ПАМЯЦЬ
Жыццё і боль Івана Нікітчанкі (фота)
Пра такіх кажуць: «Чалавек-матор». У свае 70 гадоў Іван Нікітчанка, нягледзячы на чарнобыльскія хваробы, мог даць фору некаторым маладым. Энергічны, ініцыятыўны, працавіты. Чалавек, які заўсёды стараўся дапамагчы людзям і якога хто-ніхто так і не пажадаў зразумець. Напрыканцы 2010 года Івана Мікалаевіча не стала. Аўтакатастрофа…
Лідзія НІКІТЧАНКА, жонка:
— З Іванам мы пажаніліся, калі я была на 4-м курсе Віцебскага медыцынскага інстытута, а ён вучыўся ў Віцебскім ветэрынарным. На год старэйшы. Пасля вучобы мужа накіравалі працаваць у Магілёўскую вобласць заатэхнікам-ветэрынарам, у хуткім часе перабралася да яго і я, бо і сама родам з Мсціслава. Спачатку жылі ў маёй маці, затым знялі пакой, праз нейкі час далі двухпакаёўку як маладым спецыялістам. Шчыра скажу, цяжкія часы былі. Іван сыходзіў у 6 гадзін раніцы і вяртаўся каля апоўначы. Я ў бальніцы таксама — з ранку да вечара. Але муж быў вельмі здольны чалавек і аднойчы ўбачыў у газеце аб’яву, што ў Маскве ідзе прыём у аспірантуру на дзённае і завочнае аддзяленні. На сямейнай нарадзе вырашылі, што варта ехаць на экзамены. Іван адзін паехаў, праз нейкі час тэлефануе: «Я ўсё здаў на пяцёркі, але мне прафесар Грудзеў прапаноўвае стацыянар». Кажу: «Заставайся». Безумоўна, гэта было складанае рашэнне, бо на той момант у нас ужо нарадзілася дачка, а ў Маскве трэба было вучыцца тры гады. Я працавала ў раённай бальніцы гінеколагам, даводзілася на кані нават ноччу ў суседнія вёскі ездзіць. І малое дзіця дома. Цяжка, але ж усё перажылі. Іван у Маскве абараніў кандыдацкую дысертацыю, усю практычную работу праводзіў у Кіраўскай вобласці. Там, у Кіраве, і прапанавалі работу. Прыехалі мы туды і бачым: дамы драўляныя, лес вакол, як быццам і жыцця ніякага няма… Не засталіся. Вярнуліся дадому. Тым больш што і прапанова паступіла з навукова-даследчага інстытута жывёлагадоўлі, што знаходзіўся ў Жодзіне. Там Іван і стаў працаваць, там абараніў доктарскую, стаў прафесарам. Быў дырэктарам селекцыйнага цэнтра, затым мы пераехалі ў Мінск, дзе муж, у рэшце рэшт, заняў пасаду намесніка старшыні Дзяржаграпрама БССР.
Васіль ЯКАВЕНКА, пісьмен-
нік, старшыня сацыяльна-
экалагічнага саюза «Чарно-быль»:
— У 1987-м я пачаў займацца чарнобыльскай праблематыкай. Сам я родам з Гомельскай вобласці, прыязджаў дадому, і мне расказвалі, што людзі ездзяць у зону, вывозяць адтуль камбікорм, назапашанае сена… Дабро ратавалі, але пры гэтым расцягвалі радыяцыю па многіх рэгіёнах краіны. Малако, мяса, якое там прадавалі, усё зашкальвала на дазіметрах. На нейкім мерапрыемстве Саюза пісьменнікаў Беларусі я расказаў пра гэтую жахлівую сітуацыю. Пасля вырашыў схадзіць, каб падзяліцца трывогай, у Дзяржаграпрам БССР. Іван Нікітчанка тады якраз і быў намеснікам старшыні гэтай структуры, займаўся чарнобыльскай тэматыкай. Мы ўпершыню сустрэліся з ім, і, што мяне ўразіла, ён пачаў шчыра расказваць пра Чарнобыль. Казаў, што гэта, безумоўна, вялікая бяда, ён ведае пра радыяцыю… Ніяк не чакаў такога ад чыноўніка. Пасля мы сустракаліся яшчэ некалькі разоў, ён перадаваў мне дакументы. Адчувалася, што чалавек успрымае чарнобыльскую катастрофу як асабістую бяду.
Лідзія НІКІТЧАНКА: — У Івана характар быў такі, што сам голы застанецца, а чалавеку аддасць апошняе. У зоне ён праводзіў тыдні. І дняваў там, і начаваў. Чарнобыль для яго стаў сэнсам усяго жыцця ў тым плане, што муж хоць неяк жадаў дапамагчы людзям. Займаўся селекцыяй жывёл, пасля Чарнобыля адышоў ад гэтай тэматыкі… Не было часу. Калі прыязджаў, шмат чаго расказваў. Перажываў, што не ўсе разумеюць трагедыю, не ўсе ведаюць, якія на самай справе будуць наступствы. Ды і сам нахапаўся там радыеактыўнага цэзію. Нават праз 25 гадоў у яго крыві цэзій перавышаў норму ў дзесяць разоў! Іван змагаўся, каб радыяцыю не расцягнулі па ўсёй Беларусі з мясам, кармамі з зоны, пісаў артыкулы. На яго ціснулі зверху, але са свайго шляху не збочваў. Ён казаў: «Гэта проста страшна, калі цябе не разумеюць. І не хочуць разумець страшную праблему». Чарнобыль стаў для мужа сэнсам жыцця. Ён ездзіў у зону, рабіў замеры радыяцыі, абследаваў дзяцей, школьнікаў. Прыязджаў і ледзь не са слязьмі: «Няма ў нас здаровых дзетак!» Але ж каго гэтыя даследаванні цікавілі?
Васіль ЯКАВЕНКА: — Пасля выбуху на АЭС у рэгіёне пачалася эвакуацыя жывёлы, а Іван Нікітчанка якраз і адказваў у Дзяржаграпраме за жывёлагадоўлю. Ён на свае вочы хацеў бачыць, як адсяляюць з зоны. Гэта была для яго і асабістая жыццёвая бяда. Ён не цярпеў маны, заўсёды быў шчыры і адкрыты. Пры гэтым бачыў, што людзей падманваюць. Расказвалі, што пасля аварыі пад ціскам Масквы Дзяржаграпрам БССР прыняў загад, згодна з якім каля мільёна тон зерня з забруджанай зоны было вывезена і размеркавана па іншых раёнах чыстай зямлі, больш за 1,6 мільёна тон малочнага адгону. Вывозілі «брудную» лясную і травяную муку, косці жывёл запускалі ў вытворчасць. Іван Нікітчанка пра ўсё гэта ведаў, але адзін не мог супрацьстаяць сістэме. Усё прымаў блізка да сэрца, моцна перажываў. Калі я да яго прыходзіў, ён перадаваў мне дакументы па стане ў зоне. З рэальнымі лічбамі і даследаваннямі. Там былі звесткі, куды і што вывозілі з зоны… Казаў мне: «Захавайце. Прыйдзе час, і гэтую партыйную мафію будуць судзіць. Дакументы нам яшчэ спатрэбяцца». Дарэчы, заснавальнік і першы дырэктар Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі Яўген Канапля таксама мне даваў дакументы аб стане здароўя чарнобыльскіх дзяцей і насельніцтва. Мне, як пісьменніку, было прасцей нейкім чынам гэта ўсё давесці да ведама грамадскасці. І мой нарыс «Бомба для нашчадкаў» пабачыў свет.
Іван Нікітчанка быў чалавекам-стоікам і вялікім аптымістам у жыцці. І ў сям’і, і ў працы. Нават калі былі няўдачы, казаў, што ўсё будзе добра. А суцяшэнне знаходзіў у напружанай працы. Хоць здароўе было ніякае.
Лідзія НІКІТЧАНКА: — У хуткім часе пасля камандзіровак мужа ў зону ў яго з’явіліся праблемы са шчытападобнай залозай і першыя прыкметы прамянёвай хваробы. Паклалі ў бальніцу, таму што ўжо нават хадзіць не мог. Знаходзіўся некалькі месяцаў пад наглядам урачоў, ледзь ачомаўся. Выпісалі, але праз нейкі час далі аб сабе ведаць ужо праблемы з сэрцам. І Івана зноў забралі ў бальніцу з шырокім інфарктам міякарда. Тут паўплывалі і наступствы Чарнобыля, і праблемы на працы. Мы як маглі падтрымлівалі яго, прайшло тыдні тры, перавялі з рэанімацыі ў палату… Неяк у нядзелю едзем з сынам на дачу, кажу: «Давай заедзем да бацькі ў бальніцу». — «Ты ж учора ў яго была». — «Не ведаю, хочацца заехаць...» Заходзім у палату, там адзін Іван. І я бачу, што ён памірае. Пакрыўся халодным потам, шэпча: «Мне дрэнна». Я хутчэй да ўрачоў, мужа зноў у рэанімацыю. Паўторны інфаркт. Нават і не ведаю, што было б, калі б не заехалі… Пасля гэтага мужа накіравалі на рэабілітацыю ў санаторый «Крыніца». Мы вучылі яго ў літаральным сэнсе хадзіць, бо мышцы за час знаходжання ў бальніцы проста атрафіраваліся. У дзень рабілі па 5—10 крокаў… Івану тады і пяцідзесяці гадоў не было. Далі групу, праз нейкі час ён сышоў з працы.
Васіль ЯКАВЕНКА: — Пасля камандзіровак у зону ён вяртаўся вельмі стомленым. Нават не фізічна, а ад уражанняў. Чарнобыль — гэта былі яго боль і трагедыя. Таму было зусім лагічна, што ён стварыў сацыяльна-экалагічнае аб’яднанне «Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў». Дамагаўся, каб на тэрыторыі Беларусі быў маніторынг па радыяцыйнай бяспецы, сістэмная работа ў Беларусі, Расіі, Украіне. У рэспубліцы гэтым, па сутнасці, ніхто не займаецца, і мы па сённяшні дзень дакладна не ведаем, як распаўзлася па зямлі радыяцыя. Іван Нікітчанка валодаў статыстыкай па захворванні дзяцей ад наступстваў Чарнобыля, пісаў аб гэтым, хацеў, каб краіна не хавала праблему, а глядзела праўдзе ў вочы. Зрэшты, чыноўнікаў гэта не цікавіла. Мы разам звярталіся ў многія ўладныя структуры, білі ў набат, аднак у адказ — цішыня. Ці проста адпіскі. Іван Нікітчанка заўсёды спадзяваўся, што чарнобыльская трагедыя будзе пераасэнсавана. І выступаў катэгарычна супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Казаў, што трэба не АЭС будаваць, а лепш рухаць наперад энергазберагаючыя тэхналогіі... Ён вельмі любіў Беларусь, хоць і родам з суседняй Браншчыны. Не ўсе беларусы так любяць сваю краіну.
Таццяна НОВІКАВА, адказ-ны сакратар грамадскай экалагічнай экспертызы праекта беларускай АЭС, сябра ГА «Экадом»:
— Іван Нікітчанка быў адным з нямногіх спецыялістаў у Беларусі, хто вывучаў уздзеянне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе. У апошнія гады змагаўся за тое, каб беларускія ўлады дазволілі яму атрымаць фінансаванне і працягваць свае даследаванні. Пісаў праект за праектам, падаваў заяўкі, накіроўваў лісты кіраўніку краіны, ва ўрад… За апошнія тры гады яму ўдалося правесці толькі адно даследаванне, у якім прынялі ўдзел 2 тысячы чалавек з усёй Беларусі. Вынікі аказаліся несуцяшальныя.
Мы запрасілі Івана Мікалаевіча, як члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі, узначаліць Грамадскую экалагічную экспертызу праекта беларускай АЭС, і ён вельмі адказна выконваў гэтую місію. Быў чалавекам незвычайнай дабрыні. Згубіў сваё здароўе падчас ліквідацыі чарнобыльскіх наступстваў, але, нягледзячы на гэта, ніколі не адмаўляў у прафесійнай дапамозе. Я, напрыклад, магла патэлефанаваць Івану Мікалаевічу, каб параіцца, у любы час і ніколі не чула адмовы. Яго меркаванне заўсёды было вызначаным і не змянялася пад уплывам палітычных фактараў. Ён выступаў супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС, агучваў тыя факты, якія многія імкнуцца замаўчаць…
Лідзія НІКІТЧАНКА: — Іван вельмі шмат працаваў. Ён бы не жыў, калі б не працаваў. Але хваробы пастаянна нагадвалі аб сабе. Рабілі кропельніцы, падчас аднаго абследавання знайшлі тромб брушной аорты. Амаль дзесяць сантыметраў! Ізноў была аперацыя. Але прайшоў час — і ён па-ранейшаму ўзяўся за працу. Я яму колькі разоў казала: «Ды паберажы ты здароўе, навошта табе тыя паездкі?» Адказваў: «Як я магу жыць спакойна, калі бачу патухлыя ад хвароб дзіцячыя вочы?» У Гомельскай вобласці няма, напэўна, ніводнай вёскі, дзе муж не пабываў.
Аляксандр ВАЛЧАНІН, кіраўнік зарэгістраванага ва Украіне грамадскага аб’яднання «Саюз Чарнобыль—Беларусь»:
— З Іванам Нікітчанкам мы нярэдка разам прымалі ўдзел у розных міжнародных канферэнцыях, а ў апошні час тэлефанавалі адзін аднаму амаль праз дзень. Было шмат агульных пытанняў, якія датычыліся праблем удзельнікаў і інвалідаў ЧАЭС. З гэтым чалавекам было вельмі цікава вырашаць пытанні, бо ён — чалавек з энцыклапедычнымі ведамі і па навуцы, і па сацыяльнай абароне. З вялізнымі ведамі! І шчыра вам скажу — без яго нам цяжка.
Лідзія НІКІТЧАНКА: — Іван быў вельмі добры сем’янін, моцна любіў дзяцей. Дачка Ала, дарэчы, і пайшла па слядах бацькі, скончыла ў Маскве сельскагаспадарчы інстытут.
19 лістапада 2010 года муж сабраўся на сваёй машыне на дачу. Здаецца, трэба было памяняць колы. За дзень да гэтага прынёс і паказаў аналіз крыві. Аналіз быў не вельмі, кажу: «Давай лепш у бальніцу паедзем, застанься дома. Няхай кропельніцы паставяць, пра здароўе трэба падумаць». — «Праз тыдзень паеду ў бальніцу», — адказвае. У той дзень я быццам адчувала дрэннае… Пасля патэлефанавалі, паведамілі, што муж разбіўся. Нейкім чынам выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з МАЗам. Думаю, што яму стала дрэнна. Магчыма, прыхапіла сэрца ці закруцілася галава. Калі пасля аварыі мужа прывезлі ў бальніцу, ён яшчэ жыў. Памёр у тры гадзіны ночы. А ў яго было яшчэ столькі планаў…
Фота з сямейнага архіва сям’і Нікітчанка.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне