання. Стаў высвятляць, як і што, патэлефанаваў арганізатарам той беларускай вечарынкі. А па тэлефоне кажуць: “Тут табе не Беларусь!” Ну, думаю, дзякуй, землякі, за навуку.
З часам, канечне, крыўда сцішылася, і з беларускай дыяспарай у Бельгіі я пад-
трымліваю стасункі. Але там розныя людзі трапляюцца. Ёсць нават такія, хто адкрыта падтрымлівае Лукашэнку. Я аднойчы раззлаваўся, пытаюся: “Што ж на Радзіму не вяртаецеся, калі так за яго горла рвяце?” Маўчаць... Напэўна, любіць Аляксандра Рыгоравіча на адлегласці ім зручней.
Ёсць і яшчэ адна катэгорыя нашых землякоў — тыя, хто і ў Беларусі баяўся, і ў эміграцыі баіцца выказваць сваю пазіцыю. Гэтыя людзі жывуць у свабоднай краіне, але па-ранейшаму баяцца выйсці на нейкую акцыю пратэсту — ці да беларускай амбасады, ці да Еўрапарламента. Маўляў, давядзецца ў Беларусь ехаць, праблемы на мяжы ўзнікнуць... Я такіх людзей не разумею. Я выходжу літаральна на кожную акцыю з патрабаваннем вызвалення палітвязняў, якая праводзіцца ў Бельгіі. Ведаю, што беларускім уладам начхаць на гэтыя нашыя акцыі. Але выходжу дзеля свайго сумлення, дзеля салідарнасці з тымі, хто ў маёй краіне за мяне, замест мяне змагаецца за вольную Беларусь.
Мікалай Раманаў кажа, што, нават нягледзячы на 12-гадовае знаходжанне ў Бельгіі, бельгійцам сябе так і не адчуў.
— Я эмігрант з беларускай душой, з беларускім сэрцам. У Бельгіі — усё для чалавека. Усё зручна, усё правільна, жыві і радуйся. Вось, праўда, ментальнасць у карэнных жыхароў зусім іншая. Я калі толькі прыехаў, дык здзіўляўся. Раз заходжу ў аўтобус, на сядушцы паўляжыць афраамерыканец: уладкаваўся на адным крэсле, ногі паклаў на суседняе. Пасажыры толькі глядзяць на яго, але маўчаць. А я зрабіў заўвагу: маўляў, ты ж не малпа пад пальмай, тут жа людзі едуць... Што тут пачалося! Увесь аўтобус на мяне накінуўся з крыкамі: “Расіст!” Хацелі нават паліцыю выклікаць, ледзь адбіўся. Потым мне растлумачылі, што іх там выхоўваюць у духу індывідуалізму: як табе зручна — так і рабі. А нас у савецкіх школах вучылі, што так ні ў якім разе паводзіць сябе нельга.
Я гляджу на нейкія рэчы і здзіўляюся. Вось на маёй вуліцы у Антверпене жывуць дзве родныя сястры. Дамы насупраць. Але ў госці адна да адной яны ходзяць толькі раз на год. Аднойчы стаў сведкам абсалютна дзікага для славянскай душы выпадку. Да пажылых бацькоў у абедзенны час у госці прыйшлі дзеці. Іх за стол не паклікалі, маўляў, на вас абед не быў разлічаны...
Вось так яны там і жывуць. Індывідуалісты, кожны сам па сабе.
Бельгійскае грамадзянства Мікалай Раманаў атрымаў два гады таму.
— Можна было не працаваць, а жыць толькі на сацыяльную дапамогу. З самага пачатку атрымліваў 600 еўра, потым 800, потым 1000. На жыццё хапала, з голаду не паміраў. Але калі атрымаў пашпарт грамадзяніна Бельгіі, адразу пачаў шукаць сталую працу, бо неяк сорамна сядзець на шыі бельгійскіх падаткаплацельшчыкаў. Уладкаваўся ў арганізацыю кшталту беларускага “Зелянбуда”, кашу траву, пілую дрэвы. Штомесячны заробак — 1200 еўра. Гэта ж, лічы, праца, якая не патрабуе спецыяльных ведаў. За гэтыя грошы ўдаецца аплачваць кватэру, медыцынскую страхоўку, харчавацца і нават падарожнічаць. Зусім нядаўна вось быў у Іспаніі.
У Мінск Мікалай таксама прыязджае даволі часта. Вось і гэтыя навагоднія святы правёў на радзіме.
— Я тут беларускія навіны глянуў — дык жахнуўся. Расказваюць, што ў Еўропе крызіс, людзі ледзь не галадаюць... Канечне, гэта брахня. Па-першае, кошты ў мінскіх крамах вельмі набліжаны да еўрапейскіх, але я сумняваюся, што беларускі супрацоўнік “Зелянбуда” атрымлівае 1200 еўра ў месяц. Па-другое, крызіс і сапраўды закрануў Бельгію — цэны на некаторыя харчовыя тавары ўзняліся ажно на... 20 еўрацэнтаў. Зразумела, гэта капейкі. Але для бельгійцаў і гэта быў шок. Так што еўрапейскі крызіс і беларускія, як кажуць улады, “цяжкасці” — гэта, калі па-адэску, дзве вялікія розніцы.
Тым не менш Мікалай Раманаў па-ранейшаму марыць вярнуцца ў Беларусь.
— Першыя гады эміграцыі я ўвогуле сумняваўся, ці змагу жыць у Бельгіі. З часам звыкся. Але душой я ўсё адно ў Беларусі. Толькі — у свабоднай Беларусі. Пытанне майго вяртання — пытанне часу, бо Беларусь абавязкова стане вольнай краінай. Я свята ў гэта веру.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне
roman (22.01.2012 23:40)
nadeus sto mnogie ludi znaut pravdy o sikarnoj zizni alkogolika iz belarysii v belgii,vrat do poslednej kapli vodki.