bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №36-37 (3166-3167) - "ДЫСКУСІЯ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

ДЫСКУСІЯ

Чаму ў беларускай навуцы шмат прыкарытнікаў?

Аўтар: I 9 сакавiка 2010 г.

З 1803 года ў Расійскай імперыі, у якую туды ўваходзілі землі сённяшняй Беларусі, вучоныя ступені былі падпарадкаваны Табелі аб рангах і сталі рэгулявацца наменклатурнымі адрозненнямі дзяржаўнай службы, уключна да выслугі спадчыннага двараніна і ганаровага грамадзяніна. Прадстаўнікі свабодных навук зрабіліся звычайнымі чыноўнікамі і сталі прагінацца перад вышэйстаячымі начальнікамі ў пошуках тых, хто ім больш заплаціць. З той пары дыпломы магістраў і ад’юнктаў усё часцей выдаваліся без усякіх навуковых іспытаў, проста за адзнакі па службе.

Першым у 1906 годзе прапанаваў ліквідаваць усе ступені і пакінуць па еўрапейскім стандарце толькі доктарскую ступень знакаміты В.Б.Струве, паколькі яны, на яго думку, падаўлялі творчы працэс, губілі самастойнасць думкі, а ўладальнікі званняў сімулявалі навуковую дзейнасць.

Бальшавікі адразу рэвалюцыйным чынам расправіліся ў 1917 годзе з саслоўнымі прывілеямі і вытанчанай іерархіяй дацэнтаў, прыват-дацэнтаў, ад’юнктаў, прафесараў, кандыдатаў, магістраў, экстраардынарных, ардынарных і заслужаных прафесараў. На хвалі агульнага ўраўноўвання яны адмянілі вучоныя адрозненні, дыпломы, уступныя экзамены ў ВНУ. У 1918 годзе былі скасаваны вучоныя ступені і званні, а ўсіх выкладчыкаў сталі называць аднолькава прафесарамі. Каб зламаць іх каставасць, былі ўведзены галосныя конкурсы для перавыбараў на пасады. Аднак у 1921 годзе на вачах у галадаючых пралетарыяў быў адноўлены харчовы акадэмічны паёк, а затым навуковым работнікам прадаставілі і асобны пакой для заняткаў.

З 1923 года рэкамендацыі жадаючым займацца навуковымі доследамі сталі выдаваць губкамы партыі бальшавікоў пры наяўнасці станоўчай характарыстыкі з месца работы, а не за якія там навуковыя заслугі. Пры тым перавага аддавалася камуністам і прыхільнікам Савецкай улады. З 1925 года стала функцыянаваць аспірантура, гэта значыць вучоных пачалі літаральна вырошчваць па адзіным дзяржплане і на дзяржсродкі ці стыпендыі.

У 1930 годзе навуку зрабілі часткай дзяржаўнага будаўніцтва, а навуковыя даследаванні сталі планаваць пад шумок пра ліквідацыю чыстай тэорыі, пра адзінства тэорыі і практыкі і падпарадкаванне навукі патрэбам народнай гаспадаркі. Пад гэтую знаёмую і зараз ідэалагічную мелодыю савецкі ўрад у 1934 годзе ўзнавіў вучоныя ступені і званні. Розніца паміж імі і зараз заключаецца хіба ў тым, што першыя прысуджаюцца пасля абароны дысертацый, а другія прысвойваюцца за навукова-педагагічную практыку. У ВНУ тады гэта былі асістэнты, дацэнты і прафесары, а ў даследчыцкіх установах — малодшыя, старшыя і сапраўдныя члены. Гэтую наменклатуру затым пашырылі і пастанавілі, што званне прафесара можа атрымаць толькі доктор навук. Усіх вучоных запісалі ў штаты устаноў і прадаставілі гарантаваныя службовыя аклады. З той пары так і павялося.

Гэтая піраміда храма навукі функцыянуе па сваіх правілах, і яе страсаюць хіба што начальніцкія дэкрэты або крызісы. Яшчэ ў студзені 1996 года прэзідэнт А.Лукашэнка паабяцаў, што больш не будзе заахвочваць “прежнее социальное инждивенчество”, і ўвогуле прапанаваў адмовіцца ад тэрмінаў “ільготы” і “прывілеі”. Вось і зараз, калі на дварэ крызіс, Аляксандр Рыгоравіч раз-пораз паўтарае пра “жесточайшую экономию”. У той жа час на практыцы ён дзейнічае інакш. У 2007 годзе ён паўтарыў Сталіна, які ў 1946 годзе павялічыў зарплату вучоным за кошт даплат за вучоную ступень, хаця і ў той момант усюды ў свеце, акрамя СССР, навуковы тытул не даваў яго носьбіту пажыццёвай рэнты.

Яшчэ тады Сталіна папярэджвалі, што гэта шкодна для развіцця навукі, што належыць плаціць за вынік, а не за атэстат. Аднак дацэнтам сталі плаціць столькі ж, колькі дырэктарам заводаў. Гэты пернік спарадзіў азартную гульню за вучоныя тытулы і званні, справакаваў сістэму паліцэйскага кантролю над навукай і адукацыяй, паколькі яна паспяхова адсейвала ўсіх, у каго выяўляліся такія рысы характару, як непаслухмянасць і нелаяльнасць да ўлад. Блат, кумаўство, халуйства і кан’юнктуршчына, на якіх і дагэтуль у многім трымаецца сістэма абароны дысертацый, асабліва ў гуманітарнай сферы, ідэальна насаджаюць шэрасць, прыслужніцтва і паслухмянасць.

У раздаўленым грамадстве з агульнай пакорнасцю правіць баль забойны прынцып: я начальнік — ты дурань, ты начальнік — я дурань. Таму многія спяшаюцца да той кармушкі, з якой шчодра аплачваецца з бюджэту любое гультайства.

Такая сістэма заахвочвае панібрацтва ў навуцы, паколькі пры ацэнцы дысертацый рэцэнзіі і водгукі пішуцца салідарнымі кланамі, дзе адсутнічае незалежнае і аб’ектыўнае экспертнае таварыства, якому можа давяраць дзяржава. У выніку часта фінансуюцца не перадавыя, а ліпавыя тэхналогіі, а значыць, народныя грошы расходуюцца на халтуру. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у дзевяці выпадках з дзесяці беларускія вучоныя “выдумлялі веласіпед”. Яны вымушаны сімуляваць кіпучую дзейнасць, прадстаўляць фіктыўныя даведкі для апраўдвання сваёй вучонасці.

Спробы ліквідаваць Акадэмію навук шляхам перамяшчэння фундаментальных даследаванняў у ВНУ, а прыкладных навук — на прадпрыемсты, як гэта меркавалі зрабіць у Адміністрацыі прэзідэнта ў 2006 годзе, нічого не далі. Прымітыўны паўтор хрушчоўскай гігантаманіі і рэарганізацый рэалізаваўся ў выглядзе стварэння навукова-практычных цэнтраў замест навукова-вытворчых аб’яднанняў і міжведамасных навукова-технічных комплексаў. Пад гэтую бюракратычную навіну падагналі і гуманітарны Інстытут гісторыі Акадэміі навук, дзе паміж дырэктарам і аддзеламі былі створаны непатрэбныя цэнтры, якія па сутнасці ўяўляюць звычайнае цэнзарскае сіта і прытулак для лайдакоў з ліку прызначаных дырэктарам лаяльных асоб.

Спрэчкі пра рэформы Акадэміі нічога не памянялі, звяліся да пустазвонства і банальнага фінансавання тытулаў і даходных месцаў. Эканоміка не набыла інавацыйнага дынамізму, паколькі ўлады канячаць інвестыцыі дзе толькі можна, для чаго свядома прапагандуюць гламурны вобраз дастатку і стабільнасці краіны.

У 2007 годзе павысілі штомесячныя надбаўкі за вучоныя ступені і званні, зыходзячы са стаўкі першага разраду (65 тыс. рублёў): кандыдатам навук сталі даплачваць у памеры 4 ставак, дактарам — 6, членам-карэспандэнтам — 12 і акадэмікам —14 ставак. Няцяжка падлічыць, што з 2008 года кандыдаты навук сталі атрымліваць даплату за ступень у памеры каля 260 тысяч рублёў, дактары — каля 400 тысяч, члены-карэспандэнты — 780 і акадэмікі — 910 тысяч рублёў у месяц. Пры гэтым трэба ўлічваць, што тарыфная стаўка са снежня 2008 года павышана да 77 тысяч рублёў. У гэтым заахвочванні, як бачна, выйграла навуковая наменклатура, якая атрымлівае адной толькі даплаты ў памеры сярэднямесячнага заробку па краіне. Нават кандыдат навук адной прыбаўкі атрымаў нароўні з заробкам дворніка, выхавацеля дзіцячага садка і калгасніка.

Заўважце, усе гэтыя даплаты даюцца не за канкрэтны працоўны вынік, не за канкрэтны прадукт, а механічна распаўсюджаны на ўсіх валадароў аднаго тытула, хто аднойчы ў маладосці абараніў дысертацыю. А калі сюды прысумаваць званні дацэнтаў і прафесараў тых вучоных, якія спалучаюць навуку з вучэбным працэсам, то халяўная кармушка для вучонай братвы створана ўнушальная. Да ўсяго гэтага дарэмшчына аддадзена на разгляд начальства, з 16 лютага 2009 года штомесячныя даплаты за вучоныя ступені і званні знаходзяцца ў кампетэнцыі кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый.

Натуральна, што нямала далёкіх ад навукі людзей ва ўмовах заахвочвання ўладальнікаў вучоных званняў імкнуцца займець спакуслівыя “корачкі”. Для таго каб зразумець, у якую капейку абыходзіцца гэтая вучоная рэнта, чытач павінен уявіць па тым, што толькі ў сістэме Акадэміі навук на момант прыняцця прэзідэнцкага ўказа (у 2007 г.) было 543 дактары і 1761 кандыдат навук.

Згодна з афіцыйнымі данымі, у Беларусі адных кандыдатаў гістарычных навук 302 чалавекі, якія з моманту абароны дысертацый выдалі 439 асабістых прац, ці па 1,4 кніжкі на чалавека. Калі ўлічыць, што гэта пераважна перапрацаваныя тэксты былых дысертацый, то выснова ясная — гэтыя людзі працуюць марна, контрпрадукцыйна. Вы толькі ўдумайцеся — 77 кандыдатаў гісторыі выдалі ўсяго толькі па адной асабістай (удзел у калектыўных працах не падлічваўся) навуковай працы, а 103 чалавекі ўвогуле не надрукавалі ніводнай. Гэта значыць, што палова кандыдатаў гістарычных навук гультайнічае і перабіваецца для адводу вачэй мізэрнымі публікацыямі ў розных зборніках канферэнцый.

Можа, Інстытут гісторыі Акадэміі навук з’яўляецца выключэннем у гэтым плане? Не. У гэтай навуковай структуры 69 кандыдатаў навук з часу абароны дысертацый надрукавалі ўсяго 59 індывідуальных прац. 37 чалавек не выдалі ніводнай асабістай манаграфіі. Такім чынам, у гэтым храме навукі палова вучоных проста працірае штаны ў якасці пасрэдных лайдакоў і абібокаў. Сваю адзіную кнігу кожны з іх выдаў зноў-такі на сродкі казны, на сродкі падаткаплацельшчыкаў. А ў Сідаравых і Пятровых не пытаюць, навошта перавыдаваць працу акадэміка пра Лютаўскую рэвалюцыю, якую ён у маладосці праклінаў, а зараз чамусьці хваліць. У Івановых і Фёдаравых не пытаюць, калі спаганяюць з іх кішэні па прэзідэнцкім указе грошы на перавыданне працы доктара навук пра саўгасы, якія ён у якасці кандыдата навук прапагандаваў як квітнеючы плод партыі, а зараз малюе ўжо як яе гнілы прадукт. А каб апраўдаць утрыманства, для такіх бессаромных перапісчыкаў прыдумана вольная норма выпрацоўкі — за год малодшаму навуковаму супрацоўніку трэба надрукаваць каля 20 старонак тэксту, старшаму — каля 50 старонак. Знаходзяцца майстры, якія за адзін-два паходы ў бібліятэку здольныя сваімі словамі перапісаць маладаступныя чужыя тэксты, развесці іх некалькімі спасылкамі на архіў — і вось вам гадавая справаздача і аргументаваны доказ на атрыманне “пайка”. Адным словам, і тут тая ж самая карціна сібарыцтва і сімулянцтва, якая шчодра прафінансавана з народнай кішэні.

Беларуская навука выразна падзелена на бессмяротных і сярмяжных ранцье. Да першых адносяцца акадэмікі і члены-карэспандэнты, якія атрымліваюць прэзідэнцкі паёк пажыццёва. Яны і да перабудовы атрымлівалі ў 2 разы больш сярэдняга заробку па СССР. Іншыя маюць свае надбаўкі толькі на час знаходжання ў штаце вучэбных і даследчыцкіх інстытутаў і поўнасцю такіх пазбаўляюцца, калі выключаюцца адтуль, што таксама несправядліва. Каб патрапіць у акадэмікі і члены-карэспандэнты, неабходны спрыт і выпадак. Хаця фармальна на гэтыя пасады выбіраюцца, але на гэтых выбарах дзейнічаюць свае патаемныя масонскія правілы і рытуалы кланавага перасоўвання, якія не хочуць раскрываць недасведчаным. Паспрабуйце высветліць гэта, і вам распавядуць пра такія хітрыя выкрутасы, што вы і сапраўды паверыце пра існаванне масонскіх ложаў сярод акадэмікаў. Аднак факт такі, што тут ні дысертацыі, ні працы не маюць рашаючага значэння, хаця прэтэндэнты рвуцца на вяршыні лесвіцы навуковых “градусаў”, завяраючы і клянучыся, што яны робяць гэта з чыстай любові да навукі, каб іх навуковыя заслугі атрымалі належнае грамадскае прызнанне і каб яны самі нарэшце атрымалі свободу творчасці і самарэалізацыі.

Практычна нідзе ў свеце не плацяць за вучоныя ступені і званні. У краінах Захаду з рынкавай эканомікай няма дзяржаўнага кантролю над падрыхтоўкай навуковых кадраў, падобнага нашаму ВАК. У нас водгукі апанентаў нярэдка сачыняюць самі суіскальнікі “градусаў”. А закрытыя рэцэнзіі невядомых і ананімных (так званых чорных) экспертаў хіба не ёсць прызнанне эфемернасці, прадажнасці і неаб’ектыўнасці звычайных водгукаў? А менавіта на гэтым “чорным” рэцэнзаванні і пабудавана сістэма праверкі і зацвярджэння дысертацый у ВАК. Чым тады там займаюцца шматлікія экспертныя саветы, калі не дармаедствам, сімуляцыяй актыўнасці і завярэннямі ў сваёй карысці, у тым, што яны — апошні бар’ер на шляху халтуры і падробак дысертантаў? Хіба гэта не сведчыць пра грандыёзныя маштабы дыскрэдытацыі звання вучонага з-за іх утрыманства за грамадскі кошт? Чаго варты тады ВАКаўскія ацэнкі і дыпломы, калі там не давяраюць нармальнаму і радавому рэцэнзенту, куды членаў экспертных саветаў нават не выбірае дэмакратычна-выбарчым чынам навуковая супольнасць?

Вучоныя ступені прысуджаюцца на Захадзе вучонымі саветамі асобных універсітэтаў, так, як гэта было ў нас не так даўно, да пераходу ўсёй сістэмы навукі пад прэзідэнцкі кантроль. Там няма і “чорных” рэцэнзентаў. А калі каму з вучоных хочацца стаць акадэмікам, то там ён можа заплаціць свае “баксы” і атрымаць дыплом члена якой-небудзь прэстыжнай акадэміі. Гэта значыць, там члены акадэмій нічога не бяруць ад дзяржавы, не сядзяць на шыі ў падаткаплацельшчыкаў, а наадварот, яны самі аплачваюць сваё членства. І не сумнявайцеся, гэта не прыводзіць там да засмечвання “градусаў” алігархамі і банкірамі. Вучонае таварыства гэтага не пацерпіць. Вучонага там ацэньвае па яго дасягненнях незалежнае ад дзяржавы грамадства.

Таму гаварыць пра рэформу навукі ў нас можна толькі пры выкананні аднаго ключавога патрабавання — дзяржава павінна проста перастаць плаціць за вучоныя ступені і званні. Яны павінны застацца ганаровымі. Няхай прэтэндэнты на тытулы цешаць свае амбіцыі бяссрэбным шляхам іх набыцця. Гэта адразу пазбавіць навуку ад фіктыўных членаў, якія прадстаўляюць вялізны паразітычны баласт на ўтрыманні грамадства. У выніку навука непазбежна без прымусу і чарговых начальніцкіх наскокаў сама пазбавіцца ад утрыманцаў, і ў ёй застануцца сапраўдныя энтузіясты і творцы.

Надзеі ў гэтым на дзеючую ўладу няма ніякай, паколькі яна сама песціць і фінансава падтрымлівае згаданую сінекуру. Няхай мая прапанова стане тэстам на альтруізм тых, хто хутка зноў будзе клясціся і бажыцца ў сваім служэнні народу да апошняй магільнай дошкі яго ворагаў.

Яўген АНІШЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.

АД РЭДАКЦЫІ

Зразумела, аўтар закрануў важную праблему. Але яго погляд не можа быць канчатковым вердыктам. Таму запрашаем да шырокай дыскусіі навукоўцаў розных профіляў, дзяржаўных служачых, шэраговых чытачоў — усіх, каго хвалюе лёс беларускай навукі.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл