bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №20-21 (3150-3151)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Каляндар памятных дат Беларусі на 2010 год

Аўтар: I 8 лютага 2010 г.

2435 гадоў таму старажытнагрэчаскі гісторык Герадот наведаў паўночныя краіны, у тым ліку і Няўрыду, дзе працякалі рэкі Барысфен і Бярэзіна. Герадот напісаў пра гэтае падарожжа кнігу “Гісторыя”, у якой змясціў звесткі пра неўраў — тагачасных насельнікаў земляў, на якіх пазней паўстала Літва (Беларусь). (Адбывалася падарожжа Герадота каля 425 г. да н.э.).

1500 гадоў таму адбылося масавае рассяленне славянскіх плямёнаў з Балканаў, Палабіі і Палесся па тэрыторыі сучаснай Беларусі, якую засялялі тады балцкія плямёны. Распачаліся працэсы стварэння беларускага этнасу (VI ст.).

1030 гадоў таму з’явіліся летапісныя звесткі пра першага полацкага князя Рагвалода і ягоную дачку Рагнеду. Згадкі пра князя Тура (980 г.), Тураў і Тураўскае княства.

1010 гадоў таму пачалося княжанне ў Полацку Iзяслава, сына Рагнеды. Аднаўленне княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў (1000—1001). Смерць полацкай князёўны Рагнеды. Пахавана ў Заслаўі (1000 г.).

966 гадоў таму — пачатак гаспадарання полацкага князя Усяслава Чарадзея. Палітычнае, культурнае, эканамічнае ўмацаванне Полацкага княства (1044—14.4.1101).

945 гадоў таму — першае згадванне ў крыніцах г.Барысава (1065 г.).

900 гадоў ад часу нараджэння Еўфрасінні Полацкай. Прадславы (1110—23.5.1173). Князёўна, ігумення манастыра св.Спаса ў Полацку, асветніца Полацкага княства. Дачка князя Георгія Усяслававіча, унучка князя полацкага Усяслава Брачыслававіча. Перапісвала кнігі, пісала летапісы і арыгінальныя творы. Пабудавала на ўласныя сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі буйнымі культурнымі цэнтрамі ў гаспадарстве. Па яе загадзе Л.Богша ў 1161 г. зрабіў напрастольны крыж.

880 гадоў таму нарадзіўся Кірыла Тураўскі — славуты асветнік Беларусі (1130 г.).

815 гадоў таму нарадзіўся Міндоўг (1195?—1263), наваградскі князь, вялікі князь ВКЛ, які аб’яднаў вакол Наваградка летапісную Літву і частку Полацкага княства ў адзіную дзяржаву. У 1253 г. каранаваўся на караля Літвы.

800 гадоў таму створана Аршанскае Евангелле — беларускі рукапісны помнік пісьменства і духоўнасці канца ХII — пачатку ХIII стст. Знойдзены ў Воршы ў 1812 г. Магчыма, напісаны на Полацкай зямлі. Пісана ўставам на высакаякасным пергаменце. Аршанскае Евангелле багата размалявана. У малюнках праглядаюцца традыцыі фрэсак Спаса-Пераўтварэнчай святыні ў Полацку. Зберагаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Украіны.

735 гадоў таму нарадзіўся Гедзімін (1275—1341) — вялікі князь ВКЛ (1316—1341). Бацька Альгерда, Кейстута, Яўнута. Заснавальнік дынастыі Гедзімінавічаў. Фактычна аб’яднаў усе беларускія этнічныя землі ў адну дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае.

690 гадоў таму адбылася перамога войскаў ВКЛ на чале з Гедзімінам у бітве з крыжакамі пад Меднікамі (1320).

680 гадоў таму полацкія князі пачалі карыстацца пячаткаю з выяваю “Пагоні” (1330).

680 гадоў таму падпісана гандлёвае пагадненне Полацка з Рыгаю. У тэксце граматы прысутнічаюць адметныя асаблівасці беларускай мовы (1330).

660 гадоў таму нарадзіўся Вітаўт, Вялікі князь ВКЛ (1392—1430). За Вітаўтам Вялікім дзяржава дасягнула найбольшай магутнасці і росквіту. Час яго княжання ў беларускай гісторыі атрымаў назву “залатога веку” (1350—1430).

630 гадоў таму адбыўся паход літоўскага войска на чале з Ягайлам на падмогу золатаардынскаму хану Мамаю і разанскаму князю Алегу, якія змагаліся супраць маскоўскага князя Дзмітрыя (жнівень—верасень 1380 г.). Але другія атрады Літвы пад зверхніцтвам Андрэя Альгердавіча Полацкага і Дзмітрыя Альгердавіча Друцкага прынялі ўдзел у гэтай бітве на баку Масквы, што і вырашыла пераможны зыход сечы.

625 гадоў таму Вялікім князем Ягайлам і польскімі ўпаўнаважанымі падпісаны акт Крэўскай вуніі ў княжацкай вежы Крэўскага замка (14 жніўня 1385 г.) паміж ВКЛ і Польшчай. Пасля шлюбу з польскай каралевай Ядзвігай 4 сакавіка 1386 года Ягайла атрымаў тытул караля Польшчы, Вярхоўнага князя Літоўскага і Дзедзіча рускага (беларускага). Утварэнне палітычнага саюза паміж ВКЛ і Польшчай.

600 гадоў таму — 15 ліпеня 1410 г. Вялікая перамога войскаў ВКЛ і Польшчы пры ўдзеле чэшскіх аддзелаў і татарскіх атрадаў над Тэўтонскім ордэнам крыжакоў пад Грунвальдам (Дуброўнай). Войскамі ВКЛ камандаваў Вялікі князь Вітаўт. Прапануецца 2010 год аб’явіць годам Вялікай перамогі пад Грунвальдам.

590 гадоў таму — запрашэнне чэхамі на каралеўскі пасад Вітаўта Вялікага (1420). Прыход у Чэхію пяцітысячнага войска ВКЛ на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам, намеснікам Вітаўта.

585 гадоў таму — Вітаўт Вялікі імкнецца пераўтварыць беларуска-літоўскае гаспадарства ў каралеўства. Перамовы з папскім прастолам пра каранацыю Вітаўта на караля (1425 г.).

580 гадоў таму — на пасаду Вялікага князя ВКЛ абраны Свідрыгайла, малодшы сын Альгерда (1430 г.).

560 гадоў таму з’явіліся першыя звесткі пра паселішча Вузда як уласнасць Корсакаў (пазней вёска Менскага павету) (1550 г.).

550 гадоў таму нарадзіўся Канстанцін Астрожскі (1460—1530). Гетман найвышэйшы ВКЛ з 1497 г., кашталян Віленскі з 1511г., ваявода Троцкі з 1522, сенатар Рады ВКЛ. Узначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татараў і Маскву. Перамог больш як у 60 бітвах. У Аршанскай бітве 1514 г. кіраваў войскамі ВКЛ, якія перамаглі ўтрая большыя войскі Масковіі.

520 гадоў таму нарадзіўся Францішак Скарына (каля 1490—1551?), беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, мысляр, асветнік і гуманіст, навуковец, пісьменнік эпохі Адраджэння.

510 гадоў таму Масква развязала супраць ВКЛ новую трохгадовую вайну (1500 г.). Гомель на тры гады патрапіў пад маскоўскую акупацыю.

495 гадоў таму нарадзіўся Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1565). Маршалак земскі, канцлер Літоўскі, ваявода Віленскі. У 1547 г. ад германскага імператара Карла V атрымаў тытул князя. Пратэктар рэфармацкай царквы ВКЛ.

490 гадоў таму нарадзіўся Вялікі князь ВКЛ, кароль Польшчы Жыгімонт II Аўгуст (1.8.1520—7.7.1572).

485 гадоў таму Францішак Скарына ў Віленскай друкарні Мамонічаў пачаў выданне “Апостала” і “Малой падарожнай кніжкі” (1525).

480 гадоў таму нарадзіўся Сымон Будны (1530—1593), беларускі мысляр-гуманіст эпохі Адраджэння, рэлігійны рэфарматар, тэолаг, філосаф, гісторык, паэт, прадаўжальнік культурна-асветнай, нацыянальна-патрыятычнай і філасофскай традыцыяў Францішка Скарыны.

480 гадоў таму нарадзіўся Філон Кміта-Чарнабыльскі (1530—1587), ваенна-палітычны дзеяч ВКЛ, літаратар, аршанскі стараста.

460 гадоў таму Ваўкавыскі сойм ВКЛ (красавік 1550 г.) выступіў супраць вуніі з Польшчай.

9 снежня 1550 г. у Вільні Барбара Радзівіл была каранавана на Вялікую княгіню ВКЛ.

450 гадоў таму нарадзіўся Саламон Рысінскі (1560?—1625), беларускі паэт-лацініст, філосаф, этнограф, педагог.

430 гадоў таму нарадзіўся Язафат Кунцэвіч (1580—1623), уніяцкі мітрапаліт, царкоўна-палітычны дзеяч. Выданне Васілём Цяпінскім перакладу Евангелля на беларускай мове (1580).

430 гадоў таму нарадзіўся Л.Карповіч (1580—1670), беларускі пісьменнік-публіцыст, педагог, царкоўны дзеяч.

425 гадоў таму нарадзілася Соф’я Слуцкая (1585—1612), беларуская княгіня з роду князёў Алелькавічаў. Кананізавана праваслаўнай царквой.

410 гадоў таму пачалася вайна паміж Рэччу Паспалітай Двух Народаў і Швецыяй (8 лютага 1600 г.).

410 гадоў таму нарадзіўся Казімір Семяновіч (1600—1650). Беларускі навуковец-інжынер, генерал-лейтэнант. Вынайшаў шматступенную ракету, зрабіў іншыя вынаходніцтвы ў галіне артылерыі і ракетнай тэхнікі. Аўтар кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” (1650, Амстэрдам).

405 гадоў таму адбылася Кірхольмская бітва (07.08.1605 г.). Войскі Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Яна Хадкевіча разбілі ўтрая большае войска шведаў.

405 гадоў таму — 12 чэрвеня 1605 г. Iлжэдзмітрый I трыумфальна ўехаў у Маскву і стаў маскоўскім царом. Ненадоўга ажыццявілася вялікая літоўская авантура — пасадзіць свайго цара, каб з яго дапамогай вярнуць Смаленск.

390 гадоў ад часу надання Воршы Магдэбургскага права. 13 снежня 1620 г. прывілеем Вялікага князя ВКЛ і Караля Польшчы Жыгімонта III Вазы зацверджана права на самакіраванне Воршы з наданнем месту герба. У рэнесансавым шчыце блакітнага колеру залаты паўмесяц, над ім сярэбраны крыж.

385 гадоў таму нарадзіўся Б.К.Маскевіч (1625—1685), беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік.

365 гадоў таму па загадзе Маскоўскага патрыярха Нікана друкарня Куцінскага манастыра пад Воршай была зачынена, разрабавана і вывезена ў Наўгародскі Iверскі манастыр.

360 гадоў таму нарадзіўся Максім Вашчанка (1650?—1708), беларускі (літоўскі) друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры, арандатар Магілёўскай Богаяўленскай друкарні. Выхаванец Віленскай акадэміі, бакалаўр філасофіі і вольных мастацтваў. Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку. З 1680 г. працаваў у Магілёўскай друкарні, якой кіраваў з 1690 г. Многія працы створаны пад уплывам еўрапейскіх мастацкіх традыцый.

355 гадоў таму заключана Кейданская вунія паміж ВКЛ і Швецыяй (1655). Iніцыятарам вуніі быў Януш Радзівіл. Заснаваны Берасцейскі манетны двор. Створаны ў 1655—1666 гг. падчас грашовай рэформы і для выпуску меднага соліда (барацінкі), вырабіў 241 мільён асобнікаў. На аверсе — партрэт Яна II Казіміра Вазы, на рэверсе — герб ВКЛ “Пагоня”.

310 гадоў таму нарадзіўся Г.Ляйбовіч (1700—1770), беларускі мастак-гравёр, які працаваў у нясвіжскай друкарні і стварыў вялікую галерэю партрэтаў роду Радзівілаў.

305 гадоў таму нарадзілася Францішка Уршуля Радзівіл (1705—1753), пісьменніца, заснавальніца тэатра ў Нясвіжы.

300 гадоў таму заснавана Менская архікатэдра найсвяцейшай Панны Марыі і езуіцкі калегіум. Цэнтральнае месца архітэктурнага ансамбля займае Марыінскі катэдральны касцёл, пабудаваны ў 1700—1710 гг. у стылі барока. Франтон касцёла і вежы былі ўпрыгожаныя драўлянай скульптурай. У інтэр’еры было 12 драўляных скульптур апосталаў, фрэскі мастака Казіміра Антона Анташэўскага, карціны-абразы М.Чаховіча, Я.Аляшкевіча. Насценную размалёўку сямейнай капліцы Завішаў зрабіў М.Бейтнік (1739). Пазней ля касцёла былі пабудаваны будынкі калегіума, вежа з гадзіннікам і школа. (Вежа знішчана камуністычнымі ўладамі ў 1950-х гг.)

280 гадоў таму нарадзіўся Міхал Казімір Агінскі (1730—1800), дзяржаўны дзеяч, стваральнік тэатра, капэлы і балетнай школы ў Слоніме.

265 гадоў таму нарадзіўся Л.Сітанскі (1745—1770), скрыпач, дырыжор, педагог і капельмайстар Гарадзенскай капэлы Тызенгауза і кіраўніка Гарадзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгауза.

260 гадоў таму нарадзіўся Р.Т.Гедройц, удзельнік паўстання 1794 г., сябра Найвышэйшай літоўскай рады (7.2.1750—15.10.1824).

245 гадоў таму заснаваны Ружанскі тэатр Сапегаў у Ружанскім палацы (1765—1791).

235 гадоў таму заснаваны Гарадзенскі батанічны сад (1775—1781).

230 гадоў таму нарадзіўся Ян Дамель, беларускі мастак (1780—1840). Пахаваны на цвінтары кальварыйскага касцёла ў Менску.

230 гадоў таму ў Магілёве быў заснаваны тэатр (1780).

225 гадоў таму ў Магілёве было ўтворана каталіцкае арцыбіскупства, якому падпарадкоўваліся ўсе каталіцкія святыні Расійскай імперыі (1785).

210 гадоў таму нарадзіўся беларускі мастак-рамантык Валенцій Ваньковіч. Вучыўся ў Полацку, Вільні, Пецярбургу. Жыў у Менску. Пахаваны ў Парыжы (1800—1842).

205 гадоў таму адчынілася Свіслацкая гімназія (1805).

200 гадоў таму нарадзіўся выдатны беларускі мастак Iван Хруцкі (1810—1885). Жыў і пахаваны ў маёнтку Захарнічы Полацкага павета.

200 гадоў таму нарадзіўся Генрых Дмахоўскі ў маёнтку Забалaцце Мёрскага павета (14.10.1810-26.5.1863), скульптар, адзін з кіраўнікоў паўстанцкага руху ў Літве (Беларусі) і Польшчы. Скончыў Віленскі універсітэт. У час паўстання 1830—1831 гг. у атрадзе Я.Заліўскага, з 1832 г. у эміграцыі. У 1841—1851 гг. — вучыўся на скульптара ў Францыі і з 1851 г. працаваў у ЗША. З 1861 г. на радзіме. У час паўстання 1863-1864 гг. камісар Дзісненскага павета і начальнік атрада. Загінуў у баі з маскоўскімі карнікамі ў в.Парэчча Барысаўскага павета. Стварыў бюсты Т.Касцюшкі і Т.Джэферсана для Кангрэса ЗША, У.Сыракомлі (Вільня), помнік паўстанцу В.Пяткевічу (Парыж), помнік героям Познаньскага паўстання, Барбары Радзівіл.

195 гадоў таму нарадзіўся Францішак Савіч, беларускі паэт, дэмакрат, публіцыст (1815—1846).

172 гады таму нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, нацыянальны герой Беларусі (2.02.1838—22.03.1864).

170 гадоў таму ў Менску адкрыўся беларускі тэатр В.Дуніна-Марцінкевіча (1840—1850-я гады).

160 гадоў таму быў утвораны літаратурны гурток Адама Кіркора ў Вільні (1850—1860).

155 гадоў таму ў Вільні Яўстахам Тышкевічам заснаваны Музей старажытнасцяў (1855).

146 гадоў таму царскімі сатрапамі быў пакараны нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі (22.03.1864 г.).

140 гадоў таму нарадзіўся Фердынанд Рушчыц, вялікі беларускі мастак, у маёнтку Багданаў былога Ашмянскага павета (цяпер Валожынскі раён), жывапісец, графік, тэатральны дэкаратар, педагог. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у Менску, скончыў С.-Пецярбургскую акадэмію мастацтваў (1897). Прафесар аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага універсітэта (1919—1932). Творы Рушчыца прасякнуты духам беларускай зямлі, многія творы носяць характар эпічнага абагульнення. Большасць твораў мастак стварыў на сваёй радзіме ў маёнтку Багданаў, дзе быў радавы дом творцы і майстэрня, а таксама ў Ашмянах, Вішневе і на Валожыншчыне

135 гадоў таму нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі у в.Ендрыхоўцы Ваўкавыскага павета (1.5.1875 — жнівень 1944 г.). Выдатны беларускі жывапісец. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, пластыкі і дойлідства. Пісаў шляхецкія інтэр’еры, нацюрморты і краявіды, сярод іх: “Нёман”, “Месячная ноч”, “Пралескі”, “Крыгаход на Нёмане”, “Рака Вілейка”.

130 гадоў таму нарадзіўся Вацлаў Iваноўскі (1880—1943), міністр асветы БНР. Нарадзіўся Язэп Дыла, беларускі пісьменнік, грамадска-палітычны дзеяч (14. 4. 1880—7.4.1973).

130 гадоў таму нарадзіўся Аляксандр Грын (Грынеўскі). Расійскі пісьменнік, выхадзец з Беларусі (1880—1932). Бацька прымаў удзел у паўстанні К.Каліноўскага.

125 гадоў таму нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі (1885—1937). Беларускі грамадска-палітычны, культурны дзеяч, педагог, публіцыст, кампазітар.

120 гадоў таму нарадзіўся Вінцук Адважны (Язэп Германовіч). Беларускі тэолаг, святар, пісменнік (1890—1978).

105 гадоў таму выйшаў у свет верш Янкі Купалы “Мужык” (1905).

105 гадоў таму нарадзіўся Андрэй Бембель (1905—1986), народны мастак Беларусі, скульптар.

100 гадоў таму нарадзілася Ларыса Геніюш, беларуская паэтка-патрыётка, дзяячка Беларускага Адраджэння. У 1949 г. савецка-бальшавіцкім рэжымам асуджана на 25 гадоў зняволення. У 1956 г. датэрмінова вызвалена, але не рэабілітавана.(9.08.1910—7.04.1983).

100 гадоў таму нарадзіўся Барыс Кіт, акадэмік, сусветна вядомы навуковец у галіне ракетнага паліва (6. 04.1910).

100 гадоў як быў збудаваны касцёл св.Алены і св.Сымона ў Менску пры поўнай фундацыі Эдварда Вайніловіча і ў памяць яго дзяцей. У архітэктуры храма ярка прасвечваюцца рысы неаготыкі і неараманскага стылю (1910).

92 гады таму абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (25. 03. 1918).

90 гадоў таму быў здзейснены Слуцкі Збройны Чын у абарону Беларускай Народнай Рэспублікі (27 лістапада — 31 снежня 1920).

80 гадоў таму нарадзіўся Уладзімір Караткевіч, беларускі пісьменнік, паэт, драматург (26.11.1930—15.07.1984).

75 гадоў таму нарадзіўся Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі (24.02.1935).

70 гадоў таму Савецкі Саюз завяршыў вайсковую кампанію супраць Фінляндыі (30.11.1939—12.03.1940). Савецкая мяжа была адсунута на 150 кіламетраў у глыб фінскай тэрыторыі.

70 гадоў з часу нараджэння Аляксея Марачкіна (Алесь Мара) (30.03.1940 г.) — мастака, грамадскага, культурнага і палітычнага дзеяча. Творчасць мастака шматгранная і разнапланавая. Распрацоўвае гістарычную тэму, фальклорную і сучасную тэматыку, нацюрморт і краявід. Аўтар вялікай серыі партрэтаў гістарычных асоб Полацкай дзяржавы і ВКЛ.

65 гадоў таму была здзейснена перамога над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Скончана Другая сусветная вайна (1945).

20 гадоў таму абвешчана Рэспубліка Беларусь (27 ліпеня 1990 года).

19 гадоў таму Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў назву нашай краіны — Рэспубліка Беларусь. Дзяржаўным гербам зацверджаны старажытны беларускі герб “Пагоня”. Дзяржаўным сцягам зацверджаны бел-чырвона-белы гістарычны сцяг (19.09.1991 г.).

Склаў Мікола КУПАВА

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл