ВЯРТАЮЧЫСЯ ДА НАДРУКАВАНАГА
Абаронцам “Астрашыцкага Сталінграда”
Парою гэта дрэнна адбіваецца і на ўспрыманні рэчаіснасці дня. Не ўстрымаўся ад міфалагізмаў і асыцыятыўных паралеляў і журналіст Георгій Чыгір у сваім эмацыянальна-ўзрушаным артыкуле “Астрашыцкі Сталінград”. Нездарма ж ім быў узгаданы вобраз ужо легендарнага Пятра Міронавіча Машэрава. Сябе ён, напэўна, лічыць апошнім гераічным і мужным абаронцам знакамітага сталінградскага Дома Паўлава. Ну што ж, пахвальна. Але навошта так сабе закручваць галаву? Калі б не гэтая заганная пазіцыя, аўтар павінен быў пачуць мае вычарпальныя тлумачэнні наконт сітуацыі, якая склалася з Домам творчасці кампазітараў.
Яго будаўніцтва пачалося ў 1989 годзе за кошт сродкаў Музычнага фонду СССР. Інжынерны нагляд за ходам будаўніцтва быў ускладзены на Беларускае аддзяленне музфонду. Ніякага дачынення да размеркавання ці да распараджэння грашыма кіраўніцтва Беларускага аддзялення не мела. Як не мела і ніякіх маёмасных праў. Кошт аб’екта з улікам савецкіх цэн на будматэрыялы быў не вельмі вялікі і быў пад’ёмным для грамадскай арганізацыі. Але з распадам СССР у 1991 годзе фінансаванне з Масквы спынілася. Тагачаснае кіраўніцтва дзяржавы яшчэ лічыла сябе абавязаным выконваць свае пастановы, прынятыя “дзеля выканання патрабаванняў” кіруючых дакументаў ЦК КПСС. Таму яшчэ на працягу двух гадоў знаходзіла пазабюджэтныя грошы для падтрымкі работ на будаўніцтве. Але якое то было фінансаванне, калі імклівая інфляцыя праглынала грошы яшчэ на шляху ад аднаго аддзялення банка да другога! Таму рабочыя працавалі на аб’екце зрэдку, па 2--3 тыдні ў квартал. Нарэшце, цагляныя каробкі без вокнаў і дзвярэй былі пакрыты дахам, і на тым работа спынілася. Меркаванне, што грошы былі нібыта раскрадзены і прапітыя, -- ганебная лухта, якае не дадае гонару і павагі таму, хто гэта выдумаў. Усе сродкі, вылучаныя на будаўніцтва, былі да капейкі выдаткаваны на гэтыя мэты, што пацверджана комплекснай рэвізійна-фінансавай праверкай у 2004 годзе! Ды ў той час нікому і ў галаву не магло такое прыйсці, каб скрасці! Крымінальныя схемы крадзяжу дзяржаўных грошай -- варты жалю набытак ельцынскай эпохі. Насамрэч усё банальна проста -- дзяржаўная казна апусцела. Па ўсёй краіне засталіся сотні такіх не завершаных будаўніцтвам аб’ектаў. Успомнім і тыя піянерскія лагеры, дамы адпачынку, цэлыя ваенныя гарадкі, якія засталіся без гаспадарскага вока. А яшчэ над краінай віравала і чарнобыльскае ліха! Тады быў створаны Дзяржаўны камітэт па распараджэнні маёмасцю, выдадзены адпаведныя нарматыўныя акты. Дзяржаўныя службы, якія вылучалі прыярытэты, у той сітуацыі палічылі, што з Домам творчасці кампазітараў можна пачакаць. Як ведаем, чаканне зацягнулася на дзясяцігоддзі.
Што, будзем шукаць вінаватых? Я б не раіў. Ёсць многа аб’ектыўных прычын у стварэнні прыкрай сітуацыі. Яе не пераадолець самым смелым партызанскім рэйдам.
Перадусім трэба адзначыць, што ні Саюз кампазітараў, ні Аўтарскі фонд кампазітараў, які быў ліквідаваны ў 2004 годзе, вінаваціць нельга, бо яны не мелі і не маюць права ўласнасці не толькі на недабудаваны аб’ект, а нават права на карыстанне той зямлёю. Адхіленыя прававымі акалічнасцямі, мы маглі толькі назіраць з боку, як будоўля гібее і зарастае бур’янам. Як неабыякавыя грамадзяне, мы не маглі змірыцца з гэтым. На працягу 10 гадоў рабіліся захады, каб аформіць праваўладанне, але Саюз кампазітараў уласнікам не прызналі, бо ён мог быць толькі саўладальнікам пры дзяржаўным уладальніку, паколькі частку грошай усё ж унесла дзяржава. З гэтым мы вымушаны былі пагадзіцца, але настойліва прасілі, каб нарэшце ўлады вызначыліся з гаспадаром маёмасці. Але і чыноўнікаў цяжка вінаваціць. Яны дапамагалі шукаць рашэнне. У 2002 годзе нават была падрыхтавана Пастанова Савета Міністраў аб перадачы аб’екта Саюзу кампазітараў. Але перашкодай стала прававая калізія: пакуль дамкі паціху разбураліся, іх цана на паперах камітэта па статыстыцы непамерна ўзрасла, бо штогод пералічвалася, згодна з новымі коштамі на будаўніцтва. І права распараджэння гэтай маёмасцю аўтаматычна перайшло да прэзідэнта.
Камісія Адміністрацыі прэзідэнта разгледзела наш зварот, вывучыла абставіны справы, правяла абследаванне будоўлі і прыйшла да высновы, што аддаваць недабудаваны, пашкоджаны часам аб’ект Саюзу кампазітараў бессэнсоўна. Заўважу, што гэта абсалютна правільна. Трэба, нарэшце, уцяміць некаторым “пакрыўджаным” гарачым галовам, што мы маем справу не з гатовым домам, а з будоўляй, да заканчэння якой трэба сродкаў нашмат больш, чым было раней выдаткавана. Зноў залазіць у дзяржаўную кішэню, каб пабудаваць базу адпачынку, якую няма за што ўтрымліваць і абслугоўваць? Пагадзіцеся, што тады сапраўды з’явілася б прастора, спрыяльная для розных авантур.
Падчас гутаркі ў Адміністрацыі прэзідэнта прыйшлі да думкі, што трэба шукаць прыватнага інвестара, які пагодзіцца з пэўнымі ўмовамі. А гэта значыць: 1) ніякага перапрафіліравання, 2) аб’ект павінен быць пабудаваны у адпаведнасці з сучаснымі нормамі будаўніцтва і аховы навакольнага асяроддзя, 3) інвестар абавязаны перадаць частку маёмасці ці грашыма кампенсаваць Саюзу кампазітараў частку выдаткаў, 4) дзяржава павінна атрымаць кампенсацыю ў выглядзе ўнёска ў развіццё інфраструктуры зоны адпачынку работнікаў культуры. Для гэтага інвестару неабходна пабудаваць новую дарогу, сучасную кацельню, каналізацыю і ачышчальныя збудаванні, электрападстанцыю, спартыўныя пляцоўкі, добраўпарадкаваць прылягаючае ўзбярэжжа возера. Патрабаванні слушныя і справядлівыя. Але ці хутка знойдзецца такі інвестар?
Мінгарвыканкам прыняў рашэнне прадаць аб’ект нерухомасці з аўкцыёну ўжо два гады таму. Я раіў аўтару пацікавіцца, як рухаецца справа. Ён гэтага не зрабіў, а цікава было б даведацца. Хаця адказ і так прадбачаны. Як марудна прадаецца дзяржаўная маёмасць нават за адну базавую велічыню пры такіх дадатковых умовах, вядома ўсім.
Паважаны аўтар наіўна спадзяецца, што публікацыя яго асабістых “палявых” жудасных уражанняў і здзеклівыя “геройскія” кпіны ў адрас прэзідэнта падштурхне да прыняцця нейкіх экстраардынарных мер і вырашыць праблемы. Я разумею законы жанру, але ці варта аўтару ў наш час злоўжываць стылістыкай франтавога баявога лістка? Час займацца мірнымі справамі. Лепей было б усё ж пашукаць адказу ў тых самых згаданых чыноўнікаў, параіцца са спецыялістамі, прыслухацца да меркаванняў гаспадарнікаў, зацікаўленых і адукаваных эканамістаў. Хоць я не эканаміст і не гаспадарнік, што аўтар спецыяльна падкрэсліў, дазволю сабе выказаць думку, што патрабуюцца не экстраардынарныя меры, а спешная распрацоўка новых падыходаў да прыватызацыі, стварэння умоў, якія будуць выгаднымі для дзяржавы і прывабнымі для інвестараў. Як адзначыў аўтар публікацыі, “Лукашэнка заклікаў усю сваю раць навесці парадак на сваёй зямлі”. Бачыце, не аднаму Георгію Чыгіру набалела. Але што “ўся раць” зможа зрабіць, калі ў яе рукі звязаны сённяшнімі законамі, пастановамі, інструкцыямі, якія ўсе разам супярэчаць не толькі адна другой, а часцей і здароваму сэнсу?
Спадзяюся, аўтар зразумее некарэктнасць і недарэчнасць сваіх наскокаў і папрокаў, а газета працягне абмяркаванне актуальнай эканамічнай тэмы.
З павагай да шаноўнай газеты і чытачоў --
Віктар ВОЙЦІК, кампазітар, заслужаны дзеяч культуры, лаўрэат конкурсаў, прэміі і г.д., былы старшыня Беларускага аўтарскага фонду кампазітараў.
КАМЕНТАРЫЙ ЖУРНАЛІСТА
У сямі нянек...
Віктар Антонавіч Войцік — таленавіты музыкант, кампазітар, заслужаны ва ўсіх адносінах чалавек — першым адгукнуўся на публікацыю ў «Народнай Волі» артыкула «Астрашыцкі Сталінград». І тым самым усцешыў мяне як аўтара. Значыцца, зачапіла, як кажуць, за жывое... Праўда, шаноўны Віктар Антонавіч крытычную скіраванасць артыкула чамусьці аднёс толькі на свой рахунак і нават западозрыў аўтара ў «дрэнным успрыманні рэчаіснасці дня». «Калі б не гэтая заганная пазіцыя, — абураецца ён, — аўтар павінен быў пачуць мае вычарпальныя тлумачэнні наконт сітуацыі».
Дазволю сабе нагадаць: у апошняй тэлефоннай размове я і прасіў якраз пра сустрэчу, пра больш дэталёвую размову адносна «Астрашыцкага даўгабуда». Але Віктар Антонавіч даў зразумець, што не выпадае яму сустрэцца, паколькі шчыльна заняты творчым працэсам... Не дык не. Дарэчы, пасля першай публікацыі на ўсё тую ж астрашыцкую тэму (яшчэ ўлетку) адгукнуўся Ігар Міхайлавіч Лучанок — старшыня Саюза кампазітараў. Ён сам напрасіўся на сустрэчу з аўтарам публікацыі, і мы, канечне, сустрэліся. Па словах Ігара Міхайлавіча, яму спадабаўся артыкул, паколькі ўсё ў ім адпавядае рэчаіснасці. Прасіў не абмяжоўвацца адной публікацыяй, правесці — па магчымасці — журналісцкае расследаванне ці хаця б завастрыць увагу кантрольных і распарадчых органаў. Здзівіла толькі адно: Ігар Міхайлавіч, як і цяпер Віктар Антонавіч, не стаў паглыбляцца ў перыпетыі і дэталі «цёмнай справы», маўляў, ведаць то я ведаю, як і хто спляжыў будаўніцтва Дома творчасці, але ўказваць пальцам не буду... Хай зоймуцца тыя, каму належыць... Словам, пахаваліся харобрыя хлопцы ў бульбу... Верагодна, гэта і ёсць асаблівасць (набытая апошнімі дзесяцігоддзямі) нацыянальнага характару беларуса. Цяпер во спасылаюцца на «ліхія» дзевяностыя: «Крымінальныя схемы крадзяжу дзяржаўных грошай — варты жалю набытак ельцынскай эпохі. Насамрэч, усё банальна проста — дзяржаўная казна апусцела. Па ўсёй краіне засталіся сотні такіх незавершаных будаўніцтвам аб’ектаў. А яшчэ над краінай віравала і чарнобыльскае ліха!» Ну, і гэтак далей. Карацей, раіць нам Віктар Антонавіч: не варта шукаць вінаватых, бо «ёсць многа аб’ектыўных прычын у стварэнні прыкрай сітуацыі», «яе не пераадолець самым смелым партызанскім рэйдам». Так і свярбіць прадоўжыць «партызанскае»: вайна ўсё спіша...
Але вернемся да таго, дзеля чаго і былі апублікаваны два артыкулы на адну і тую ж тэму, — да сутнасці праблемы. Спадзяюся, ніхто не аспрэчыць, што сама гэтая праблема нікуды не падзелася, якімі б словамі яе ні замыльвалі. Яна шчэрыцца на нас паўразваленымі сценамі, пустымі вокнамі і закапанымі ў зямлю мільёнамі грошай. І завецца проста — безгаспадарчасць, безадказнасць, дзікунства... Самае прыкрае, што ніхто з высокапастаўленых дзяржаўных кіроўцаў (а яны пералічаны пайменна ў апошнім артыкуле) не адважыцца ўзяць на сябе адказнасць ці хаця б праявіць ініцыятыву ды распачаць справу па тым жа акцыянаванні занядбанага аб’екта ці, скажам, кансервацыі... «Маўчанне ягнят» можна патлумачыць хіба адным: у сямі нянек дзіця заўсёды без вока... Ці, можа, яны чакаюць уладарнага поклічу-загаду галоўнай нянькі?.. Але ў такім разе лагічна спытаць: якія ж яны дзяржаўнікі, калі ўбіліся ў такі нерат — што ні ўзад, ні ўперад?..
Георгій Чыгір.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне
Дзмітрый Лыбін, кампазітар (28.01.2012 23:18)
Аб тым што трэба вінаваціць "агульную сітуацыю", якую старшыня фонда не можа змяніць, мы неаднаразова за 15 гадоў чулі на з'ездах і сходах саюза кампазітараў. Але акрамя недабудаванага дома творчасці былі (і дакладна знаходзіліся ва ўласнасці фонда) транспарт, гараж, музычныя інструменты, іншая маёмасць. Пасля ліквідацыі фонда застаўся толькі раяль на сцэне залы саюза і бібліятэка. Не памятаю за тыя 15 год падрабязнай справаздачы кіраўніка фонда з'езду кампазітараў, выбараў і альтэрнатыўных кандыдатур на гэтую пасаду. Усё заўсёды адбывалася ў "вузкім коле" кіраўніцтва і рэвізійнай камісіі фонда. Адказнасць за банкруцтва і тое, што сталася з маёмасцю павінна несці менавіта гэта "заслужанае і таленавітае ва ўсіх адносінах" кіраўніцтва. Калі ўжо пасля банкруцтва фонда В.Войціка па загадзе "з высокіх колаў" вылучалі на мядаль Ф.Скарыны на паседжанні кафедры інструментоўкі Акадэміі музыкі, я спытаў, як адно з другім стасуецца. У хуткім часе сп.Войцік разам з загадчыкам кафедры (на час закрыцця фонда першым сакратаром саюза кампазітараў) В.Кузняцовым, дамагліся, каб мой кантракт новым рэктрам Акадэміі не быў падоўжаны. І на гэта адарваць час ад "творчага працэсу" яны не пашкадавалі. Хаця магу дадаць, што і да педагагічнай дзейнасці на кафедры гэтых "заслужаных ва ўсіх адносінах" у мяне неаднаразова ўзнікалі важкія прафесійныя пытанні. Таму лічу, што спадар М.Чыгір мае ў артыкулах наконт "Астрашыцкага Сталінграда" поўную рацыю. А калі нехта рэагуе першым і адносіць крытычную скіраванасць на свой рахунак, дык вядома на кім капялюш гарыць.