СТАРОНКІ ПАМЯЦІ
Нябышына. Вайна
28. Выпадковыя ахвяры
Такiм чынам, Чырвоная Армiя вызвалiла нашу мясцовасць ад немцаў, акупацыя закончылася. Людзi пацiху сталi вяртацца ў вёску. Дарослыя хадзiлi на працу ў калгас, а ў вольны час ладкавалi сваё жыццё. Мы, дзецi, засталiся без нагляду. Бацькi папярэджвалi нас, каб мы не хадзiлi ў лес па грыбы цi па ягады — там яшчэ блыталiся адстаўшыя ад фронту немцы. Гэтаксама ў 1941 годзе мы баялiся адстаўшых чырвонаармейцаў. Але мы не надта слухалiся бацькоў. Мы збiралiся ў купку i шукалi “трафеi”. Паколькi баёў вакол нашай вёскi не адбывалася, то i трафеi былi бедныя: бляшанкi з-пад кансерваў, драўляныя скрынкi, кардонныя каробкi. Усё гэта мы неслi ў свае двары. Траплялiся i больш небяспечныя цацкi. Я ўжо пiсаў, што ў майго стрыечнага брата быў нямецкi карабiн i запас патронаў.
Адзiн 10-гадовы падлетак знайшоў ракетнiцу. Яна была зараджана. У час гульнi ён нацiснуў на курок, адбыўся стрэл i сiгнальнай ракетай другому падлетку прапалiла штаны i абпалiла скуру на назе. Вiноўнiк уцёк дадому, а пацярпелы, наадварот, баяўся паказацца на вочы бацькам, але не з-за раны, а з-за прапаленых штаноў.
Аднойчы я асабiста правёў небяспечны эксперымент. Я разабраў вiнтовачны патрон, адсыпаў частку пораху, прапiхнуў кулю ўнутр гiльзы, а зверху насыпаў порах. Потым порах падпалiў сярнiчкай. Адбыўся стрэл. Куля паляцела ўвышыню на 15—20 метраў. На гэтым мае прыгоды не скончылiся. Я падняў кулю i вырашыў выплавiць з яе свiнец на грузiла для вуды. Але куля была разрыўная, адбыўся выбух, вогнiшча раскiдала. Дробныя асколкi прадзiравiлi мае штаны i ўпiлiся ў скуру ног. Пацякла кроў. Невялiчкiя асколкi жалеза я павыкалупваў лязом нажа. Не толькi мацi, але нiкому пра гэты выпадак я не расказваў. Пiшу пра гэта ўпершыню.
Сярод нашых знаходак часта былi капсулы-дэтанатары для толавых шашак. Мы iх кiдалi ў агонь i разбягалiся ў розныя бакi. Бывала, што хто-небудзь кiдаў у вогнiшча патрон цi дэтанатар непрыкметна. I калi знянацку адбываўся выбух, мы былi вельмi напалоханыя.
Але не ўсё нам сыходзiла з рук. Былi выпадкi вельмi трагiчныя, са смяротным канцом. Так, 11-гадовы хлапец (звалi яго Ваня) знайшоў унiтарны пушачны боепрыпас — снарад. Ён прынёс яго на свой двор i стаў аддзяляць снарад ад гiльзы. Мацi была на працы. Хутка вакол Ванi сабраўся цэлы натоўп падлеткаў. Ваня стукаў боепрыпасам аб зямлю, выбух мог адбыцца ў любы момант. Вынiк быў бы непапраўны. Магчыма, i я не пiсаў бы гэтыя радкi. Нас ад немiнучай гiбелi выратавала тое, што боепрыпас быў фугасны, узрывацель быў закрыты металiчным калпачком. Нарэшце гiльза аддзялiлася. Яна была запоўнена доўгiм, як макарона, порахам, даўжынёй 15—20 см. У гэты час на двор зайшоў 14-гадовы хлопец Валодзя (зараз ён жыве ў Бягомлi). Ён у сваёй руцэ трымаў толавую шашку з капсулем-дэтанатарам. Не хапала бiкфордавага шнура. Убачыўшы доўгi порах, ён палiчыў, што iм можна замянiць бiкфордаў шнур i прапанаваў падараваць шашку. Яе вага хутчэй за ўсё складала 200 г. Мы ўсе накiравалiся за вёску ў бок могiлак. Уладальнiк шашкi скруцiў з махоркi цыгарку, замацаваў у капсуль адну трубачку пораху i падпалiў яе. Порах задымiўся i патух. I тут на дапамогу прыйшоў Ваня: “Давай я падарву, у цябе рукi дрыжаць”. Мы на ўсякi выпадак адбеглi на 25—30 метраў i залеглi. Ваня надзейна падпалiў порах i iмгненна ў яго руках адбыўся выбух. Ваня загiнуў. Ён быў адзiным дзiцем у сям’i. Мы з перапалоху разбеглiся хто куды.
З гэтага здарэння мы не зрабiлi высноў. Праз некалькi дзён другi хлопец, якому было гадоў 14—15, знайшоў супрацьтанкавую гранату. Ён сабраў нас i павёў да ракi глушыць рыбу. На беразе ён выняў засцерагальную чаку i кiнуў гранату на сярэдзiну ракi. Але выбух не адбыўся. Тады ён раздзеўся i нырнуў у ваду. Я не памятаю, як гэтага хлопца звалi, таму што ён быў нашмат старэйшы за мяне. Адшукаўшы гранату, ён вылез на бераг. У яго хапiла розуму папярэдзiць нас, каб мы адышлi на 30—40 м i залеглi, што мы ўсе i зрабiлi. У момант замаху для кiдка граната выбухнула. Хлопца разнесла ўшчэнт. Гэта было жудаснае вiдовiшча. Мы ляжалi за купiнамi, баялiся паварушыцца. Ён таксама быў адзiным дзiцем у мацi. Якраз у гэты час вербавалi людзей для засялення горада Кенiгсберга, i Вольга, яго мацi, ад’ехала туды адразу пасля пахавання сына. Мiлiцыя па гэтых няшчасных выпадках нiякага следства не праводзiла i нават не прыязджала ў вёску. Магiлы гэтых двух хлопцаў знайсцi ўжо немагчыма.
29. Я адмовiўся помсцiць
Праз некалькi тыдняў, калi фронт быў ужо далёка на захадзе, праз нашу вёску рухалася невялiкае армейскае падраздзяленне, чалавек у 20—25 на 8—10 павозках. У кожную павозку было запрэжана па два канi. На нашым гумне яны спынiлiся на прывал, распалiлi паходную кухню, сталi рыхтаваць сабе абед. Я тут жа падключыўся да iх, стаў збiраць i падносiць дровы. За гэта атрымаў чарпак супу, якi налiлi ў салдацкi кацялок, а ў накрыўку ад кацялка паклалi кашу. Ежа была смачная. Сярод салдат быў палонны немец. Ён атрымаў на абед такую ж порцыю, як i ўсе. Пасля абеду камандзiр стаў са мной размаўляць — колькi мне гадоў, дзе мой бацька. Потым запытаўся, цi ёсць у нашай сям’i загiнуўшыя ў часы акупацыi. Я адказаў: “Так, ёсць”, — i пералiчыў усiх загiнуўшых сваякоў. Ён сказаў, што наша сям’я моцна пацярпела ад акупантаў. Запытаўся, цi ўмею я страляць. Я адказаў, што ўмею. Афiцэр даў мне карабiн i сказаў, што я за ўсё магу адпомсцiць, магу застрэлiць палоннага немца. Немец насцярожыўся, магчыма, ён зразумеў, аб чым iдзе гаворка. Я зiрнуў на яго, а ён глядзеў на мяне шырока расплюшчанымi вачыма. Мне не хацелася помсцiць нi гэтаму немцу, нi любому iншаму. Я сказаў афiцэру, што маiх сваякоў забiлi палiцаi. Я хацеў яшчэ дадаць, што брата Мiкалая забiлi партызаны, але ён мяне спынiў i ўдакладнiў, што немцы i палiцаi — усе яны фашысты. Мне стала не па сабе, заныла пад лыжачкай. Я паклаў карабiн на зямлю, кiнуўся на ўцёкi i прасядзеў у кустах, пакуль салдаты не пакiнулi наша гумно. Я пра гэта нiкому не расказваў. I калi зараз прыпамiнаю той выпадак, то з павагай стаўлюся да сябе. Я ўспамiнаю таго немца i думаю, цi ўдалося яму выжыць i вярнуцца на сваю радзiму ў Нямеччыну. I яшчэ, я ўспамiнаю таго савецкага афiцэра, якi паспрабаваў укласцi зброю ў рукi 10-гадовага падлетка i скалечыць яго дзiцячую душу. Дзякуй Богу, мая мараль аказалася вышэй за мараль таго афiцэра, хоць слова “мараль” я тады яшчэ не ведаў.
30. Жыццё працягваецца
Бацька пайшоў на фронт, а мама, брат Андрэй i я засталiся ў шалашы. Жыццё працягвалася. Але якое гэта было жыццё? Гады акупацыi ў параўнаннi з iм маглi здацца раем. Нас чакалi цяжкiя выпрабаваннi. Знайшоўся бацька Мiшы, i мой стрыечны брат разам са сваiм карабiнам пакiнуў наш шалаш. Мы пазбавiлiся хоць i мiзэрнага, але мяснога рацыёна, якi ён здабываў для ўсiх нас. Маму i брата Андрэя штодзённа ганялi на працу ў калгас. За гэта не плацiлi, толькi ставiлi палачкi-працаднi. Палеткi пуставалi, таму што па вiне партызан не было магчымасцi восенню 1943 года пасеяць азiмыя, а вясной 1944 года — яравыя. Партызаны лiчылi, што ўраджай можа дастацца немцам. Тое, што ўдалося пасадзiць у сваiх агародах, рызыкуючы сваiм жыццём, не вырасла без дагляду. Наперадзе нас чакала халодная i галодная зiма, i яшчэ больш галодная вясна. З Бягомльскай МТС прыгналi калёсны трактар ХТЗ, пачалi араць поле, рыхтавалiся да сяўбы азiмых. Мы, падлеткi, пiльна сачылi, калi будуць араць поле, дзе раней расла бульба. Мы збiралi марожаную, гнiлую бульбу, якую называлi “лапуны”, таму што лупiна лёгка здымалася. З такой бульбы мы пяклi чорныя, цвёрдыя ляпёшкi. Але тады здавалася, што яны вельмi смачныя. У першыя пасляваенныя гады ўдосталь наелiся травы.
Сем’i, у якiх былi мужчыны, пачалi будаваць сабе хаты. Першым пабудаваўся Аляксей Ляўко. Ён быў добрым цесляром. Пабудавалi сабе хаты Пётра Кузьмiч, Кастусь Шульгат, Мiша Кузьмiч, якi стаў старшынёй калгаса. Мы, як i шмат iншых сямей, заставалiся жыць у шалашах i часовых пабудовах. На двары ўжо стаяла сярэдзiна жнiўня 1944 года. Пара было рыхтавацца да школы. Мая хросная мама Юстына была добрай швачкай. У яе нейкiм цудам збераглася даваенная швейная машына, i яна пашыла мне штаны з нямецкай маскiровачнай плашч-палаткi. На ўзлесках, уздоўж дарог мы збiралi адзенне i абутак, кiнуты чырвонаармейцамi цi немцамi, нават драныя, без падэшвы. Падэшвы мы высякалi i выстругвалi з асiнавых чурак па форме i размеру ног i цвiкамi прыбiвалi да халяваў. У такiм абутку хадзiць нязручна, але iншага выйсця не было. Аднойчы мы знайшлi парашут, жанчыны пашылi з яго блузы, кофты, фiранкi.
31. Другi раз у першы клас
Наступiла 1 верасня 1944 года. Я пайшоў у першы клас Нябышынскай сямiгадовай школы, пайшоў у першы клас другi раз. Мне споўнiлася 10 гадоў. У першым класе мне рабiць было нечага. Але ў нашай школе былi створаны толькi 1-ы i 4-ы класы. 2-га i 3-га класаў не было, так распарадзiлася вайна. У школу я пайшоў з шалаша. Не было нi зэдлiка, нi стала. Школу размясцiлi ў хаце Аляксея Ляўко. Замест парт стаялi доўгiя вузкiя сталы i такiя ж лавы. На лаве нас умяшчалася 6—8 чалавек. Першакласнiкаў налiчвалася 25—30 чалавек, а вучняў 4-га класа — 10—12 чалавек. На ўвесь клас было два цi тры буквары. Два класы вучыла адна настаўнiца. Быў i дырэктар школы па прозвiшчы Шылоў. Ён быў дырэктарам нашай школы да вайны i зараз разгарнуў дзейнасць, каб пабудаваць у Нябышына новую прасторную школу. I ён свайго дасягнуў, будаўнiцтва пачалося. Школы яшчэ не было, а мы ўжо па перыметры школьнай тэрыторыi пасадзiлi дрэвы, якiя растуць там i зараз. Школу пабудавалi. Яе адчынiлi на першае верасня 1949 года. Але дырэктар школы Шылоў гэтага не дачакаўся. Яго забiлi ў канцы мая 1945 года. Як нам казалi, гэта здзейснiлi “зялёныя” цi “лясныя браты” — змагары супраць савецкай улады. Дырэктара пахавалi ў Бягомлi. Мы, школьнiкi, у пахаваннi не ўдзельнiчалi, бо ад нашай вёскi Нябышына да Бягомля 15 км. Аўтобусы ў той час не хадзiлi.
У канцы верасня 1944 года пасля ранення вярнуўся з вайны наш сусед Змiцер Маскалейчык. Да вайны ён працаваў калгасным шафёрам. Ён разумеў, што да наступлення халадоў пабудаваць хату немагчыма, мала часу, а перазiмаваць неяк трэба. Тады ён сабраў больш-менш працаздольных суседзяў i агульнымi намаганнямi за 2—3 днi быў выкапаны катлаван глыбiнёй не менш за метр i плошчай 10—12 кв.м. На гэтым месцы пабудавалi зямлянку. У зямлянцы размясцiлiся некалькi сям’яў, у тым лiку i мы. З шалашом я развiтаўся. У зямлянцы было цяплей, але не было ўмоў, каб падрыхтаваць урокi. Спалi на саломе, не распранаючыся. Пакутавалi, адным словам.
Напрыканцы кастрычнiка, а можа, на пачатку лiстапада, дзядзька Лаўрэн закончыў будаўнiцтва сваёй хаты. Гэта была не хата, а хатка, i ўсё ж лепш, чым зямлянка. Дзядзька Лаўрэн прытулiў некалькi сям’яў, у тым лiку i нашу. Мы спалi на глiнабiтнай падлозе на саломе. На дзень салому ўбiралi. Мы па-ранейшаму спалi ў верхнiм адзеннi. Сподняй бялiзны не было, як не было i прасцiн. Але для мяне самым галоўным было тое, што ў мяне з’явiлася магчымасць рабiць урокi за сталом. Акрамя таго, у хаце была печ, ля якой можна было пагрэцца. Вёска пакрысе будавалася, i хутка ў дзядзькi Лаўрэна засталiся толькi мы. Дзядзька Лаўрэн змайстраваў двухпавярховыя нары, i больш на падлозе нiхто не спаў. Тая хацiнка стаiць i зараз, там дажывае свой век дачка Лаўрэна, мая стрыечная сястра Вера.
У снежнi 1944 года ў нас з’явiўся яшчэ адзiн настаўнiк — Пётра Аляксандравiч Бобрык. Ён вярнуўся з вайны iнвалiдам, не было нагi вышэй калена. Пакуль яму рабiлi пратэз, мы кожны дзень вазiлi яго ў школу на працу на саначках, i пасля заняткаў дадому. Бывала, саначкi перакульвалiся, але ён за гэта на нас не крыўдзiўся.
32. Хвароба за хваробай
Вайна тым часам адсунулася далёка на захад за межы нашай краiны. Пасля таго, як Чырвоная Армiя вызвалiла нас ад нямецкай акупацыi, партызанскага самадурства i бязмежжа, мы неяк расслабiлiся. Тут i насунулася на нас новая навала — хваробы. Першай хваробай, якая напала на дзяцей, была свiнка. На нашых тварах ад вуха да вуха цераз падбародак утварылася цi нейкая пухлiна, цi ацёк. Магчыма, хвароба перадавалася ад аднаго да другога. Але нiкога гэта не хвалявала: нi настаўнiкаў, нi бацькоў. Нiякай медыцынскай дапамогi мы не атрымлiвалi. Не паспелi мы ачуняць ад адной хваробы, як прыйшла новая. На гэты раз усе дзецi перахварэлi на адзёр. I зноў медыцынскай дапамогi не дачакалiся. Шмат хто перахварэў малярыяй, у тым лiку i мой брат Андрэй. Ён медыцынскую дапамогу атрымаў, таму што яму споўнiлася 15 гадоў i ён змог самастойна дабрацца да Бягомля i наведацца ў палiклiнiку да доктара. Яму прапiсалi прымаць пiлюлi хiны. Мама нават пафарбавала хiнай у жоўты колер фiранкi на вокны з парашутнага шоўку.
Нязносныя пакуты нам прычыняла кароста. Мы, карослiвыя, сядзелi на ўроках i ўвесь час чухалiся, сорамна было паказаць рукi, хавалi iх пад сталом. I зноў нiякай медыцынскай дапамогi i нiякiх парад. Выратаваў мяне дзядзька Лаўрэн, калі ўзяўся за маё лячэнне. Ён толькi што пабудаваў лазню, добра яе напалiў, потым абстрыг мяне поўнасцю. Я прапацеў, абмыўся. Маё чыстае цела з галавы да ног дзядзька Лаўрэн намазаў калёсным дзёгцем. Гадзiны дзве я прасядзеў у цёплай лазнi, потым апрануўся ў самае горшае адзенне i два днi прасядзеў у хаце. Потым зноў была лазня. Я адмыўся ад дзёгцю i выйшаў з лазнi чысты — каросты як не было. Вось такiм стаўся для мяне першы пасля вызвалення год. А вайна працягвалася.
33. Чакаем Сяргея
Заставаўся невядомым лёс майго старэйшага брата Сяргея, 1926 года нараджэння. Ён i яшчэ некалькi юнакоў з нашай вёскi пасля заканчэння сямiгадовай школы ў 1940 годзе па наборы паехалi ў Ленiнград на вучобу ў ФЗУ. Там iх i застала вайна. Пасля вайны ўсе хлопцы, акрамя нашага Сяргея, вярнулiся дадому. Яны расказалi, што Сяргей памёр з голаду ў iх на руках. Ён не змог есцi не толькi чалавечыну, але нават сабак, кошак, пацукоў. Дзе ён пахаваны i цi пахаваны ўвогуле, яны не ведаюць. Не хацелася верыць, што Сяргея больш няма. Асаблiва балюча гэта было для мамы.
34. Дзень Перамогi
Якiм ён запомнiўся? Справа ў тым, што я яго ўвогуле не памятаю. Мне нават давялося пацiкавiцца, якi гэта быў дзень тыдня. Калi не памыляюся, 9 мая 1945 года была серада. У гэты дзень усе мы былi на занятках. Але настаўнiкi нам не сказалi, што мы нарэшце дачакалiся дня перамогi. Магчыма, яны пра гэта не ведалi. Звесткi пра тое, што немцы капiтулявалi, да нашай вёскi дайшлi значна пазней. У нас не было радыё, яно з'явiлася ў нашых хатах праз 10—15 гадоў. Звесткi пра перамогу, пра канец вайны наша вёска сустрэла без бачнага трыумфу. Да гэтага часу амаль кожная сям'я атрымала па 1—2 пахаронкi. Калi нашу вёску вызвалiла Чырвоная Армiя, усiх вяскоўцаў, хто быў у партызанах, забралi на фронт, нават непаўналетнiх. Вiдаць, камандаванне палiчыла так, што калi падлетак партызанiў са зброяй у руках, то яго можна кiдаць у бой без ваеннай падрыхтоўкi. У першым жа баi амаль усе яны загiнулi. Толькi аднаму жыхару з суседняй вёскi Старое Запонне пашчасцiла ўцалець. Ён быў сталага ўзросту, i яго прызначылi несцi службу ў абозе. Я вучыўся ў адным класе з яго сынам Анатолем, бываў у iх хаце i сам чуў расказ яго бацькi. Вось што ён расказаў, калi вярнуўся дадому з вайны.
Нашых землякоў нават не пераапранулi ў ваенную форму, не кожнаму выдалi зброю. З iх сфармiравалi батальён i правялi разведку боем. Для гэтай мэты, як правiла, выкарыстоўвалiся штрафныя батальёны. Разведка боем праводзiцца для таго, каб выявiць агнявыя кропкi працiўнiка. З такога бою жывымi не вяртаюцца. Камандаванне ператварыла нашых землякоў у гарматнае мяса аднаразовага карыстання. Мусiць, таму дзень перамогi (я наўмысна пiшу з малой лiтары) для многiх жыхароў нашай вёскi хутчэй за ўсё стаўся днём смутку. Дый на дзяржаўным узроўнi гэты дзень не ўпамiнаўся як свята. Упершыню пра яго гучна напомнiлi толькi 9 мая 1965 года.
Што тычыцца нашай сям'i, то мы шчыра радавалiся перамозе. Мы лiчылi днi, калi вернецца з вайны наш бацька. Але не дачакалiся...
35.Я трапляю ў лагер
Не палохайцеся, у пiянерскi. У канцы мая 1945 года я закончыў першы клас з Пахвальнай граматай. Загад аб гэтым зачытаў дырэктар школы Шылоў. Але тую грамату мне не ўручылi. Шылоў сказаў, што ён адвязе ведамасць паспяховасцi ў раённы аддзел народнай адукацыi, а пасля я атрымаю Пахвальную грамату на рукi. Але дырэктара забiлi, пра грамату забылi.
На пачатку летнiх школьных канiкул у нашу вёску на некалькi дзён завiтала жанчына праведаць сваiх сваякоў. Яна працавала настаўнiцай, а на час летнiх канiкул яе прызначылi на пасаду начальнiка пiянерскага лагера. Яна сустрэлася з маёй мацi i сказала, што забярэ мяне ў лагер на першую змену. Зiрнуўшы на мяне, яна параiла, каб я змянiў гэтыя "фрыцаўскiя" штаны на iншыя. Штаны ў мяне былi адны. Я пабег да сваёй хроснай мамы i расказаў ёй пра праблему. Яна хутка адшукала прыдатны кавалак тканiны, з якога атрымалiся кароткiя штанiшкi на лямках. Калi падышоў да заканчэння тэрмiн пабыўкi ў нашай вёсцы начальнiка пiянерскага лагера, ранiцай мы пакiнулi Нябышына. Да лагера было 30 км. Першыя 15 км да Бягомля мы пераадолелi лёгка i хутка. Дарэчы, наш раённы цэнтр да вайны людзi называлi па-рознаму: хто — Бегамля, хто — Бягомля. Пасля вайны гэта ўжо быў Бягомль. Далей я буду карыстацца новай назвай.
Пасля Бягомля мы павярнулi па шашы на Лепель. Другая частка дарогi далася цяжэй. Прыпякала сонца. Аўтобусы ў той час не хадзiлi. Папутныя машыны нас не падабралi. Адлегласць у 30 км мы прайшлi за 7—8 гадзiн. Трэба адзначыць, што я быў босы, падэшва ног смылела. Летняга абутку ў мяне ўвогуле не было. У той час мы ўсе як толькi сыходзiў снег i да восеньскiх маразоў хадзiлi басанож. Лагер мне не надта спадабаўся. Размясцiлi нас у актавай зале школы. Там ужо былi расстаўлены жалезныя салдацкiя ложкi. Пасцелены камплект: сяннiк, напханы саломай, такая ж падушка, старая байкавая коўдра, вафельны ручнiк. Прасцiн i навалачак не было. Спалi мы ў верхняй вопратцы, паколькi на нас не было сподняй бялiзны — нi маек, нi трусоў. Усе мы былi босыя, ногi нашы былi каравыя. За тры тыднi нас нi разу не вадзiлi ў лазню, нi разу не вадзiлi на рэчку. У нас не было нi мыла, нi зубных шчотак, нi зубнога парашку. На плоце вiсела некалькi рукамыйнiкаў. Вось i ўся гiгiена. У адным памяшканнi спалi i хлопчыкi, i дзяўчынкi. Паколькi мы спалi ў адзеннi, то не бачылi палавых адрозненняў i не праяўлялi цiкаўнасцi да iншага полу. Пра iншыя забавы i казаць няма чаго: нi кiно, нi радыё, нi кнiг, нi гульняў, нi спаборнiцтваў, адзiн раз звадзiлi на экскурсiю на мясцовы пiваварны завод.
Кармiлi нас кожны дзень аднолькава: ранiцай i вечарам манная каша, прыгатаваная на вадзе, гарбата, кавалачак чорнага i кавалачак белага хлеба, два кавалачкi цукру. На полуднiк — бацвiнне, каша ячневая, кампот цi кiсель, два кавалачкi хлеба. Харчавалiся мы ў звычайнай вясковай хаце ў тры змены. Вёска даваенная, вайна яе не кранула. Магчыма, гэта была зона, свабодная ад партызан. Абслугоўвала нас гаспадыня хаты. Сам гаспадар быў хворы, ён не размаўляў, а мычаў. Калi нас прыводзiлi на прыём ежы, ён заўсёды стаяў у двары, трымаючыся за тын. Ён быў апрануты ў сподняе адзенне. З яго рота на кашулю цякла сліна. Гэта нам вельмi моцна "падымала" апетыт. З цягам часу мы да яго прызвычаiлiся.
Арганiзацыйна мы былi раздзелены на тры атрады. Атрад складаўся з трох звён. На чале звяна стаяў звеннявы, на чале атрада — камандзiр i начальнiк штаба. Мая зямлячка (начальнiк лагера) надзялiла пасадай начальнiка штаба i мяне. Але я гэтаму не абрадаваўся. У мае абавязкi ўваходзiла ранiцай далажыць пiянерважатай, што дзецi на месцы, у страі, здарэнняў не адбылося. Акрамя гэтага мы штодзённа ранiцай на пастраеннi па чарзе падымалi сцяг.
У нас, дзяцей з аслабленымi вайной арганiзмамi, амаль ва ўсiх назiралася начное нетрыманне мачы. Так як мы спалi не распранаючыся, то ранiцай на нашых штанах красавалiся мокрыя плямы. Я i мой камандзiр атрада спалi побач, i мы дамовiлiся, што свае няхiтрыя абавязкi, такiя як пастраенне атрада, даклад, пад'ём сцяга будзе выконваць той з нас, каму пашчасцiць прачнуцца ранiцай сухiм. Але часцей выбару не было, мы абодва прачыналiся мокрымi. Было сорамна, але што зробiш. У такiм становiшчы былi i дзяўчынкi.
Нарэшце лагерны тэрмiн закончыўся. Успамiн ад лагера застаўся адмоўным. Трэба было неяк дабiрацца дадому.
36. Нам будуюць хату
Да Бягомля набралася цэлая група дзяцей. Нас падабрала папутная грузавая машына. Ад Бягомля да Нябышына я дабраўся пешшу. Дома мяне чакала прыемная навiна — нам пачалi будаваць хату. А справа пачалася наступным чынам. Яшчэ ў кастрычнiку 1944 года ў нашу вёску прыбыў з Мiнска ўпаўнаважаны, каб пракантраляваць, як iдуць справы ў калгасе. Тут нiчога дзiўнага няма. Такiя ўпаўнаважаныя наязджалi i да вайны кантраляваць сяўбу, жнiво, малацьбу i асаблiва нарыхтоўку збожжа. Але так здарылася, што на гэты раз упаўнаважаным быў мой стрыечны брат Аляксандр Венядзiктавiч Капылоў. Яго бацька i мой — родныя браты. Аляксандр быў старэйшы за мяне на 25 гадоў. Ён быў на фронце з першага дня вайны, атрымаў званне маёра, быў паранены i ў 1944 годзе звольнены з войска. Аляксандр зазiрнуў у зямлянку, дзе мы жылi. Нас там было, як селядцоў у бочцы. Ён паразмаўляў з маёй мацi, паабяцаў дапамагчы i адбыў у Бягомль. Што адбылося ў Бягомлi, Аляксандр мне расказаў у 1983 годзе пры нашай сустрэчы. К гэтаму часу я ўжо быў пенсiянерам.
Пабываўшы ў нас у зямлянцы i ўбачыўшы наша жабрацкае становiшча, ён сустрэўся з раённым кiраўнiцтвам: з 1-м сакратаром райкама партыi Манковiчам, якi адправiў майго бацьку на фронт, i з старшынёй райвыканкама Цiтковым — былым камандзiрам брыгады "Жалязняк". Абодва тэрарызавалi Бягомльскi раён у час акупацыi, а пасля вызвалення ўзначалiлi кiраўнiцтва раёнам. Аляксандр пры сустрэчы iм сказаў: "Як вам не сорамна, сям'я франтавiка, нязменнага даваеннага старшынi калгаса жыве ў нязносных умовах. Трэба iм дапамагчы. Кiраўнiцтва вобласцi будзе трымаць гэта пытанне на кантролi". Яго папярэджанне спрацавала. Улады раёна знайшлi дзесьцi стары хлеў, разабралi яго i перавезлi на наша гумно. У нас з'явiлася надзея, што хутка ў нас будзе свая хата. Будаўнiцтва хоць i марудна, але рухалася. Талакой склалi зруб. Да восеньскiх дажджоў паставiлi страху. Важным атрыбутам хаты з'яўляецца печ. Для яе пабудовы патрэбна цэгла. Яе мы навучылiся вырабляць самi. Побач з вёскай ёсць залежы глiны. Яе мы здабывалi ўручную, добра размешвалi, фармавалi i гатовую цэглу раскладвалi на спецыяльны насцiл для сушкi. Для печкi патрэбна была i вогнетрывалая цэгла. Я з мацi ўзялi ручную цялежку i пайшлi ў Вiтунiчы. Там на пяпялiшчы спаленай школы назбiралi цэглы i пацягнулi дадому. Ад Вiтунiч да Нябышына 2 км. Праз кожныя 100—200 м мы прыпынялiся, каб адпачыць. Мы выбiвалiся з сiл. Нарэшце мы дабралiся да моста цераз Поню. I тут нам не пашанцавала. На сярэдзiне моста нам сустрэўся старшыня сельсавета Спiрыдон Барздыка, той самы Барздыка, якi быў камiсарам 1-га атрада партызанскай брыгады "Жалязняк". Ураджэнец Свярдлоўскай вобласцi, рускi, адукацыя пачатковая, але камунiст. Дома яго чакала жонка, сям'я, але ў Беларусi яму было лепш, чым на Урале. Ён знайшоў адзiнокую жанчыну i асеў тут назаўсёды на нашу бяду. Савецкай уладзе патрэбны былi надзейныя кадры на ўсiх кiруючых пасадах. Сярод беларусаў такiх не адшукалася, усе, хто жыў ва ўмовах акупацыi, траплялi пад падазрэнне.
Барздыка спынiў сваю брычку. Ён ездзiў, як пан, на брычцы, i стаў на нас крычаць, што мы раскрадальнiкi дзяржаўнай маёмасцi, што нас чакае Калыма. Ён адабраў у нас цялежку з цэглай i спiхнуў яе з моста на самае глыбокае месца ракi Понi. Пасля гэтага ён нас адпусцiў. Мы iшлi дадому з пустымi рукамi. Было крыўдна. Мама плакала, а мне хацелася яму адпомсцiць.
Наступiла першае верасня 1945 года. У другi клас я пайшоў з хаты дзядзькi Лаўрэна.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне