bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №13-14 (3552-3553) - "АСОБА Ў ГІСТОРЫІ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

АСОБА Ў ГІСТОРЫІ

Апошні кароль...

Аўтар: I 25 студзеня 2012 г.
280 гадоў таму нарадзіўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі — адзін з самых супярэчлівых дзеячаў нашай гісторыі.

6 верасня 1764 года на выбарчым сойме — пад наглядам расійскіх войскаў і прыватных збройнікаў роду Чартарыйскіх (беларускія магнаты) — каралём польскім і вялікім князем літоўскім быў абраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. 25 лістапада яго каранавалі... А роўна праз 31 год — зноў-такі 25 лістапада, але ўжо 1795 года — манарх падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць расійскай імператрыцы Кацярыны II. Тым самым было спынена існаванне беларуска-літоўскага гаспадарства і Рэчы Паспалітай...


Незалежнасць беларуска-літоўскай дзяржавы (ВКЛ) і Польшчы была канчаткова зліквідавана Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй: беларуска-літоўскае гаспадарства прымусова далучылі да Расійскай імперыі, а Польшчу падзялілі паміж Прусіяй і Аўстрыяй... Кароль пасля смерці Кацярыны II (у лістападзе 1796 г.) быў выкліканы яе пераемнікам Паўлам I у Санкт-Пецярбург. Там яго збольшага ўсцешылі — захавалі тытул караля (натуральна, без дзяржавы) і далі невялікі двор. 12 лютага 1798 года апошні кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст аддаў Богу душу, пакінуўшы не толькі фінансавыя даўгі, але і вялікую загадку для гісторыкаў. Тая загадка і па сёння да канца не разгадана, бо для польскіх даследчыкаў яна бачыцца ў адным кантэксце, для беларускіх — у другім, а для расійскіх — у трэцім... Усе разам так і не сфармулявалі, кім жа быў на самай справе Станіслаў Аўгуст Панятоўскі — няўдалым рэфарматарам, марыянеткай у руках расійскай імператрыцы, самастойным манархам, здраднікам ці проста ўмелым дыпламатам, выпадкова ўзнесеным на каралеўскі трон?..

Стварэнне аб’ектыўнага жыццяпісу апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага доўгі час выглядала праблемай для айчыннай гістарыяграфіі. І толькі ў апошнія 10—15 гадоў пачалі з’яўляцца грунтоўныя артыкулы, прысвечаныя гэтай тэме. Праўда, не было колькі-небудзь аб’ёмных і глыбокіх манаграфій, якія б аб’ектыўна, на падставе архіўных даных, выявілі ўсе аспекты жыцця манарха. Чаму? Па меркаванні польскага гісторыка Пятра Угнеўскага, эпоха Станіслава Аўгуста Панятоўскага надзвычай складаная, і таму постаць яго да сённяшняга часу выклікае супярэчанні і не можа прывесці даследчыкаў да кансэнсусу. У гэтым панятку якраз і важна тое, што не дзе-небудзь, а менавіта ў Беларусі з’явілася нарэшце грунтоўнае гістарычнае даследаванне, прысвечанае знакамітаму земляку, дзяржаўнаму і палітычнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Манаграфія брэсцкага даследчыка Леаніда Несцерчука “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: манарх, асветнік, мецэнат”, выдадзеная ў мінулым годзе, найбольш поўна высвятляе асобу караля. Кніга, па прызнанні самога аўтара, стала вынікам яго шматгадовай працы ў архівах, бібліятэках ды іншых навуковых установах Беларусі, Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі. Але не толькі Л.Несцярчук прыпаў да гісторыі Бацькаўшчыны часоў Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Прафесар Грыцкевіч не менш скрупулёзна даследаваў той перыяд гісторыі. Але вернемся (хаця б пункцірна) да асобы самога манарха...

Воўчынскі шляхцюк
Станіслаў Аўгуст нарадзіўся 17 студзеня 1732 г. у Воўчыне (цяпер Камянецкі раён), у маёнтку свайго бацькі, які на той час быў жанаты на князёўне Канстанцыі Чартарыйскай — дачцэ кашталяна віленскага Казіміра Чартарыйскага. У пасаг Канстанцыя атрымала 400 тысяч злотых, за якія сям’я Панятоўскіх у 1721 годзе і набыла ў фельдмаршала Я.Флемінга маёнтак Воўчын і Радванічы ў Берасцейскім павеце. У сям’і Станіслава і Канстанцыі з 1721-га па 1736 г. нарадзілася восем дзяцей. Будучы кароль быў чацвёртым сынам з шасцярых. Тым часам у бацькі — генерал-лейтэнанта войска літоўскага — кар’ера ладзілася: неўзабаве ён увайшоў у вышэйшае кола магнатаў Рэчы Паспалітай, стаў карыстацца графскім тытулам. Так што ў малодшага Станіслава Панятоўскага быў цудоўны старт для кар’еры. І малады шляхцюк скарыстаўся ім напоўніцу... Канечне, атрымаў добрыя выхаванне і адукацыю. Да ўсяго быў здольным і інтэлігентным маладым чалавекам з мяккім характарам. Як было заведзена ў магнацкіх сем’ях, удасканальваў свае веды падчас падарожжаў у Еўропу — у Францыю і Англію праз Нямеччыну. Азнаёміўшыся з культурнымі дасягненнямі Захаду, так на ўсё жыццё і застаўся прыхільнікам еўрапейскай культуры. Гэтая цяга наогул праявілася пазней, калі ён стаў каралём і мецэнатам...


Прыгожы і далікатны малады граф звярнуў на сябе ўвагу вялікай княгіні Кацярыны Аляксееўны, жонкі спадкаемцы расійскага трона, вялікага князя Пятра Фёдаравіча. Пачаўся бурны раман, вялікая княгіня — хадзілі чуткі — нібыта зацяжарала. Станіслаў Аўгуст нават хацеў, каб Кацярына Аляксееўна разышлася з мужам і выйшла замуж за яго. Тады ён мог бы прэтэндаваць на польскую карону. Але ў Кацярыны былі зусім іншыя планы. Тым часам праз Станіслава Панятоўскага англійскі пасол у Пецярбургу Уільям трымаў сувязь з вялікай княгіняй, падтрымліваў яе ў прыдворных інтрыгах. У 1758 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вярнуўся з-за мяжы на радзіму, але ад рамана з вялікай княгіняй засталася толькі перапіска... Спадзеўкі на карону выветрыліся — Кацярына пакахала гвардзейскага афіцэра Рыгора Арлова. А потым, у 1762 г., у выніку палацавага перавароту была абвешчана ўсерасійскай імператрыцай Кацярынай II. Аднак яна не забылася на свайго былога каханка. Ведаючы характар Станіслава і ягоныя ранейшыя пачуцці да яе, яна палічыла, што лепшай кандыдатуры на каралеўскі пасад у Варшаве для Расіі і не знойдзеш. З дапамогай якраз Станіслава можна будзе праводзіць неабходную для Расійскай імперыі палітыку ў Рэчы Паспалітай. Расія на той час была дастаткова моцнай, каб самастойна пасадзіць на каралеўскі трон свайго чалавека...
“Віват каралю?!”


5 кастрычніка 1763 г. памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст III (Саксонскі). Каралеўскі пасад у Рэчы Паспалітай стаўся вакантным. Пачалася падрыхтоўка да выбараў новага караля. Але Расія падрыхтавалася яшчэ раней. Пасля ўступлення на трон Кацярына II у рэскрыпце расійскаму пасланніку ў Варшаве паставіла задачу абраць караля, які б цалкам падпарадкаваўся ёй. 6 кастрычніка 1763 г. на нарадзе ў Кацярыны II быў прыняты праект, згодна з якім частка тэрыторый Рэчы Паспалітай павінна была адысці Расіі. Мяжа супадала з той, што будзе ўстаноўлена Расіяй паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Такім чынам ужо ў 1763 г. Кацярына II паставіла пытанне аб далучэнні да Расіі ўсходняй і паўночнай частак Беларусі і ўсходняй тэрыторыі Латвіі.


Тым часам у Рэчы Паспалітай паміж магнацкімі групоўкамі Чартарыйскіх і Патоцкіх ішла барацьба за трон... Групоўка Чартарыйскіх, зыходзячы з пажаданняў Кацярыны II, вылучыла на караля кандыдатуру свайго пляменніка — Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Па просьбе якраз Чартарыйскіх імператрыца паслала ў Рэч Паспалітую расійскія войскі. Пачаліся ваенныя дзеянні, у выніку якіх палі радзівілаўскія крэпасці Нясвіж і Слуцк. Войска Радзівіла было разбіта, а сам ён уцёк за мяжу. У Польшчы праціўнікі Чартарыйскіх таксама былі задушаны. У гэтай міжусобіцы, калі шмат хто выступаў супраць рэформ, Чартарыйскія ўсё ж не пагаджаліся на перадачу Расіі Усходняй Беларусі. Але хто іх будзе слухаць, калі па ўсёй акрузе кацярынінскія драгуны?! І на выбарчым сойме, які праходзіў пад аховай расійскіх войскаў і прыватных войскаў Чартарыйскіх, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў-такі абраны каралём. Дыпламатыя, памножаная на сілу расійскіх штыкоў, прынесла свой плён. Віват каралю!..

Марыянетка ці патрыёт?
Станіслаў Аўгуст не адразу стаў марыянеткай у руках Кацярыны II. Разам са сваякамі Чартарыйскімі спрабаваў вызваліцца ад поўнай расійскай залежнасці, шукаў шляхоў да саюзу з Аўстрыяй і Францыяй, каб супрацьстаяць Расіі і Прусіі. Ва ўнутранай жа палітыцы прагнуў пагаднення з групоўкай Патоцкіх (“рэспубліканцамі”), каб адстаяць незалежнасць дзяржавы. Але кансерватыўная частка магнатаў засталася непрыхільнай да караля, захаваўшы свае погляды на дзяржаўны лад і свае сімпатыі да Саксонскай дынастыі.
Спрабаваў ён стварыць і сваю групоўку з шляхты цэнтрысцкага характару. Але ажыццяўленне задумы прывяло да канфлікту з Чартарыйскімі, якія не хацелі саступаць каралю. Тым не менш першыя спробы рэформ у 1764—1766 гг. праводзіліся разам з Чартарыйскімі, аднак яны былі перапынены Расіяй. Новым выпрабаваннем для караля стала дзейнасць канфедэратаў, той самай патрыятычна настроенай шляхты ў Польшчы, на Беларусі, у Літве і ва Украіне, якая стаяла за аднаўленне сапраўднай незалежнасці Рэчы Паспалітай ад Расіі. Панятоўскі і тут вагаўся. Ці дзейнічаць супраць канфедэратаў разам з Расіяй (бо расійскія войскі зноў былі ўведзены ў Рэч Паспалітую), ці праводзіць палітыку пасіўнага супраціву Расіі (як раілі Чартарыйскія), ці паразумецца з барскімі канфедэратамі?.. Аднак апошнія ў кастрычніку 1770 г. абвясцілі бескаралеўе і нават 3 лістапада 1771 г. арганізавалі замах на караля...


Падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі паспрабаваў было пратэставаць, звярнуўся да еўрапейскіх двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Расія забрала тэрыторыю з гарадамі Дынабург, Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў і мястэчкам Гомель. Прусіі Кацярына II згадзілася аддаць Памор’е, Аўстрыі — Галіцыю (Заходнюю Украіну) і паўднёвую частку Польшчы.
Нічога не заставалася, як пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабою кантроль. Гэтым кароль на пэўны час абараніў тэрыторыі Польшчы ад прусакоў і аўстрыйцаў. А яшчэ дамогся ад Кацярыны II яе згоды на павелічэнне арміі і правядзенне рэформ, а таксама на забеспячэнне спадчыннасці трона для свайго пляменніка Станіслава Панятоўскага. Тым не менш правядзення далейшых рэформ Расія так і не дазволіла. Супраць караля Станіслава Аўгуста Расія трымала напагатове апазіцыю на чале з гетманам і вялікім каронным графам Я.Браніцкім, а пазней ваяводам рускім, графам С.Патоцкім. І тады Станіслаў Аўгуст, па-цяперашняму кажучы, унік у гуманітарную сферу: з падвоенай энергіяй пачаў падтрымліваць асветніцтва і адукацыю, быў мецэнатам, ініцыятарам выдання газеты “Манітор”, апекаваўся тэатрам і мастацтвам. Гэтым ён намагаўся ўзняць прэстыж Рэчы Паспалітай у Еўропе. Пры двары Станіслава Аўгуста былі сабраны найлепшыя мастакі і скульптары. Быў перабудаваны Каралеўскі палац у Варшаве, палацавы ансамбль у Лазенках. Кароль адчыніў пры палацы мастацкую школу, высылаў стыпендыятаў на вучобу за мяжу. Ён збіраў калекцыі гіпсавых бюстаў, манет, стварыў выдатную галерэю карцін. Асабіста рыхтаваў адкрыццё акадэміі мастацтва, акадэміі навук і літаратуры, нацыянальнага музея. Падтрымліваў адкрыццё мануфактур, у тым ліку і на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Але ўсё гэта мала суцяшала, бо каралеўская ўлада і незалежнасць дзяржавы былі не ў ягоных руках...

Капітулянт, але не здраднік...
Палітычная раўнавага ў Рэчы Паспалітай напрыканцы 80-х гадоў ХVII ст. была ўрэшце пахіснута дзеяннямі апазіцыі, якая прадстаўляла шырокую плынь прагрэсіўнай шляхты і мяшчан. Гэты блок на Чатырохгадовым сойме (1788—1792) правёў шматлікія рэформы, набліжаючы дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай да рэвалюцыйных змен. У паветры запахла... Вялікай Французскай рэвалюцыяй.


Кароль — насуперак расій-скаму самадзяржаўю — пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі, супрацоўнічаў з імі. У снежні 1790 г. ён перадаў у сойм уласны праект рэформы дзяржаўнага ладу. У значнай ступені прапановы караля былі ўкладзены ў прынятую 3 мая 1791 года Канстытуцыю. І гэта прыкметна падвысіла палітычны рэйтынг Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ягоны аўтарытэт як караля, асабліва сярод мяшчанства, якому былі нададзены пэўныя правы.


Аднак збройная інтэрвенцыя Расіі ў 1792 годзе спыніла ўсе рэформы. Праціўнікі іх — таргавіцкія канфедэраты — захапілі ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы. Як ні дзіўна, але да іх далучыўся і... сам кароль. Такім “кульбітам” ён фактычна санкцыянаваў інтэрвенцыю і скасаванне рэформ Чатырохгадовага сойма. На караля легла адказнасць як на капітулянта, які спыніў збройны супраціў расійцам. Цяпер Кацярына II трымала свае войскі ў Рэчы Паспалітай пастаянна. Кіраўнікі рэфарматараў эмігрыравалі і пачалі рыхтавацца да паўстання, а Панятоўскі дзейнічаў пад поўным кантролем расійскага пасла графа Я.Сіверса. Сойм Рэчы Паспалітай змушаны быў пагадзіцца і з другім падзелам Рэчы Паспалітай. У выніку Кацярына II анексіравала цэнтральную частку Беларусі і Правабярэжную Украіну, а Заходнюю Польшчу аддала Прусіі. Станіслаў Аўгуст зноў сваім бяздзеяннем санкцыянаваў вынікі другога падзелу Рэчы Паспалітай...
Падчас паўстання 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі кароль Станіслаў Аўгуст быў адхілены расійцамі ад улады і займаў фармальнае становішча. І хоць ён быў у добрых адносінах з Касцюшкам, але ж асцерагаўся за сваё жыццё. Ягоны малодшы брат Міхал Ежы Панятоўскі, абвінавачаны ў здрадзе на карысць Прусіі і Расіі, скончыў жыццё самагубствам — баяўся разгневанага натоўпу суайчыннікаў. Было ад чаго нервавацца і самому манарху...


Пасля паражэння паўстання 1794 г. Станіслаў Аўгуст па загадзе Кацярыны II выехаў з Варшавы ў Гародню, дзе і жыў у каралеўскім палацы ажно да яе смерці. Потым пераехаў у Санкт-Пецярбург пад патранат-нагляд Паўла І. Пісаў мемуары, у якіх апраўдваў сваю палітыку. Памёр там жа 12 лютага 1798 г. і быў пахаваны ў каталіцкім касцёле на Неўскім праспекце. У 1938 г. рэшткі яго праху перазахавалі ў Троіцкім касцёле Воўчына — на радзіме. Толькі пасля Другой сусветнай вайны, у канцы 80-х гадоў, сімвалічны прах апошняга караля Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага перавезлі ў Польшчу. Які-ніякі, а ўсё ж кароль, прычым апошні ў гісторыі...




Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

Валер Голуб (26.01.2012 13:50)

Усе гульні ў "дружбу с братским руским престолом" вядуць к аднаму і таму ж фіналу - к паглынанню чужых тэрыторый абласцямі. Рэч Паспалітая -не выключэнне. Такі кручок праглынулі Грузія, Абхазія, Хмяльніцкі. З такім кручком цяпер носіцца тандэм Пуцін-Мядзведзеў ... у надзеі на яшчэ аднаго якога-небудзь ёлупня.

ГАЛАСАВАННЕ

Чемпионат 2014 года по хоккею всё-таки будет проведён в Минске. Как вы к этому относитесь?

Рад за спортсменов и болельщиков
Согласен, что спорт не должен быть орудием политики
Отказ от проведения чемпионата в Беларуси не помог бы решению наших проблем, так пусть лучше пройдёт здесь
Запад показал свою непоследовательность и мягкотелость
Рад за президента: наконец-то окупятся ледовые дворцы!
Возмущён решением! Ещё один возможный рычаг давления на авторитарную власть потерян
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл