bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №3-4 (3133-3134)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Беларускі народны каляндар -- 2010

Аўтар: I 11 студзеня 2010 г.

Народны каляндар беларусаў -- гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры праз спалучэнне язычніцкіх і хрысціянскіх кампанентаў; уключае традыцыйныя арыенціры (хранонімы) пераважна на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах; утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна шматгадовым вопытам.

У народным календары на 2010 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з магчымымі кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і г. д. Дні,  якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай  пазначаны святы «рухомай» царкоўнай пасхаліі.

Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашай кнізе “Беларускі народны каляндар” (Мн., 2002).

Алесь Лозка

Студзень

1. пт. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія -- з 1700 г.

6. ср. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі. Католікі праводзілі маскіраваны абрад “Тры каралі” або “Гэроды”. 

7. ч. Божае Нараджэнне. Пачатак Каляд. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…». Калядавалі. Насілі «звязду». Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы (“вадзілі казу”, “жанілі Цярэшку”, “пяклі ката”, гулялі ў “Яшчура” і інш.).

8. пт. Зімні пакроўчык, Маладзёны (Бабіны). Частавалі бабу-пупарэзніцу.

9. сб. Сцяпан. «На святога Сцяпана вышэй слуга за пана».

13. ср. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці».

14. ч. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. «Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю».

17. н. Марк. Калі на Марка пакласці ў зямлю на кароткі час насенне морквы, то летам яно хутчэй прарасце.

18. пн. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. «Каляда ад’язджае».

19. а. Вадохрышча (Кшчэнне). «Святое Кшчэнне ваду ксціла... свет ачысціла і ваду наверх пусціла». «На Вадохрышча завіруха -- на Вялікдзень таксама».

20. ср. Прывадохрышча -- заканчэнне Каляд. Пачатак Малой Вясельніцы (да посту).

24. н. Аксіння. «Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».

25. пн. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел.

31. н. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз».

 

Люты

1. пн. Ігнат. «На святога Ігната зіма багата».

2. а. Грамніцы, Стрэчанне. «Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы», «Грамніца -- хлебу палавіца...».

5. пт. Агата. Каровіна свята. «Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты». 

6. сб. Аксіння Паўзіміца. «На Аксінні мяце». Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце».

8. пн. *Рабы, тыдзень, Вясельніца, Развітальны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай.

10. ср. *Лысая серада. Праталіны-залысіны.

11. ч. Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад». *Блакітны чацвер. Тумановы дзень.

12. пт.*Масляныя Дзяды, Дзедава пятніца.

13. сб. *Дзедава субота (Бабы). «Дзяды не зналі бяды, а ўнукі зазналі мукі».

14. н. Трыфан. «На Трыфана зорна -- вясна позняя». Валянцін. Свята закаханых. *Масленіца. Гуканне вясны. Пачатак Сырапуснага тыдня. «Сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку».

15. пн. Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася...», «На Грамніцы палавіна зіміцы».

17. ср. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў).

18. ч. Агата. Каровіна свята.*Валосы (Крывы чацвер). Свята жывёлы. «На Волосого бліны пыклы ці оладкы, коб булы вылы кладкы».

21. н. Пятро. «Калі на Пятра цёпла, зіма працягнецца да Вялікадня».

22. пн. *Паласказуб. Першы дзень Вялік. посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.

23. а. Прохар. «Ласі скідаюць рогі», «Прыйшоў Прохар ды Улас -- скора вясна ў нас».

24. ср. Улассе. Свята жывёлы. Мацей. «На Мацея дарога пацее», «На Мацея адліга -- будзе мароз».*Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, гулялі ў карчме і пераскоквалі цераз пень.

26. пт. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

27. сб. *Зборава субота. Абрад “споведзі дзежкі”.

28. н. *Зборніца (Ізбор). Пачатак збору ў поле. «А святы Ізбор -- бяжыць вада з гор».

 

Сакавік

2. а. Фёдар Ціран. Заступнік ад злодзеяў.

4. ч. Казімір. «Святы Казімір дровы сякець».

9. а. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок. Наглядалі за зімоўкай пчол.

10. ср. Сорак пакутнікаў. Пліска (Прыска). «На святога Прыску праб’е лёд і пліска».

12. пт. Рыгор. «На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора».

13. сб. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. н. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).

15. пн. Хвядот. «На Хвядота занос -- усё сена знясе».*Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі “храсты”. Абрад “жаніцьбы коміна”.

17. ср. Герасім Гракоўнік. «Герасім гракоў прыгнаў». *Серадапосце. Выпякалі “храстцы”. Вясенняе раўнадзенства. Даўжыня дня -- 11.56, усход -- 6.20, захад -- 18.16.

18. ч. Марка. На Марка грак вяртаецца з выраю. Вясенняе раўнадзенства. Даўжыня дня -- 12.01, усход -- 6.17, захад -- 18.18. Маладзік.

19. пт.  Язэп. «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту».  «На Язэпа пагода -- год ураджайны».

22. пн. Саракі. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі». Пачатак *Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца».

25. ч. Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора». Феафан. Калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канопляў. Дабравешчанне (Звеставанне). Выкарыстоўваўся як Новы год у краінах Еўропы. «І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны.

26. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.

27. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб не грымеў гром.

28. н. *Нядзеля Пальмова. «Вярба б'е, не я б’ю». *Вербніца.

29. пн. *Чысты (блакітны) панядзелак. Пачатак *Белага (Вялікага, Страснага) тыдня.

30. а. Аляксей Цёплы. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою». Дзень рыбалова. *Чысты аўторак. «У Чысты панядзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго-небудзь нечыстаго, бо на людзей і на говядо нападуць паршы».

31. ср. * Дравяная страсць. Мылі ўсё драўлянае.

Красавік

1. ч. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны. *Вялікі чацвер. *Чысты чацвер. У лазню. Абрад “мыцця дзежкі”.

2. пт. *Чырвоная (Велікодная) пятніца. Сеялі гарох.

3. сб. Вялікая (Чырвоная) субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

4. н. Васіль Сонечнік. «Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае». * ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў і праваслаўных). «Хрыстос уваскрос!» - «Сапраўды ўваскрос!». (Быў Новым годам/летам найбольш у ХІV ст.).

5. пн. Арына (Ірына). «На Арыну сей капусту ў рассадніках». *Другі дзень Вялікадня. Хадзілі валачобнікі. «Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні дзень пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць».

6. а. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пярэдадзень свята.

7. ср. Благавешчанне. «Благавешчанне без ластавак -- халоднае лета». Абрад «стралы».*Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень.

8. ч. Благуста. «На Благусту сій капусту».*Вялікадне мёртвых (Наўскі чацвер). Наведвалі могілкі.

9. пт. Матрона. «На Матрону шчупак хвастом лёд прабівае».

11. н. *Праводная нядзеля. “Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла”.

12. пн. *Радунічныя Дзяды.

13. а. *Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць».

14. ср. Прабуджэнне хатніка. Мар’я. На Мар’ю -- разводдзі.

15. ч. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

16. пт. Мікіта. «Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбакам».

21. ср. Руф. Руф рушыць снягі.

23. пт. Юры (Ежы).  Войцах. «Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху».

24. сб. Анціп -- ахоўнік зубоў.

25. н. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля як шкварка».

26. пн. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.

28. ср. Пуд. Калі Руф рушыць снягі, то Пуд пугае. *Пераплаўная, Градабойная, серада.

29. ч. Арына. «На Арыну сей капусту».

30. пт. Зосім -- ахоўнік пчол. Андрыянава ноч. Варажылі на каноплях: «Святы Андрэю, канапелькі сею».

 

Май

1. сб. Кузьма. «Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком».

5. ср. Ляльнік. Свята Лялі -- дачкі Лады.

6. ч. Юр'е. Свята жывёлы. «Як дождж на Юр’я -- хлеб будзе і ў дурня». Абрад «страла».

7. пт. Алісей. «Прыйшоў Алісей -- авёс пасей». Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанні па зямлі дзеля ўрадлівасці. *Градабойцы (Ледавіты дзень).

8. сб. Марк. Станіслаў. «Сей лён на Станіслава -- вырасце як лава».

10. пн. Ярылавіца. Свята Ярылы.

11. а. Пранціш. Які дзень, такое і лета.

13. ч. Якуб. «На Якуба грэе люба». *Ушэсце. Дзень агляду жыта. Абрад «страла».

14. пт. Макарэй. Абрады ля вады.

15. сб. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

16. н. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта.

19. ср. Антоній. «На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца».

21. пт. Іван Веснавы. Апякун земляроба. «На Івана каласок, а на Пятра піражок».

22. сб. Мікола Веснавы. Свята пастухоў.  Алёна. «Сей лён на Алену -- вырасце па калена». *Сёмушныя Дзяды, Духавая, Зялёная субота.

23. н. *Сёмуха (Тройца, Зялёныя святкі). Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі...». *Спасланне Духа Святога.

24. пн. Макей. «Мокра на Макея -- і лета не прасушыць...» Кірыла і Мяфод. *Русальніца. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...».

25. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.

26. ср. *Градабой (Серада Русаль). Засцерагаліся ад граду. Здабывалі агонь з ясеня.

27. ч. Сідары. «Прыйшлі Сідары -- прыйшлі і сіверы». *Наўская Тройца. Памінанне. *Абліваха. Абліваліся вадою, каб пайшоў дождж.

28. пт. Пахом. «Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом -- будзеш насіць мяхом».

29. сб. Магдалена. «Магдалена зязюльку прысылае».

30. н. *Сёмуха, Тройца. Свята зеляніны. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся русалак.

31. пн. Шэсць дзеў. «Лён сей позні на Шэсць дзеў». Канапелька Матруна. «Канапелька Матруна ў зямлю махнула». Фядот. *Пятроўка да 11 ліп. Пятроўка-галадоўка.

  

Чэрвень

3. ч. Алёна, Ульяна. Дзень ільну. *Божае цела. *Дзевятнік.  Перавод уніятаў у праваслаўе.

4. пт. Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка». *Дзевятуха. Свята ад навальніцы.

5. сб. Дзень Еўфрасінні Полацкай.

7. пн. Ян. «Рой перад Янам -- пчаляр будзе панам».

10. ч. *Дзесятнік. “Дзесятнік гнаі возіць”.

11. пт. *Дзесятка. Косы точыць. Жыта паспявае.

13. н. Ерамей. Антоній. «Антоні, аддай коні».

14. пн. Юстын і Харытон. «Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон -- лён».

21. пн. Тодар. «На Тодара  раса -- канапель паласа». Дзень (20--22) астранамічнага сонцастаяння. Даўжыня дня -- 17.08 гадз., усход -- 4.37, захад -- 21.45. Першая квадра.

22. а. Кірыла. На Кірылу з усяе моцы Зямля імкнецца да Сонца.

23. ср. Купала. У старажытнасці -- Новы год/лета, прыпадала да дня сонцастаяння.

24. ч. Ян Купальны. «Сонца грае».

25. пт. Анапрэй. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».

26. сб. Акуліна Грачышніца (Задзярыхвост).

28. пн. Амос. «Прыйшоў Амос -- цягне ўгору авёс».

29. а. Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці». «Прыйшоў Пятрок -- апаў лісток, прыйдзе Ілля -- ападуць і два».

30. ср. Данат. «Святы Данат коскi точыць, сянцо косiць».

 

Ліпень

5. пн. За тыдзень да Пятра садзілі рэпу на Смаленшчыне.

6. а. Купалле. Свята Сонца і кахання.

7. ср. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».

10. сб. Самсон Сенагной. Сем братоў. «На Самсона дождж -- сем тыдняў то ж». «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды».

12. пн. Пятро. Свята заканчэння Купалля. «Да Пятра дзеўка хітра, а на Пятры -- хоць твар ёй падатры».

13. а. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон.

14. ср. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям’ян сена грабе».

17. сб. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».

18. н. Свята Месяца. «Месяц гуляе».

21. ср. Казанская. «Будзеш вазіць сена на Казанскую, то гумно да другое Казанскае не дастаіць». Градавы дзень. Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп. «Пракоп бок прыпёк».

25. н. Якуб. «На Якуба хлеба поўна губа», «Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма».

26. пн. Гаўрылей.  Засцерагаліся, каб град не пабіў каноплі. Ганна. «Свята Ганна снапы кладзе», «Калі на Ганну раніца халодная, то і зіма будзе ранняя і халодная».

29. ч. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

30. пт. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень “зазубрывання” сярпоў, падрыхтоўкі да жніва. «Шыпілінка ў кузню ідзець сярпы зубіць».

 

Жнівень

1. н. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні», «Калі ў дзень Макрыны дождж, то ўсё лета і восень будзе мокра, а калі суха, то восень сухая».

2. пн. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гнілля», «Укінуў у воду кусок ільда», «Да Іллі ўсё і пад кустом сохніць, после Іллі -- і на кусту не сушыць».

4. ср. Мар'я (Магдалена). «Магдалена -- вады па калена».

6. пт. Барыс і Глеб (Барыс Палікоп). «На Глеба і Барыса хлеба напарыся і за раллю бярыся», «Святы Барыс снапы зносіць, святыя Ганны дамоў возяць».

7. сб. Ганны. «Святыя Ганны бабкі стаўляюць». Макар. «Макар налье ў рукаў».

9. пн. Палікоп. Дзень жніва. Панцеляймон. Лекар ад хвароб галавы. «З Панцялея капуста пачынае ў качан завівацца», «Хто з Панцялея працуе, таму не пашанцуе».

11. ср. Лаўрын. «На Лаўрына спяшай да млына».

12. ч. Сіла. «Хто на Сілу жыта пасее, у таго на хлеб надзея».

13. пт. Спасаўскія запускі. Пярэдадзень Спасаўскага посту.

14. сб. Макавей, Першы Спас, Мядовы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. н. Базыль. «Базыль авечкам воўну дае». Прачыстая, Зельная. «Прыйшла Прачыста -- стала поле чыста».

16. пн. Антоны Віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак».

17. а. Аўдоцця Сенагнойка.

19. ч. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. пн. Лаўрэн -- свята млынара.

24. а. Баўтрамей. «Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей». «Прыйшоў Баўтрамей -- жыта на зіму сей».

27. пт. Міхей. «Лёгкі вецер у гэты дзень -- будзе пагодлівая восень, моцны -- дажджлівая і халодная».

28. сб. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. н. Трэці Спас. Свята хлеба. «Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе». Ян Сценцель. «Ян па лета прыйшоў і ўжо восень знайшоў», «А Ян Сценцель руней сцеліць».

30. пн. Міроны Ветрагоны.

31. а. Флор і Лаўр (Храл і Ягор’е). Свята коней. «На Храла і Ягор’я ня ткуць і ня пашуць».

 

Верасень

5. н. Лупа. «Сей на Лупа -- будзе жыта купа».

7. а. Баўтрамей. «Жыта на зіму сей».

8. ср. Другая Прачыстая. «Меншая Прачыста -- канчай сеяць начыста».

10. пт. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. сб. Калінавік (Іван Крываўнік).

13. пн.  Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. а. Сымон. (1 вер. Новы год/лета ў ВКЛ з канца ХV cт.). Абрад «жаніцьбы коміна». Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Бабіна лета (і ў іншыя дні).

19. н. Цуды (Міхал). «Міхал з поля спіхаў».

21. а. Багач (Нараджэнне Божае Маці). Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. пт. Тадора. «На Тадору ўсякае лета заканчваецца».

25. сб. Раўнадзенства. Дзень астранамічнай восені. Усход --7.00, захад -- 19.01. Поўнік.

26. н. Стаўроўскія Дзяды.

27. пн. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі збіраюцца ў кучу.

29. ср. Міхал. «Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі». Сіцыян. «Святы Сацыян да ляны пасцілаў».

 

Кастрычнік

2. сб. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца -- мароз на Пакровы ўдарыць.

3. н. Астап (Астаф'я). Прыкметы па ветру.

4. пн. Пранцішак (Францішак). «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».

8. пт. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. сб. Іван Шаптун (Іван Кураед, Багаслоў). Шапталіся свахі пра нявест.

14. ч. Пакровы (Трэцяя Прачыстая). Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку -- вяночкам». «Пакровы -- зарыкалі каровы».

21. ч. Трыфан, Палагея. «Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа». Зміцер. «Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў».

25. пн. Марцін -- свята млынароў. Млынары частаваліся на каменным крузе гусяцінай.

28. ч. Сымон і Юда. «Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць».

29. пт. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй. Параскева Пятніцкая.

30. сб. Паклоны. Адбівалі паклоны пакутніку Андрэю Крыцкаму.

31. н. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў.  Юльян -- ахоўнік дзяцей.

 

Лістапад

1. пн. Усе святыя. Памінальны дзень.

2. а. Задушны дзень. Памінальны дзень.

4. ч. Казанская. «Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца».

6. сб. Змітраўскія Дзяды. Асяніны. «Святыя Дзяды, завём вас...».

8. пн. Зміцер. «Да Змітра дзеўка хітра». Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. а. Тодар. «На Тадора поўна камора».

10. ср. Параскі.  Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. ч. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. Свята млынароў. Мядзведзь кладзецца ў бярлогу.

12. пт. Артошка. Пачатак прадзення.

14. н. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. н. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. пн. Матрона.  «З Матроны становіцца зіма».

24. ср. Хвёдар Студзянец. «Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць».

25. ч. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. «Кацярына забрала лета».

27. сб. Юстыніян. Піліп -- пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. н. Піліпаўка -- перадкалядны пост. Адвент.

29. пн. Мацей.  «На Мацея зіма пацее».

30. а. Андрэй. Дзявочае свята.

 

Снежань

4. сб. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. «Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла».

5. н. Пракоп. «Прыйдзе Пракоп хмуры -- раскапае гуры». Савы. «Барбара мосціць, Сава цвікі вострыць, а Мікола прыбівае».

6. пн. Матрыхваны. Не пралі. Мікола.

7. а. Кацярыны. «Забрала край лета».

9. ч. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. «Ад Ганнаў да Каляд два тыдні і два дні».

13. пн. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. а. Навум. «Навум наставіць на вум». Пачыналі вучыцца.

17. пт. Варвары. «Мікола і Варвара ноч урвалі».

18. сб. Савы, Міколін бацька. «Сава мосце, а Мікола гвоздзе».

19. н. Мікола Зімовы. «Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».

22. с. Ганны. «Ганкі -- сядайце на санкі». Зімовае сонцастаянне. 19--25.12 даўжыня дня 7.24, усход 8.26, захад 15.50.

24. пт. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 ст.)

25. сб. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне.

26. н. Сцяпан. «Кожны сабе пан».

31. пт. Марк. «Марка да Варка -- няхай будзе парка».  Багатая куцця. Сільвестр.

Складальнік Алесь Лозка.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл