З НАТУРЫ
Прырода перамагае...
Экстрэмальна снежнае надвор’е, якое ў апошнія дні было ў беларускай сталіцы, дадала праблем абсалютна ўсім: службам ЖКГ, дарожнікам, кіроўцам, пешаходам...
Здаецца, у мінулую пятніцу начальства Мінгарвыканкама паставіла задачу: да раніцы горад павінен быць ачышчаны ад снегу. Вядома ж, не ўся тэрыторыя сталіцы, а вуліцы, плошчы, двары.
У панядзелак, калі людзі ехалі на працу, Мінск быў завалены снегам. У першай палове дня карэспандэнт “Народнай Волі” адправіўся ў рэйд па сталіцы з тым, каб вывучыць сітуацыю, што называецца, на месцы.
У раёне вуліцы Кузьмы Чорнага ўбачылі такую карціну: у дварах сумёты, на тэрыторыі чатырох дамоў — адзін дворнік ЖЭС-6: “Ледзь паспяваю снег з ганкаў прыбіраць, праход для людзей толькі ў адным месцы расчысціў. Увогуле — гэта марная праца, бо снегапад працягваецца. Абяцалі крыху пазней дапамагчы тэхнікай, тады, можа, са снегам удасца справіцца”, — сказаў ён.
Як удалося высветліць, у мінскіх камунальшчыкаў ёсць прыарытэтныя “ўчасткі працы”. У першую чаргу ад снегу прыбіраюцца два галоўныя праспекты сталіцы — Незалежнасці і Пераможцаў. Па нарматывах, яны павінны быць ачышчаны ад снегу за суткі. Тратуары іншых вуліц і праспектаў могуць убірацца на працягу трох дзён.
Дарэчы, учора ў 8.30 раніцы непрыбранай заставалася тэрыторыя нават ля Адміністрацыі прэзідэнта па вуліцы Энгельса. Хаця звычайна камунальшчыкі хутка змятаюць тут ледзьве не кожную сняжынку...
У 10.00 аўтар гэтых радкоў апынуўся на “прэзідэнцкай” трасе — на праспекце Пераможцаў. Менавіта гэтай дарогай ездзіць на работу А.Лукашэнка. Варта прызнаць — праезная частка праспекта была калі і не “вылізана” ад снегу, то больш-менш ачышчана.
На “прэзідэнцкай” трасе...
...у звычайным квартале.
У 10.30 парадавалі сваёй чысцінёй і многія прыпынкі грамадскага транспарту. Напрыклад, у раёне вуліц Леніна, у раёне станцыі метро “Няміга” “пятачкі” для чакання аўтобусаў і тралейбусаў былі расчышчаны і пасыпаны пяском.
А вось у самым цэнтры горада — на вуліцы Кірава камунальшчыкі згрэблі снег на сярэдзіну асфальта, стварыўшы своеасаблівую раздзяляльную паласу для аўтатранспарту...
Самай праблемнай “кропкай” у панядзелак у Мінску заставаліся раёны прыватнага сектара, напрыклад, на вуліцы Сенніцкай, побач з праспектам Дзяржынскага. Тут, у прыватным сектары, пешаходная дарожка ледзь прагледжвалася. А вось на вуліцы Грушаўскай сітуацыя выглядала больш прыстойна, было бачна, што дворнікі тут папрацавалі лепш...
Але ўчора днём у Мінску далёка не ўсе дваровыя тэрыторыі былі прыбраны.
У 12.30 трое хлопцаў на вуліцы Бакінскай беспаспяхова спрабавалі выштурхнуць са стаянкі машыну... У гэтай сітуацыі падумалася, што разумна паступілі тыя аўтааматары, якія вырашылі не ехаць на ўласным аўто. Іх машыны было пазнаць вельмі лёгка — падобныя на снегавікоў, яны сталі на прыколе, чакаючы міласці ад прыроды...
Якія б задачы ні ставілі ўлады, відавочна адно: прырода пакуль іх перамагае.
Фота аўтара.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне