СТАРОНКІ ПАМЯЦІ
Нябышына. Вайна
Мы не сталі чакаць, калі нас пасцігне лёс Шуняўкі ці Вітуніч і перабраліся на правы бок Поні ў лясную вёску Забар’е, якая знаходзілася ў 5—6 кіламетрах ад Нябышына. Нам здавалася, што там будзе жыць спакайней, бяспечней. У Забар’і былі раскватараваны партызаны. Я спадзяваўся ўбачыць тут і радзіёнаўцаў, але дарэмна. Я спрабаваў што-небудзь высветліць пра іх у тутэйшых партызан, але яны адмахнуліся ад мяне, як ад назойлівай мухі.
Калі закончылася вайна, у вёску вярнуўся прымак Фёдар (я пра яго згадваў). Ён на пачатку 1943 года пайшоў у партызаны, а пасля вызвалення апынуўся ў Чырвонай Арміі. І вось у канцы ліпеня ці пачатку жніўня 1945 года ён вярнуўся ў Нябышына. Я адразу пабег да яго. Мы не бачыліся два з паловай гады. Фёдар абрадаваўся сустрэчы, а я тым больш. Мне ўжо споўнілася 11 гадоў, я лічыў сябе дарослым. Нездарма ж кажуць, што адзін год вайны залічваецца за тры. Галоўнае пытанне, якое я яму збіраўся задаць, — што ён ведае пра далейшы лёс народнікаў-радзіёнаўцаў пасля пераходу іх на бок партызан? Далей распавядаю са слоў Фёдара.
Калі была дасягнута дамоўленасць аб пераходзе радзіёнаўцаў на бок партызан, прызначаны дзень, час і месца сустрэчы, партызанскае кіраўніцтва высунула ўмовы — расфарміраваць брыгаду, а асабовы склад размеркаваць па розных партызанскіх атрадах. Палкоўнік Гіль-Радзіёнаў рашуча адхіліў гэтыя прапановы як непрымальныя, і высунуў свае: брыгаду як баявую адзінку захаваць у тым жа складзе; даць гарантыі бяспекі кожнаму салдату; вызначыць раён дыслакацыі брыгады. Але якія гарантыі мог даць камандзір партызанскага атрада? “Пакуль вы будзеце прымаць рашэнне, — сказаў Гіль-Радзіёнаў, — мне трэба вярнуцца ў Докшыцы, пакуль дзейнічае сённяшні пароль, забраць штабную дакументацыю і развітацца з начальнікам нямецкага гарнізона”. На самай справе ён рашыў разграміць нямецкія гарнізоны ў Докшыцах і ў Круляўшчызне. Свой пераход на бок партызан ён увянчаў бліскучай перамогай над немцамі. Пакуль Гіль-Радзіёнаў граміў нямецкія гарнізоны, Берыя аддаў загад Цанаве радзіёнаўцаў абяззброіць і пусціць у расход — расстраляць. Месцам для правядзення злачыннай акцыі была выбрана лясная паляна побач з Бягомльскім партызанскім аэрадромам. Фёдар сказаў, што там ужо рылі катлаваны для масавых пахаванняў. Толькі і па сёння не зразумела, як збіраліся апрычнікі Берыі абяззброіць узброеную да зубоў, добра абучаную, зладжаную баявую адзінку, якая налічвала 2800 чалавек.
Камандзір партызанскай брыгады “Жалязняк” Ціткоў, якая дзейнічала ў Бягомльскім раёне, меў сустрэчы з Гіль-Радзіёнавым і такога павароту падзей не чакаў. Ён тэрмінова адправіў радыёграму Панамарэнку і Сталіну. Адказ з Крамля прыйшоў вельмі хутка. Брыгада Гіля-Радзіёнава пакінута ў тым жа складзе як самастойная баявая адзінка. Палкоўніку Гілю-Радзіёнаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Увесь асабовы склад брыгады ўзнагароджаны баявымі ордэнамі. Берыя і Цанава часова адступілі. Брыгада паспяхова працягвала змагацца супраць немцаў. Яе не аднойчы кідалі на самыя небяспечныя ўчасткі. Калі Чырвоная Армія стала набліжацца да межаў Беларусі, брыгаду Гіль-Радзіёнава перакінулі ў раён возера Палік у 30 кіламетрах на поўнач ад Барысава. Там брыгада ўвязла ў цяжкія працяглыя баі. Трагедыя заключалася ў тым, што на гэтым участку фронту Чырвоная Армія спыніла сваё наступленне і стала рыхтавацца да аперацыі “Баграціён”. Гэта дало магчымасць немцам зняць з фронту некалькі дывізій і кінуць іх супраць Радзіёнава. Немцы добра ведалі, з кім маюць справу, некаторыя іх камдзівы ведалі яго асабіста. Супраць брыгады дзейнічала нямецкая авіяцыя. Радзіёнаву чакаць дапамогі было неадкуль. Камандаванне Чырвонай Арміі і партызанскага руху раўнадушна назіралі, як гіне брыгада. Тое, што Берыі і Цанаве не ўдалося зрабіць уласнымі рукамі, было зроблена рукамі немцаў. Брыгада нанесла немцам вялікі ўрон, але і сама панесла незлічоныя страты. У адным з баёў, каб зручней было кіраваць ім, Радзіёнаў высунуў свой назіральны пункт (НП) на лёд возера. Ад разрыву снарада лёд праламаўся. Па словах Фёдара, цяжка паранены камбрыг пайшоў пад лёд. Гэта адбылося ў сакавіку 1944 года, а можа, на пачатку красавіка.
Пасля гібелі свайго камандзіра радзіёнаўцы працягвалі змагацца. Ніхто ў палон не здаўся. Колькі дзён, тыдняў, а можа, і месяцаў працягвалася гэта крывавае пабоішча, не ведаю. Калі, нарэшце, прыйшла дапамога, у жывых іх засталося каля 800 чалавек, загінула больш за 2000. Усіх, хто застаўся ў жывых, абяззброілі і адправілі на Калыму. Што яны адчувалі, можна толькі гадаць.
Такім быў трагічны лёс радзіёнаўцаў і іх мужнага камандзіра палкоўніка Уладзіміра Гіля са слоў прымака Фёдара. Ці ёсць у свеце такая асоба, якая мае дзве вышэйшыя ўзнагароды ад Гітлера і дзве вышэйшыя ўзнагароды і званне Героя Савецкага Саюза ад Сталіна, не ведаю.
І апошняе. Магчыма, Уладзімір Гіль наш зямляк, беларус? Гіль — прозвішча беларускае.
23. У нашу сям’ю прыйшла бяда
Як я ўжо сказаў, пасля пераходу радзіёнаўцаў на бок партызан мы перабраліся ў вёску Забар’е. Там нас прытулілі добрыя людзі, якія пачалі называць нас бежанцамі.
Была восень 1943 года. У Забар’і размяшчалася рота аўтаматчыкаў (так яны называлі сябе самі) 3-га партызанскага атрада брыгады “Жалязняк”. Асноўная частка атрада разам з камандаваннем размяшчалася ў вёсцы Будзілаўка. Там служыў і мой старэйшы брат Мікалай. Рота аўтаматчыкаў складалася з добра абучаных байцоў Чырвонай Арміі. Усе яны былі рускія. Праўда, сярод іх быў адзін смуглы баец. Усе называлі яго нацменам. Паводзілі партызаны сябе добра. Мы з імі суіснавалі побач, быццам жылі ў адной хаце. З намі пражывала іх трое. Часта яны хадзілі на нейкія заданні. Пасля вяртання снедалі ці вячэралі ў залежнасці ад часу вяртання. Ежу рыхтавалі ў іншай хаце адразу на ўсю роту. Міска супу з іх стала даставалася і мне. Некалькі разоў яны прыносілі бульбу і прасілі маму пасмажыць. Часам садзіліся вакол стала і пачыналі спяваць. Песні былі сумныя, жаласлівыя. Мы сядзелі побач і слухалі. У мамы цяклі слёзы. Я імкнуўся запомніць словы песень. Аднойчы партызаны вярнуліся з задання, і мы ўбачылі, што сярод іх няма нацмена. Ён загінуў, аднак яго цела партызаны ў вёску не прынеслі, каб пахаваць. Гэта была адзіная страта за ўвесь час знаходжання роты ў Забар’і.
У сакавіку 1944 года я і мой родны брат Андрэй, які быў старэйшы за мяне на 5 гадоў, адначасова захварэлі тыфам. Наш бацька паспрабаваў звярнуцца па медыцынскую дапамогу да партызан. Ён ведаў партызанскага лекара Сырнікава, які да вайны працаваў у Бягомлі. Але партызанскае кіраўніцтва ў дапамозе адмовіла. Я і Андрэй удвух ляжалі на адным ложку без лекаў, без медыцынскай дапамогі. Цікава, што ў хаце больш ніхто не хварэў. Партызаны з нашай хаты ўмомант перабраліся ў іншае месца. Зараз я нават і не прыпомню, як мы выкарабкаліся з той хваробы.
Я і Андрэй па-ранейшаму хварэлі, калі да нас у Забар’е верхам на конях прыехалі некалькі партызан. Яны паведамілі, што трагічна загінуў мой самы старэйшы брат Мікалай. Як яны расказалі, Мікалай быў у начным патрулі, а днём адпачываў у хаце. У гэты самы час другі партызан паставіў на падлогу кулямёт для праверкі, па неасцярожнасці націснуў на спускавую скабу і кулямётнай чаргой цяжка параніў соннага Мікалая. Брату ампутавалі нагу па пах. Ён памёр на аперацыйным стале, магчыма, ад страты крыві, магчыма, ад балявога шоку — аперацыю рабілі без абязбольвання. Перад смерцю ён папрасіў, каб не каралі віноўніка гэтага трагічнага здарэння.
Цела Мікалая партызаны чамусьці не прывезлі. За ім паехалі дзве маіх стрыечныя сястры: Аня, якая зараз жыве ў Мінску, і Марыля, якая зараз у Малдове. Бацька не паехаў сам, таму што трэба было зрабіць труну і выкапаць магілу, а ў час вайны гэта было складана зрабіць. Прывезлі цела Мікалая ў суправаджэнні партызан. Памятаю, як бацька запытаў: “А дзе ампутаваная нага?” Партызаны паабяцалі прывезці яе і слова стрымалі. Калі абмывалі цела, з яго выпадалі кулі. Труну з нябожчыкам паставілі ў тым жа пакоі, у якім стаяў ложак, дзе ляжалі хворыя я і мой брат Андрэй, толькі ў супрацьлеглай сцяны. Мы былі так знясілены хваробай, што не маглі самастойна стаяць на нагах. Нас, падтрымліваючы пад рукі, па чарзе падвялі да труны для развітання. Не ведаю, што адчуваў Андрэй (яго ўжо няма ў жывых, трагічна загінуў у 1984 годзе), што ж тычыцца мяне, то ў маім сэрцы, на маёй душы было пуста. Я быў не ў стане ўсвядоміць трагічнасць моманту, таго, што я больш ніколі не ўбачу свайго брата. У мяне нават не навярнуліся на вачах слёзы. Я быў так дакананы хваробай, так ёй прыгнечаны, што мне хацелася аднаго — хутчэй вярнуцца ў свой ложак. Толькі мама горка плакала. У хату сабралася шмат знаёмых і незнаёмых людзей. Пахаванне адбылося ціха, на змярканні, каб пазбегнуць абстрэлу. Пахавалі Мікалая ў Вітунічах побач з тым месцам, дзе яшчэ нядаўна стаяла царква, якую спалілі партызаны ў лістападзе 1942 года. Царква праіснавала нядоўга, была адчынена пры немцах у ліпені 1941 года, а да той пары служыла калгасным сховішчам.
Калі я ўжо быў афіцэрам і прыязджаў на адпачынак у сваю вёску Нябышына, абавязкова наведваўся ў Вітунічы на магілу брата. Аднойчы я прыйшоў туды, але магілы брата не адшукаў. Зніклі ўсе магілы (там было некалькі пахаванняў). Я ўбачыў толькі роўнае месца. Мама мне патлумачыла, што перад нейкай гадавінай Перамогі ўсе магілы ўскрылі і загінуўшых перазахавалі ў агульную магілу, на якой паставілі помнік. Калі быць дакладным — маці сказала, што на новай магіле паставілі бетонны слуп. Я ўбачыў той помнік, на ім напісана некалькі прозвішчаў, але прозвішча Мікалая Копыла там не значылася. Маці дадала, што на перазахаванне нікога з сваякоў не запрасілі, дзе чыя магіла — не ўдакладнялі. Нікога не запрасілі і на адкрыццё помніка. Пра ўсё, пра перазахаванне маці даведалася пазней. Ёй было крыўдна — была магіла сына і раптам яе не стала, зруйнавалі.
Калі маці памерла, я доўгі час не наведваўся ў сваю вёску, бо служыў вельмі далёка, у Кіраўскай вобласці. Пасля звальнення я вярнуўся на сваю радзіму ў Беларусь і праз некаторы час я ўзяўся за справу, каб вярнуць імя брата на помнік, які ўсталяваны на брацкай магіле ў Вітунічах. У савецкі час усе пытанні вырашала КПСС. Таму я адаслаў ліст у Докшыцкі райкам КПБ. Атрымаў адмоўны адказ, накіраваў другі ліст. На гэты раз у архіве знайшліся звесткі пра майго брата-партызана. На помніку з’явілася імя Мікалая: “Копыл Н.Ф”. Цяпер у мяне ёсць месца, куды пакласці кветкі.
24. Зноў блакада
Чырвоная Армiя наступала вельмi марудна. Толькi на пачатку 1944 года яна ўступiла на тэрыторыю Беларусi.
У гэты час я i мой брат Андрэй пайшлi на папраўку, хвароба адступала сама па сабе. Я ўжо самастойна выходзiў на вулiцу, садзiўся на прызбу i грэўся на сонцы. Але ў гэты час i ў Забар’i стала жыць неспакойна. Немцы пачалi дзейнiчаць больш актыўна, каб засцерагчы ад партызан свае тылы ў прыфрантавой паласе, бамбiлi навакольныя лясы. Дзякуй Богу, вёску яны не чапалi. Калi i пралятаў над вёскай самалёт, то вельмi нячаста. Аднойчы я сядзеў на прызбе сваёй хаты, калi над вёскай з’явiўся нямецкi самалёт. Неба было хмарнае, i ён ляцеў не надта высока.
Зрабiў над вёскай круг i на другiм заходзе скiнуў бомбу. Я бачыў, як яна падала, не вертыкальна ўнiз, а пад нахiлам у напрамку палёта самалёта. Бомба ўдарыла ў прасценак памiж вокнаў суседняй хаты i ўпала побач на зямлю. Выбух не адбыўся. Партызаны тую бомбу адвезлi кудысьцi за вёску. Гаспадарамi пацярпелай, i ў той жа час шчаслiвай, хаты былi Фамiны. Яны прытулiлi ў сябе сям’ю Сiдара Маскалейчыка з нашай вёскi Нябышына, неразлучнага сябра майго бацькi. З iх сынам Мiшам сябраваў i я. Але хадзiць да Фамiных баяўся. У iх хаце быў на пастоi нейкi партызанскi чын, па прозвiшчы Аксючыц. Ён заўсёды быў п’яны, да ўсiх чапляўся, пагражаў пiсталетам. Усе насельнiкi хаты жылi ў страху i небяспецы. Асаблiва пакутавалi дзве дачкi Фамiных i старэйшая дачка дзядзькi Сiдара. Таму нi я да Мiшы, а Мiша да мяне прыходзiў гуляць. Калi я захварэў, Мiшу да мяне перасталi пускаць, каб не заразiўся тыфам. Калi б бомба выбухнула, усе яны маглi загiнуць.
Мае бацькi некалькi разоў таемнымi сцежкамi хадзiлi ў Нябышына, каб пасадзiць агарод. Мяне i Андрэя яны адводзiлi ў лес за Забар’е i там астаўлялi. Вярталiся яны позна вечарам i забiралi нас. Нашы бацькi маглi не вярнуцца назад, маглi апынуцца ў руках немцаў цi палiцаяў. Аднойчы той лес, у якiм нас пакiнулi бацькi, сталi бамбiць нямецкiя самалёты. Мы схавалiся ў яму, якая на шчасце была побач. Калi бамбёжка скончылася, мы не здолелi выбрацца з той ямы, не хапiла моцы. Сцямнела. З ямы мы бачылi кавалак неба, на якiм ужо ззялi зоркi. Нарэшце з’явiўся бацька i выцягнуў нас. У вёсцы было бяспечней, але бацькi нас адводзiлi ў лес на выпадак, калi раптам у iх адсутнасць вёску Забар’е зоймуць немцы.
Распаўсюдзiлiся слухi, што немцы рыхтуюць чарговую блакаду. Аднойчы мы заўважылi, што з вёскi Забар’е знiклi апошнiя партызаны. Мясцовыя жыхары адчулi палёгку, а мы, бежанцы, наадварот, адчулi небяспеку: раз партызаны ўцяклi, то гэта прамы сiгнал, што вельмi хутка тут будуць немцы. Як звычайна, партызаны нас пра небяспеку не папярэдзiлi. Мой бацька вырашыў перажыць чарговую блакаду ў лесе i на балоце. Мясцовыя ж жыхары не прыдалi значэння небяспецы, засталiся ў вёсцы, угаворвалi нас застацца. Але ў нас ужо быў вопыт: у першую блакаду ўсе, хто пакiнуў вёску, засталiся ў жывых, а хто застаўся ў ёй — загiнулi. У адзiн з дзён мы пакiнулi Забар’е, а на наступны дзень прыйшлi немцы. Не знайшоўшы ў вёсцы партызан, яны пайшлi далей, вяскоўцаў не чапалi, нiхто не пацярпеў. А мы забралiся ў глыб балота, спадзеючыся, што там нас нiхто не знойдзе. Усяго ў нашай групе было 15—20 чалавек. Магчыма, на трэцi дзень нашага блукання мы сядзелi на балотных купiнах, адпачывалi, як раптам убачылi немцаў. Мужчыны i старэйшыя падлеткi непрыкметна кiнулiся ў непралазны хмызняк. Немцы гэтага не заўважылi. Жанчыны i дзецi засталiся на месцы. Мы сядзелi цiха без мiтуснi, чакалi, што будзе. Немцы рухалiся калонамi па аднаму, мiж калонамi была шарэнга. Колькi было тых калон — не злiчыць. Калi немцы дайшлi да нас, то прыпынiлiся. Яны паводзiлi сябе спакойна. Цераз перакладчыка афiцэр запытаўся ў жанчын, дзе зараз iх мужы? Усе дружна адказалi, што мужчыны на вайне.
Потым ён паказаў на майго брата Андрэя i запытаўся, колькi яму гадоў. Мацi адказала, што яму споўнiлася 11. Насамрэч яму было 15 гадоў, але пасля хваробы ён меў выгляд, варты жалю. Як выглядаў я — не ведаю, не было люстэрка, каб паглядзецца. Потым перакладчык сказаў, каб мы вярталiся ў сваю вёску, нiхто там нас не кране, там больш бяспечна, там няма стралянiны. Перакладчык быў у чырвонаармейскай форме без пагон. Разам з немцамi быў каржакаваты мужчына, апрануты па-вясковаму. Ён у наш бок прамовiў: “Усыпаць бы вам па спiне бiзуноў”. “За што?” — не ўстрымалася цётка Анэта. “А каб не ўцякалi”, — адказаў ён па-беларуску. Немцы пайшлi далей, а мы засталiся сядзець на балотных купiнах. Не надта далёка страляў нямецкi 6-ствольны мiнамёт. Мы яго называлi “шараваркай”. Калi вярнулiся мой бацька, дзядзька Сiдар i ўсе астатнiя, мы, паверыўшы немцам, вярнулiся ў Забар’е. Нас сустрэла гаспадыня хаты. У вёсцы панаваў спакой. Больш мы ўжо не бачылi нi немцаў, нi партызан, не чуваць было стралянiны, перасталi лётаць самалёты.
25. Вызваленне
Дакладна не магу сказаць, колькi часу мы жылi вольна — без немцаў i без партызан — можа, тыдзень, можа, два. У адзiн ясны, цёплы дзень у вёску Забар’е ўвайшла часць Чырвонай Армii. Было шмат салдатаў, аўтамабiлi — “студабекеры”, гарматы, кацюшы i некалькi танкаў. Дзякуй Богу, вёску не абстрэльвалi. За ўвесь час акупацыi ў Забар’i не згарэў нiводны дом. Жыхары вёскi сустракалi Чырвоную Армiю вельмi стрымана. Я не бачыў, каб людзi кiдалiся да вызвалiцеляў у абдымкi з пацалункамi, каб кiдалi на браню букеты палявых кветак, каб выходзiлi насустрач з чыгунком гарачай бульбы цi збанком малака. Ды i не было з чым сустракаць. Партызаны выграблi ўсё да апошняга кураняці, да апошняга зерня. Людзi моўчкi глядзелi на ваенную калону цераз платы сваiх двароў. Калона прайшла праз вёску Забар’е i спынiлася ў вёсцы Туменцы, да якой было ўсяго паўкiламетра. Мне вельмi хацелася паглядзець на кацюшы зблiзку, i я пабег туды. У лiчаныя хвiлiны ля ваеннай тэхнiкi сабралiся падлеткi дзвюх суседнiх вёсак. Нам пашанцавала. З адной устаноўкi салдаты знялi брызентавы чахол i сталi рыхтавацца зрабiць залп у бок Вiтунiч i Нябышына. Потым афiцэры параiлiся памiж сабой i залп адмянiлi. Устаноўку зачахлiлi, i калона рушыла далей.
Вось такiм я запомнiў дзень нашага вызвалення.
Верагодна дзесьцi было iнакш, але ў нас было так.
26. Вяртанне дадому
На наступны дзень пасля прыходу Чырвонай Армii мы адправiлiся ў сваю вёску. Нам здавалася, што ў мiнулым засталiся усе пакуты акупацыi, жыццё на балоце, партызанскае i палiцэйскае рабаўнiцтва, голад, холад, хваробы, страты блiзкiх людзей. Як жа мы памылялiся!
Мы падышлi да берага ракi Понi i ўбачылi роднае Нябышына. Яно было спалена да тла. Увосень 1943 года мы пакiнулi вёску цэлай. У першую блакаду немцы спалiлi 4 крайнiя хаты, у тым лiку i нашу за тое, што з нашага двара партызаны адкрылi стралянiну. Хто на гэты раз спалiў усю вёску, цi немцы, цi партызаны, невядома. Людзi нават спрачалiся, хто з iх злачынца. Вёска мела стратэгiчнае значэнне для немцаў, iм было выгадна, каб яна заставалася цэлай. Пад прыкрыццём вёскi яны маглi ўшчыльную наблiзiцца да ракi Понi з боку Докшыц, пераправiцца на правы бераг i стварыць прамую пагрозу партызанам. Партызаны добра ведалi пра гэту небяспеку. Каб засцерагчыся, iм было выгадна спалiць вёску. Гэтым самым яны пашыралi далягляд да 2 км. Немцы ў гэтым выпадку ўжо не маглi падысцi непрыкметна да ракi.
Нарэшце мы прыйшлi на сваё папялiшча. Яно ўжо зарасло травой. Бацька сказаў: “Нiчога, адбудуемся. Галоўнае — мы жывыя, хоць i не ўсе”. Ён меў на ўвазе смерць Мiкалая. “Я паставiў перад сабой мэту — выжыць i вас зберагчы. I мы гэтага дасягнулi, — прадоўжыў свой маналог бацька. — Гэта большае геройства i мужнасць, чым абстраляць з засады нямецкую машыну, цi забiць немца з-за вугла”. Потым, калi я ўспамiнаў гэтыя словы, я пагаджаўся з iмi. Мне незразумела, для чаго Аляксандр Матросаў закрыў амбразуру сваiм целам. Можна ж было закрыць яе шынялём, бушлатам, цi закiнуць у амбразуру гранату.
Але вернемся да папялiшча. Бацька азiрнуўся наўкола, а потым бадзёра прамовiў: “Хопiць марнаваць час, пачынаем будаваць жыллё”. Ён узяў у рукi сякеру i высек некалькi жардзiн, лес быў побач. На гумне ў нас цудам уцалела капешка саломы. Да канца дня мы пабудавалi прасторны, утульны шалаш. Вечарам да нас завiтаў мой стрыечны брат Мiша Ананiч. Мы яго з ахвотай прынялi ў свой шалаш, месца хапiла ўсiм. Мiшу было 14—15 гадоў. Ён прыйшоў да нас з непустымi рукамi. На правым плячы ў яго вiсеў нямецкi карабiн, а на левым — вялiкая торба з патронамi. Той карабiн нас здорава выручаў. Мiша вельмi хутка стаў трапным стралком. Ён страляў птушак, забiваў зайцоў i нават пры дапамозе стрэлу глушыў рыбу. Я збiраў шчаўе цi свiрэпу, i з усяго гэтага мацi варыла вельмi смачную ежу. Мiша i мяне навучыў метка страляць.
На наступны дзень да нашага шалаша прыехала раённае начальства з Бягомля. Чыны загадалi майму бацьку: “Цябе ад пасады старшынi калгаса нiхто не адхiляў, прыступай да працы, падымай калгас”. Як мне помнiцца, размаўлялi злосна, у адказ не далi нiчога сказаць. Але як падымаць? Няма нi мужчын, нi коней, нi iнвентару, нi насення. Замест хат i гаспадарчых будынкаў засталiся адны папялiшчы. Як толькi чыноўнiкi з’ехалi, адразу да нас прыбег мой сябра Лёня, сын старасты Кастуся Шульгата, i разгублена звярнуўся да майго бацькi: “Дзядзька Пiлiп, прыехалi нкусаўцы забiраць нашага тату”. Мой бацька пабег яго ратаваць.
У той жа дзень мой бацька сабраў людзей, каб параiцца з iмi, што рабiць далей, як падымаць калгас. Я быў разам з iм. На вулiцы ляжала тоўстае бервяно, i людзi садзiлiся на яго. Каму не хапiла месца, сядзелi на траве. Тут былi старыя людзi, калекi. З тых, каго я запомнiў, сярод iх былi Нiкiфар, дзядзька Лаўрэн, Цiмафей, Пётр i Мiша Кузьмiчы, Сiдар i Змiтрок Маскалейчыкi, Мiкiта, Косця Паўловiч, дзед Барыс. Прыйшло некалькi жанчын. Выслухаўшы майго бацьку, людзi абурылiся. Хтосьцi сказаў: “Пiлiп, няўжо зноў у нас будзе гэты ненавiсны калгас, зноў галеча? Мы нават пры немцах жылi лепш, пакуль не з’явiлася гэтая партызанская нечысць”. Усе разам загаманiлi. Гэтыя жорсткiя словы вырашылi лёс майго бацькi.
27. Мой бацька пайшоў на фронт
Пад уражаннем размовы з вяскоўцамi мой бацька на наступны дзень паехаў у Бягомль да першага сакратара райкама партыi Манковiча. Яны добра ведалi адзiн аднаго. Да вайны не аднойчы сустракалiся на раённых нарадах. У часы акупацыi Манковiч быў камiсарам партызанскай брыгады “Жалязняк”. Вярнуўшыся з Бягомля, бацька расказаў, як прайшла сустрэча. Мы сядзелi каля вогнiшча i слухалi. Я прывяду ўрывак з яго аповеду, якi мне найбольш запомнiўся.
Бацька (прывiтаўшыся): — Сцяпан Сцяпанавiч, я зайшоў да Вас, каб сказаць, што адмаўляюся ад пасады старшынi калгаса. Буду працаваць шараговым калгаснiкам.
Манковiч: — Мы тут не ў цацкi гуляем. Партыя загадала.
Бацька (перабiвае): — Прабачце, я — беспартыйны.
Манковiч: — Скажы дзякуй, што ты да мяне зайшоў, што я цябе добра ведаю, мог бы загрымець...
Бацька: — Сцяпан Сцяпанавiч, не будзем марнаваць час, я для сябе прыняў цвёрдае рашэнне, я настойваю на сваiм.
Манковiч (стукнуўшы далонню па стале): — На фронт пойдзеш!
Бацька: — Я не прыгодзен да службы па стане здароўя.(На Першай сусветнай вайне яго кантузiла, таму ў яго быў дрэнны слых.)
Манковiч: — Гэта мы будзем вырашаць, годзен ты да службы цi не.
Бацька: — Мой узрост не прызыўны.
Манковiч: — I з узростам разбяромся. Людзi за радзiму кроў пралiваюць, змагаюцца з фашызмам, а ты прыкрываешся станам здароўя, узростам. Заўтра ў 12.00 быць у райваенкамаце. Я туды патэлефаную.
Бацька працягваў расказ, але мяне паклiкаў Мiша. Ён паказаў мне каршуна, якi спакойна сядзеў на вяршалiне сасны. Мiша даваў мне стрэлiць ужо некалькi разоў. Я нават трапляў у бляшанку з-пад кансерваў. Ён аддаў мне ў рукi карабiн i сказаў, каб я пастараўся пацэлiць у птушку. I я пацэлiў, каршун упаў на зямлю. На вячэру мама зварыла бацвiнне з птушыным мясам. Каршун быў вельмi тлусты.
Ранiцай бацька абняў нас па чарзе i пайшоў у Бягомль аселiцамi, каб не сустракацца з людзьмi. Мы засталiся ў шалашы. З фронту ад бацькi прыходзiлi лiсты. Мама iх чытала ўслых. Пасля мая 1945 года мы лiчылi днi, калi ён вернецца дадому. Але, як высветлiлася, СССР i яго непераможная Чырвоная Армiя без майго бацькi не маглi дабiць Японiю.
Ён загiнуў 19 жнiўня 1945 года ў Маньчжурыi пад горадам Мукдэнам.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне