bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №36-37 (3166-3167) - "СІТУАЦЫЯ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

СІТУАЦЫЯ

Пад нож бульдозера

Аўтар: I 9 сакавiка 2010 г.

гатовы кінуцца жыхары трох дамоў па сталічнай  вуліцы Кахоўскай,  якія пратэстуюць супраць будаўніцтва ў іх двары новага 19-павярховага гмаху...

«Нічога не абяцала нам бяды...»

Не сакрэт, што, нягледзячы на шалёныя тэмпы забудовы беларускай сталіцы, жылля чамусьці не хапае. Асабліва для тых, хто ўжо не першы год стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. А такіх у сталіцы на сённяшні дзень каля 300 тысяч чалавек. Мінскія гарадскія ўлады нібыта б’юцца над гэтым пытаннем, але часцяком ідуць па шляху найменшага супраціўлення. Замест таго каб засвойваць пустыры, пракладваць там камунікацыі і будаваць жыллё, праекціроўшчыкі і будаўнікі, зразумела, са згоды гарадскога начальства, “апрацоўваюць” старыя раёны Мінска. Яно, пагадзіцеся, прасцей і танней — пабудаваць дом там, дзе для гэтага ўжо ёсць гатовая інфраструктура. І ніхто з тых, хто жыве ў дамах, якія пабудаваны больш за паўстагоддзя таму, не можа быць упэўнены ў тым, што заўтра ў двары, дзе вы пражылі ўсё жыццё, высаджваючы дрэвы, даглядаючы клумбы, не з’явіцца бульдозер, які стане расчышчаць пляцоўку пад новае будаўніцтва. І зусім не важна, што будоўля будзе весціся літаральна ў нейкім дзесятку метраў ад вашых акон. Бо ў будаўнікоў усё па законе: ёсць узгоднены план і дазвол на правядзенне работ. А з вамі, пачынаючы будоўлю, ніхто раіцца не павінен. Такія ў нас законы...

У падобнай сітуацыі апынуліся жыхары дамоў №№35,37 і 39 па сталічнай вуліцы Кахоўскай. “Нічога не абяцала нам бяды, нічога не сведчыла пра тое, што ў нашым двары збіраюцца пабудаваць шматпавярховы дом, — расказвае карэспандэнту “Народнай Волі” мясцовая жыхарка Алена Бірыч. — Яшчэ ў 2008 годзе наш двор добраўпарадкавалі. Тут была ўсталявана новенькая дзіцячая пляцоўка, пракладзены новыя асфальтавыя дарожкі, праведзена азеляненне. Але будаўнікі, якія праводзілі гэтыя работы, пасля капітальнага рамонту ў нашых дамах адразу сказалі, што доўга ўсё гэта не прастаіць, бо на гэтым месцы збіраюцца будаваць 19-павярховы дом”.

Пасля гэтага мясцовыя жыхары сталі біць у званы, патрабуючы ад чыноўнікаў яснага і шчырага адказу на пытанне: ці сапраўды ў двары будзе збудаваны новы дом?

Таемнае абмеркаванне

І такі адказ неўзабаве прыйшоў: высветлілася - 19-павярховаму дому быць. Адміністрацыя Цэнтральнага раёна паведаміла людзям, што яшчэ 28 чэрвеня 2007 года Мінгарвыканкам прыняў рашэнне №1401 “Аб зацвярджэнні актаў выбару для зямельных участкаў і дазволу правядзення праектна-вышуковых работ”.

У адпаведнасці з гэтым рашэннем быў зацверджаны акт выбару месца (у квартале вуліц Карастаянавай—Кахоўскай—Азізава-Арлоўскай) размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва двух 19-павярховых жылых дамоў, якія не адносяцца да катэгорыі павышанай камфортнасці. Яны павінны быць пабудаваны для звычайных грамадзян, якім патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў.

Але больш за ўсё людзей абурыла тое, што чыноўнікі (у прыватнасці, намеснік старшыні адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы спадар Навіцкі) спасылаліся на тое, што перад тым, як распачаць працу па падрыхтоўцы будаўніцтва дома, з мясцовымі жыхарамі нібыта “было праведзена грамадскае абмеркаванне гэтага пытання”. І вось тут ёсць два варыянты: альбо жыхары трох дамоў у масавым парадку захварэлі на амнезію і не памятаюць, што грамадскае абмеркаванне з іх удзелам было, альбо...

“Ніякага абмеркавання з намі ніхто не праводзіў, людзей проста паставілі перад фактам. Нашае меркаванне пры вынясенні рашэння Мінгарвыканкамам ніхто не ўлічваў”, — гаворыць Алена Бірыч. І яе словы пацвердзілі каля пяцідзесяці жыхароў “праблемнага” двара на Кахоўскай...

Як у апошнюю інстанцыю абураныя людзі вырашылі звярнуцца з калектыўным зваротам у Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

“Мы патрабуем адмены рашэння Мінгарвыканкама ад 28.06.2007 г. №1401, — пісалі яны. — На нашы неаднаразовыя калектыўныя звароты мы атрымалі стандартныя адпіскі, з якіх вынікае, што рашэнне аб будаўніцтве дома было прынята пасля ўзгаднення з намі. Аднак ніякага грамадскага абмеркавання па згаданай забудове не было. Дакументы з’яўляюцца падложнымі і сфабрыкаванымі. Узнікаюць таксама сумненні, што пры прыняцці рашэння аб будаўніцтве новага шматпавярховага дома былі захаваны ўсе санітарныя і тэхнічныя патрабаванні. Паколькі дом знаходзіцца ў надзвычайнай блізкасці ад ужо існуючых. У сувязі з гэтым мы патрабуем правядзення незалежнай экспертызы наконт мэтазгоднасці будаўніцтва новага будынка на ўнутрыдваровай тэрыторыі нашых дамоў”.

Цуда не здарылася. У Адміністрацыі Лукашэнкі разбірацца ў сітуацыі не сталі і не знайшлі нічога лепшага, як спусціць скаргу грамадзян у... Мінгарвыканкам. Хаця менавіта са сцен гэтага ведамства і выйшла спрэчнае для жыхароў вуліцы Кахоўскай рашэнне...

«Па-чалавечы я вас разумею...»

Тым часам на тэрыторыю школы, якая стаіць у тым жа двары, ужо прывезлі будаўнічыя бытоўкі. Рэшткі дзіцячай пляцоўкі ўбралі. У двары пастаўлены будаўнічы плот, і можа так здарыцца, што вось-вось распачнуцца работы...

Кожны вечар людзі выходзяць з пад’ездаў, сустракаюцца, збіраюць подпісы, абмяркоўваюць сітуацыю. Частымі гасцямі тут сталі і чыноўнікі раённай адміністрацыі. Яны спрабуюць супакоіць людзей, просяць змірыцца з фактам будаўніцтва дома і стаянкі ля яго. Напэўна, каб гэта ў іх пад вокнамі разварочвалі новабудоўлю, чыноўнікі не былі б такімі лагоднымі, і таму супакоіць людзей у іх атрымліваецца не вельмі добра...

На мінулым тыдні карэспандэнт “Народнай Волі” папрысутнічаў на адным з такіх сходаў. Уладу тут прадстаўлялі намеснік старшыні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Аляксандр Дамінікан і прадстаўнік Камітэта дзяржкантролю спадар Бажэнаў.

“Пытанне ў вас адно: тут будзе будавацца дом, а вы ўсе супраць гэтага, — звярнуўся да прысутных намеснік старшыні адміністрацыі Цэнтральнага раёна. — Але было ж грамадскае абмеркаванне. Працэдура праходзіць наступным чынам: часцей за ўсё даецца аб’ява на сайце Мінгарвыканкама альбо ў ЖЭСе, які вас абслугоўвае. Магу сказаць, што негатыўных і крытычных водгукаў падчас грамадскага абмеркавання хапала. Паверце, нікому гэта не прыносіць задавальнення, калі ідзе ўшчыльненне забудовы. І ўсё ж праект прайшоў узгадненне, неабходную экспертызу, будаўніцтва цалкам адпавядае нормам. Што тычыцца грамадскага абмеркавання перад будаўніцтвам, то ўлічваць ваша меркаванне пажадана, але не абавязкова...

Па Мінску не было ніводнага выпадку, дзе людзі б сказалі “дзякуй”, калі ля іх пачыналася будоўля. Па-чалавечы я вас разумею, але ж і вы зразумейце тых, хто чакае паляпшэння жыллёвых умоў...”

У прынцыпе, жыхары і не чакалі іншага павароту падзей. Напэўна, больш грунтоўны адказ людзі думалі атрымаць ад прадстаўніка КДК, які прыехаў на месца па тэрміновай тэлеграме жыхароў. Пагадзіцеся, калі за дзяржаўныя сродкі праводзіцца добраўпарадкаванне двара, а потым усё гэта руйнуецца дзеля будаўніцтва новага дома, то ўзнікае рэзоннае пытанне: навошта такім чынам траціць дзяржаўныя грошы? І хто павінен адказаць за марнаванне сродкаў? Але адказы так і не прагучалі, бо, па меркаванні прадстаўніка Камітэта дзяржкантролю, таксама  ўсё адбываецца па законе.

«Прыпыніць будаўніцтва можа толькі суд»

Незадаволеныя вынікам сустрэчы з чыноўнікамі людзі настроены рашуча і будуць пратэставаць супраць будаўніцтва дома да апошняга. Яны збіраюцца падаваць у суд і патрабаваць адмены рашэння Мінгарвыканкама.

“Шчыра кажучы, ёсць сумненні, што дом збіраюцца будаваць па нормах. Так, у чыноўнікаў усе дакументы нібыта ў парадку, але нам іх ніхто не паказваў, — гаворыць мясцовая жыхарка Наталля Зуева, якая, дарэчы, у свой час працавала архітэктарам. — Напрыклад, пры будаўніцтве неабходна даследаваць грунт на магчымасць збудавання новых дамоў. Як і кім праводзіліся гэтыя геадэзічныя даследаванні, нам не вядома. Акрамя таго, яшчэ адным вострым пытаннем з’яўляецца тое, ці сапраўды будуць вытрыманы нормы інсаляцыі ў бліжэйшых дамах пасля будаўніцтва 19-павярхоўкі. Інсаляцыя — гэта ступень асветленасці кватэр сонечным светам. Зараз інсаляцыйная норма — 2 гадзіны ў дзень. Ці будзе яна захаваная —  таксама пытанне... Бо калі на адлегласці ў некалькі дзесяткаў метраў ад акон першых паверхаў дамоў, дзе даўно жывуць людзі, з’явіцца новая шматпавярхоўка, то пра якое пападанне дзённага святла ў нашыя кватэры гавораць чыноўнікі?”

Што рабіць у падобнай сітуацыі людзям? Ці можна прадухіліць будаўніцтва? З гэтымі пытаннямі “Народная Воля” звярнулася да вядомага юрыста Гары Паганяйлы, які ўважліва азнаёміўся з перапіскай жыхароў трох дамоў па вуліцы Кахоўскай з чыноўнікамі:

— Прыпыніць, спыніць ці адмяніць будаўніцтва можна толькі па рашэнні суда, — гаворыць Гары Пятровіч. — Пакуль рашэнне Мінгарвыканкама законнае, адпаведна, законнае і будаўніцтва. Калі ў жыхароў ёсць сумненні ў законнасці і правільнасці рашэння Мінгарвыканкама, ім неабходна звярнуцца ў суд. Перад гэтым, праўда, яны павінны выклікаць на месца экспертаў, пажадана незалежных, і не зацікаўленых у будаўніцтве гэтага дома — архітэктараў, праекціроўшчыкаў, прадстаўнікоў санстанцыі, з тым каб яны правялі ўласнае даследаванне сітуацыі. Калі пасля такога даследавання высветліцца, што і сапраўды парушаны пэўныя нормы, то неабходна праз суд патрабаваць адмены рашэння Мінгарвыканкама як незаконнага. Суд можа прыняць рашэнне аб тым, што на час разбіральніцтва будаўніцтва трэба прыпыніць да вынясення рашэння, прынятага па справе”.

 

Тэмы: СпецRSS
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл