РОЗДУМ
Iрына ПЕРАПЯЛIЦА: «Праблем у нас — воз і маленькі вазок...»
Каля двух тыдняў таму стартавала кампанія “Гавары праўду!”. Мінчанка Ірына ПЕРАПЯЛІЦА расказала “Народнай Волі”, чаму яна адной з першых адгукнулася на гэтую акцыю.
Нагадаем, што ініцыятарам грамадзянскай кампаніі выступіла творчая і навуковая інтэлігенцыя Беларусі: літаратары Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, прафесар, заснавальнік фонду “Дзеці Чарнобыля” Генадзь Грушавы, акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня БАЖ Жанна Літвіна, міжнародны гросмайстар па шахматах Віктар Купрэйчык, праваабаронца Таццяна Процька. Лідэр кампаніі — вядомы паэт і грамадскі дзеяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Някляеў.
Як заявілі ініцыятары, мэта кампаніі — дакладная інфармацыя пра сітуацыю ў краіне і яе абнародаванне. Першай акцыяй кампаніі стаў заклік да грамадзян накіроўваць у Адміністрацыю кіраўніка краіны адмысловыя паштоўкі з паведамленнямі пра мясцовыя праблемы.
— Я даведалася аб акцыі ад сяброў і палічыла сваім абавязкам далучыцца, — распавядае мінчанка Ірына Перапяліца. — Што ж тут дрэннага — расказваць аб праблемах свайго раёна, сваіх праблемах, якія не вырашаюцца на месцы? І ў нас (а я жыву ля Чэрвенскага рынку) іх хапае таксама.
— Напрыклад?
— Напрыклад, у нашай паліклініцы няма эндакрынолага. У двары вядомага на ўвесь Мінск чырвонага вялізнага дома па вуліцы Маякоўскага на месцы дзіцячай пляцоўкі збіраюцца будаваць шматпавярховы дом. Мала таго, што не будзе пляцоўкі, дык не будзе і сонца для дзяцей, бо садок знаходзіцца ў некалькіх метрах. Гэта, бадай што, адзіная дзіцячая пляцоўка на больш як дваццаць пад’ездаў. І тую зносяць! Людзі настолькі абураны, што збіраюцца нават пікетаваць будаўніцтва, калі яно пачнецца. І многія падазраюць, што ў гэтым праекце асноўным аргументам выступаюць грошы, а ў такіх выпадках, як нярэдка адбываецца, аб дзецях думаюць менш за ўсё.
— Аб якой праблеме вы напісалі ў паштоўцы?
— Аб сваёй асабістай. Я жыву ў прыватызаванай кватэры і па колькасці ўкладзеных чэкаў маю права на адзін маленькі 6-метровы пакой. На іншай жылплошчы — іншыя сем’і. У мяне двое непаўнагадовых дзяцей, жывем у адным пакоі. Дзецям, па вялікім рахунку, нават няма дзе рыхтавацца да школы, адной з дачок часам на падлозе спаць даводзіцца. Я стаю на чарзе дзесяць гадоў, і прасвету ніякага не бачна. А купіць таксама няма фінансавай магчымасці. Куды б я ні пісала з просьбай дапамагчы вырашыць праблему — адны адпіскі. Так што думаю, што акцыя вельмі карысная. А вось наколькі будзе эфектыўная — пакажа час.
— Людзі адгукаюцца?
— Ведаеце, калі знаёмыя пыталі ў мяне пра акцыю, я ім тлумачыла, што гэта такое. Але ёсць і такі кантынгент, што, калі знаходзіць паштоўку з надпісам “Гавары праўду!”, то нават і не разбіраецца — адразу ж у сметніцу разам з іншымі рэкламнымі абвесткамі, якія пачкамі кідаюць у паштовыя скрыні. Трэба тлумачыць, што і да чаго, — тады паштоўкі бяруць з задавальненнем. Мы ж нічога не парушаем, калі расказваем пра свае невырашальныя праблемы. Людзі перадаюць інфармацыю аб акцыі адзін аднаму, і гэта, напэўна, самая лепшая інфармацыйная кампанія, якая толькі можа быць. А праблем, паўтаруся, у кожным раёне і ў кожнага чалавека — воз і маленькі вазок...





галоўнае онлайн:


Навіны
Дадаць каментарый