ЭКСКЛЮЗІЎ
Iван ЦIХАН: «Алімпійцам жадаю, каб менш было скандалаў»
Кідальнік молата Іван ЦІХАН распавёў “Народнай Волі”, чаго ён чакае ад веснавога рашэння Спартыўнага арбітражнага суда і што жадае беларускім зімовым алімпійцам.
Як вядома, не так даўно ў міжнародным Спартыўным арбітражным судзе ў Лазане завяршыліся трохдзённыя слуханні па справе беларускіх кідальнікаў молата Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага, якія аспрэчваюць рашэнне дысцыплінарнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэта аб пазбаўленні іх медалёў пекінскай Алімпіяды-2008 з-за станоўчых допінг-проб. Вердыкт суда пакуль не аб’яўлены.
Беларускі бок заяўляе аб неакуратнай арганізацыі работы пекінскай лабараторыі і адхіленнях ад стандартаў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва падчас даследавання пробаў Дзевятоўскага і Ціхана. Беларусы сцвярджаюць, што парушэнні антыдопінгавых службаў маглі паўплываць на вынікі аналізаў. На думку беларускіх і замежных спецыялістаў, дастаткова падстаў, каб прызнаць вынікі допінг-тэстаў несапраўднымі.
— Настрой, як заўсёды, баявы, — кажа Іван ЦІХАН. — А вось па пасяджэнні Арбітражнага суда асабліва нічога не магу сказаць, таму што рашэнне будзе прынята недзе пасля 21 сакавіка. Хоць дакладная дата пакуль невядома. Усе ж дэталі справы хутчэй за ўсё можна будзе расказаць толькі пасля таго, як будзе прынята рашэнне.
— Якой была атмасфера падчас судовага пасяджэння?
— Сказаў бы нават, што напружаная. Мы выказвалі сваю пазіцыю, дысцыплінарная камісія — сваю.
— Адвакатамі задаволены?
— Вельмі задаволены, бо каманда спрацавала проста выдатна.
— А як вам падаліся суддзі?
— Яны выконвалі сваю работу. Але казаць, што яны добра ці дрэнна да нас ставіліся, было б нетактычна.
— Рашэння пакуль няма, але вы кажаце, што настрой баявы...
— А я ніколі на падаў духам. Ведаеце, я веруючы чалавек, і ўсё, што Бог дае, значыцца, так і ёсць. Прыму гэта, перажыву, хоць, натуральна, спадзяюся на лепшае. Надзея мяне ніколі не пакідала.
— Не шкада патрачаных сіл, грошай, нерваў, калі вынік будзе адмоўны?
— Не думаю, што ўсё будзе так дрэнна. Ды і адмоўны вынік — таксама вынік. Гэта мой жыццёвы шлях, і я па ім іду.
— Праз некалькі дзён распачынаецца зімовая Алімпіяда. Што б хацелі пажадаць нашым алімпійцам?
— Спорт — гэта такая непрадказальная рэч, што не перадаць словамі. Зараз кожная краіна робіць усё для таго, каб змагацца з допінгам. Тая самая Італія, напрыклад, калі спартсмен трапляецца на допінгу, прымяняе да яго вельмі жорсткія санкцыі. Натуральна, што спартсмены праходзяць тэсціраванні, але Алімпійскія гульні рэдка калі абыходзяцца без скандалаў. Дык вось хацелася б, каб менш было гэтых самых скандалаў. Хацелася б, каб радаваліся і балельшчыкі, і спартсмены. Тым больш калі гэтыя балельшчыкі і спартсмены — беларускія.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне