bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №16-17 (3146-3147) - "ДУХОЎНЫ СКАРБ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

ДУХОЎНЫ СКАРБ

Немцы

Аўтар: I 1 лютага 2010 г.

Не так даўно разам з двума сябрамі-літаратарамі мне выпала з’ездзіць на сустрэчу з вучнямі і настаўнікамі адной з вясковых школ нашай гістарычнай Случчыны.

Маладзейшымі гадамі я часта бываў на такіх сустрэчах. У вясковую школу ехаў як дадому: ведаў, там цябе сустрэнуць як свайго, з усёй шчырасцю. Бо школы ж у вёсках нават у савецкія часы былі папраўдзе беларускія. Ідзеш школьнымі калідорамі — і бачыш: усе надпісы на сценах, плакаты, расклады ўрокаў — на нашай, беларускай мове. Вучні і настаўнікі гавораць з табою таксама па-беларуску. Ды як жа можна іначай у краіне, імя якой — Беларусь?

Чакалі такога мы і цяпер: школа ж, куды мы прыехалі, лічылася беларускай. Ды от дзіва: хоць бы адзін надпіс убачылі па-беларуску! Ад “Добро пожаловать” над уваходнымі дзвярыма і да насценнай газеты, да абвестак у калідорах — усё на мове “старшего брата”. Па-руску размаўлялі з намі, беларускімі літаратарамі, і настаўнікі (нават выкладчыца беларускай мовы і літаратуры), завуч па выхаваўчай рабоце і намесніца дырэктара, якая знаёміла нас са школай.

Спачатку не маглі даўмецца: адкуль такое ўпартае ігнараванне педагогамі роднай мовы, на якой павінна весціся (толькі ці вядзецца?) выкладанне прадметаў у школе са статусам беларускай?

Загадку разгадалі, калі сустрэліся з дырэктарам школы: ён гаварыў падкрэслена па-руску, і на яго “раўняліся” ўсе падначаленыя. Нават калі мы папрасілі яго размаўляць з намі па-беларуску, прапусціў гэта міма вушэй. Казалі, нават гісторыю Беларусі ён выкладае вучням па-руску, хоць тыя адказваюць яму, як і належыць, па-беларуску. Верх цынізму “педагога”!

Як зразумець такую непавагу, такую пагарду кіраўніка беларускай школы да беларускай мовы? Можа, гэта нейкі іншаземны прыхадзень, якому “да лямпачкі” культура “абарыгенаў”? Ды не, ён беларус, родам з Вілейскага раёна. Там рос і гадаваўся, скончыў беларускую школу і добра ведае сваю мову.

Чаму ж тады гэтак безаглядна адгрэбваецца ад яе, бы ад праказы, выракаецца самага святога?

Мяркую наконт прычыны: мажліва, ён, малады, валявы, перспектыўны, не хоча заседжвацца ў вясковай глушы, у глыбінцы? Яму трэба рабіць кар’еру, выбівацца ў кіраўнічыя структуры раёна, вобласці, а то і вышэй. А куды ён з гэтай “пагарджанай век” мовай сунецца? Вышэйшае ж чынавенства амаль спрэс выраклася мовы свайго народа і перайшло хоць і на блізкую, але ўсё ж не родную — рускую. Таму калі хто хоча выбіцца ў “вярхі”, то змушаны прымаць правілы гульні чынавенства, ва ўсім падладжвацца пад яго, размаўляць так, як і яно. Не, высокі чыноўнік наўрад ці папракне цябе за беларускую мову, наадварот, можа нават пахваліць. Але ў той жа час у душы пакрывіцца, як ад зубнога болю, і сам сабе зазначыць: не “свой” — такі яму не патрэбны, будзе толькі раздражняць гэтай “мовай”... А вось калі загаворыш з начальнікам на звыклай яму рускай мове — лічы, адзін з бар’ераў на шляху да кар’еры ты пераадолеў. З ваўкамі жыць — па-воўчы выць. І вось мы “выем”.

Але чаму самі высокія і найвышэйшыя чыноўнікі, кіраўнікі дзяржавы мовяць па-чужому? Савецкая звычка? Усё яшчэ не могуць перагрызці пупавіну з былой Краінай Саветаў? Па-ранейшаму лічаць сябе васаламі ўсходняга суседа, па-рабску выслужваючыся перад “вялікадзяржаўным расійскім дзяржымордам” (выраз У.Леніна) і праводзячы не на сваю карысць ганебную палітыку русіфікацыі Беларусі? Толькі — дзеля чаго? Каб за кошт здрады дарагому, незаменнаму атрымліваць з Расіі больш-менш танны газ з нафтай?

Калі не так, то што ж тады перашкаджае кіраўнікам дзяржавы гаварыць са сваім народам на яго роднай мове? Мо тут традыцыйная пагарда высокага начальства да “плебства”, панская гідлівасць да “мужычай” мовы — шматвекавога народнага набытку, асновы асноў нацыі? Ці яшчэ прасцей: не ведаюць, не вывучылі як след беларускую мову і не хочуць перавучвацца?

У маёй роднай вёсцы на Старадарожчыне людзей, якія не ўмеюць гаварыць па-нашаму, па-беларуску, здаўна называлі “немцамі”. На Гомельшчыне, як пісала на старонках “ЛіМа” маладая беларуская пісьменніца Ніка Ракіціна, аўтарка неардынарнага рамана “Ганітва”, такіх зазвычай называюць “нямцамі” (з націскам на другім складзе): “Гэта тыя нямцы, якія не разумеюць мясцовай мовы і звычаяў, гісторыі і культуры, чужынцы, адным словам”.

Мне здаецца, адна з прычын ігнаравання роднай мовы пэўнымі “дзеячамі” — тая, што яны не бачаць асаблівай розніцы паміж ёю і рускай мовай, не хочуць бачыць, што сама яе аснова мае непаўторную самабытнасць і адметнасць, свой лад і склад. Адны толькі невукі могуць сцвярджаць, быццам беларусы і рускія адзін народ. У свеце многа блізкіх паміж сабой моў (да прыкладу, чэшская і славацкая, румынская і малдаўская, шведская і ісландская і г.д.), але ніхто з адукаваных людзей любой краіны не будзе на гэтай падставе адмаўляцца ад сваёй мовы і пераходзіць на чужую, больш “прэстыжную”.

Як вядома з гісторыі, пагарда да сваёй мовы, нізкапаклонства перад чужаземшчынай — хвароба не новая. Ёю перахварэла і тая ж Расія. Успомнім “Горе от ума” А.Грыбаедава: “Воскреснем ли от чужевластья мод? Чтоб умный, бодрый наш народ хотя б по языку нас не считал за немцев?” У XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя верхнія слаі рускага грамадства, гідзячыся сваёй мовы — мовы вялікага рускага народа, імкнуліся размаўляць і пісаць толькі па-французску. З гэтым “чужебесием” горача змагалася перадавая руская інтэлігенцыя, і ў першую чаргу пісьменнікі. І.Крылоў высмейваў за гэта рускае дваранства, якое “в своем глупом чванстве... морщится от русского языка”. “Безмозглым кажется — язык российский глуп”, — падтрымліваў славутага байкара і драматурга сабрат па пяры А.Сумарокаў і сарамаціў бацькоў, “желающих того, по-русски б дети их не знали ничего”. Ён заклікаў суайчыннікаў браць прыклад з найбольш культурных краін Захаду, дзе “язык отцовский не в презреньи”. Рэзка крытыкаваў мяшчанскае “невежество” і рускі паэт В.Трэдзіякоўскі: “Стыд, срам и бесчестие римляну не уметь по-латински, как то восклицает римский сатирик Ювенал. А равным образом сие каждый народ к себе приложить может, применяя Ювеналов Рим на свое Отечество”.

У нашы часы выдатны рускі савецкі пісьменнік К.Паустоўскі крытэрыем культурнасці чалавека лічыў адносіны яго да роднай мовы: “По отношению каждого человека к своему языку можно совершенно точно судить не только о его культурном уровне, но и о его гражданской ценности”. І дадаваў: “Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку. Человек, равнодушный к родному языку, — дикарь. Он вредоносен по самой своей сути. Потому что его безразличие к языку объясняется безразличием к прошлому, настоящему и будущему своего народа”.

Змагаючыся за сваю мову, лепшыя прадстаўнікі рускай інтэлігенцыі з павагай ставіліся і да культур іншых народаў, заклікалі гэтыя народы зберагаць і развіваць свае традыцыі і нацыянальную мову — набытак усяго чалавецтва. Так, абараняючы ад русіфікацыі народы Савецкага Саюза, вядомы рускі паэт Мікалай Дарызо пісаў у вершы “Родной язык”:

 

Я не хочу, чтоб Пушкина язык,

Язык Некрасова, Тургенева, Толстого,

Как бы могуч он ни был и велик,

Заменой стал бы языка другого...

 

Любой язык по-своему велик —

Бесценное наследство вековое.

Так берегите свой родной язык,

Как самое на свете дорогое.

 

Цягам усёй гісторыі найбольш адукаваныя і культурныя колы беларускага грамадства самааддана змагаліся, нярэдка са зброяй у руках, з фанабэрыстым польскім панствам і вялікадзяржаўнымі рускімі шавіністамі — за волю і нацыянальную незалежнасць свайго народа, за яго мову і культуру, супраць паланізацыі і русіфікацыі. Сёння, у ХХІ стагоддзі, як гэта ні парадаксальна, беларусам даводзіцца змагацца за тое ж самае з уласнай дзяржавай, якая прыярытэтнай зрабіла рускую мову, а сваю выгнала з дзяржаўнага ўжытку, з навучальных устаноў, з кіно і тэлебачання на задворкі, аддаючы яе на здзек і глум мяшчанству.

Дайшло да таго, што тэлевізійны рэпарцёр нават з вясковай бабулькай “красиво” шчабеча па-руску, хоць тая не ўсё з яго “культурнай” гаворкі і разумее. Пэўне ж, з вярхоўнага чынавенства бярэ прыклад тэлевізійнік. Хто з нас не здзіўляўся, гледзячы па тэлевізары, як на афіцыйнай сустрэчы пасол замежнай краіны, выказваючы пашану да нашай краіны, звяртаецца да беларускага кіраўніка па-беларуску, а той у адказ і слова не можа выціснуць на мове свайго народа. Любы чалавек тут згарэў бы ад сораму, ад ганьбы. А з нашага ж, любімага — мусіць, як з гусі вада.

Услед за самымі высокімі начальнікамі, пакорліва выслужваючыся перад імі, перайшло на мову іншай дзяржавы амаль усё наша чынавенства, кіраўнічая “вертыкаль”. Ды інакш і быць не магло: хто ж з начальнікаў пацерпіць каля сябе “белую варону”? Па-руску гавораць і амбітныя лідэры Беларускага патрыятычнага саюза моладзі (БРСМ). Я ні разу не чуў, каб у сваіх выступленнях перад “масамі” хто з іх выціснуў з сябе хоць адно слова па-беларуску. Як жа не саромеюцца яны называць сябе патрыётамі з такім грэблівым стаўленнем да роднай мовы, без любові да якой, паўтару К.Паустоўскага, “истинная любовь к своей стране немыслима”. На мой погляд, да гэтай арганізацыі больш падыходзіць іншая назва: АБСМ - антыбеларускі саюз моладзі.

Такое безуважнае стаўленне “эліты” да мовы тытульнай нацыі можа прывесці да вельмі непажаданых вынікаў. Калі не абараніць яе ад цемрашалаў і невукаў, беларусы могуць знікнуць як народ. А тады знікне з карты свету і сама Беларусь, яна зробіцца звычайнай правінцыяй Расійскай Федэрацыі. Добра разумеючы такую пагрозу, яшчэ 26 студзеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў гістарычны закон аб беларускай мове, у прэамбуле якога падкрэслівалася: “Мова — не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова — жыве народ”. Як тут не ўспомніць ірландскага вучонага Дэві: “Кожны народ павінен аберагаць сваю мову больш, чым граніцы, бо мова — галоўная яго абарона, куды больш моцная, чымся ўсе яго цытадэлі”. Або нашага Ф.Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не умёрлі!”.

Безадказнае стаўленне ўлад да нашай мовы вельмі турбавала народнага песняра Якуба Коласа, які лічыў яе “найвялікшым духоўным багаццем народа”. У 1956 годзе, літаральна ў дзень смерці, ён звярнуўся ў Бюро ЦК КПБ з лістом, дзе патрабаваў пакончыць з нядбальствам у дачыненні да роднай мовы. Народны паэт дакараў кіраўнікоў Беларусі за тое, што яны “гавораць з народам не на яго мове”, і заклікаў іх даць “добры прыклад” сапраўднай павагі да яе: размаўляць і выступаць перад людзьмі па-беларуску, што “задавала б тон” у вяртанні беларускай мовы на яе высокі пасад.

Помніцца, савецкія кіраўнікі хоць зрэдку, ды выступалі перад людзьмі па-беларуску. Сённяшнія ж верхаводы краіны не хочуць “снизойти” да гэтага. Зрэшты, якога “добрага прыкладу” можна чакаць ад тых, якія, выракшыся мовы свайго народа, дазваляюць сабе пры выпадку публічна паздзекавацца з яе, беспадстаўна заявіць на ўвесь свет аб немагчымасці перадачы на ёй нейкіх там медыцынскіх ці якіх яшчэ тэрмінаў, тым самым паказваючы перад усімі ўласнае невуцтва.

Калі глядзіш, як топчуць у нас найвялікшы духоўны скарб народа — беларускую мову, як амаль дэманстратыўна пагарджаецца яна з боку высокага чынавенства, ствараецца ўражанне, што ўладу ў Беларусі захапілі чужынцы, якія сваёй антыбеларускай палітыкай ствараюць небяспечную напружанасць у грамадстве.

Кастусь ЦВІРКА, пісьменнік, кандыдат гістарычных навук.

ПРА АЎТАРА

Паэт, празаік, фалькларыст

Кастусь Цвірка родам са Старадарожчыны, з вёскі Зялёная Дуброва. Закончыў Старадарожскую сярэднюю школу №1, філфак Беларускага дзяржаўнага універсітэта, аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кандыдат гістарычных навук. Працаваў настаўнікам у Капыльскім раёне (в.Труханавічы), рэдактарам на Беларускім радыё, старшым навуковым супрацоўнікам у НАНБ, загадчыкам аддзела паэзіі часопіса "Полымя", галоўным рэдактарам выдавецтва "Беллітфонд". У Інстытуце літаратуры імя Я.Купалы распрацаваў шматтомную кніжную серыю "Беларускі кнігазбор". Адзін са стваральнікаў Міжнароднага фонду "Беларускі кнігазбор" (цяпер — МГА "Белкнігазбор"). З дня стварэння арганізацыі з'яўляецца яе старшынёй і галоўным рэдактарам аднайменнай кніжнай серыі. Аўтар і ўкладальнік многіх кніг паэзіі і прозы.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл