ПРАБЛЕМА
Знос прыватнага сектара ў Мінску: неабходнасць ці прастора для карупцыі?
Прыватны сектар у беларускай сталіцы паступова руйнуецца. Руйнуецца па загадах з самага “верху”. Руйнуецца, быццам бы законна, згодна з Генеральным планам развіцця сталіцы, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам. Але ці з’яўляецца знішчэнне прыватнага сектара сапраўды неабходнасцю? Ці не адкрываюць гэтыя дзеянні шырокае поле для карупцыі?
Адна з самых галоўных праблем для жыхароў прыватнага сектара сталіцы заключаецца ў тым, што іх пабудовы могуць быць знеснены ў любы момант. Напрыканцы мінулага года, у лістападзе, Аляксандр Лукашэнка падпісаў карэктуру Генеральнага плана развіцця Мінска. Дакумент прадугледжвае знішчэнне прыватных домаўладанняў, дазваляе так званую “ўшчыльненую забудову”, пад новабудоўлі ў ім выдзелены вялікія плошчы, на якіх зараз жывуць людзі...
Дом-прывід
Палітык Вінцук Вячорка даўно займаецца гэтай праблематыкай. Ён сцвярджае: “Галоўная праблема, звязаная са зносам, у тым ліку і прыватнага сектара сталіцы, застаецца нявырашанай і па сёння. Складальнікі планаў, забудоўшчыкі не лічацца з меркаваннем жыхароў, простых людзей не чуюць, бо відавочна, што ў справе забудовы Мінска замешаны вялікія грошы. І паходжанне гэтых сродкаў — не заўжды вядомае”.
Для прыкладу Вінцук Вячорка расказаў аб тым, да чаго часам прыводзіць дазвол на “ўшчыльненую забудову” сталіцы: “Дагэтуль не маюць адказаў на свае пытанні жыхары мікрараёна “Зялёны Луг”. Тут у раёне вуліц Гамарніка і Мірашнічэнкі паміж дамамі раптам з’явіўся дванаццаціпавярховы дом. Але ў Генеральным плане гэтая забудова прадугледжана не была. Як мог з’явіцца гэты дом?.. Тым больш што ён перакрывае доступ у двор свежага паветра. Сонца не трапляе ў гэты двор, пасярэдзіне якога дзіцячы садок санаторнага тыпу.
Сотні жыхароў збіраліся на сходы, ставілі свае подпісы пад зваротамі да чыноўнікаў — у адказ адпіскі. Дарэчы, паводле заканадаўства, у выпадку пагрозы навакольнаму асяроддзю меркаванне жыхароў наконт новабудоўлі павінна быць вырашальным. Але забудоўшчык нават не паказаў грамадзе дакументацыю на будоўлю.
Каму дазволілі будаваць тут дом? Чаму паводзіны новых забудоўшчыкаў нагадваюць стыль зямельных рэйдэраў-захопнікаў? На гэтыя пытанні няма адказу”.
Ці дазваляе Канстытуцыя забіраць зямлю?
Увогуле барацьба за зямлю ў сталіцы не сціхае ўжо каторы год запар. Яскравы прыклад — сітуацыя вакол сталічнага сельгаспасёлка. Ён узнік яшчэ пасля вайны. Людзі адбудаваліся і ціха-мірна жылі тут, пакуль сталічныя чыноўнікі не вырашылі, што прыватныя пабудовы трэба знесці, каб на іх месцы выраслі новыя дамы. І пачалі дзейнічаць па звыклай схеме. Так, жыхароў сельгаспасёлка сабралі, правялі з імі фармальны сход, паставілі перад фактам... Людзі, не згодныя з такой пастановай пытання, нават збіраліся ініцыіраваць рэферэндум. Як прызнаецца тамтэйшы жыхар Леанід Тушынскі, улады наўмысна дзейнічаюць менавіта так, паўтаемна. “Куды мы толькі не звярталіся, каб праліць свет на лёс нашых домаўладанняў і зямлі, на якой яны стаяць! Адусюль прыходзяць адпіскі. Нічога не вядома пра інвестара, які будзе забудоўваць гэты раён. Нам гавораць толькі адно: “Праект узгоднены на самым версе”. Мы звярталіся да мясцовай улады, пісалі дэпутату, але ніхто нас не заўважае... Чыноўнікі спасылаюцца толькі на план, які недзе там узгоднены... Прыкра, што нават гэтая сітуацыя не можа аб’яднаць людзей. Сярод жыхароў няма адзінства. Адны гатовы пераехаць, другія не пагаджаюцца на пераезд ні ў якім разе, трэція не згодныя з умовамі пераезду...”
Адна з жыхарак сельгаспасёлка — Людміла Крыштаповіч, якая паспела прыватызаваць зямлю на якой стаіць яе дом, гатовая судзіцца з уладамі да апошняга. Жанчына нават выказвае намер дайсці да Страсбургскага суда.
Аднак, як растлумачыла юрыст Тамара Сяргей, такі зварот не будзе мець ніякага сэнсу, бо Беларусь не з’яўляецца сябрам Савета Еўропы і не ратыфікавала пэўных дамоў. “Таму падобныя праблемы трэба вырашаць тут, унутры краіны, — кажа спадарыня Тамара. — Канстытуцыя дазваляе аб’ядноўвацца ў ініцыятыўныя групы, з тым каб адстойваць свае правы. Дарэчы, з Канстытуцыі вынікае, што ўлады могуць забраць зямлю ў людзей толькі ў грамадскіх мэтах. Таму планы гарадскіх улад аб адабранні зямлі ў дадзеным выпадку наўпрост пярэчаць Канстытуцыі”.
Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч гаворыць, што пры ўзнікненні праблем са зносам дамоў прыватнага сектара можна апеляваць да Вашынгтонскай хартыі. Гэты дакумент забараняе зносіць раёны гістарычнай забудовы.
Але ці пачуюць усе гэтыя довады ва ўладных кабінетах?
... таму што без вады
Эколаг Леанід Вялічка звярнуў увагу на тое, што план забудовы Мінска не спрыяе паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі ў горадзе, а наадварот, пагаршае яе. “Пад пагрозай у выпадку зносу прыватнага сектара ў некаторых раёнах Мінска могуць аказацца знакамітыя артэзіянскія свідравіны, якія даюць чыстую ваду для паловы Мінска. Насуперак геалагічным дадзеным, плануецца знос прыватнага сектара, які стаіць на ваданосных пластах, і забудова гэтых зямель высокапавярховымі дамамі...”
Відавочна, што праблем вакол зносу прыватнага сектара вельмі і вельмі шмат. Акрамя таго, што гэта напрамую датычыць лёсу многіх людзей, знос прыватнага сектара можа нанесці вялікую шкоду і гораду ў цэлым... Але відавочна і другое: там, на самым “версе”, гэтыя праблемы мала каго хвалююць... А таму зямля ў Мінску працягвае ісці з малатка, а людзей проста выштурхоўваюць з іх прыватных дамоў, не пытаючыся.
Што рабіць? Як процістаяць гэтаму? Шчыра кажучы, падчас “круглага стала” я не пачуў адказаў на гэтыя пытанні. І палітыкі, і юрысты, і пацярпелыя ў разгубленасці. Напэўна, для вырашэння гэтай праблемы патрэбны сапраўдны “інтэлектуальны штурм”. Запрашаем да размовы...





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне
павел (27.01.2010 08:58)
А что делать мне? Живу на Орловской, сносят 35 лет. Дом с 1924 года. Каждые 5 лет меняется застройщик! Нет газа! Глухая деревня в центре Минска!!! Паровое отопление. Натопиш вечером 30, а утром 15 градусов! И сколько мне мучаться пока вы копья ломаете! Я так вымучался, что по мне пусть хоть всех сносят!!!
SamLudval (30.01.2010 00:47)
Сносят 28 лет. На участке жируют коррупционеры и лоббисты. Зона сноса-зона криминала. Живём, как дикари, канализации нет, всё в почву. Соседних два дома якобы снесли 28лет назад.Люди получили квартиры и продолжают 28 лет жить и владеть домами! Дивись, центр Европы! Ни закона, ни порядка. Гуляй поле? Нет-Советский район столицы. Сообщаешь о нарушениях норм МЧС из-за самовольного строительства рядом с твоим домом(Это обязанность гражданина). Предприятию-нарушителю санкции, а тебе вместо благодарности-моральный иск и в суд, преследование со стороны прокуроров и МВД. Доходишь до Верховного суда, но он своих не подставляет. Документы есть, достал, всё сам расследовал и доказал, но и заказ сверху есть. Сукало В.О. не желает разбираться по закону. И это всё про нас, про тех, кто под сносом. Конституция отдыхает!