ЗАКУЛІССЕ
Навумаў пакуль не едзе ў Маскву
І не будзе працаваць у ВТБ-банку
Не так даўно пайшла народная пагалоска пра тое, быццам бы былога міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава не адпускае ў Маскву кіраўнік дзяржавы. Не выключана, што гэтыя чуткі былі справакаваны інтэрнетаўскай інфармацыяй пра магчымы арышт былога высокапастаўленага чыноўніка.
“Я скажу так: за доўгі, доўгі час я да гэтага ўжо прывык, — цытуюць Навумава інфармацыйныя агенцтвы. — Ужо пра мяне столькі ўсяго пісалі, што мне хочацца сёння хутчэй сысці ў цень і спакойна адпачыць. Напэўна, для гэтага і існуе прэса, што трэба пра штосьці пісаць. Зараз вось якраз удзел мой. Я вельмі спадзяюся, што ён хутка завершыцца і героем будзе хтосьці іншы”.
А што тычыцца ваяжу ў Маскву, то Навумаў кажа так: “Выезд залежыць ад заканчэння перамоў, якія я вяду”.
Пры гэтым Навумаў не пацвердзіў інфармацыю пра тое, што ягоным новым месцам працы можа стаць расійскі “Внешторгбанк”.
“Як толькі вызначуся, што мяне задавальняюць усе ўмовы, якія мне прапануюць, я адразу ж з’еду, — гаворыць генерал. — Я сёння не магу канкрэтна назваць месца працы, бо ў мяне ёсць некалькі прапаноў, і я якраз іх абмяркоўваю.
Я ўвесь час і раней гаварыў, што мужчына павінен працаваць да той пары, пакуль ён ходзіць. Я б не падаваў так, што за маім ад’ездам у Маскву штосьці стаіць. Нармальная сітуацыя ў свеце такая: дзе ёсць добрая праца, якая высока аплачваецца, туды мужчына павінен ехаць. І я думаю, што, калі складзецца такая сітуацыя і праз месяц мне прапануюць добрую зарплату і працу на Гаіці, я паеду на Гаіці”.
Кадравае пытанне
Як вядома, Навумаў сышоў з пасады старшыні Федэрацыі хакея. Выконваючым абавязкі кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі прызначаны 69-гадовы Уладзімір Швабоўскі. Раней ён працаваў спартыўным дырэктарам федэрацыі.
Чарговая канферэнцыя Федэрацыі хакея запланавана на сярэдзіну сакавіка. Магчыма, вясной стане вядома імя новага кіраўніка Федэрацыі.
Навумаў падтрымаў абранне Швабоўскага. “Гэта сапраўдны спецыяліст”, — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч, адначыўшы, праўда, што Швабоўскі наўрад ці зможа кіраваць федэрацыяй на пастаяннай аснове.
Навумаў не сказаў, хто можа быць вылучаны на сакавіцкіх выбарах.
“Маё пажаданне, каб гэта быў чалавек з моцным адміністрацыйным рэсурсам, а не вялікі спецыяліст, як вы рэкамендуеце, — цытуе былога чыноўніка БелаПАН. — Бізнесмены? Калі яны пакажуць вынік, я з вамі абмяркую, наколькі гэта паспяхова. Пакуль мы ведаем пра тое, што іх прызначылі. Багатых бескарыслівых людзей вельмі мала. Ва ўсіх краінах ёсць чыноўнікі вельмі высокапастаўленыя, якія кіруюць відамі спорту. І я ведаю, што ў Расіі, калі прынялі рашэнне, што чыноўнікі павінны пакінуць федэрацыі, спартсмены сёння аб гэтым шкадуюць”.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне