Дзе Ганчар? Дзе Красоўскi?..
Лiст з такiмi пытаннямi ў апошнi дзень жнiўня Аб'яднаная грамадзянская партыя даслала на iмя А.Лукашэнкi.
АГП патрабуе, каб 16 верасня А.Лукашэнка праз сродкi масавай iнфармацыi праiнфармаваў грамадскасць аб вынiках расследавання гвалтоўных знiкненняў Вiктара Ганчара, Юрыя Захаранкi, Анатоля Красоўскага i Дзмiтрыя Завадскага.
“Настаў час альбо чэсна сказаць, што здарылася сем гадоў таму з лiдэрамi палiтычнай апазiцыi, а таксама iх калегамi, альбо прызнаць сваю бездапаможнасць i незацiкаўленасць у раскрыццi гэтых злачынстваў”, — гаворыцца ў звароце.
“Пры той колькасцi матэрыялаў i дакументаў, якiя былi надрукаваныя ў сродках масавай iнфармацыi, а таксама дастатковай наяўнасцi сведкаў рабiць выгляд глуханямога сляпца — значыць публiчна пацвярджаць сваю датычнасць да палiтычных забойстваў”, — гаворыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
— Я разумею, што хутчэй за ўсё наш лiст пакiнуць без адказу, — сказаў Анатоль Уладзiмiравiч у iнтэрв'ю “Народнай волi”. — У мяне ёсць такi сумны вопыт супрацоўнiцтва з Аляксандрам Рыгоравiчам, калi той нават публiчна абяцаў нешта зрабiць, але не трымаў слова. У прыватнасцi, гэта датычыцца дзейнасцi вядомага фонду Махмуда Эсамбаева. Лукашэнка на сесii парламента прылюдна паабяцаў, што прадставiць матэрыялы наконт дзейнасцi гэтага фонду ў Беларусi, але... Таму мы не цешым сябе iлюзiяй, што атрымаем адказ ад самога Лукашэнкi цi ад кагосьцi з высокапастаўленых чыноўнiкаў наконт гвалтоўнага знiкнення Вiктара Ганчара i Анатоля Красоўскага. Аднак 16 верасня — гэта нагода яшчэ раз нагадаць аб тым, што здарылася. Нагадаць аб тым, што ёсць такая праблема. Я лiчу, што калi пастаянна бiць у званы, то iх голас нарэшце пачуюць...
— У дзень знiкнення Захаранкi, Ганчара, Красоўскага i Завадскага людзi традыцыйна прыходзiлi на Кастрычнiцкую плошчу...
— Не будзе выключэння i на гэты раз. Наша месца ў гэты дзень на плошчы, бо мы памятаем...
— Скажыце, Аб'яднаная грамадзянская партыя ўласнымi сiламi праводзiць пошук дадатковай iнфармацыi па гэтых справах?
— Я лiчу, што матэрыялаў i доказаў ужо дастаткова для таго, каб пачынаць судовы працэс. Калi не ў Беларусi, то ў Еўропе.
— Пра мiжнародны судовы працэс кажуць ужо не першы год. Наколькi, па-Вашаму, вялiкая верагоднасць таго, што ён адбудзецца?
— Мiжнародны грамадскi суд абавязкова адбудзецца. I адно з галоўных пытанняў, якое будзе разглядацца падчас працэсу, — гэта гвалтоўныя знiкненнi i палiтычныя забойствы апанентаў беларускага рэжыму. Я не маю нiякiх сумненняў на гэты конт. Беларускаму юрыдычнаму суду застанецца толькi падтрымаць прысуд. Я не веру ў тое, што беларуская ўлада не датычная да знiкненняў гэтых людзей. Калi за сем год яна не знайшла злачынцаў, не расследавала належным чынам гэтыя знiкненнi, значыць, яна сама мае да iх дачыненне...
З АРХIВА «НАРОДНАЙ ВОЛI»
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камiсii Вiктар Ганчар i бiзнесмен Анатоль Красоўскi не вярнулiся дадому 16 верасня 1999 года. Яны разам вярталiся з лазнi па вулiцы Фабрычнай. Пазней недалёка ад месца iх гвалтоўнага знiкнення былi знойдзены асколкi шкла джыпа “Чероки”, якi належаў Красоўскаму.
З матэрыялаў крымiнальнай справы №110351:
“Пры аглядзе месца здарэння — тэрыторыi, прылягаючай да будынка лазнi па вул.Фабрычнай, 20а, — на асфальтавым пакрыццi дарогi, якая вядзе ад лазнi на вул. Фабрычную, былi знойдзены асколкi шкла белага i жоўтага колеру, восып празрыстага шкла i бурыя плямы, падобныя на кроў. Знойдзены таксама сляды тармажэння аўтамашыны i след яе ўдару аб дрэва, з якога ўзяты ўзоры фарбы чырвонага колеру”.
Як паказала экспертыза, шкло i фарба сапраўды належаць машыне Красоўскага. А “бурыя плямы, падобныя на кроў”, — па заключэннi экспертаў — кроў чалавека групы 0 (1). Геномная экспертыза з верагоднасцю 99,9998% устанавiла, што кроў належыць Вiктару Ганчару.
У сродках масавай iнфармацыi паведамлялi, што знайшоўся сведка, якi ў дзень знiкнення Ганчара i Красоўскага каля лазнi бачыў чырвоную БМВ, у якой сядзелi тры чалавекi. А жанчына, якая працавала ў лазнi, узгадала, што чула крыкi аб дапамозе, шум, мужчынскiя галасы...
З заключэння следчай групы:
“З вялiкай верагоднасцю можна зрабiць вывад аб тым, што аўтамашына Красоўскага А.С. была спынена пры выездзе з лазнi. Пасля чаго А.Красоўскi i В.Ганчар насiльна былi скрадзены нявысветленымi асобамi i звезены ў невядомым накiрунку. Аднак у ходзе следства не высветлены далейшы лёс Ганчара, Красоўскага, а таксама асоб, якiя iх скралi”.
З рапарта былога кiраўнiка Галоўнага ўпраўлення Крымiнальнай мiлiцыi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi генерала Мiкалая Лапацiка:
“Акцыя захопу i далейшага знiшчэння Захаранкi ажыццяўлялася групай ваеннаслужачага спецназа на чале з Паўлiчэнкам (камандзiр ваеннай часцi 3214). Па аналагiчнай камбiнацыi 16.09.1999 года Паўлiчэнка i яго група правялi акцыю захопу i знiшчэння В.Ганчара i А.Красоўскага. Мяркуемае месца пахавання трупаў — спецучастак на Паўночных могiлках”.
Як сцвярджае былы кiраўнiк СIЗА №1 Алег Алкаеў, Ганчар, Красоўскi i Захаранка былi забiты з так званага расстрэльнага пiсталета, якi выдаваўся па загадзе былога мiнiстра ўнутраных спраў Ю.Сiвакова.
З даклада спецдакладчыка Хрыстаса Пургурыдэса:
“Расстрэльны пiсталет, якi захоўваўся ў спадара Алкаева, якi ажыццяўляў у Беларусi смяротныя пакараннi, двойчы выдаваўся ў перыяды, якiя супадаюць са знiкненнямi Захаранкi 7 мая 1999 года, Ганчара i Красоўскага 16 верасня 1999 года.
Улады не могуць прадставiць альтэрнатыўнага тлумачэння часовых канфiскацый пiсталета".
8.09.2006





галоўнае онлайн:


Аўтар:
Навіны
абмеркаванне