Аўтуховіча і Асіпенку давялі да суда...
10 сакавіка ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся судовы працэс над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі. Наступнае пасяджэнне перанесена на 16 сакавіка.
Да пачатку суда было абвешчана, што суд будзе адкрытым, таму жадаючыя патрапіць на працэс пачалі збірацца ля будынка суда яшчэ за гадзіну да пачатку разгляду справы, якая была прызначана на 10.00.
На вуліцы назіраліся даішнікі і сілавікі. Тыя, што былі ў форме, знаходзіліся непасрэдна ля будынка суда, “людзі ў цывільным” размеркаваліся па ўсёй вуліцы — на перакрыжаванні вуліц Кірава і Леніна, у раёне МЗС, за вуглом суда.
Зрэшты, аніякіх маніфестацый і “жывых ланцугоў” з партрэтамі ваўкавыскіх прадпрымальнікаў не было. Як не было і многіх лідэраў апазіцыйных партый — відаць, усе яны ў гэты час дружна накіраваліся ў Варшаву па запрашэнні Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Тым часам у залу суда не прапусцілі нават многіх журналістаў, спасылаючыся на тое, што тыя не атрымалі ў свой час акрэдытацыю. Але, наколькі вядома, ужо 9 сакавіка некаторым паведамілі, што ліміт на журналістаў вычарпаны. Калі ж прадстаўнікі СМІ вырашылі прайсці проста па пашпарце як грамадзяне Беларусі (працэс жа адкрыты), то і гэта ўдалося не ўсім.
— Зала не гумовая, усяго на 70 чалавек, — апраўдвалася работніца суда. — Гэта наша самая вялікая зала. Ці ёсць яшчэ пацярпелыя?
— Мы пацярпелыя, — адказвалі журналісты.
У выніку тыя, хто сабраўся ў фае, пачалі пісаць заяву ў Кнігу скаргаў і прапаноў. Хоць у залу патрапілі некаторыя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі АБСЕ, было шмат тэлекамер дзяржаўных СМІ. Аднак калі працэс пачаўся, то фота- і тэлездымкі былі забаронены.
На судзе Мікалай Аўтуховіч заявіў хадайніцтва, каб яму былі выдадзены копіі матэрыялаў справы для дадатковага азнаямлення, а таксама каб працэс быў разгледжаны ў Мінскім гарадскім судзе ці Гродзенскім абласным і была магчымасць абскардзіць рашэнне.
Хадайніцтва Аўтуховіча аб дадатковым азнаямленні з матэрыяламі справы было задаволена. Таксама будзе накіраваны запыт у пракуратуру наконт правамоцнасці дзеянняў супрацоўнікаў упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Можна толькі здагадвацца, які будзе адказ з пракуратуры.
Дарэчы, па словах праваабаронцы Алега Волчака, падчас судовага пасяджэння ў зале адсутнічаў адзін з галоўных пацярпелых — экс-старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка. “Адсутнасць такога важнага фігуранта справы падаецца вельмі дзіўнай, — адзначыў Алег Волчак. — Бо на судзе прысутнічаў нават заняты намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка. А што перашкодзіла гэта зрабіць цяпер беспрацоўнаму Саўчанку, якога адправілі ў адстаўку? Звычайна ў такіх выпадках суд павінен даручыць судоваму сакратару патэлефанаваць пацярпеламу, вызначыць, дзе той знаходзіцца... Можа, ён таксама знік, як нядаўна знік і экс-начальнік гродзенскай міліцыі Генадзь Хоцька? Дзіўна, што знікаюць такія высокапастаўленыя чыноўнікі”.
Учора мы пацікавіліся ў сакратаркі суддзі Аляксея Цяцюхіна, які вядзе гэты працэс: “Ці выклікаўся Уладзімір Саўчанка на першае судовае пасяджэнне? І калі так, то чаму ён не з’явіўся?” У адказ было кароткае: “Такой інфармацыі мы не даём. І наўрад дзе вы яе яшчэ атрымаеце”.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне