ПЕРСОНА
Рыцар
Паэтам з рысамі рыцара называў Леаніда ДРАНЬКО-МАЙСЮКА яшчэ Уладзімір Караткевіч. Пад гэтым азначэннем у адрас паэта могуць падпісацца не толькі жанчыны... але і іншыя паэты! Прынамсі, яго старэйшы сябра Уладзімір Някляеў публічна прызнаваў гэта. Ліры Дранько-Майсюка ніколі не змяняе высакароднасць -- піша ён пра каханне, або пра гарады Вільню і Менск («таму што Мінск -- гэта спальныя раёны»), пра анёлаў або кветкі. Прыродны арыстакратызм Леаніда выяўляецца не толькі ў творчасці, але і ў спакойным, разумным, маральным стаўленні да жыцця. Мне падабаецца задаваць яму як быццам «простыя пытанні» і слухаць яго адказы -- гэта як піць чыстую ваду. Заўсёды дарэчы. Я неаднаразова прыходзіла на інтэрв’ю да Леаніда Васільевіча. І хоць гэта лічыцца маёй працай, я заўсёды ўсведамляла, што размова з такім паэтам, як ён, -- раскоша, падарунак лёсу.
1. Леанід, як сёння жыве “…в отсутствие любви и смерти” (і заработнай платы) паэт? Ці толькі вершамі і ці толькі на вершы?
-- Чаму ў “отсутствие”?.. Любоў і каханне ёсць, і смерць, дзякуй Богу, будзе, і з кішэняй вялікага клопату не маю -- заробак пакуль не абмінае мяне!
Жыву і вершамі, і на вершы, і, вядома ж, яшчэ на нешта…
Праблему бачу не ў гэтым, а ў нечым большым…
Скажу так: можа, я завельмі датклівы, але мне замінае жыць усеагульны падман -- і на прыватным, і на дзяржаўным узроўні.
Вядома, падман існаваў заўсёды, але сёння ён ужо стаў, здаецца, філасофіяй нашага існавання.
Хлусяць усе, і хлусіць усё!
Часам вельмі цяжка бывае і самому засцерагчыся ад таго, каб не падмануць…
А яшчэ непакоіць мяне адсутнасць у творчым асяроддзі, як і ў жыцці наогул, творчых адносін.
Калі мы, пісьменнікі, зрэдку збіраемся, то гаворым зноў жа (як і ўсе добрыя людзі!) пра тую ж клятую палітыку, валютныя курсы, базарныя і магазінныя цэны, пра юрыдычнае і матэрыяльнае выжыванне сваёй пісьменніцкай арганізацыі…
Не, гаворым і пра кнігі, калі прымаем у наш Саюз новых творцаў, але гаворка гэта, на жаль, не глыбокая…
Абмяркоўваем і новыя публікацыі часопісаў “Дзеяслоў” і “Верасень”, “Полымя” і газеты “ЛіМ”, але ўсё гэта неяк мімаходзь, выпадкова…
Звычайнае жыццё паглынае нас.
Я не кажу, што палітыка, гастраномныя кошты, матэрыяльныя выгоды -- нешта неістотнае!
Якраз наадварот -- усё гэта, як той казаў, з’яўляецца целам жыцця.
Ад жыцця ж не ўцячэш!
Аднак жа й паддавацца яму цалкам не варта!
Мастак не павінен плысці за вадой і не заўсёды павінен прыстасоўвацца да абставін.
Непрыгожаму жыццю ён мусіць гаварыць пра хараство!
Французскі мастак -- пра хараство французскай мовы, беларускі -- пра хараство беларускай, як і пра адзіную ў свеце прыгажосць беларускай літаратуры; без ніякага пафасу кажу: пісьменнік мусіць будзіць памяць грамадства…
2. -- Адносна памяці грамадства… Ты ўваходзіш у Саюз беларускіх пісьменнікаў. Гэта творчая арганізацыя не падобная на тую, якой кіруе Чаргінец. У выніку разам з іншымі вядомымі літаратарамі ты знаходзішся, калі так можна сказаць, у асобым спісе… Вас не запрашаюць, не друкуюць, не згадваюць. Вас паспяхова сціраюць менавіта з памяці грамадства. Што рабіць?
-- Усё гэта праўда. Нам закрыта дарога, напрыклад, у дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”, на дзяржаўнае радыё і тэлебачанне, на тое ж свята беларускага пісьменства і друку.
Нібыта мы не грамадзяне Рэспублікі Беларусь, нібыта мы не аддалі доўгія гады жыцця на творчае ўмацаванне таго ж выдавецтва “Мастацкая літаратура”?!
Сапраўды, свядома ці несвядома, але нас імкнуцца сцерці з памяці грамадства.
Некалі Пімен Панчанка сказаў: “Птушкі маюць індывідуальныя галасы, пяюць і не замінаюць адна другой…”
Літаратарам з чаргінцоўскага саюза, якія абселі выдавецтва “Мастацкая літаратура”, трэба павучыцца ў птушак: пісьменнікі не павінны замінаць адзін аднаму!
Ты пытаешся, што ў гэтай сітуацыі рабіць?
Працаваць, пісаць па-беларуску новыя творы, бо вельмі хутка ўсё зменіцца, і ўсе дарогі адкрыюцца…
3. -- Чаму людзі так ненавідзяць і баяцца іншадумства?
-- І на сямейным, і на дзяржаўным узроўні іншадумства раздражняе.
Кожны ж з нас любіць толькі сваю праўду, чужая праўда нам не патрэбна.
4. -- Ты ўмееш казаць праўду ў вочы?
-- Умею, але лепей бы не ўмеў.
Гэта толькі здаецца, што ты нешта выйграеш, калі, напрыклад, хаму скажаш у вочы, што ён хам!
Нічога не выйграеш.
Нахабнікаў трэба проста ігнараваць.
5. -- Не здзіўляйся наступнаму пытанню, але яно актуальнае: як ты, мужчына, ставішся да забароны абортаў? У Беларусі гэта магчыма?
-- Праблема дачаснага спынення цяжарнасці -- па-сапраўднаму дзяржаўная праблема, бо ў нас, на Беларусі, смяротнасць перавышае нараджальнасць.
Аднак я не раіў бы (хай мне даруе царква) уводзіць забарону на аборты.
Бываюць жа выпадкі (і такіх выпадкаў, на жаль, нямала!), калі самі лекары настойваюць на спыненні цяжарнасці, бо паводле медыцынскіх паказчыкаў роды могуць прынесці жанчыне смерць!
Словам, праблема вельмі складаная, а я не спецыяліст, каб дасканала ў ёй разабрацца.
Здагадваюся толькі, што ў такой забароне адмоўнага больш, чым станоўчага.
6. У чым сакрэт твайго моцнага шлюбу?
-- Мая жонка Вольга Шчадрына -- масквічка; нарадзілася ў цэнтры Масквы і ў цэнтры Масквы скончыла школу, і ў цэнтры Масквы ў снежні 1979 года мы спаткаліся, і праз два месяцы Вольга загаварыла па-беларуску.
Зазначу: масквічцы спатрэбілася толькі два месяцы, каб вывучыць мову Янкі Купалы!
Гэта мяне зачаравала і, вядома ж, не толькі гэта…
Нашаму шлюбу 32 гады, і ён, спадзяюся, сапраўды моцны!
7. -- Ты сумуеш па чытацкім буме савецкага часу? Тады паэты збіралі стадыёны…
-- Сумую, як па нечым родным і шчырым…
Я вучыўся ў пятым класе і аднойчы ў давыд-гарадоцкай бібліятэцы ўбачыў неверагодна зачытаныя беларускія кнігі -- творы Кузьмы Чорнага, Івана Шамякіна, Алеся Асіпенкі, Івана Навуменкі, Васіля Быкава.
А на рамане Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды” ледзьве трымалася вокладка…
Я нацыянальны аптыміст.
Нашу літаратуру будуць чытаць гэтак жа, як і ў 1960-я гады…
У нас ёсць вартыя імёны.
Напрыклад, я заўсёды з задавальненнем чытаю А.Мальдзіса, В.Зуёнка, А.Вярцінскага, Г.Бураўкіна, А.Бутэвіча, В.Карамазава, Н.Гілевіча, Р.Барадуліна, Р.Сітніцу, У.Някляева, Э.Акуліна, М.Скоблу, Б.Пятровіча, В.Казько, Ф.Баторына, А.Наварыча, А.Федарэнку, А.Бадака, Р.Баравікову, А.Карлюкевіча…
Дарэчы, раю чытачам “Народнай Волі” звярнуць увагу на раман Алеся Пашкевіча “Сім победиши”, які надрукаваны ў 55-м нумары часопіса “Дзеяслоў”.
8. -- Ты набыў сабе покіт-бук (pocket book)? Асвоіў электроннае чытанне?
-- Абавязкова набуду.
За новымі здабыткамі цывілізацыі бегчы цяжка, але трэба…
Я ж усё-ткі не проста чытач, а чытач-апавядальнік: яшчэ змалку ўголас пераказваў прачытанае.
Пра гэта пазалетась нагадала мне Ірына Басавец -- у Давыд-Гарадку яна працуе зубным урачом.
-- Памятаеш, Лёня, -- сказала спадарыня Ірына, -- як ты нас, малых, яшчэ дашкольнікаў, збіраў у Давыд-Гарадку на нашай вуліцы Кадак і на памяць расказваў “Слёзы Тубі” Янкі Маўра, “Дрыгву” Якуба Коласа, “У краіне райскай птушкі” таго ж Маўра… Аднаго разу ты доўга не выходзіў з хаты, і мы, дзеці, да цябе самі прыйшлі:
-- Лёня, раскажы новую кніжку!
А ты загадаў:
-- Ідзіце на вуліцу і чакайце, бо мне засталося дачытаць дзве старонкі “Палескіх рабінзонаў”…
Шчыра прызнаюся, я забыўся пра такое сваё настаўніцтва, і мне было вельмі прыемна, што Ірына нагадала пра яго.
9. -- На што ты больш за ўсё любіш траціць грошы?
-- “Любіць траціць грошы” -- гэта не беларуская філасофія.
Зрэшты, у беларускіх галовах за апошнія гады ўсё змяшалася, і таму ад якой-небудзь маладзіцы, якая гадавалася паблізу трактарнага завода, можна пачуць і такое навамоднае ідыёцтва: “Вчера я совершала шоппинг…”
У асноўным жа грошы мае ідуць на яду, паездкі і кнігі.
Вось нядаўна ў “Цэнтральнай кнігарні” за 61.550 купіў 12-ы том Максіма Танка.
10. -- Як пачынаецца дзень паэта?
-- З радасці: і сёння хоць некалькі радкоў напішу па-беларуску!
А пішу кнігу пра Вільню, пра яе родную нам прастору; зараз якраз працую над раздзелам пра нашага славутага палітыка і архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага, і ў рабоце мне вельмі дапамагаюць дзівосныя, гасцінныя, шляхетныя людзі Сігітас Саладжынскас і яго жонка Апалінарыя Лаўраўна.
Педагог, выкладчык начартальнай геаметрыі спадар Сігітас з матэматычнай дакладнасцю і нястомнасцю даследуе архіўныя таямніцы, а спадарыня Апалінарыя шчыра і пяшчотна спрыяе такой працы.
Дарэчы, спадар Сігітас паказаў мне Каўнас, дзе жыў і працаваў К.Дуж-Душэўскі, я ўбачыў будынкі, узведзеныя паводле праектаў нашага вялікага земляка, убачыў яго дагледжаную магілу…
11. -- Самы лепшы стан для пісьменніцтва: абставіны, атмасфера, душэўны спакой ці неспакой?
-- Калі не трэба рабіць нелюбімую работу, або калі нелюбімая работа зроблена.
12. -- Чаго ты не дазваляеш сабе ў той час, калі пішаш?
-- Наадварот, шмат што дазваляю: падыходжу да тэлефона, перабіваю работу “непатрэбным”, але цікавым чытаннем, магу на цэлую гадзіну застацца пры тэлевізары або залезці ў словасвет (так называю інтэрнэт)…
Хіба што не дазваляю сабе, калі пішу, піць гарэлку…
13. -- А што больш за ўсё замінае пісьму?
-- Звычайная лянота, а яшчэ адсутнасць творчай дысцыпліны.
На жаль, сваю творчую дысцыпліну я толькі-толькі выпрацоўваю.
14. -- У цябе дарослы сын -- працуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. І хоць ён мае складаны псеўданім, усё адно вас ужо блытаюць: “Дранько-Майсюк паставіў п’есу…” Што рабіць?
-- Так, мой сын Васіль у згаданым цудоўным тэатры пры дапамозе самога тэатра і Міністэрства культуры, пры спрыянні Марыны Філатавай і Валерыя Анісенкі паставіў п’есу Францішка Аляхновіча “Шчаслівы муж”.
На афішы можна прачытаць: пастаноўка -- Мюра Фарыдовіча.
Такі ён, ягоны складаны псеўданім.
Прыроду псеўданіма тлумачыць не буду.
Калі гэта некаму цікава, то пры нагодзе растлумачыць сам Васіль…
А ў тым, што нас блытаюць, бяды не бачу.
Няхай сабе…
Гэта ж не замінае ні яго, ні маёй рабоце.
15. -- Якую будучыню ты б яму пажадаў?
-- Хачу, каб у яго была добрая жонка, і каб у іх нарадзіліся здаровыя, разумныя, шчаслівыя дзеці.
16. -- Ты асцярожны чалавек?
-- На скрут галавы ніколі і нікуды не кідаюся!
17. -- Ты падаеш міласціну?
-- Падаю.
Жабракам трэба дапамагаць.
Вобразна кажучы, жабрак -- гэта чалавек з торбай!
Спадзяюся, жабракам памагаюць і нашы высокія начальнікі; таксама ж спадзяюся: яны памятаюць словы Старца, героя Янкі Купалы з драмы “Раскіданае гняздо”: “…аб торбах не павінны забываць нават і тыя, што на пасадах сядзяць…”
18. -- Як ты ставішся да музыкаў у падземных пераходах?
-- Добра стаўлюся, калі яны выконваюць класічную музыку…
Калі ж вулічныя спевакі пяюць па-англійску ці, скажам, на нейкай іншай імперскай мове, то не спыняюся, праходжу міма.
А за беларускія песні плачу заўсёды.
Аднойчы пачуў, як студэнт пад гітару ля гасцініцы “Мінск” спяваў песні майго сябра Эдуарда Акуліна, -- гэтаму студэнту я заплаціў “падвойны” ганарар…
Наогул жа мушу сказаць пра вельмі прыкрую з’яву: беларусы звыклі плаціць не за сваё, а за чужое, таму й па сённяшні дзень плацяць не за беларускую кнігу, не за беларускую песню; па сённяшні дзень кормяць чужых сытых памешчыкаў ад папсы і псеўдалітаратуры.
19. -- Чаго табе сёння не хапае для поўнага шчасця?
-- Падчас сваёй салдацкай службы я трапіў у шпіталь.
Мой ложак у палаце стаяў побач з ложкам аднаго азербайджанца -- пражэктарыста з суседняй роты.
Ляжаць моўчкі не будзеш, таму мы й не маўчалі -- гаварылі пра тое, пра гэтае…
І вось пражэктарыст, калі даведаўся, што я ніколі не еў балык, спытаў:
-- Дранько-Майсюк, а ты шчаслівы?
-- Шчаслівы! -- бадзёра адказаў я.
-- Як ты можаш быць шчаслівым, калі ты ніколі не еў балык?
Дзіця Каспія было вельмі здзіўлена.
Яго здзіўленне запала мне ў душу, таму, адслужыўшы, зайшоў я ў маскоўскі рэстаран і заказаў, вядома ж, балык -- з’есці з’еў, але пасля салдацкіх харчоў не рассмакаваўся, больш не захацеў.
І вось зараз думаю: можа, для поўнага шчасця і не хапае мне таго тонкага кулінарнага адчування, якое (веру азербайджанцу!) ёсць у балыку.
20. -- Як ты лічыш, у цябе былі магчымасці, якія ты не скарыстаў?
-- Акцёры любяць прамаўляць прыкладна гэтак: о, як я хацеў сыграць Гамлета, і была магчымасць, але… ну, і гэтак далей…
Я не акцёр, таму маё прамаўленне іншае: у мяне было і ёсць маё жыццё, і я ўдзячны яму за тое, што яно ніколі не прымушала мяне зайздросціць, напрыклад, Уладзіміру Някляеву, які больш таленавіты за мяне, або зайздросціць нейкаму спрытняку, назаву яго N, у якога больш, чым у мяне, грошай…
Тое, што мне было дадзена, я скарыстаў.
21. -- Леанід, чаму людзей так прыцягвае прырода злачынства? Да таго ж Брэйвіка журналісты з усяго свету запісваюцца ў чаргу, каб узяць інтэрв’ю…
-- Заўсёды так было і, на вялікі жаль, будзе: ненармальнае больш прыцягвае, чым нармальнае!
Чалавек, які будуе дом, менш цікавы за чалавека, які гэты дом разбурае.
Таму й журналістам, да слова кажучы, цікавы не хірург, які выратаваў сто чалавечых жыццяў, а цікавы забойца, які сто гэтых жыццяў знішчыў.
Не трэба забываць і пра тое, што за добрую справу плацяць капейкі (заробак таго ж хірурга), а за справу злачынную плацяць тысячы долараў (ганарары кілерам).
І журналісты маюць тут свой інтэрас -- за інтэрв’ю з Брэйвікам яны ого колькі атрымаюць!
22. -- А боль у імя мастацтва -- яго ты адчуваў? Ён табе знаёмы? (Талстоўскае: “…не оставив куска мяса с кровью в чернильнице, ничего толкового не напишешь…”)
-- Боль, мастацтва, Леў Талстой… Усё гэта так, але іншы раз хопіць і павышанай тэмпературы.
Ёсць у мяне кніга “Стомленасць Парыжам”.
Нейкі ліхаманкавы рытм біў маю кроў, калі я пісаў гэтую кнігу.
23. -- Што такое лёс? Выпадак, праграма ці толькі ўласная воля?.. Ты (сталы чалавек, інтэлектуал) ужо зразумеў гэта?
-- Ёсць дарога, якую мы бачым, па якой ідзём, едзем; можам рухацца па ёй па сваім жаданні -- налева, направа; а можам і не рухацца -- яна нам падуладная.
А ёсць нябачная жыццёвая дарога, нефізічная; яна непадуладная нам і не адпускае нас -- гэта і ёсць лёс.
24. -- Якія людзі выклікаюць у цябе найбольшае спачуванне?
-- На міліцэйскай мове гэтых людзей называюць бамжамі, а я іх называю вулічнікамі.
Вулічнікам можа стаць кожны.
Сэрца заўсёды ные, калі бачу хворых, нямытых, галодных і халодных вулічнікаў.
25. -- Ці часта вандруеш па Беларусі? Ці быў у адноўленых замках Міра і Нясвіжа?
-- За апошнія сем гадоў з паэтам Эдуардам Акуліным я аб’ездзіў шмат нашых вёсак, мястэчак, гарадоў…
Часта мы сустракаліся з беларускімі настаўнікамі.
А для мяне асабіста педагогі, якія выкладаюць у навучальных установах свае прадметы па-беларуску, -- людзі вялікай духоўнай сілы, дзяржаўныя людзі!
Бачылі мы й адноўленыя замкі -- у Лідзе, у Міры, у Нясвіжы…
Ведаю спецыялістаў, якія вельмі крытычна ставяцца да сённяшніх рэстаўрацыйных работ, і, пэўна ж, гэтыя спецыялісты маюць рацыю.
Аднак жа, калі ўсё было разбуранае, непрыбранае, надагледжанае ў тым жа Міры, напрыклад, -- ці былі мы ў выйгрышы?!
Дасье “Народнай Волі”
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК нарадзіўся ў горадзе Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў рабочай сям’і. Пасля заканчэння школы працаваў на мясцовым заводзе слясарна-мантажных інструментаў. У 1975 г. паступіў на завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1976--1978 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянарнае аддзяленне Літінстытута, які скончыў у 1982 годзе.
Аўтар зборнікаў «Вандроўнік» (1983), «Над пляцам» (1986), «Тут» (вершы, паэмы, эсэ, 1990), "Пра тое, як я…" (1992), "Акропаль" (1994), «Стомленасць Парыжам» (1995), «Гаспода» (1998), «Места і свет» (2000), «Паэтаграфічны раман» (2002), «Белая вежа» (разам з Ю.Кабанковым -- 2004), «Цацачная крама» (2008), «Анёлак і я» (2009).





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне
Сяргей (28.01.2012 12:00)
Леанід, я бачыу цябе на юбілеі Сыса (2009) у Гарошкаве. Чаму ў п.7 няма яго прозвішча. Памяць кароткая, або яго няма і ён гэтага не ацэніць? Я не выступаў на мітынгу, не гаварыў прыгожых слоў. Толькі стаяў і слухаў разам з пр.Штейнерам. Цяпер магу ацаніць усю шчырасць сказанага.
Леанід Дранько-Майсюк (28.01.2012 20:30)
Спадар Сяргей! Ёсць небяспека ў тым, калі называеш імёны слаўных людзей -- абавязкова некага забудзеш. Калі буду рыхтаваць кнігу сваіх інтэрв'ю, абавязкова згадаю Анатоля Сыса. З павагай.
Сяргей (22.02.2012 15:06)
ВЯЛІКІІ ДЗЯКУЙ,ШТО Я ПАМЫЛІУСЯ.ТОЛЯ ЗАСЛУГОУВАЕ КАБ ЯГО ПАМЯТАЛІ.УСЯГО ДОБРАГА,ТРЫМАЙЦЕСЯ.