АДКРЫТЫМ ТЭКСТАМ
Адчапiцеся!
Узгадаем Мiхаiла Лермантава:
Прощай, немытая Россия,
Страна рабов, страна господ,
И вы, мундиры голубые,
И ты, им преданный народ.
Маркс i Энгельс гаварылi пра Расію такое, што нават адзiн з самых стойкiх барацьбiтоў з самадзяржаўем М.Бакунiн не вытрываў i выклiкаў Маркса на дуэль, але той спужаўся i бiцца не стаў. У.Ленiн лiчыў, што Расiя была адным з трох разбойнiкаў, якiя падзялiлi, акупавалi Рэч Паспалiтую ў 1795 годзе, а паколькi яна дужэйшая за Аўстра-Венгрыю i Прусiю, то ёй дастаўся найбольшы кавалак, у тым лiку Беларусь у цяперашнiх межах.
Як ні прыкра, але амаль уся гiсторыя Расii — гэта захопнiцкiя войны, пакарэнне суседзяў. Каўказ, Сярэдняя Азiя, Сiбiр, Паволжа, Поўнач... Усё забiралася з дапамогай ваеннай сiлы. А дзе сiла, там... Не памятаю, хто сказаў: «Дзе Расiя — там кроў». Гэта пераканаўча пацвярджаюць яе шматвяковыя войны з Беларуссю, дакладней — з Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм. Рабаўнiцтва лiцвiнаў (як тады беларусаў звалi) жахлiвае: разбурэннi цэлых гарадоў, змяншэнне напалову насельнiцтва краiны, масавыя палоны, забойствы, знiшчэнне культуры, эканомiкi, гiсторыi...
Не змянiлася стаўленне да нашай краiны i пасля бальшавiцкага перавароту ў 1917 годзе. Беларускi народ зведаў не меншую эксплуатацыю i здзек, чым пры царызме. Вялося таталiтарнае знiшчэнне беларускага духу на беларускай зямлi.
Справа не толькi ў ваеннай моцы Расii, прывязанасцi Беларусi да яе нафты i газу. Найбольшая пагроза сыходзiць ад менталiтэту расiйскай элiты. Гэты менталiтэт прасякнуты вялiкадзяржаўнасцю, iмперскасцю, нахабным шавiнiзмам. Ад Крамля ён няспынна льецца на Грузiю, Украiну, Эстонiю, Латвiю, Лiтву, Польшчу... Але больш за ўсё дастаецца ад яго Беларусi.
У тыя вякi, калi Беларусь стагнала пад палiтычным, нацыянальным, эканамiчным ды iншымi прыгнётамi, у царскай «турме народаў», у савецкай «iмперыi зла», у Расii, аднак, знаходзiлiся светлыя розумы, якiя спачувалi нашаму народу, знаходзiлi спосабы i дапамагчы яму, i падтрымаць словам.
Згадаем, як па-чалавечы паставiўся да беларусаў М.Някрасаў. У вершы «Железная дорога» ён даў уражальны партрэт беларуса:
Видишь, стоит,
изможден лихорадкою,
Высокорослый больной белорус:
Губы бескровные, веки упавшие,
Язвы на тощих руках...
Не разогнул
свою спину горбатую
Он и теперь еще...
Прыхiльна ставiўся да нашага народа М.Дабралюбаў. Вялiкi дэмакрат, на смерць якога Някрасаў сказаў «Какой светильник разума угас, какое сердце биться перестало», прарочыў, што беларусы яшчэ скажуць сваё слова. А.Герцэн i М.Агароў у сваiм набатным «Колоколе» давалi месца матэрыялам з Беларусi. А якi iнтарэс выказвалi да нашай краiны, яе народа прагрэсiўныя расiйскiя вучоныя, этнографы, гiсторыкi, краязнаўцы... Адным словам, ёсць што згадаць добрага ў стаўленнi расiйскай iнтэлiгенцыi, лепшых розумаў грамадства да Беларусi. Яны бачылi ў беларусах менавiта народ, спадзявалiся на яго лепшую будучыню.
Нават пры бальшавiках, асаблiва на пачатку iх панавання, пакуль не пачаўся масавы i злачынны паход супраць «ворагаў народа», было ў iх шэрагах нямала прыхiльнiкаў беларушчыны. Ды што казаць, сам Сталiн прыязна гаварыў менавiта пра беларускi народ, яго мову, культуру, гiсторыю.
А цяпер? Пуцiн, якi нечакана вынырнуў з кадэбэшных нетраў на расiйскi трон, якi да гэтага, магчыма, i не ведаў, у якiм баку Беларусь знаходзiцца, нахабна (iначай не скажаш) заявiў, што беларускага народа... няма. Вось так — няма, i канцы ў ваду. «Мы адзiн народ», —
сцвярджае ён.
Тое ж самае паўтарае ўсерасiйскi «клоўн» Вольфавiч, не адстаюць ад яго многія іншыя насельнікі Думы, сакратар (цяпер ужо былы) мiфiчнай расiйска-беларускай дзяржавы Барадзiн, розныя бабурыны, рагозiны, мiтрафанавы, патрушавы... І сёння чуюцца галасы ценяў палiтычнага мiнулага Строева, Селязнёва... Сутнасць iх галашэння: няма беларускага народа, ёсць адзiн — расiйскi, ёсць адна мова — расiйская, у беларусаў жа наогул нiчога няма: нi мовы, нi гiсторыi, нi культуры, нi дзяржавы... Ну нiчагусенькi! Усё iм даў «старэйшы брат» — рускi, безумоўна.
Але хочацца нагадаць жадаючым праглынуць Беларусь, што дзяржаўнасць на нашай зямлi — Полацкае княства (Полацк упершыню згадваецца ў летапiсе пад 862 годам), а таксама Тураўскае, Пiнскае i iншыя iснавалi ўжо тады, калi кiеўскi князь Юрый Далгарукаў — заснавальнiк Масквы ў 1147 годзе — яшчэ нават не нарадзiўся. Маскоўскае вялiкае княства, як удзельнае, выдзелiлася з Уладзiмiра-Суздальскага ў першай палове ХIII стагоддзя. Вось цытата з БелСЭ: «Руская цэнтралiзаваная дзяржава, феад. шматнац. дзяржава, якая ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзя аб’яднала вакол Маскоўскага вялiкага княства землi i княствы Паўночна-Усходняй Русi». А Вялiкае Княства Лiтоўскае iснавала намнога раней — з ХIII стагоддзя, Мiндоўг прыняў тытул караля ў Навагрудку ў 1253 годзе.
Так што патугi сённяшнiх фальсiфiкатараў даказаць, што Беларусь — нiшто ў гiстарычным плане ў параўнаннi з Расiяй, смеху вартыя, iлжывыя, яны супярэчаць фактам. Але ж iмперскi сверб, прагнае жаданне даказаць законнасць сваiх прэтэнзiй на Беларусь i яе народ бяруць верх, вядуць да хлуснi.
У такой сiтуацыi здзiўляе i абражае пазiцыя сённяшняй расiйскай iнтэлiгенцыi — творчай, навуковай, эканамiчнай... Нешта не чуваць, каб хто з яе прадстаўнiкоў (акрамя некаторых — Б.Нямцова, I.Хакамады i iх аднадумцаў) сказаў сваё праўдзiвае, важнае слова ў абарону гiстарычнай справядлiвасцi. Ад палiтыкаў i алiгархаў чакаць яго не даводзiцца: яны сталi тымi, каго ў савецкi час называлi, кiваючы на Захад, акуламi iмперыялiзму. Яны, расiйскiя, таксама гатовыя цяпер не толькi забiваць адзiн аднаго за эканамiчную выгаду не толькi ў Расii, але i за яе межамi, гатовыя рабаваць, абдзiраць цэлыя народы. Хiба можна чакаць ад такiх хаця б слова падтрымкi, нейкiх захадаў у абарону «братоў-беларусаў»?
Зрэшты, яны нам i не патрэбныя — iх падтрымка ды абарона. Нам хопiць аднаго: адчапiцеся ад нас, не лезце ў нашы справы! Мы ў iх самi разбяромся. Разбярыцеся вы ў сваiх. А то яны ў вас вельмi запушчаныя. Ды яны нiколi і не вырашалiся, як належыць. Яшчэ ў пазамiнулым стагоддзi Герцэн сказаў, што бяда ўсiх расiйскiх урадаў у тым, што нi адзiн з iх не давёў да лагiчнага завяршэння нават самую добрую задуму. Чаму? Вiдаць, адказаў Ленiн: «Русский человек плохой работник по сравнению с передовыми нациями».
А якая «нацыя» ў Расii? Хто такiя рускiя? Пуцiн сказаў: вазьмi кожнага другога (цi трэцяга) рускага, добра патры яго —
i выявiш у iм татара-мангола. У такiм вызначэннi праўда, безумоўна, ёсць. Сотнi гадоў панавання арды пакiнулi след i ў генах. А.Блок канстатаваў:
Да, скифы — мы!
Да, азиаты — мы, —
С раскосыми и жадными очами!
Гэтая «жадность», нярэдка ў бесчалавечных формах, праяўляецца сотнi гадоў. Няма чаго граху таiць: iмперскасць — хвароба многiх рускiх. Яны абразлiва ставяцца да мовы iншых народаў, гiсторыi, культуры, традыцый, звычаяў... Што наглядна вiдаць i сёння на прыкладзе Беларусi. Не памятаю, каб хоць адзiн расiйскi iнтэлiгент заступiўся, падняў голас у абарону той жа беларускай мовы. А што нiхто з палiтыкаў гэтага не зрабiў — факт.
I яшчэ адно. Пры Савецкiм Саюзе кiраўнiкi, навукоўцы, iдэолагi выхвалялiся, што ў iм жывуць дружна больш за сто вялiкiх i малых народаў. Але ад той вялiкай «дружбы», «братэрства» i гэтак далей застаўся пшык пасля снежня 1991 года. А Расiя, ачомаўшыся ад шоку пасля распаду СССР, зноў актыўна праяўляе, як i пры царах-iмператарах, iмперскiя памкненнi, яе кiраўнiкi, палiтыкi адкрыта гавораць пра аднаўленне Саюза ў ранейшых межах.
Але час не той. Нарэшце трэба азiрнуцца на свае непрыглядныя паводзiны ў мiнулым — i пачаць жыць па-людску з усiмi суседзямi (i не толькi): як роўны з роўнымi, без прэтэнзiй на сваю вялiкасць, на сваё вяршэнства —
карацей, хопiць качаць свае правы ў iншых суверэнных дзяржавах.
Няўжо так падабаецца, жывучы ў жабрацтве, быць апошняй на планеце ваяўнiча-захопнiцкай iмперыяй? Няўжо не хапае развагi стаць цывiлiзаванай, культурнай еўрапейскай краiнай? На свеце ж не пячорна-каменны век, а ХХI. Ад напалеонаўскiх патуг i лопнуць можна.
Мiкалай ДЗЕЛЯНКОЎСКI,
жыхар г.Мiнска, пенсiянер.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне