АСОБА
Няспыннасць Леаніда Дайнекі
Калі азірнуцца трохі назад, то ўсе мы ведалі Леаніда Дайнеку як паэта, і вось паступова ён пачаў пісаць прозу і, відаць, адчуў у гэтым смак, бо яна заняла на яго рабочым стале галоўнае месца. Ён, як кажуць вайскоўцы, выйшаў на аператыўную прастору, пішучы спачатку апавяданні, а потым перайшоў на буйную форму прозы — раман.
Леанід Дайнека знаходзіў час на пісанне, з-пад яго пяра выходзілі адна за адной новыя кніжкі — спачатку вершы, потым зборнік апавяданняў “Бацькава крыніца”, а потым пайшлі раманы: “Людзі і маланкі”, “Запомнім сябе маладымі,”, “Футбол на замініраваным полі”, а далей ужо Леанід Дайнека глыбока нырнуў у гісторыю, выдаўшы раманы “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”, а зусім нядаўна друкаваўся з працягам яго прыгодніцка-гістарычны раман “Назаві сына Канстанцінам”.
А калі азірнуцца яшчэ трохі назад, то раман Леаніда Дайнекі рэдагаваць давялося мне, бо працаваў я ў той час у выдавецтве, куды перайшоў з рэдакцыі “Маладосці” ў знак пратэсту, што мне не даюць памочніка, паколькі ў аддзеле прозы павялічыўся аб’ём, аўтары, пераважна маладыя, закідалі нас апавяданнямі, аповесцямі і нават раманамі. І, як ні дзіўна, мой выбрык, як я сам яго назваў, даў добры вынік: часопісу далі яшчэ чалавека ў аддзел прозы, і праз паўгода я вярнуўся ў “Маладосць”, дзе ўжо працаваў да пенсіі.
А чытаючы і рэдагуючы першы раман Леаніда Дайнекі, я зразумеў, што ў нашу літаратуру ідзе сур’ёзны празаік, выдатны стыліст і майстар сюжэта, які ўмее маляваць герояў, раскрываць іх унутраны свет, можа даць добры дыялог, намаляваць мірную сцэну ці яскравы эпізод бітвы ў яе дынаміцы: з выбухамі, раненнямі і гібеллю герояў — і ўсё гэта праўдападобна, рэальна, як у жыцці.
Назваўшы вышэй раман “Футбол на замініраваным полі”, міжволі згадалася абмеркаванне гэтага твора ў Саюзе пісьменнікаў на секцыі прозы, дзе крытык Міхась Тычына рабіў даклад-разбор новага твора Леаніда Дайнекі. І калі акадэмічны крытык, у літаратурны густ якога я верыў, гэтым разам стаў гаварыць нібы з чужога голасу, не ўбачыўшы ў творы галоўнага, а скіраваўшы ўвагу на прыватныя моманты, я не стрымаўся, каб не паспрачацца з Міхасём Тычынам і на прыкладах даказаць, што ягоная крытыка рамана не мае пад сабою рэальнай глебы. Як ні дзіўна, прысутныя, сярод якіх былі сталыя пісьменнікі і літаратурная моладзь, падтрымалі маю думку як больш слушную і пераканаўчую.
На маіх вачах Леанід Дайнека вырастаў у майстра высокага класа, даказваючы гэта сваімі новымі творамі, якія выходзілі і выходзяць з зайздроснай перыядычнасцю. Кожны яго новы твор — як паверх у новым доме, які яшчэ не завершаны, які ўсё расце і расце, і калі будзе тое завяршэнне — ніхто не скажа, ніхто не ведае...
Пераважна ўсё, што напісаў Леанід Дайнека, я чытаў, але гэта было даволі даўно, а цяпер вось рашыў абнавіць уражанне — і яшчэ раз пераканаўся, што ён застанецца і надалей лідэрам гістарычнай прозы ў нашай літаратуры — і не збіраецца аддаваць гэтае лідэрства.
Хацеў толькі пагартаць раман “Меч князя Вячкі”, але нават не заўважыў, як патроху стаў чытаць зноў — і проста зачытаўся, як цікаўны хлапчук. І хоць ёсць тут і прыгоды, і фантастыка, але галоўнае, што захапляе, — гэта рэаліі чалавечага жыцця, чалавечых адносін, змадэляваных аўтарам так дакладна, так пераканаўча, што міжволі трапляеш у палон аўтарскай магіі слова і ідзеш з аўтарам да самага канца, перажываючы за герояў, якія сталі як свае, родныя. Малы дзесяцігадовы хлопчык Мірошка вырастае ў нашых вачах як сапраўдны, рэальны, узяты з жыцця чалавек, якому суджана з сям’і ў пяць душ уцалець толькі аднаму. Як нацыю нас вынішчалі здаўна...
Апрача прыгодніцкага элементу, у Леаніда Дайнекі ўвесь час прысутнічае пазнавальны складнік, разлічаны на моладзь: ён ведае за свайго чытача нашмат больш, ён паказвае і расказвае такое, ад чаго разбягаюцца вочы. Хочацца часам спыніцца, учытацца, нават нешта занатаваць для сябе:
“Грыкша прынёс у святліцу вялікі скураны мех, развязаў яго, высыпаў каля ног Рагвалода Свіслацкага і княгіні Мар’і цэлую гару бурштыну. Усе анямелі ад захаплення і здзіўлення. Жоўта-карычневай прамяністай вільгаццю мякка ўдарыла ў вочы. Быў тут і мядовы колер, і чырванавата-буры, і агністы, як восеньскае кляновае лісце. Бурштын зіхацеў, пераліваўся самымі нечаканымі адценнямі, лавіў дзённае святло і хаваў яго ў самую сваю глыбіню. Не холад, а падводны сум выпраменьваў бурштын. Цеплыня смалы, што бліскучым жывым ручайком цячэ па разамлелай ад сонца хваёвай кары, была ў ім...”
Вельмі важкі, вельмі балючы атрымаўся ў Леаніда Дайнекі раман “Меч князя Вячкі”, бо багаты на повязі драматычныя, трагічныя ў нашай гісторыі, калі наш старажытны народ не раз перажываў уціск бліжэйшых суседзяў, якія заместа рукі сяброўства і братэрства выстаўлялі руку, узброеную мячом.
Твор уразіў мяне глыбінёй паказу тых далёкіх падзей, дакладнай перадачай гістарычнага малюнка барацьбы, вайны супраць агрэсіўнага заходняга суседа — тэўтона, які грубую і жорсткую палітыку захопу хаваў за місіяй высокай і чыстай — павяртаннем да веры Хрыстовай.
Аднак жа праўды ад людзей ніколі не схаваеш: так было, так ёсць і так будзе заўсёды.
А калі ўзяць раман “След ваўкалака”? Чытаецца на адным дыханні, нават цікавей, чым дваццаць гадоў назад. Магія часу, ці што?
Твор не састарэў, здаецца, ён напісаны ўчора і пра нашыя балючы праблемы: як нас раздзіраюць па-жывому, як хочуць далучыць то да аднаго боку, то да другога, як хочуць укінуць нам чужое зерне, каб яно потым глушыла нашу родную ніву.
Леанід Дайнека зрабіў рызыкоўны ход: ён узяў выключную ў беларускай гісторыі тэму, а праўдзівей — эпоху, сілаю свайго таленту “ажывіў” яе, зварухнуў гістарычнае поле таго часу, калі полацкі князь Усяслаў Чарадзей выводзіў нашу старажытную дзяржаву на новыя далягляды. Палатно атрымалася вялікае і шырокае, шматфарбнае і іскрыста-пералівістае, ад якога нельга адвесці вачэй...
У часопісе “Маладосць”, якому Леанід Дайнека аддаў больш як пятнаццаць гадоў працы, апошнім часам надрукаваны два яго раманы: “Жалезныя жалуды”, а зусім нядаўна — новы вялікі гістарычны твор “Назаві сына Канстанцінам”. Тут Леанід Дайнека ўжывае своеасаблівы, складаны жанр прозы, якому цяжка даць назву, але хутчэй гэта прыгодніцка-гістарычны, фантастычны жанр, спалучэнне некалькіх літаратурных плыняў, якія аб’яднаныя ўмелай рукой майстра ў нешта новае, чаму крытыкі яшчэ знойдуць адпаведную назву. Урэшце, соль не ў жанры, бо, як сказаў калісьці вялікі Вальтэр, усе жанры добрыя, апрача сумнага.
А Леанід Дайнека ўжо спрактыкаваны майстра, у якога можна вучыцца не толькі маладым празаікам... Дачытаўшы маладосцеўскую публікацыю рамана, у думках пахваліў аўтара: часу і сілы патраціў ён шмат, але ж і твор атрымаўся значны, маштабны, непаўторны. Гэта такі хваласпеў Вялікаму Княству Літоўскаму, якога мы яшчэ не чулі. І гэта не толькі сама гісторыя ВКЛ, а гісторыя, пакладзеная на музыку роднага слова, сімфонія сыноўскай любові да Беларусі.
Леанід Дайнека, як відаць з твора, прарабіў тытанічную працу, вывучыў горы першакрыніц, каб ажывіць гістарычныя падзеі, выхапіць з іх плыні вузлавыя моманты, звязаныя з імем Канстанцін... Канстанцін Астрожскі — гетман Вялікага Княства — сімвал мужнасці і ваярскага духу нашай зямлі. У 1514 годзе ён ў бітве пад Воршай разбіў маскоўскае войска, якое амаль у тры разы пераўзыходзіла ліцвінскія палкі. Бітва пад Воршай паказана панарамна, паэтапна, з гістарычнай дакладнасцю, раскрываючы ваярскі талент славутага палкаводца. Твор чытаецца з велізарнай цікавасцю, нават з захапленнем, і варта толькі пашкадаваць, што ён не выйшаў асобнай кнігаю. Думаецца, што гэта пакуль найлепшы твор з таго дзесятка раманаў, якім узбагаціў нашу літаратуру Леанід Дайнека, які ішоў і ідзе ад малога да вялікага, удасканальваючы сваё мастацкае майстэрства, ствараючы свой непаўторны творчы сусвет. Пісьменнік ужо даўно заняў сваё пачэснае месца на беларускім Парнасе, стаў адным з лепшых сучасных майстроў мастацкага слова.
Як зацікаўлены чытач і даўні прыхільнік таленту Леаніда Дайнекі, я шчыра віншую юбіляра з яго слаўным 70-годдзем, з яго вялікім дасягненнем на ніве айчыннай літаратуры і жадаю яму моцнага, маладога здароўя і творчых сіл на доўгую дарогу ў яшчэ не адкрытае Заўтра!
Уладзімір ДАМАШЭВІЧ
Леанід ДАЙНЕКА
Маці і дачка
(Урывак з рамана «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка»)
Самы час, паважаныя чытачы, вярнуцца, калі вы яшчэ не стаміліся, да нашай гераіні трыццацівасьмігадовай залатавалосай Эльвіры Скаблінскай, каханкі Вітаўта Гарткевіча. Правёўшы Вітаўта доўгім пяшчотным позіркам, перахрысціўшы яго напаследак, яна ўздыхнула, бадзёра ўзбіла над прыгожым смуглым лобікам эфектныя кудзеркі, падфарбавала вусны і паехала на “Маздзе” дадому. Жыла яна разам са сваёй маці Лестай Андрэеўнай, былой загадчыцай парткабінета аднаго з былых мінскіх райкамаў Камуністычнай партыі Беларусі, у двухпакаёвай кватэры на шостым паверсе белацаглянага раскошнага дома ў так званым Царскім Сяле. Гэта там, дзе Камсамольскае возера з паркам Перамогі і дзе праспект Пераможцаў.
Ці не праўда, рэдкае дзіўнаватае імя — Леста? Але ўсё расшыфроўваецца вельмі проста. Леста — гэта Ленін і Сталін. Два камуністычныя правадыры, два горныя арлы, як спявалі пра іх галасістыя народныя хоры за савецкім часам.
Эльвіра з Лестай Андрэеўнай жывуць, як і належыць жыць маці з дачкой, дзвюм ужо не першай свежасці незамужнім жанчынам. Не канфліктуюць, прынамсі, стараюцца не канфліктаваць. Пазбягаюць размоў на дужа далікатную, дужа трапятлівую ў іхняй няпростай жыццёвай сітуацыі тэму — дзе б знайсці мужыка? Дачка — развядзёнка, прычым ужо, каб толькі не памыліцца, у другі раз. Маці — удава. Мужчыны, як залатыя зваблівыя рыбкі, плаваюць, вядома ж, наўкол іх у бурным жыццёвым моры, але ў іхнюю ціхую двухпакаёвую гавань чамусьці не заплываюць. Ды Бог з імі, з мужчынамі! На ўсіх усё роўна не хопіць. Было б, як кажуць, здароўе. А вось яго асабліва ў сямідзесяцітрохгадовай Лесты Андрэеўны апошнім часам катастрафічна не хапае. Цэлая плойма самых розных хваробаў прыклеілася да яе. І суставы, і сэрца, і ныркі, і вочы, і страўнік... Спытайцеся лепей аб тым, што не баліць у былой райкамаўскай апаратчыцы.
— Раней лепей было, — кажа яна Эльвіры, намазваючы маргарын на маленькую скібіну батона, калі яны сядзяць на кухні за ранішняй гарбатай. — Раней лекі былі танныя. І кошт іхні ніколі не павышаўся. А сёння я трачу на іх амаль усю сваю пенсію.
Яна ўздымае вочы ўгору, але не на святы абраз, бо яна цвёрдакаменная атэістка і верыць не ў новае жыццё пасля смерці з нябеснымі анёламі і арханёламі, а ў крэматорый на Паўночных могілках і ў жменьку шэрага попелу. Потым расслаблены ейны позірк саслізгвае з кухоннай бураватага колеру столі ў кухоннае акно. Праз акно бачацца зялёныя бухматыя дрэвы ў парку Перамогі, сіняя бліскучая стужка Свіслачы, заасфальтаваныя паркавыя дарожкі, па якіх бягуць людзі, мужчыны і жанчыны, у рознакаляровых спартыўных касцюмах. Некаторыя бягуць з сабакамі, таксама рознакаляровымі.
— Ад інфаркта, а тым больш ад інсульту не ўцячэш, — па-філасофску зазначае Леста Андрэеўна, старанна перажоўваючы ўстаўнымі пластмасавымі сківіцамі хлебную, не дужа мяккую скібіну. — А яшчэ не ўцячэш ад анеўрызмы аорты брушной поласці, хваробы ў пераважнасці мужчынскай, бо яны, дурныя мужыкі, любяць паднімаць цяжкае, браць усё, як кажуць, на пуп.
— Мама, перастань, — просіць Эльвіра. — Гавары лепш пра палітыку, а не пра хваробы.
Ды Леста Андрэеўна быццам не чуе дачку, хоць слых у яе, як ні дзіўна, даволі востры.
— Мой муж, а твой бацька Іпаліт Максімільянавіч, — кажа яна, — памёр ад разрыву аорты. Памёр проста на дачы — узяўся выкапаць з зямлі валунок і перанесці яго да нашага дачнага фантана. Анеўрызма і не вытрымала. “У яго каўбы лопнулі”, — сказаў мне тубылец, які дастаўляў нам з вёскі малако.
— Фі, як непрыгожа, — моршчыцца Эльвіра.
— А смерць далёка не заўсёды прыгожая. Гэта толькі ў фільмах пра вайну яна прыгожая,— згаджаецца з ёй маці. — А зараз можна і пра палітыку пагаварыць. У нашай магутнай на ўвесь свет дзяржавы, у нашага гранітнага Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік таксама каўбы лопнулі. І ведаеш, хто парваў гэтыя каўбы?
— Ведаю, — хуценька адказвае дочка. — Гарбачоў з Ельцыным.
— Правільна! — ускліквае Леста Андрэеўна, і карычневыя ейныя вочы натхнёна востра блішчаць, як блішчалі яны тады, калі яе прымалі ў піянеркі. Яна ненавідзіць Гарбачова і Ельцына пякучай класавай нянавісцю. Для яе яны рэнегаты, здраднікі, апартуністы. Каб не яны, цвёрда пераканана Леста Андрэеўна, сусветны сацыялістычны лагер сёння быў бы ўжо за пралівам Ла Манш, на Брытанскіх выспах. Дэмакратычную рэвалюцыю 1991 года яна называе рэстаўрацыяй Бурбонаў.
Эльвіра, ведаючы матчыны “фішкі”, падыгрывае ёй, згаджаецца з ёю, хоць у глыбіні душы смяецца і над камунізмам, і над сацыялізмам, гэтымі, як яна называе, галюцынацыямі Карла Маркса. Менавіта галюцынацыямі, бо барадатаму мудрацу, калі ўважліва ўчытацца ў ягоныя творы, пастаянна бачыўся прывід, што блукаў па Еўропе.
Толькі зрэдку, калі маці ўжо асабліва распаляецца і дастае, Эльвіра дазваляе сабе лінуць вядро-другое халоднай вады на яркае камуністычнае вогнішча. Яна гаворыць ціхім з’едлівым голасам:
— А чаму ж усе вы райкамаўцы тады, у жніўні дзевяноста першага, не выйшлі на вуліцы і плошчы, на барыкады? Вас жа, камуністаў, было, калі верыць, аж дваццаць адзін мільён! Чаму ваш партыйны сакратар Трафімук не ўзяў у рукі якую-небудзь паляўнічую бярданку, а ты не начапіла на плячо сумку медсястры? А я б, твая дачка, як верная мужная піянерка, падносіла б на барыкаду патроны. Але ты, мамачка, не начапіла на плячо сумку з чырвоным крыжам, не паклікала мяне на агнявую барыкаду. А таварыш Трафімук зліняў у Канаду і гандлюе там, у буржуазнай краіне, лесам.
Ды такія антыпартыйныя тырады могуць скончыцца катастрафічным інфарктам, і абачлівая Эльвіра вельмі-вельмі рэдка прамаўляе іх. Яна шкадуе маці. Яна ведае — партый на свеце шмат, а маці, якая б яна ні была, усяго адна. Не палітыка хвалюе трыццацівасьмігадовую залатавалосую перакладчыцу з англійскай мовы Эльвіру Скаблінскую, а сваё асабістае неўладкаванае жыццё. Вельмі хутка ляціць няўтрымны халодны час, і не паспееш азірнуцца, як табе будзе не трыццаць восем, а цэлых сорак пяць. І хоць спяваюць-прыгаворваюць: “А ў сорак пяць гадкоў баба ягадка зноў”, ды каму патрэбна, калі казаць па шчырасці, зношаная старая кляча? Вунь колькі ў тэлевізары і на гарадскіх вуліцах асляпляльных ашаламляльна прыгожых маладзенькіх мадэлек.
Прыпаркаваўшы пад вокнамі сваёй кватэры аўтамашыну, Эльвіра ліфтом узнялася на шосты паверх, націснула кнопку званка. Праз нейкі час за абабітымі карычневым дэрмантынам дзвярыма пачулася шарканне старэчых ног і сухі насцярожаны голас спытаў:
— Хто там?
— Гэта я, дачка твая, — сказала Эльвіра прыдуманыя яшчэ ў дзяцінстве словы-пароль. Яна цмокнула маці ў шчаку, зняла і павесіла на вешалку ярка-чырвоную куртку, на кухні спаласнула пад кранам рукі, расчыніла халадзільнік:
— Зараз, мама, будзем абедаць, а заадно й вячэраць. Толькі прыгатую накрышу салату.
— Табе на наш хатні тэлефон званіла нейкая дама, — паведаміла маці, начэпліваючы на пераноссе акуляры.
— Дама? А чаму не джэнтльмен? — пажартавала Эльвіра.
Ды жарт не быў прыняты.
— Табе тэлефанавала дама. Вольга Сямёнаўна Бабарыка, — строгім, як у школьнай настаўніцы голасам, прачытала з загадзя падрыхтаванай паперкі Леста Пятроўна.
— І што ж ёй патрэбна ад мяне?
— Яна прасіла патэлефанаваць ёй. Вось нумар тэлефона, — падала маці паперчыну.
— Пазваніць яшчэ паспеем, яшчэ, як кажуць, не вечар. А зараз налятай, мая дарагая мамачка, на царскую салату. Будзем баляваць, — весела сказала Эльвіра, бо ў яе пасля спаткання з Вітаўтам Гарткевічам быў бадзёры настрой.
І ўсё-ткі не самае кепскае жыццё, калі ў адной, хоць і не вельмі шыкоўнай і багатай, але надзіва ўтульнай кватэрцы, як у адным чаўне, плывуць па неспакойным бурлівым моры два блізкія чалавекі — маці і дачка. З’яднаныя адной крывёю і адным лёсам, аднымі праблемамі і балячкамі, яны падтрымліваюць, супакойваюць, суцяшаюць адна адну, не даюць страціць душэўную раўнавагу, паслізнуцца, скаціцца ў чорную дэпрэсію. Так увосень, калі халодна-жорсткім робіцца неба і суровы злы вецер гне лясы, на зацішнай палянцы стаіць бяроза, дрэва маладосці і надзеі. Усё лісце ейнае ўжо адмерла, зрабілася рыжым, пакарабачаным, ды застаўся адзін-адзіны лісток, жывы, зялёны, трапятлівы, і ён з усіх сіл чапляецца за сваю маці-бярозу, і яна, хоць стогне ад віхурыстай дажджлівай непагоды, моцна-моцна трымае яго.
Прыбраўшы са стала і памыўшы посуд, Эльвіра пазваніла. Адказаў прыемны і энергічны жаночы голас:
Так, вы патрапілі дакладна туды, куды тэлефанавалі. Я — Вольга Сямёнаўна Бабарыка. Мне вас, Эльвіра Іпалітаўна, рэкамендавала мая даўняя сяброўка, выкладчыца англійскай мовы Мінскага інстытута замежных моў Арыядна Сяргееўна Карабалевіч. Ведаеце такую? Вельмі добра. І Арыядна Сяргееўна вас ведае, ведае, як выдатнага спецыяліста. А я давяраю ёй. Вось вам мая прапанова. Я з сям’ёй пастаянна жыву на Кіпры. Там у нас кватэра і бізнес. У мяне трое дзяцей школьнага ўзросту — дзве дзяўчынкі і хлопчык. Муж працуе ў Беларусі, не можа яе пакінуць, і толькі зрэдку наведвае нас. Мне патрэбна правераная адукаваная памочніца па доме, якая выдатна валодае англійскай мовай, і выхавацелька маіх дзяцей. Тут іх называюць бэбісітэрамі. Дарэчы, ці водзіце вы аўтамабіль і ці маеце замежны пашпарт?
— Ваджу, — адказала Эльвіра. — І з пашпартам у мяне ўсё ў парадку.
— Цудоўненька. Тады пераходзім да канкрэтыкі.
З далейшай размовы вынікала, што яе, Эльвіру Скаблінскую, запрашаюць за вельмі прыстойныя грошы папрацаваць дванаццаць месяцаў у беларускай сям”і, якая пражывае на востраве Кіпр. Гарантаваліся жыллё і харч, месячны аплачваемы адпачынак і медыцынская ашчадка. І, вядома, між напорыстых слоў спадарыні Арыядны Бабарыка чуўся зваблівы пяшчотны шэлест гарачых хваляў Міжземнага мора. Эльвіра павінна была падумаць і праз тры дні даць адказ па гэтым жа тэлефонным нумары. А роўна праз дзесяць дзён самалёт з Мінска браў курс на Ларнаку, паветраныя вароты Рэспублікі Кіпр.
— Мамачка, ты была на Кіпры? — скончыўшы размову, спытала Эльвіра ў маці.
— Што? — не зразумела Леста Пятроўна.
— Кажу, ці была ты на Кіпры?
— Каб пабываць на Кіпры, трэба грошай кіпы, — рыфмаю, нібы нейкая паэтка, адказала маці. — Я і ў санаторыі “Ждановічы” не была. Трафімук са сваімі намеснікамі па ўсім свеце гойсаў, усе курорты аблётаў, а я з раніцы да вечара ўкалвала, ці, як кажуць, плугавала ў райкаме. Я, як і мой народ, усё будавала камунізм. І вось дабудавалася.
Леста Пятроўна схапіла са стала попельніцу, злосна плюнула ў яе, потым пстрыкнула запальнічкай, пачала паліць танную цыгарэтку, трымаючы попельніцу ў руках. Струменьчык сіняватага дыму прыгожа завіваўся над яе сівой галавой. Дарэмная справа казаць ёй, што курыць шкодна. “Шкодна жыць”, — адразу ж, як брытвай, разане яна і яшчэ мацней і глыбей зацягнецца.
Для сябе Эльвіра вырашыла, што прыме прапанову кіпрэйска-беларускай бізнес-вумэн. Наспеў час кардынальна змяніць жыццё. Што там будзе наперадзе, сказаць цяжка, але патрэбна рызыкнуць. Хто не рызыкуе, той не п”е шампанскае. Гэта і пра яе, Эльвіру Скаблінскую, сказана. З маці яна пагаворыць на гэтую тэму трохі пазней. Цяжка, вядома, пакідаць яе адну, але верная ленінка (так любоўна і зусім не са злосцю пра сябе называе маці Эльвіра) усё зразумее і адпусціць. Тым больш калі ўсё добра заладзіцца, можна будзе ўзяць маці хоць на нейкія два тыдні да сябе на Кіпр — няхай пагрэе старыя бальшавіцкія косткі ў цёплым капіталістычным моры.
Іншая справа з Вітаўтам Гарткевічам, школьным каханнем. Казаць яму ці не казаць? Гэты мужчына, бадай, адзіны, пры думцы аб якім трывожна-хвалююча ўздрыгвае сэрца. Праўда, і ён аблытаны па руках і нагах сям”ёю. Але ж пры апошняй сустрэчы ў салоне аўтамабіля “Мазда” задыхаўся ад пяшчоты, беручы яе, Эльвіру, і шаптаў ёй на вуха, што неўзабаве кіне абрыдлую, як халодная жаба, жонку.
Трыццацівасьмігадовая Эльвіра Скаблінская — сучасная рацыянальная жанчына без комплексаў. Яна вельмі добра разумее, што ў гэтым суровым бязлітасным свеце ідзе штодзённае і штоночнае паляванне на мужчын, на самцоў. Каб перамагчы, каб дабіцца поспеху, трэба ведаць, дзе на мужчынскім целе эрагенныя зоны і ці тоўстыя ягоныя Сам Самыч (разумееце?) і кашалёк. Сантыменты ж пакінем трынаццацігадовым рамантычным дзяўчаткам. У гэтых усё яшчэ наперадзе. Неба іхняга жыцця яшчэ афарбавана ў адзін суцэльны ружовы колер.
Вырашыла пакуль што не званіць Вітаўту, а з’ездзіць на Саўгасны пасёлак да гадалкі, вяшчунні і прарочыцы (як яе яшчэ там?) Клеапатры Клапатоўскай. Пра Клеапатру прачытала аб’яву ў газеце. Гадалка гарантавала стопрацэнтны адгад, поўны, магічна вывераны курс будучыні сваіх кліентаў, трапнейшы стрэл, як кажуць, у саменькую-саменькую “дзесятку”.
Вось і двухпавярховы катэдж славутай гадалкі. Чырвоная цэгла, такога ж колеру эфектная замежная дахоўка, вялізныя закратаваныя фігурнай арматурай вокны. Зямельны ўчастак (соткі пад тры) закальцаваны высокім цагляным плотам, на якім чэпка віецца дэкаратыўная вінаградная лаза. У самым цэнтры плоту ўрэзана шырокая, з чорнага металу, брама і вузенькія дзверцы пры ёй з ярка-жоўтымі, нібы залатымі літарамі ініцыялаў “К.К.”. Наўкол ганарыстага багатага катэджу лепяцца нейкія нізкія лядашчыя зашмальцаваныя халупы. Крытыя яны шэрым патрэсканым шыферам або смярдзючым чорным рубероідам. Складваецца ўражанне, што ты патрапіў у васемнаццатае стагоддзе і бачыш пыхлівы панскі палац на фоне мізерных хатак панскіх прыгонных.
Эльвіра націснула на пукатую кнопку электрычнага званка. У металічнай браме (яна заўважыла) раптам крутнулася нейкае маленькае бліскучае вочка. Ага, значыць, гэта камера відэанагляду. Дзверцы бясшумна расчыніліся.
Гадалка і прарочыца Клеапатра Клапатоўская аказалася энергічнай чорнавалосай пікантнай жанчынаю гадоў сарака-сарака пяці ў доўгім аксамітавым халаце, з мноствам залатых і срэбных колцаў і пярсцёнкаў на руках. Ейную грацыёзную смуглую шыю ўпрыгожвалі звонкія цяжкія маністы з нейкіх дужа старадаўніх манетаў, медалёў і значкоў. Якая кроў цякла ў жылах прарочыцы-ўсяведкі? Цыганская? Татарская? Асірыйская?
Клеапатра сядзела за круглым, з чырвонага дрэва сталом на скураной, таксама чырвонай фінскай канапцы. У невялікім пакоі панаваў таямнічы дрыготкі паўзмрок. Дрыготкасць гэтая была выклікана тым, што люстра-краб, падвешаная пад столлю на чатырох вітых ланцугах, то трывожна ўспыхвала, то нібы патухала, ледзь тлела, нагадваючы сабой марскі маяк. Сцены ды і столь былі абклеены шпалерамі з самымі фантастычнымі выявамі нейкіх трохкутнікаў, ромбаў, зорак, медузаў, спрутоў і вужоў, якія спляталіся ў шчыльны калючы клубок. Ля кожнай з чатырох сцен месцілася па вялікім акварыуму, дзе плавалі, кружыліся, нібы танцавалі, яркія трапічныя рыбкі. У цэнтры стала перад прарочыцай бялеўся самы сапраўдны чалавечы чэрап, інкруставаны зіхоткімі дыяментамі.
— Сядай, сястра, — глухаватым роўным голасам сказала Клеапатра Эльвіры. — Што прывяло цябе на парог майго сціплага дома?
Эльвіра села насупраць. Святло, што пульсавала з люстры-краба, біла ёй у вочы, і прарочыца бачылася то выразна, аб”ёмна, то нібы сціралася, расплывалася.
— Не бойся святла. Гэта — святло праўды, — падбадзёрыла Клапатоўская. — Якім болем баліць душа твая? Аб чым ты хочаш даведацца? Гавары. Толькі гавары чыстую, як на споведзі, праўду.
Аднекуль, пэўна, з шырокага рукава халата з’явілася калода картаў. Гадалка хруснула ёю, веерам раскінула па стале.
Эльвіра дастала з сумачкі фатаграфію Вітаўта Гарткевіча:
— Я кахаю гэтага чалавека. Кахаю яшчэ са школьных часоў. І ён быццам бы не абыякавы да мяне. Але ж не собіла нам звязаць свае лёсы шлюбам. Хутка я палячу ў далёкую краіну. Дый там, за морам, я буду кахаць яго. Хачу даведацца — што чакае мяне наперадзе? І ці сыдземся мы з ім калі небудзь?
Клеапатра ўзяла фатаграфію, пачала пільна ў яе ўзірацца, круцячы так і гэтак. Потым паклала фатаграфію Гарткевіча на стол, кружком разлажыла наўкол яе карты, заплюшчыла вочы. У пакоі аж звінела цішыня. То разгаралася, то знясілена амаль згасала люстра-краб пад столлю. Ад гэтага па твары ў гадалкі бегалі, трапяталі таямнічыя густыя цені.
— Пакладзі на фатаграфію мужчыны банкноту ў пяцьдзесят долараў, — суровым голасам загадала Клеапатра, і Эльвіра паслухмяна выканала загад.
Трэба адзначыць, што Эльвіра Скаблінская скептычна адносілася да гадалак, вяшчунняў, экстрасенсаў, усіх гэтых кашпіроўскіх, як казала яна, і прыйшла да Клапатоўскай чыста з-за жаночай цікаўнасці. Але тут, сам-насам з чорнавалосай загадкавай жанчынай, тут, пад нервовым перарывістым святлом, пад суровым бязвокім позіркам чалавечага чэрапа яна раптам з халоднымі дрыжыкамі па ўсёй скуры адчула, што нешта ў гэтым ёсць, глыбіннае, першабытнае, непадуладнае розуму, што не дарэмна хадзілі калісьці па зямлі, сядзелі каля чырвоных пякучых вогнішчаў, слухалі шум лясоў, глядзелі ў зорнае начное неба валхвы, вайдэлоты, магі і друіды. І, пэўна, вось гэтая гадалка — іхняя духоўная наступніца, хоць і жыве ў дваццаць першым стагоддзі. Першабытная сіла, першабытная воля, першабытная аўра так і струменіцца ад яе, навылёт пранізвае душу.
Тым часам на стале прамяніста заззяла вялізная, з сіняга крышталю, талерка. Клеапатра ўзяла чэрап і высыпала з яго на талерку мноства рознакаляровых яркіх шарыкаў. Смуглай рукою, шырока растапырыўшы абвітыя колцамі і пярсцёнкамі доўгія тонкія пальцы, яна пачала спачатку павольна, а затым усё хутчэй і хутчэй перамешваць шарыкі, разганяць іх да неймавернай хуткасці. Яны звонка ўдараліся, шчоўкалі, пераскоквалі адзін аднаго, і зліліся, нарэшце, у суцэльны бліскучы струмень. Здавалася, цячэ няспынны вясновы ручай.
Раптам гадалка рэзка выхапіла рукі з гэтага зіхоткага, грымлівага ручая, сціснула імі свой лоб, знерухомела, колькі хвілін сядзела з заплюшчанымі вачыма, быццам нежывая. Эльвіра неадрыўна, як птушанё на ўдава, пазірала на яе, і сэрца напаўнялася дрыготкасцю.
— Бачу, — глухім голасам прамовіла гадалка.
— Што? — усім целам памкнулася да яе Эльвіра Скаблінская.
— Бачу, — зноў паўтарыла гадалка і расплюшчыла вочы. Яны ярка свяціліся.
— Што бачыце? Мора? Хвалі? Востраў? Мяне з Вітаўтам на тым востраве?
— Не. Бачу лес. Балота. Бачу гэтага мужчыну на кані. Ён з шабляй у руцэ. Ты таксама на кані...
— Глупства. Я ніколі не ездзіла на конях. Я баюся іх і не ўмею на іх ездзіць. І адкуль у Вітаўта нейкая шабля? — раздражнёна запярэчыла Эльвіра. “Дурыць. Узяла пяцьдзесят долараў і дурыць, вешае локшыну на вушы, — падумала яна. — Цю-цю, мае доларчыкі”.
А Клеапатра няўтрымна казала далей:
— Бой... Дым... Стогны... Стогнуць параненыя людзі... Кроў на балотнай вадзе... Гэта ягоная кроў, кроў мужчыны, што на фатаграфіі...
— Што ты чаўпеш? — гнеўна ўзнялася з канапкі Скаблінская. — Ты, пэўна, працуеш сцэнарыстскай на кінастудыі, а так званае гаданне — тваё хобі, і дадатковыя, прычым немалыя, грошы!
Ды гадалка, не зважаючы на ейныя словы, разгойдваючыся нібы ў трансе, вяла сваё:
— Лес... Людзі на конях... Ён, паранены, на кані... Ты — на кані... Лісоўчыкі... Усе — лісоўчыкі... Ты таксама лісоўчыха...
— Трызненне! Хваравітая маньяцкая бязглуздзіца! Якія, чорт бяры, лісоўчыкі?! Хто яны і што яны?! — ужо не магла стрымлівацца Эльвіра.
— Лес... Зноў лес... Бой скончыўся, але неўзабаве пачнецца зноў... У лесе, у гэтым лесе ты добраахвотна аддаешся чацвярым мужчынам, — не спынялася Клеапатра.
— Ідыётка! — люта крыкнула Эльвіра, схапіла са стала чалавечы чэрап, шпурнула ім у прарочыцу і амаль пабегла да дзвярэй, ды з парогу вярнулася назад, забрала свае пяцьдзесят долараў...





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне