bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №15-16 (3554-3555)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Дыскусія

27 студзеня 2012 г.
Да чарговых парламенцкіх выбараў засталіся лічаныя месяцы. Што ні кажыце, а кампанія ў пэўным сэнсе лёсавызначальная. Таму “Народная Воля” з вялікай адказнасцю падыходзіць да асвятлення гэтай тэмы. Вось меркаванні двух вядомых у краіне грамадскіх актывістаў — Ю.Губарэвіча і Д.Рабянка.

Разгледзім розныя варыянты

Сцэнарый першы. Не ўдзельнічаем...
Тое, што ўсе апазіцыйныя структуры пагодзяцца на правядзенне байкоту, малаверагодна. Але, калі ўявіць падобную сітуацыю, падзеі будуць разгортвацца наступным чынам.
З прычыны адсутнасці дастатковых унутраных і знешніх сродкаў на правядзенне кампаніі байкоту большая частка апазіцыйных суб’ектаў адмовіцца ад актыўнай дзейнасці альбо абярэ працу ў спадарожных палітычных кампаніях, такіх як назіранне.
Улада выставіць кандыдатаў па ўсіх акругах. Дубліруючы склад будзе забяспечаны актывістамі ЛДПБ Гайдукевіча. У абласных гарадах і Мінску магчыма давядзенне лічбы кандыдатаў да трох-пяці на акрузе за кошт прадстаўнікоў лаяльнага бізнесу і людзей з дзяржсектара.
Агітацыйная кампанія будзе адбывацца ў адносна вольнай атмасферы. Кандыдатам будзе дазволена рабіць крытычныя выказванні перадусім у адрас прадстаўнікоў сярэдніх і ніжэйшых эшалонаў улады.
Інфармацыйная кампанія прыхільнікаў байкоту звядзецца да распаўсюджвання друкаванай прадукцыі, большая частка тыражу якой будзе канфіскавана (такая традыцыя).
Вулічныя мерапрыемствы прыхільнікаў байкоту, як правіла, будуць забаронены. Тыя з іх, якія дазволіць улада, не стануць па-сапраўднаму масавымі.
Асноўным каналам камунікацыі прыхільнікаў байкоту з актыўнай часткай грамадства стануць незалежныя СМІ і некаторыя пляцоўкі ў сацыяльных сетках, агульная аўдыторыя якіх не перасягне 300--500 тыс. чалавек.
Рэальная яўка на выбарах складзе 35--40% у акругах буйных гарадоў і 60--65% у рэгіянальных акругах.
Цэнтрвыбаркам агучыць лічбу яўкі 65--70% у цэлым па краіне, адзначыўшы некаторае яе зніжэнне, звязанае з эканамічным крызісам. Усе кандыдаты будуць “абраны” ў першым туры.
Незалежныя назіральнікі, у тым ліку замежныя, адзначаць беспрэцэдэнтную адкрытасць у працы камісій у час падліку галасоў.
Інфармацыйныя ўлёткі прыхільнікаў байкоту з рэальнымі лічбамі яўкі будуць канфіскаваны. Нешматлюдны фінальны мітынг будзе сарваны з прычыны арышту гукаўзмацняльнай апаратуры (традыцыя такая).
Праз месяц пасля галасавання незалежныя сацыёлагі паведамяць, што давер грамадства да афіцыйных вынікаў выбараў вагаецца на ўзроўні 50--55%, што на 5--10% ніжэй, чым у часы папярэдніх выбарчых кампаній.
Хто прайграе
Апазіцыя, таму што шырокае кола выбаршчыкаў яе не пачуе і не пабачыць.
Дэмакратычна настроеныя выбаршчыкі, якія ў чарговы раз пераканаюцца, што альтэрнатывы дзеючай уладзе няма.
Хто выйграе
Улада, якая будзе пазбаўлена неабходнасці рэагаваць на вострую крытыку незалежных кандыдатаў і масава фальсіфікаваць падлік галасоў.
ЛДПР Гайдукевіча будзе прэзентавана як якая-ніякая, але адзіная альтэрнатыва дзеючай уладзе.
Незалежныя СМІ -- узрасце іх роля як адзінага канала камунікацыі апазіцыі з часткай грамадства.

Сцэнарый другі: абумоўлены ўдзел
Фармат такога ўдзелу прадугледжвае выстаўленне кандыдатаў, вылучэнне патрабаванняў да ўлады, правядзенне актыўнай інфармацыйнай кампаніі і зняцце кандыдатаў у выпадку невыканання патрабаванняў.
Апазіцыя здолее закрыць актыўнымі і пазнавальнымі для выбаршчыкаў кандыдатамі не больш за 70--80 акруг. У буйных гарадах будзе па некалькі кандыдатаў ад апазіцыі на адну акругу.
Зарэгістраваныя кандыдаты змогуць выкарыстаць дзяржаўнае рэгіянальнае тэлебачанне, радыё, мясцовыя СМІ для данясення сваёй пазіцыі.
Кандыдаты будуць мець магчымасць выдаць і бесперашкодна распаўсюдзіць улёткі ў кожную кватэру на сваёй акрузе. Каб не вяртаць сродкі ў выпадку зняцця, кандыдат можа скарыстацца пазабюджэтным фондам.
Агульная аўдыторыя, якая пачуе незалежных кандыдатаў, можа скласці 3,5--5 млн чалавек.
Пры ўмове выканання дамоўленасці ў межах кааліцыі, кандыдаты акцэнтуюць увагу выбаршчыкаў на наяўнасці палітвязняў, адказнасці ўлады за эканамічны крызіс, прапановах апазіцыі па выпраўленні сітуацыі. Мусяць быць выразна патлумачаны прычыны магчымага зняцця кандыдатаў. Традыцыйныя для выбараў “сацыяльныя” пытанні павінны быць адкладзены на трэці план.
У выпадку невыканання патрабаванняў апазіцыі (вызваленне палітвязняў, дэмакратычныя выбарчыя працэдуры і г.д.) кандыдаты здымаюцца напярэдадні датэрміновага галасавання.
Выбаршчыкам, прыхільнікам незалежнага кандыдата, мусіць быць прапанаваны просты і дакладны алгарытм дзеянняў у выпадку зняцця кандыдата (непрыход на галасаванне альбо псаванне і вынас выбарчага бюлетэня).
Па выніках выбараў Цэнтрвыбаркам агучыць яўку на ўзроўні 65--70% і “абранне” кандыдатаў ад улады ва ўсіх акругах.
Вулічныя пратэсты не будуць эфектыўнымі ў сувязі з іх малалікасцю.

Хто прайграе
Уладная прапаганда, якая будзе вымушана нейтралізаваць масавае распаўсюджванне незалежнай інфармацыі і тлумачыць грамадству прычыны самазняцця апазіцыйных кандыдатаў.
Апазіцыйныя кандыдаты, якія з падачы прапаганды ў вачах часткі выбаршчыкаў будуць выглядаць як слабыя палітыкі, якія пабаяліся ісці да канца.

Хто выйграе
Апазіцыя, якая зможа скарыстаць магутныя інструменты для данясення да грамадства сваёй пазіцыі і патрабаванняў.

Сцэнарый трэці: удзельнічаем да канца
Верагодны пры ўмове вызвалення палітвязняў да абвяшчэння выбараў і дэманстрацыі з боку ўлады памкненняў да лібералізацыі выбарчых працэдур. Сцэнарый у такіх варунках мае шмат падабенстваў са сцэнарыем №2, таму спынюся на некаторых асаблівасцях.
Акцэнты ў кампаніях кандыдатаў змесцяцца з палітычных патрабаванняў на сацыяльныя. Пачнецца змаганне за канкрэтныя галасы выбаршчыкаў.
Апазіцыйныя сілы нават фармальна не змогуць сфарміраваць “адзіны спіс” кандыдатаў.
Ідэя байкоту будзе падтрымлівацца маргінальнымі сіламі, не здольнымі іншым чынам прымаць удзел у выбарчых кампаніях.
Незалежныя назіральнікі, як правіла, будуць абмежаваны ў магчымасцях пракантраляваць ключавыя моманты, звязаныя з падлікам галасоў.
Замежныя назіральнікі адзначаць “пэўны прагрэс” па выніках выбараў.
Масавыя пратэсты малаверагодныя.

Магчымы два варыянты фіналу выбарчай кампаніі, праведзенай у такіх умовах.
Першы: па выніках выбараў Цэнтрвыбаркам агучыць яўку на ўзроўні 65--70% і “абранне” праўладных кандыдатаў ва ўсіх акругах.
Другі: пяць-сем апазіцыйных кандыдатаў патрапяць у парламент.
Аналізаваць першы варыянт няма сэнсу, так як гэта тое, што мы атрымліваем па выніках практычна кожнай выбарчай кампаніі цягам апошніх 15 год.
Варыянт другі стварае новую палітычную сітуацыю. Цалкам верагодна, што група апазіцыянераў, якія трапяць у парламент, будзе складацца як з асоб, падкантрольных рэжыму праз падпісанне імі дамоў з КДБ, так і з тых, чыя наяўнасць у парламенце мэтазгодна, зыходзячы з палітычнай кан’юнктуры ў наладжванні стасункаў як з Захадам, так і з Масквой. Роля першай групы будзе ў стварэнні перашкод эфектыўнай дзейнасці парламенцкай апазіцыі.

Хто прайграе
Палітычныя сілы, прадстаўнікі якіх не патрапілі ў парламент. Далейшае існаванне ў статусе пазасістэмнай апазіцыі ва ўмовах прагназуемай адсутнасці рэальнай лібералізацыі прывядзе іх да маргіналізацыі.

Хто выйграе
Улада -- наяўнасць апазіцыі ў парламенце дае шлях да размарожвання стасункаў з Захадам. З’яўляецца верагоднасць прызнання Палаты прадстаўнікоў паўнапраўным удзельнікам шэрагу міжпарламенцкіх утварэнняў.
Палітычныя сілы, прадстаўнікі якіх патрапілі ў парламент. Асноўная ўвага замежных партнёраў і часткі беларускага грамадства будзе перанесена на іх структуры і лідараў.
Юрась ГУБАРЭВІЧ,
намеснік старшыні руху “За свабоду!”.


Толькі актыўны і поўны байкот!
Шаноўная “Народная Воля”!
30 снежня чытач з Мінска Віктар Болдзін прапанаваў разгарнуць на старонках газеты дыскусію наконт маючых адбыцца ў верасні чарговых парламенцкіх выбараў. Лічу, што гэта вельмі важная і своечасовая прапанова. Бо чым раней дэмакратычнае грамадства пачне рыхтавацца да гэтай значнай палітычнай падзеі, тым больш важкімі і пазітыўнымі для яго будуць вынікі.
На мой погляд, спачатку трэба канкрэтна адказаць на пытанне: а ці будуць увогуле выбары ў поўным сэнсе гэтага слова? На мой погляд, ва ўсіх апазіцыйных партыях і рухах павінны канчаткова зразумець, што ніякіх выбараў пры рэжыме Лукашэнкі не можа быць па вызначэнні. І чарговае перапрызначэнне сумнавядомай Ярмошынай на пасаду старшыні ЦВК толькі пацвярджае гэта. З 1996 года ў Беларусі замест выбараў ладзяцца добра падрыхтаваныя і зрэжысіраваныя ўладамі спектаклі, галоўная мэта якіх -- схаваць сапраўдныя вынікі народнага волевыяўлення і правесці фальсіфікацыі на карысць рэжыму і яго стаўленікаў.
Пацвярджаецца гэта шматлікімі фактамі грубых парушэнняў Выбарчага кодэкса, якія падчас кожнай кампаніі збіраюць і фіксуюць незалежныя назіральнікі. Ды і сама ўлада так ці іначай прымушае кожны раз усумніцца ў яе перамогах на чарговых выбарах. Бо калі за Лукашэнку ці яго прэтэндэнта на месца ў “палатцы” на самай справе галасуе 80--90 працэнтаў выбаршчыкаў, дык навошта тады ўчыняць пераслед апазіцыйных кандыдатаў, гнаць людзей на датэрміновае галасаванне, выдаляць назіральнікаў з выбарчых участкаў, не даваць магчымасці бачыць працэс падліку галасоў і многае-многае іншае?
Такім чынам, у верасні 2012 года мы зноў будзем назіраць так званыя выбары ў так званы парламент. Зразумела, што сумленна перамагчы на іх немагчыма. Нават калі некалькі незалежных кандыдатаў і трапяць у “палатку”, то гэта будзе прызначэнне “штатнай” апазіцыі, стварэнне дэкарацый для Захаду. Бо, паўтаруся, пра сапраўдныя вынікі галасавання сёння даведацца проста немагчыма.
І калі раней удзел ва ўладных спектаклях  пад назвай “выбары” кожная апазіцыйная партыя ці рух тлумачылі рознымі прычынамі (папулярызацыя сваіх ідэй і поглядаў, магчымасць выкарыстання дзяржаўных СМІ, пошук новых актывістаў і г.д.), то зараз гэтыя апраўданні не спрацоўваюць. Пасля трагічных падзей 19 снежня 2010 года і таго шквалу рэпрэсій і беззаконня, якое ўлада абрынула на апазіцыю і грамадзянскую супольнасць на працягу 2011 года, удзельнічаць у выбарчым спектаклі -- гэта значыць не толькі легітымізаваць уладу, але і напляваць на боль і слёзы тысяч і тысяч людзей. Таму, на мой погляд, адзіным выйсцем з гэтай сітуацыі можа быць толькі АКТЫЎНЫ І ПОЎНЫ БАЙКОТ.
Формы працы пры гэтым могуць быць самыя разнастайныя. Было б жаданне дзейнічаць, а не прыкрывацца кожны раз фразамі, што байкот арганізаваць немагчыма, што трэба ісці да людзей. Бо байкот і прадугледжвае перш за ўсё актыўную працу з выбаршчыкамі, а не складанне прыгожых перадвыбарных праграм, загадзя ведаючы, што іх ніколі не прыйдзецца рэалізоўваць. Канешне, і зараз могуць знайсціся свае раманчукі ці цярэшчанкі, якія дзеля сваіх шкурных інтарэсаў гатовыя забыць пра сумленне і падыграць уладам, чарговы раз увесці людзей у зман.
Асаблівую занепакоенасць у гэтым плане выклікае кампанія “Гавары праўду!”, якая яшчэ ў 2010 годзе, аказваецца, распланавала стварэнне ў так званым парламенце “пазітыўнай і канструктыўнай альтэрнатывы” і нават ужо і немаленькія грошы запрасіла на гэта. Тым больш што ніякіх высноў пасля 19 снежня 2010 года яны, напэўна, так і не зрабілі. Бо як патлумачыць тое, што другой асобай у “Гавары праўду!” працягвае заставацца Андрэй Дзмітрыеў, які ў першыя ж дні пасля 19 снежня 2010 года на камеры БТ падзякаваў лукашэнкаўскім карнікам з сілавых структур за далікатнае абыходжанне з пратэстоўцамі і ўскосна назваў выбары сумленнымі. А калі яшчэ ўспомніць, што яны абяцалі распрацаваны план Плошчы і ўпэўнівалі, што Лукашэнку на самай справе можна перамагчы на выбарах у тых умовах, то не здзіўлюся, што гэтыя “дзеячы” і зараз пойдуць “перамагаць”. Спадзяюся, што на гэты раз ніхто такім, як яны, ужо не паверыць.
Самае галоўнае -- гэта распрацаваць агульную пазіцыю па байкоце так званых выбараў з прыцягненнем як мага большай колькасці апазіцыйных палітычных суб’ектаў (партый, рухаў, ініцыятыў, кампаній). А потым як мага раней пачаць рэальную працу, а не займацца бясконцымі перамовамі ў Варшаве ці Вільнюсе.
Тых жа дзеячаў апазіцыі, якія пойдуць на выбары, не маючы людзей ва ўчастковых выбарчых камісіях, не маючы шырокага доступу да дзяржаўных друкаваных СМІ, радыё і тэлебачання, не маючы магчымасці праводзіць пікеты і мітынгі ды яшчэ і пры поўнай адсутнасці незалежнай судовай сістэмы і наяўнасці палітычных зняволеных, -- іначай як людзьмі дыктатарскага рэжыму і назваць нельга. Ці можна іх увогуле тады будзе лічыць дэмакратычнай апазіцыяй?


Дзяніс РАБЯНОК, грамадскі актывіст.
г.Калінкавічы.


Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

беларуска (29.01.2012 15:40)

Сп. Д.Рабянок, маеце рацыю. Падтрымліваем на 100%! Усё астатняе-лухта, падман, сапраўды "людзі дыктатарскага рэжыму".

Genja (1.02.2012 20:31)

ПОУНАСЦЮ ЗГОДНА СА СПАДАРОМ ДЗЯН1САМ. САМА НЕ ГУЛЯЮ З НАПАРТАЧН1КАМ1 1 ЗНАЁМЫХ АГ1ТУЮ НЕ УДЗЕЛЬН1ЧАЦЬ У ФАЛЬШЫВЫХ Т.З. ВЫБАРАХ.

ГАЛАСАВАННЕ

Чемпионат 2014 года по хоккею всё-таки будет проведён в Минске. Как вы к этому относитесь?

Рад за спортсменов и болельщиков
Согласен, что спорт не должен быть орудием политики
Отказ от проведения чемпионата в Беларуси не помог бы решению наших проблем, так пусть лучше пройдёт здесь
Запад показал свою непоследовательность и мягкотелость
Рад за президента: наконец-то окупятся ледовые дворцы!
Возмущён решением! Ещё один возможный рычаг давления на авторитарную власть потерян
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл