ДЫСКУСІЯ
Каго трэба забіць, каб стаць свабодным?
Днямі тэатральная лабараторыя “Fortinbras” пры беларускім “Свабодным тэатры” наладзіла дыскусію, прысвечаную свабодзе.
Як урач абмежаваў свабоду паэта Андрэя Хадановіча, чаму драматург Мікалай Халезін задумаўся пра свабоду толькі за кратамі, што агульнага паміж свабодай і зубной шчоткай і каго трэба забіць дзеля свабоды — у рэпартажы “Народнай Волі”.
“Не думаў, калі прымушалі ўступіць у піянеры, а пасля — у камсамол, — узгадаў ён. — Не думаў у арміі — бо ўсё мы аднымі лыжкамі чэрпалі г...о. Не думаў нават, калі апынуўся ў вайсковай турме за тое, што прыйшоў нецвярозы з самаволкі. А вось калі пасадзілі за краты пасля ўдзелу ў мітынгу — задумаўся...”
Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч таксама лічыць, што свабоду можна адчуць толькі ў выпадку яе абмежавання.
“Месяц таму добры доктар, які зрабіў УЗІ маіх унутраных органаў, істотна абмежаваў маю свабоду, — даў ён яскравы прыклад. — Цяпер я сябе абмяжоўваю ў харчаванні і алкаголі. Аднак з-за гэтага згубіў 17 кілаграмаў і зрабіўся прыгажэйшым. Можа, гэта кампенсуе для мяне страчаныя бакі свабоды...”
А філосаф і паэт Ігар Бабкоў параўнаў свабоду з гіпермаркетам.
“Калі раней ідэі свабоды можна было асацыіраваць з вялікім сцягам, з якім на барыкады ўзбіраецца змагар, то сёння свабода — велізарны гіпермаркет, — выказаўся Бабкоў. — Чалавек стаіць у ім і нібыта вольны выбраць тое, што ён хоча. Гэты гіпермаркет манапалізаваў шмат каго, і нават інтэлектуалаў — яны пачынаюць разважаць пра творчыя прадукты толькі тады, калі здольныя абменьвацца на грошы ці прэстыж. Мне здаецца, свабода наступае не тады, калі мы набіраем цялежку з прадуктамі, а тады, калі мы бачым гэта багацце і праходзім міма”.
Дыскусія была багатая на параўнанні. Так, філосаф Валянцін Акудовіч вызначыў свабоду як... зубную шчотку.
“Свабода, як зубная шчотка — у кожнага свая, — лічыць Акудовіч. — Вось ластаўка лётае ў небе, крот поўзае пад зямлёй. Аднак нельга сказаць, што ластаўка свабодна, а крот — не. Бо калі падкінуць крата ў неба, каб ён трошкі свабодна палётаў, гэта ж будзе гвалт! Натуральна, у іх розныя кшталты свабоды”.
Пісьменнік і паэт Уладзімір Арлоў, падхапіўшы ідэю зубной шчоткі, адзначыў, што ў яго шчотак некалькі. Значыць, і свабод можа быць шмат.
А Ігар Бабкоў нават вывеў цэлую тэорыю ўзроўняў свабоды праз варыянты выкарыстання зубной шчоткі.
“Стадыя адсутнасці свабоды — калі чалавек проста выкарыстоўвае зубную шчотку па сваім прызначэнні, — патлумачыў ён. — Першая стадыя свабоды — калі чалавек разумее, што шчоткай можна рабіць і іншыя рэчы. Другая стадыя свабоды — калі мы вяртаемся да чысткі зубоў шчоткай, але разумеем, што гэта не абавязкова...”
Кінадраматург Уладзімір Халіп рабіў жорсткія дэфініцыі і прыводзіў даволі жорсткія прыклады.
“Памятаце “Еўрапейскі марш”, падчас якога на мосце каля Першамайскай адбылася сапраўдная бойка? — нагадаў ён. — Для мяне гэта стала найбольш значным імкненнем беларусаў да свабоды. На наступны дзень ехаў я ў трамвайчыку праз гэты мост, і нейкая цётачка на цудоўнай трасянцы шчыра кляла ўдзельнікаў маршу: “І чаго трэба гэтым беларусам? Вось узяць бы іх усіх і ў Сібір!”... Дык няўжо штосьці змянілася б, калі б мы нават і перамаглі тады? Ці стала б нам жыць лягчэй?
Свабоду дае не дзяржава — чалавек сам дыктуе сабе ўзровень свабоды. Усе памятаюць часы Савецкага Саюза з яго укладам. Але хіба там не было вольных людзей? Калі шмат вольных людзей — тады і краіна вольная. А калі іх няшмат, якія б законы ні былі, якія б свабоды ні далі зверху — будзе той жа змрок”.
А вось Андрэй Хадановіч мяркуе, што беларусы дарэмна лічаць сябе занадта зняволенымі.
“Патрапіўшы аднойчы ў Арменію, я зразумеў, што ўсё вельмі параўнальна і адносна, — патлумачыў ён. — Кожны з прыязджаючых туды павінен запоўніць своеасаблівую дэкларацыю, дзе акрамя ўсіх персанальных даных павінны быць кантакты асоб, праз якіх наведвальнікаў можна заўсёды знайсці. Мне гэта патлумачылі ўвагай да нашага здароўя, бяспецы. Да таго ж цягам тыднёвай канферэнцыі да нас быў пры-
стаўлены малады чалавек, які кожную хвіліну за намі сачыў і вельмі хваляваўся, калі мы куды-небудзь не туды адыходзілі...
Свабода — гэта калі ніхто, акрамя мяне, не турбуецца за маю бяспеку, харчаванне, псіхічнае ці фізічнае здароўе”.
Уладзімір Арлоў узгадаў больш вясёлы прыклад гульняў са свабодай.
“Калі развальваўся Саюз, я напісаў эсэ “Незалежнасць — гэта”, якое пераклалі і на расійскую мову, — узгадаў ён. — У эсэ быў такі пасаж, што “...свабода — калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выхадныя ў Вену, і ты з чыстым сумленнем кажаш ёй, што ў су-
боту вы п’яце каву насупраць палаца Шонбург”. А ў адным з перакладаў чамусьці напісалі Вену з маленькай літары. І пачаліся водгукі кшталту “Так вось якой свабоды яны хочуць...”
Як аказалася падчас дыскусіі: для таго каб стаць свабодным, трэба... забіць.
“Якія б ні былі вольныя грамадствы, культуры, тэрыторыі, усё роўна наша свабода пачынаецца з таго, што мы забіваем у сабе марыянетку, якая гаворыць і дзейнічае так, як усе, якая прымушае нас быць культурнымі аўтаматамі”, — выказаў сваю думку Ігар Бабкоў.
А спадар Хадановіч паспрачаўся — бо мяркуе, што такое забойства таксама не гарантуе свабоды.
“Чалавек можа забіваць марыянетку, але гэта таксама адна з форм залежнасці, — лічыць Андрэй Хадановіч. — Павінен быць выбар паміж тым, каб забіць у сабе марыянетку, або забіць на марыянетку...”
Тым часам кіраўнік “Свабоднага тэатра” працягваў задаваць пытанні, якія могуць заблытаць каго заўгодна.
“Наш “Свабодны тэатр” вольны? — разважаў Мікалай Халезін. — Нібыта так. У нявольнай краіне? Нібыта так. Аднак спектаклі вольныя? Нібыта так. Ды сярэднестатыстычны еўрапеец звар’яцеў бы ад некаторых нашых гутарак!..”
Аднак ёсць момант, дзе Халезін адчувае сябе вальней за еўрапейца.
“Калі на гастролях мы размаўляем з тэатрамі іншых, нават самых вольных, краін, яны заўсёды прызнаюцца, што пэўныя тэмы ў сваёй творчасці не раскрываюць, — распавёў ён. — Яны робяць тое, на што выдзяляюцца датацыі. А паколькі мы не атрымліваем ніякіх датацый, то вольныя ад абавязкаў і справаздач па грантах!”
У той жа час кіраўнік “Свабоднага тэатра” сумняваецца — можа, лепей атрымліваць датацыі...
“Часам мог бы паставіць больш і лепш, калі б меў датацыі, — прызнаўся Халезін. — Дык дзе ж сапраўдны сэнс слова “свабода”?”
Праз хвіліну маўчання на гэтае пытанне адказаў Валянцін Акудовіч: “Ён кожны раз іншы...”





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне