ПАМЯЦЬ
Расстраляны помнік расстраляным героям-каліноўцам не знішчыць!
Унікальнасць нашай Беларусі ў тым, што яна — бадай адзіная краіна ў свеце, дзе афіцыйна, на дзяржаўным узроўні, ушаноўваюць захопнікаў і катаў свайго народа. А сапраўдных патрыётаў, выбітных людзей нашай Бацькаўшчыны звычайна ў лепшым выпадку замоўчваюць альбо хлуслівым чынам выдаюць за "ворагаў народа".
Між тым у краіне шмат святых месцаў — ад Курапат да кожнага куточка Беларусі, дзеля якой жылі і за якую змагаліся лепшыя яе сыны. Аб адным такім месцы я і хачу распавесці. Прыкладна ў 10—12 кіламетрах на захад ад мястэчка Ружаны ў Пружанскім раёне знаходзіцца вёска Ласасін. Менавіта ў гэтых мясцінах у далёкім 1864 годзе паміж паўстанцамі-каліноўцамі і расійскімі войскамі ішлі жорсткія баі. У адным з няроўных баёў з захопнікамі загінуў увесь атрад каліноўцаў. Палеглі ўсе сорак герояў, але ў палон не здаліся.
На здымку, зробленым увосень: пасля малітвы — кароткі мітынг і ўскладанне кветак да надмагільнага помніка абаронцам Бацькаўшчыны 1864 года.
Вестка аб мужных змагарах, якія аддалі маладыя жыцці за нашу волю і незалежнасць, хутка абляцела ўсе куточкі нашай зямлі. Толькі не паспела дайсці да самога Кастуся Каліноўскага, бо на гэты час ён ужо быў схоплены і кінуты ў вязніцу перад вынясеннем смяротнага прысуду…
Праз некалькі дзён пасля таго крывавага бою нейкі казацкі палкоўнік загадаў сялянам з Ласасіна выкапаць глыбокі роў, зняць з загінуўшых паўстанцаў вопратку і голымі скінуць іх у той роў. Адзін селянін адмовіўся выконваць дзікунскі загад, дык казакі забілі яго бізунамі да смерці. Коньмі ўтапталі магілу, потым спешыліся і, прабачце за грубасць, пад гучны рогат справілі малую патрэбу на магілу.
Праз пэўны час сяляне паставілі на магіле драўляны крыж. А ў 1928 годзе жыхары наваколля сабралі грошы і пры падтрымцы тагачасных улад (польскіх) усталявалі на месцы пахавання сарака паўстанцаў помнік з белага і чырвонага мармуру. Ён выглядаў вельмі велічна і годна.
У 1939 годзе прыйшоўшая з усходу савецкая ўлада не магла стрываць такое, і надмагільны помнік каліноўцам быў узарваны. У 1942 годзе нямецкі акупацыйны рэжым дазволіў паставіць на магіле драўляны крыж, а ў хуткім часе партызаны спілавалі яго. З таго часу магіла паступова прыходзіла ў заняпад. Камуністычная ідэалогія рабіла ўсё магчымае, каб абыдлячыць народ, атруціць народную памяць.
У 1991 годзе, з набыццём Беларуссю незалежнасці, над намі залунаў святы бел-чырвона-белы сцяг і ўзняўся герб "Пагоня". Многія людзі акрыялі духам. Адраджэнне краіны ішло па ўсіх накірунках грамадскага жыцця. Пружанская раённая арганізацыя БНФ, якую на той час узначальваў самаадданы патрыёт Генадзь Сарока, не забыла пра магілу каліноўцаў.
На свае ўласныя сродкі сваімі рукамі сябры БНФ аднавілі надмагільны помнік. Але радасць была нядоўгай. З усталяваннем аўтарытарнай улады ў краіне час нібыта павярнуў назад, да савецкага мінулага. І вось новае, нечуванае дзікунства. Летам 1997 года з баявога верталёта прыцэльным кулямётным агнём помнік быў моцна пашкоджаны. І гэта ў той самы час, калі тыя, хто патурае разбурэнню нацыянальных святыняў, ходзяць у храмы і трымаюць свечкі. Дзе яшчэ ўбачыш такі цынізм, такое святатацтва?
І ўсё ж сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ разам з актывістамі ТБМ імя Францішка Скарыны зноў аднавілі помнік. І амаль кожны год наведваюць магілу змагароў, што палеглі за волю Беларусі. Прыходзяць сюды з малітвай і кветкамі. І колькі б ворагі Бацькаўшчыны ні руйнавалі нашу святыню, ім нас не запалохаць. Мы жывём на сваёй зямлі, зямлі сваіх продкаў. Зямлі, палітай крывёю нашых бацькоў, дзядоў і прапрадзедаў. Яны нам даражэй за ўсё. Таму помнік каліноўцам пад Ласасінам будзе паўставаць заўжды. А калі Беларусь стане вольнай, дык, упэўнены, што адна з прыгажэйшых вуліц у Пружанах будзе насіць імя Сарака паўстанцаў-патрыётаў.
З павагай —
Мікола КАНАХОВІЧ.
г.Пружаны.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне