Сяргей ВАЗНЯК: «Не веру ў тое, што падлік галасоў будзе чэсным»
Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам “Народнай Волі” выказаў сябра мінскай гарадской выбарчай камісіі.
Учора распачалося фарміраванне ўчастковых камісій. Менавіта сябры гэтых камісій вядуць непасрэдны падлік бюлетэняў.
Склад гэтых камісій, а іх па ўсёй краіне будзе сфарміравана сем тысяч, стане вядомы цягам трох бліжэйшых дзён.
Зразумела, вылучылі кандыдатуры сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і апазіцыйныя партыі. Не трэба быць прарокам, каб спрагназаваць, што сябрамі ўчастковых камісій стануць адзінкі апазіцыянераў.
Яскравы прыклад таму — колькасны склад апазіцыянераў у гарадскіх выбарчых камісіях. Так, у Мінску з 13 сябраў гарадской выбарчай камісіі толькі двое — Сяргей Вазняк і Сяргей Альфер — сябры апазіцыйных партый.
Аб тым, як працуе Мінская гарадская выбарчая камісія зараз, “Народная Воля” папрасіла расказаць Сяргея Вазняка.
“Пакуль працуем без скандалаў, — гаворыць ён. — Прайшло толькі некалькі пасяджэнняў. Пакуль справа не дайшла да рэгістрацыі кандыдатаў скандалаў, падаецца, і не будзе. Мяркую, што гэтыя выбары ў плане агітацыі, магчымасцяў для сустрэч з выбаршчыкамі пройдуць спакойна. Улада спадзяецца на іх легітымізацыю. Але асабіста я не веру ў тое, што гэтыя выбары пройдуць чэсна ў плане падліку галасоў. Падлік галасоў і датэрміновае галасаванне па-ранейшаму застаюцца пад кантролем улады. Сітуацыю можна будзе выратаваць тады, калі ў склад участковых камісій у роўнай прапорцыі будуць уключаны як апазіцыянеры, так і прадстаўнікі ўлады. Але гэта хутчэй тэорыя...”





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне