ТЭМА ДНЯ
На дваіх не дзеліцца...
“У Маскве працягваюцца беларуска-расійскія перамовы па нафце... Беларуская дэлегацыя вяртаецца ў Мінск... Беларусы едуць у Маскву... Дамовіцца не ўдалося...” Усе святы прайшлі пад гэтыя, аднолькавыя і па форме, і па сутнасці навіны. Колькі нашы чыноўнікі наездзілі “камандзіровачных”, вядома толькі ім самім, але новага дагавора аб умовах пастаўкі расійскай нафты на беларускія НПЗ учора яшчэ не было.
Сяброўства вымяраецца грашыма
Расія гатова паставіць у Беларусь 6,3 мільёна тон нафты для патрэб народнай гаспадаркі нашай краіны. Без усялякай пошліны. На тых самых умовах, на якіх нафта пастаўляецца на расійскія прадпрыемствы. Як падлічылі расійскія эксперты, 6 мільёнаў тон — гэта гадавы аб’ём спажывання імпартнай нафты, а яшчэ 1,7 мільёна Беларусь здабывае самастойна. Такіх умоў Расія не прапаноўвала ні адной краіне, сцвярджаюць эксперты. Але беларускі бок не задаволены. Бо за ўвесь астатні аб’ём паставак — за нафту, якую мы купляем не для сваіх патрэб, а для перапрацоўкі і продажу нафтапрадуктаў на экспарт, — нас просяць заплаціць поўную пошліну.
Ананімны расійскі эксперт прывёў наступныя лічбы. Цытуем паведамленні інфармагенцтваў: “Расія выказала намер і надалей субсідзіраваць эканоміку Беларусі ў памеры 6,3 мільёна тон нафты, што прыносіць Мінску выгаду ў памеры 1,8 мільярда долараў у год... Беларусь просіць павялічыць бяспошлінныя пастаўкі нафты да 30 мільёнаў тон і абяцае ў іншым выпадку павялічыць пошліны на транзіт расійскай нафты да 45 долараў за тону (цяпер 3,9 долара)”.
Як падлічыў гэты эксперт, за тры гады прымянення паніжальнага каэфіцыента да нафтавай пошліны расійскі бюджэт судсідзіраваў эканоміку Беларусі прыкладна на 10 мільярдаў долараў. Пагадзімся, “падарунак” не проста дарагі, а вельмі дарагі. Але мы “дзякуй” не сказалі, беларускі бок лічыць, што так і павінна быць, бо Беларусь і Расія — саюзнікі, як палітычныя, так і эканамічныя. Бо справа тут не толькі ў тым, колькі Беларусь недаплачвала за “чорнае золата”, галоўнае — колькі мы згубім, калі экспарт нафтапрадуктаў будзем ажыццяўляць без ільготных умоў. Большасць экспертаў называюць лічбу 3—4 мільярды долараў у год — менавіта столькі Беларусі прыйдзецца даплаціць, калі не ўдасца адбіцца ад новых умоў, прапанаваных Расіяй. Для беларускага бюджэту грошы аграмадныя.
З гісторыі спрэчкі
Канфлікты з-за нафты паміж Беларуссю і Расіяй узнікаюць не ўпершыню. Каб зразумець прыроду рознагалоссяў, трэба зірнуць на ўсю гісторыю двухбаковых адносін у сферы паставак расійскай нафты ў Беларусь і праз Беларусь.
Праз Беларусь расійская нафта ідзе трубаправодамі (аб’ём не менш як 21,5 мільёна тон у год), чыгуначным і аўтамабільным транспартам (не менш як 3—4 мільёны тон у год). Таксама ажыццяўляюцца пастаўкі нафтапрадуктаў (у 2009 годзе 3,6 мільёна тон). Такім чынам, агульны аб’ём паставак сырой нафты складаў не менш як 28 мільёнаў тон у год.
У самым пачатку гэтага супрацоўніцтва працавалі без усялякіх пошлін. У 1995 годзе, пасля падпісання першага з дакументаў аб стварэнні Мытнага саюза, пачало дзейнічаць пагадненне аб раздзеле мытных плацяжоў пры экспарце з тэрыторыі Беларусі нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расійскай сыравіны. У выніку ў 1995 годзе мы пералічылі ў расійскі бюджэт 6,7 мільёна долараў. Потым пашкадавалі і гэтых грошай: у 1996 годзе Расія атрымала ад Беларусі толькі 1,7 мільёна долараў. Пасля 1996 года беларускі бок у аднабаковым парадку ўвогуле не стаў выконваць гэтае пагадненне, а ў 2001 годзе ўжо афіцыйна, паведаміўшы расійскаму боку, проста выйшаў з яго.
У выніку доўгіх перамоў бакі ўзгаднілі новыя правілы паставак расійскай сырой нафты толькі ў 2007 годзе. Згодна з імі, у 2007—2009 гадах прымяняўся паніжальны каэфіцыент пошліны на беларускія пастаўкі. Так, у 2007 годзе каэфіцыент складаў 0,293, у 2009-м — 0,356.
“Кошт пытання” разлічыць проста. Бягучая мытная пошліна на нафту ў Расіі складае 267 долараў за тону. Мы плацілі (267 х 0,356) недзе 95 долараў. Адчуваеце розніцу?.. А калі памножыць агульныя аб’ёмы пастаўкі на поўную пошліну і на нашу, паніжаную, то адразу становіцца бачным памер расійскага “падарунка” Беларусі — тыя самыя 1,8 мільярда долараў у год. А раней было і паболей! Але ж бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы. І дзіўна, што беларускае кіраўніцтва спадзявалася на нешта іншае.
Праўда, параўнанне з “бясплатным сырам”, магчыма, і не зусім правільнае. У такім выпадку трэба лічыць і ўсё тое, што атрымлівае Расія ад Беларусі. Гэта і “транспартны калідор”, і размяшчэнне ваенных баз, і... Адным словам, ці не прасцей было б перавесці ўсе міждзяржаўныя адносіны на рыначную аснову, і тады не было б ніякіх войн?
Адлік ідзе на тыдні
Беларусь пакуль нічога не адказала на абвінавачанні ў тым, што беларускі ўрад “пячэцца” пра інтарэсы пасрэднікаў. Думкі аб прычынах наплываюць самі сабой, але пакуль намёк мы сцярпелі моўчкі. Афіцыйныя паведамленні з Мінска стрымана-афіцыйныя.
“Свае аргументы беларускі бок прадставіў на аснове прававой базы двухбаковых адносін, падмацаваўшы разлікамі, раней узгодненымі экспертамі. Аднак перамоўшчыкі з боку Расіі не прынялі гэта да ўвагі. У выніку ўдзельнікі пісьмова выклалі свае пазіцыі і завяршылі перамовы, заявіўшы аб гатоўнасці іх прадоўжыць”.
Дата аднаўлення перамоў аб пастаўках расійскай нафты ў Беларусь на момант напісання гэтага матэрыялу была невядомая. Але, нягледзячы на адсутнасць падпісанага кантракта, пастаўкі “чорнага золата” на беларускія НПЗ ішлі. Як заявіў начальнік упраўлення каардынацыі сыравінных паставак канцэрна “Белнафтахім” Сяргей Астапец, нафта была аплачана яшчэ да Новага года, і цяпер гэтыя кантракты выконваюцца. Спадар Астапец патлумачыў, што цяперашнія кантракты прадугледжваюць аб’ёмы паставак, дастатковыя для забеспячэння ўстойлівай загрузкі беларускіх НПЗ на працягу бліжэйшых трох тыдняў. Што будзе далей?.. Большасць экспертаў сыходзіцца на думцы, што без сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева не абыдзецца, бо гаворка ідзе пра падзел занадта вялікіх грошай, каб пытанне было вырашана на ўзроўні віцэ-прэм’ераў. Праўда, часу для падрыхтоўкі сустрэчы няшмат — усяго некалькі тыдняў.
Пасрэднікі названы пайменна
Падобна на тое, што ў першыя дні студзеня развеяны галоўныя міфы, звязаныя з беларускімі нафтадоларамі. Мы неаднойчы чулі расказы пра тое, як настойліва беларуская дзяржава змагаецца з пасрэднікамі — што называецца, вынішчае агнём і мячом... Але нейкім цудам гэтая барацьба не распаўсюдзілася на самую прыбытковую сферу — пастаўкі нафты. У інфармацыйнай вайне, якая традыцыйна суправаджае нафтавую, зараз пасрэднікі названы пайменна.
“Дзеянні пасрэднікаў на нафтавым рынку Беларусі немагчымы без глыбокіх сувязяў з уладамі і санкцый кіраўніцтва краіны”, — заявіў ананімны эксперт расійскаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву РІА “Новости”. Паводле яго слоў, пасрэднікі — гэта чатыры дзяржкампаніі: Беларуская нафтавая кампанія, Мазырскі НПЗ, “Нафтан”, а таксама ВА “Беларуснафта”. Астатнюю долю рынку кантралююць прыватныя беларускія структуры і даччыныя структуры расійскіх кампаній.
“Сярод іх ТАА “Трайпл”, а таксама сумесныя ТАА “НафтаХімТрэйдынг” (уладальнік — грамадзянін Беларусі Юрый Чыж), ТАА “Інтэрсервіс”, афіцыйнай мэтай дзеянняў якога з’яўляецца давальніцкая перапрацоўка нафты, што паступае з Расіі на НПЗ краіны, — паведаміў эксперт. — Уласнік гэтага прадпрыемства, які мае прамое дачыненне да “Нафтана”, — Мікалай Варабей. У 2007 годзе ён быў затрыманы па справе кіраўніка канцэрна “Белнафтахім” Бароўскага. Іншыя пасрэднікі — УП “МСП-Ойл”, структура расійскага бізнесмена Брынцалава, а таксама “Юнівест-М”, дзе дзейнічаюць былыя топ-менеджэры “Слаўнафты”. Яшчэ адзін пасрэднік — СП ЗАТ “Слаўнафта-старт”. Гэта структура “Слаўнафты”, якая знаходзіцца на стадыі ліквідацыі”. Эксперт згадаў таксама прадпрыемства “Лукойл-Беларусь”, ЗАТ “Слаўнафтахім” (уладальнік — Міхаіл Гуцарыеў), ТАА “Юніс Ойл”, ТАА “Нафта Імпекс”.
Цікава, што далёка не ўсе названыя структуры з’яўляюцца “выбітнымі” беларускімі падаткаплацельшчыкамі. Па выніках першага паўгоддзя гэтага года ў дваццатку кампаній, якія пералічылі ў бюджэт найбольш падаткаў, трапілі толькі абодва нафтаперапрацоўчыя заводы, дзяржаўная “Беларуснафта”, а таксама “Лукойл-Беларусь”, “Слаўнафта-Старт” і “Юніс-Ойл”. Чаму няма ў лідэрах па выплаце падаткаў структур такіх вядомых расійскіх алігархаў, як Уладзімір Брынцалаў альбо Міхаіл Гуцэрыеў, чаму не вельмі вызначыліся сумамі падаткаў іншыя — застаецца толькі здагадвацца.
Падборку падрыхтавала Алена НОВІКАВА.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне