З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Валерый ГЕДРОЙЦ: «Прычапіцца можна да кожнага...»
Напрыканцы мінулага года гісторык і вялікі аматар оперы Сяргей Русецкі накіраваў новаму міністру культуры Паўлу Латушку адкрыты ліст, у якім літаральна ў пух і прах раздзербаніў тое, што зараз адбываецца ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета: ад рэпертуару да канкрэтных асоб. Ліст меў вялікі рэзананс, у тым ліку і сярод супрацоўнікаў тэатра.
“Народная Воля” пацікавілася ў намесніка гендырэктара Тэатра оперы і балета Валерыя Гедройца, як рэагуе тэатр на заўвагі сваіх аматараў і калі нарэшце будзе прызначаны галоўны рэжысёр, крэсла якога дагэтуль не занятае.
— Валерый Карлавіч, ведаю, што тэатр амаль адразу накіраваў у Мінкульт свой адказ на ліст Сяргея Русецкага. Пагадзіліся з ягонымі прэтэнзіямі?
— Там не было ніякіх прэтэнзій — гэта былі прапановы і пажаданні. Адны з іх ужо ажыццявіліся, другія знаходзяцца ў працы. Напрыклад, спадар Русецкі пісаў пра тое, што тэатру неабходны “бягучы радок” — каб на працягу спектакля на замежнай мове ішоў пераклад і глядач разумеў змест оперы. Мы даўно і самі планавалі зрабіць “бягучы радок”. Вялі перамовы з некалькімі фірмамі, каб абраць найбольш зручны для нас варыянт. І вось у другой палове лютага такі радок з’явіцца.
— Вы згодны з тым, што тэатру неабходна пашыраць беларускі рэпертуар?
— Канешне. Мы ўважліва ставімся да беларускіх аўтараў. І як толькі з’явіцца новы цікавы твор, ён убачыць дарогу на сцэну.
— У сваім лісце праблемай №1 Русецкі называе цяперашняга галоўнага дырыжора тэатра Віктара Пласкіну: маўляў, “абсалютная большасць яго спектакляў няўдалыя ў дырыжорскім плане”.
— Вы ніколі не пачуеце аднолькавых меркаванняў наконт працы таго ці іншага дырыжора, рэжысёра ці выканаўцы ад некалькіх музыказнаўцаў ці простых гледачоў.
Да нашага галоўнага дырыжора можна і прад’яўляць прэтэнзіі, і выказваць яму вялікую падзяку. У яго, як і ў кожнага чалавека, ёсць свае хібы і свае перавагі. Лічу, што Віктар Пласкіна знаходзіцца на сваім месцы. Ён працаваў з 60 аркестрамі, у тым ліку замежнымі — ад Галандыі да Карэі. Калі б у яго не было прафесійных здольнасцяў, яго паўсюль не запрашалі б так актыўна.
А прычапіцца можна да кожнага — было б жаданне...
— Не ўсе задаволены коштамі на квіткі.
— Тым, хто кажа, што ў нас квіткі надта дарагія, трэба з’ездзіць да суседзяў. У параўнанні з латышскімі, літоўскімі, украінскімі тэатрамі ў нас квіткі вельмі танныя. Гэта дзякуючы таму, што дзяржава выдаткоўвае шмат сродкаў на падтрымку тэатра.
— Даводзілася чуць скаргі на тое, што пасля рэканструкцыі ў тэатры з’явілася шмат нязручных месцаў, з якіх не відаць таго, што робіцца на сцэне...
— Больш, чым было, нязручных месцаў не з’явілася.
— Чула, што Дзяржкантроль выказаў шэраг заўваг Нацыянальнаму Вялікаму тэатру. Якія гэта былі заўвагі, і як вы выпраўлялі недахопы?
— Ніводнай заўвагі з боку Дзяржкантролю я не чуў — ні па творчым працэсе, ні па іншых справах. Можа, былі нейкія пытанні да будаўнікоў ці праекціроўшчыкаў, але я не ў курсе.
— Таксама з вуснаў на вусны перадаваліся гісторыі пра сцэнічнае абсталяванне тэатра — нібыта яно, ўсталяванае нямецкімі тэхнікамі, з беларускімі спецыялістамі “сябраваць” адмаўляецца...
— Гэта толькі чуткі. Ішоў і ідзе звычайны рабочы працэс. Усё наша абсталяванне цудоўна працуе. А нашы спецыялісты вучыліся ў нямецкіх і нават здавалі своеасаблівы экзамен. Бо ў кантракце прапісана, што фірма, якая пастаўляе абсталяванне, павінна не толькі яго прывезці, устанавіць і наладзіць, але і навучыць рабоце з ім нашых тэхнікаў.
Канешне, як і з усякай тэхнікай, здараюцца праблемы. Вось вы купляеце халадзільнік або тэлевізар, і тое трэба, каб час ад часу яго хтосьці глядзеў. Так і тут. Для папярэджання такіх праблем у нас па панядзелках, калі творчая група не працуе, праходзяць тэхнічныя прафілактыкі.
— А чаму ж асабліва і не бачна выкарыстання гэтай суперсучаснай тэхнікі?
— Да Новага года гэтае абсталяванне, сапраўды, не было задзейнічана. Першае паўнавартаснае выкарыстанне адбудзецца ў сакавіку на прэм’еры новага спектакля “Набука”. Старыя спектаклі ішлі без гэтага, бо рыхтаваліся для старой сцэны, дзе такога абсталявання не было. І зараз, каб выкарыстаць новыя магчымасці, іх трэба перарабляць. А гэта не заўсёды магчыма і мэтазгодна.
— У тэатры дагэтуль няма галоўнага рэжысёра. Ці праўда, што на гэтую пасаду можа прыйсці Сусана Цырук, якая зараз працуе ў Расіі?
— Гэта не выключана. З ёй ужо вяліся перамовы. Думаю, у той ці іншай якасці яна хутка папрацуе ў нас.
— А калі наогул у тэатры з’явіцца галоўны рэжысёр?
— Тады, калі ён паставіць у нас спектакль, які будзе настолькі ўдалым, што стане доказам яго прафесійнасці і ягонай рэкамендацыяй на гэтую пасаду.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне