З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Аляксандр МЕХ: «Жадання браць удзел у мясцовых выбарах няма...»
У свой час гісторыя са звальненнем кобрынскага сябры Партыі БНФ Аляксандра Меха выклікала вялікі рэзананс. Інжынера кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз” звольнілі з працы з афіцыйнай фармулёўкай “заканчэнне кантракта”.
“Народная Воля” датэлефанавалася Аляксандру Меху ў Кобрын, з тым каб даведацца, чым ён займаецца і як жыве зараз.
“У мяне ўсё больш-менш нармальна, — адразу супакоіў Аляксандр. — Пасля звальнення з працы, як вы ведаеце, я стаў індывідуальным прадпрымальнікам. Усё ж такі за маімі плячыма 14-гадовы стаж працы інжынерам магістральных газаправодаў. Працу сваю я ведаю і люблю. Таму і мая прадпрымальніцкая дзейнасць звязана з гэтым. Зараз я займаюся мантажом і абслугоўваннем сістэм ацяплення і газавых катлоў.
Маёй адукацыі хапае на тое, каб атрымаць сертыфікат, які б дазволіў усталёўваць сістэмы ацяплення і ў шматпавярховых дамах. Але для гэтага трэба абіваць парогі кабінетаў чыноўнікаў, а, шчыра кажучы, такога жадання ў мяне пакуль няма...
Кобрын — невялікі горад, таму попыт на падобныя паслугі адносна невялікі. Але ён ёсць. Заробленых грошай хапае толькі на пражыццё, на тое, каб звесці канцы з канцамі. Мая жонка, дарэчы, па-ранейшаму працуе настаўніцай... Так і жывем”.
Аляксандр Мех прызнаецца, што ціск і інтарэс пасля звальнення з папярэдняга месца з боку чынавенства і прадстаўнікоў спецслужб аслабеў. “Гэта не можа не радаваць, — прызнаецца ён. — Чыноўнікі ў стасунках са мной захоўваюць нейтралітэт... Што тычыцца кобрынскай міліцыі і спецслужб, то яны нагадалі пра сябе толькі аднойчы, калі “ізалявалі” мяне ад грамадства падчас візіту ў Кобрын Аляксандра Лукашэнкі...”
Дарэчы, “Народная Воля” паведамляла пра тое, што не згодны са сваім звальненнем Аляксандр Мех, прайшоўшы ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі, звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека: “Беларускія суды лічаць, што мяне звольнілі законна, а я ўпэўнены, што маё звальненне мае палітычны падтэкст. Таму і звярнуўся ў ААН. Як вядома, падобныя справы там могуць разглядаць даволі доўга, таму адказу адтуль я дагэтуль не атрымаў...”
Адносна бліжэйшай палітычнай кампаніі, менавіта выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, Аляксандр Мех ілюзій не мае. “Удзельнічаць у гэтым я не збіраюся. Няма жадання, — гаворыць ён. — Я перакананы, што выбары ў чарговы раз пройдуць па сцэнарыі ўлады. Браць удзел у гэтай кампаніі бессэнсоўна і бесперспектыўна...”





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне