bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №20-21 (3150-3151) - "КАБ ПОМНІЛІ..."

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

КАБ ПОМНІЛІ...

«Быў век, быў час, была эпоха...»

Аўтар: I 8 лютага 2010 г.

Сёння споўнілася 80 гадоў Валянціну Тарасу, аднаму з найцікавейшых прадстаўнікоў так званага ваеннага пакалення беларускіх пісьменнікаў. Дакладней, споўнілася б. Бо 13 лютага мінулага года Валянцін Тарас пайшоў з жыцця. Але засталася спадчына, яскравую старонку якой уяўляе сабой кніга мемуараў "На выспе ўспамінаў". Над працягам гэтай кнігі Валянцін Тарас працаваў да апошніх дзён, хаця яна ўжо вытрымала два выданні.

Прапануем увазе чытачоў фрагмент з раздзела "Руская секцыя", які не паспеў увайсці у другое выданне кнігі, што выйшла ў 2007 годзе ў серыі "Кнігарня "Наша Ніва". А таксама адзін з апошніх вершаў, пра абставіны з'яўлення якога распавядае сын пісьменніка, журналіст Віталь Тарас.

У 1946 годзе Саюзам пісьменнікаў БССР быў заснаваны рускамоўны літаратурна-мастацкі альманах "Отчизна". Пад гэтым назовам выйшлі толькі два яго нумары. У 1947-м альманах перайменавалі ў "Советскую Отчизну", на што не магу не звярнуць увагу чытачоў, бо за тым перайменаваннем стаіць эпоха, пра якую пераважная большасць сённяшніх чытачоў, асабліва моладзь, нічога не ведае, а ў людзей майго веку, амаль ва ўсіх, памяць, на жаль, адсохла.

Перайменаванне "Отчизны" ў "Советскую Отчизну" менавіта ў 1947 годзе было знакавым палітычным актам. Якраз тады, у 1947-м, у Савецкім Саюзе разгарнулася прапагандысцкая кампанія "за сцвярджэнне савецкага патрыятызму і барацьбу з нізкапаклонствам перад Захадам". Галоўнай тэзай гэтай кампаніі была тэза, што панятак Айчына не можа быць абстрактны, палітычна нейтральны. Падкрэслівалася, што ў савецкіх людзей не проста Айчына — у іх савецкая Айчына, чым ганарыцца кожны савецкі чалавек і палымяна, усім сэрцам любіць сваю Айчыну перадусім таму, што яна — савецкая.

Прыметнікі "савецкая", "савецкі", "савецкае" зрабіліся сакральнымі.

Далей — болей. У 1949 годзе пачалося цкаванне так званых "бязродных касмапалітаў" і "ідэйна няспелых" пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, кампазітараў. У тым годзе, ці крыху пазней, што, зрэшты, не мае прынцыповага значэння, украінскага паэта Уладзіміра Сасюру за верш "Любі Украіну" абвясцілі ледзь не ворагам народа, учынілі яму на старонках галоўнай партыйнай газеты "Правда" і на старонках "Литературной газеты" форменны допыт: якую Украіну заклікае любіць паэт Сасюра? Украіну наогул? Але такой Украіны не існуе! Ёсць савецкая Украіна. Чаму паэт пазбягае гэтага азначэння? Ці не патыхае ад закліку любіць нейкую абстрактную Украіну нацыянальнай абмежаванасцю, ад якой адзін крок да махровага буржуазнага нацыяналізму? Вядома, Сасюра не застаўся самотны ў створанай вакол яго зоне астракізму, ва ўсіх саюзных рэспубліках кінуліся шукаць сваіх Сасюраў. У нас знайшлі і жорстка прапясочылі на адкрытых партыйных сходах і ў друку ледзь не тузін паэтаў — за вершы пра Бацькаўшчыну, у якіх не было сказана, што яна савецкая. Нават такім партыйным артадоксам, як Пятрусь Броўка і Пятро Глебка, у якіх таксама адшукалі сасюраўскага кшталту вершы, дасталася ў каршэнь. Ды што там Броўка і Глебка! У адным з рэдакцыйных, без подпісу, артыкулаў, надрукаваным ці то ў "Звяздзе", ці то ў "Советской Белоруссии", не памятаю, было сказана, што славутае выказванне Максіма Горкага "Чалавек — гэта гучыць горда" патрабуе карэкцыі. Нагадаўшы словы Сталіна, сказаныя ім яшчэ ў 1936 годзе, што "самы нікчэмны савецкі чалавек на галаву вышэйшы за любога высокапастаўленага буржуазнага чынушу", газета даводзіла, што сёння мы павінны казаць: "Савецкі чалавек — гэта гучыць горда!" І хоць я ў той час быў амаль наглуха зашораным савецкай ідэалогіяй юнаком, гэты довад мяне збянтэжыў, выклікаў неўразумелыя пытанні: "Дык што, калі чалавек не савецкі, ён не можа ганарыцца сваёй прыналежнасцю да чалавечага роду? Атрымліваецца, што ўсе людзі, якія жывуць за межамі Савецкага Саюза, — не зусім людзі, а нейкія недачалавекі?"

Яшчэ больш бянтэжыў мяне антысеміцкі акцэнт газетных артыкулаў пра "бязродных касмапалітаў": прозвішчы касмапалітаў, якія прыводзіліся ў гэтых артыкулах, былі спрэс яўрэйскія. Слова "касмапаліт" ператварылася ў сінонім слова "яўрэй". А кім ёсць касмапаліты? Усе яны зацятыя антыпатрыёты, якім недаспадобы ўсё савецкае, іхні кумір — буржуазны Захад з ягоным культам нажывы і звярыным індывідуалізмам. Таму ўсім гэтым рабіновічам, гурвічам, кацманам, эпштэйнам няма месца ў савецкім грамадстве. Але ж тыя яўрэі, якіх я добра ведаў, не былі антыпатрыётамі, не ганілі "ўсё савецкае". Чаму ўсіх яўрэяў валяць у адну кучу? Тое не ўкладвалася ў галаве. Тым больш што і мяне самога можна было залічыць у касмапаліты, нагадаўшы мне пра маю яўрэйскую бабулю Крэйну, бацькаву маці...

Бянтэжыла і палярнае разыходжанне рэалій штодзённага жыцця з карцінай, якую малявалі тыя ж газеты. Жыццё было суровае: бескватэр'е (наша сям'я з пяці чалавек тулілася ў пакойчыку плошчай 12 квадратных метраў, які здымала ў прыватным доме на ўскраіне горада). Безграшоўе (палова бацькавага заробку ішла на аплату пакойчыка, бацькава жонка не працавала, даглядала двух малых дзяцей, а майго заробку — я працаваў вучнем сталяра ў тарным цэху Мінскай бісквітнай фабрыкі, дапамагаў майстраваць скрынкі для прадукцыі — хапала адно на хлеб і кефір). Без нармальнага жытла, у пастаяннай нястачы жылі, вядома, не адно мы, а ўсе мінчукі, уся Беларусь, уся імперыя.

А газеты пісалі пра ўсё гэта як пра нешта другараднае, часовае, што не сёння-заўтра знікне, ужо знікае: увесь свет бачыць, што наша савецкае жыццё з кожным днём становіцца ўсё больш заможным і шчаслівым, дзякуючы сонечнаму генію вялікага Сталіна. Рэальнае жыццё ішло само па сабе, створанае прапагандай уяўнае, віртуальнае, як цяпер кажуць, існавала само па сабе. Тое не толькі бянтэжыла, але і прымушала задумацца, чаму так адбываецца, падводзіла да сумневу ў беззаганнасці ўсяго савецкага — вось жа хлусяць, брэшуць савецкія газеты!.. Такія думкі мяне палохалі, душа працівілася сумневу, жахалася гэтым ерэтычным думкам, — так душа верніка жахаецца сумневу ў існаванні Бога. Вядома, я не ўсведамляў, што мой сумнеў — першая трэшчынка, расколінка ў маналіце майго савецкага светапогляду, маёй веры ў савецкія догмы. Гэта цяпер, згадваючы той час, сябе тагачаснага, бачу, што сумнеў у маёй душы не мог не ўзнікнуць. Бо абсалютна зашораным, наіўным "савецкім дурачком" я ўсё ж не быў. За плячыма ў мяне была вайна, тады зусім яшчэ нядаўняя, вайна, якая рана зрабіла мяне дарослым. Я быў не толькі сведкам вайны, я ў ёй удзельнічаў. А прапаганда гэтак жа ўзнёсла, напышліва і разам з тым траскуча, як пра пасляваенную рэчаіснасць, балбатала і пра вайну. Тое, што я адзінаццаці-дванаццацігадовым хлопчыкам перажыў, на свае вочы ўбачыў у 1941—1942 гадах у акупаваным Мінску, тое, што трынаццаці-чатырнаццацігадовым падлеткам перажыў, у чым удзельнічаў у 1943—1944-м у партызанах, не супадала, не састыкоўвалася вельмі ў многім з прапагандысцкай версіяй мінулай вайны. Супярэчыла маёй зусім яшчэ свежай памяці аб ёй. Нейкая ў многім незнаёмая мне вайна, дзіўным чынам прыгожая, нястрашная, была ў даваенным "шапказакідальніцкім" кінафільме "Калі заўтра вайна", у якім гітлераўская Германія была разгромлена ўшчэнт на працягу трох дзён, паўставала на старонках большасці, калі не ўсіх, тагачасных мастацкіх твораў на ваенную тэму.

...Яшчэ далёка было да бязлітасна праўдзівай ваеннай прозы паслясталінскага часу.

 

***

Наш лес сякера часу нішчыць,

Ужо спісалі нас на дровы,

Ужо мы іскры ў папялішчы

былой дубровы.

 

Іх сумны рой з-за небакраю

Ляціць на выспу успамінаў,

Дзе неба зорнае шугае

касцёр сябрынаў.

 

Дзе у абдымку на узлессі,

Адной агорнутыя думай,

Стаяць бярэзіна Алеся,

дуб Васіля, сасна Навума

і ліпка з клёнікам Брылёвым,

ялінка Сашы Дракахруста...

 

Шуміць сяброў маіх дуброва.

Яна — не пустка,

не сталася залою шэрай.

Хто там спісаў яе на дровы?

Не маніць прымаўка: cякерай

не высекчы жывыя словы

26.01.2009 г.

(З аўдыёархіва Наталлі  Адамовіч. Публікуецца ўпершыню.) 

Валяніцн ТАРАС (другі справа) і Алесь АДАМОВІЧ (другі злева). Пачатак 1970-х гг. Фота з сямейнага архіва. Друкуецца ўпершыню.

Гэтыя радкі бацька прачытаў летась, у 15-ю гадавіну смерці беларускага пісьменніка і публіцыста Алеся Адамовіча. Яго родныя і сябры сабраліся тады ў доме ўдавы нябожчыка Веры Адамовіч у Мінску. Бацька з Алесем сябравалі з маладосці. Праўда, пасля таго, як той паехаў працаваць у Маскву, сустракаліся яны зрэдчас, але па-ранейшаму ставіліся адзін да аднаго з надзвычайнай цеплынёй. Мабыць, адной з прычын  было іх агульнае партызанскае юнацтва. (Адамовіч быў амаль на тры гады старэйшы за майго бацьку, які пайшоў у партызаны ў няпоўныя чатырнаццаць.)

Так было наканавана, відаць, што тыя радкі я пачуў толькі тады, калі бацькі не стала.

На шчасце, іх запісала на дыктафон падчас вечарыны дачка Адамовіча Наталля, за што наша сям'я і я асабіста ёй вельмі ўдзячныя.

У сваім вершы бацька згадвае імёны сяброў і калег, якіх ён асабліва любіў і якія пайшлі з жыцця раней за яго — Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Янку Брыля, паэтаў Навума Кісліка і Аляксандра Дракахруста. Фактычна, гэта верш-развітанне, верш-тэстамент ад імя цэлага пакалення, якое прайшло вайну.

Можа, таму бацька і не хацеў, каб сваякі прачыталі ці пачулі яго дачасна...

Віталь ТАРАС

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл