АКТУАЛЬНАЕ ІНТЭРВ’Ю
Уладзімір БАРОЎКА: «Не хачу гуляць мечанымі картамі»
Фразу, вынесеную ў загаловак, сёлета часта чуюць суразмоўцы з вуснаў пастаўскага старажыла Уладзіміра Бароўкі. Менавіта так гэты ўсім тут вядомы і паважаны чалавек адказвае на пытанне, чаму ён, колішні кандыдат у дэпутаты парламента краіны, на гэты раз не даў згоды на шматлікія прапановы землякоў вылучыць яго кандыдатуру ў раённы Савет.
Апошнія словы — не перабольшанне. Уладзімір Бароўка — палкоўнік Ваенна-Паветраных сіл СССР, у мінулым — класны пілот суперсучасных звышгукавых самалётаў, камандзір палка, што за савецкім часам размяшчаўся ў Паставах. Як у гады вайсковай службы без удзелу Уладзіміра Уладзіміравіча і кіруемага ім падраздзялення не вырашаліся найбольш сур’ёзныя мясцовыя праблемы, так і пасля без парадаў, а часам — і дапамогі Бароўкі не абыходзяцца людзі горада і раёна ў змаганні з тутэйшымі цяжкасцямі, асабліва — у той частцы райцэнтра, што здаўна заселена сем’ямі авіятараў і дзе аўтарытэт былога кампалка дасюль высокі.
Не дзіўна, што дыялог з Уладзімірам Бароўкам пачаўся з актуальнага пытання — пра выбары.
— Дык чаму ж, Уладзімір Уладзіміравіч, вы не пажадалі балатавацца?
— Вы, пэўна, соты чалавек, які апошнім часам ставіць перада мной такое пытанне і чуе, што я не хачу гуляць у карты з шулерамі, узброенымі мечанай калодай.
— Што маецца на ўвазе?
— Я ў Паставах жыву 25 гадоў. Тут камандаваў авіяпалком, фарміраваў і ўпарадкаваў мікрараён пад умоўнай назвай “Ваенны гарадок”, кіраваў прадпрыемствамі. Мясцовыя праблемы ведаю не па чутках, дасканальна. А ў цяперашніх выбарах у якасці кандыдата не бяру ўдзел таму, што не люблю і не хачу ацэньваць жыццё з пункту гледжання памераў свайго кашалька, заўсёды імкнуўся да сумленнасці і справядлівасці. І калі служыў у авіяцыі, прызначаў афіцэраў, адказных за дакладнае захаванне рэцэптуры і калькуляцыі на салдацкай кухні, каб сачылі, колькі якіх прадуктаў закладваецца ў кацёл, а потым асабіста каштавалі страву, якая атрымалася. Бывала, што і сам назіраў за кухарам, сам дэгуставаў ежу. Бо не выключалася, што альбо прадукты знікнуць, альбо едакі атруцяцца. Аб маёй прынцыповасці, патрабавальнасці і бескарыслівасці ведаюць у Паставах многія. Мусіць, таму і чуў я прапановы вылучыць мяне кандыдатам у райсавет, а потым — недаўменне, чаму я на гэта не пагадзіўся. Прызнаюся, напачатку меў намер балатавацца ў раённы Савет і таму пільна вывучаў, якія змены адбудуцца ў Выбарчым кодэксе і, калі яны будуць, наколькі паўплываюць на ўзровень празрыстасці выбараў. Так, змены ў кодэкс унесены, іх нават нямала. Але якія гэта змены? Тыя, якія ў прынцыпе нічога не мяняюць. Умовы назірання за выбарамі і тэхналогія падліку галасоў засталіся ранейшымі. Празрыстасці як не было, так і не будзе. Назіральнікі, прадстаўнікі не залежных ад улады кандыдатаў зноў, як і раней, пры падліку галасоў будуць знаходзіцца на “бяспечнай” адлегласці. Інакш кажучы, допуск удзельнікаў да старту некалькі спрасціўся, а вось перашкоды і несправядлівыя суддзі на фінішы засталіся ранейшымі.
З лютага мясцовая газета “Пастаўскі край” апублікавала склад раённай выбарчай камісіі. Дык што вы думаеце, я там убачыў? Старшыня, намеснік старшыні і сакратар камісіі — тыя ж самыя людзі, якія займаліся арганізацыяй памятных парламенцкіх выбараў 2008 года. Пра тое, якімі спосабамі яны ладзілі тыя выбары, паказваючы ўзорнае старанне ў інтарэсах патрэбнага ўладзе кандыдата і супраць мяне, я падрабязна распавёў у “Народнай Волі” пад загалоўкам “Игра без правил” (нумар за 30 студзеня — 2 лютага 2009 года). З той публікацыі чытачы даведаліся, як апантана, беспардонна выкарыстоўвала мясцовая ўлада свае магчымасці дзеля перамогі фаварыта выбарчага марафону — старшыні райвыканкама Эдуарда Казуры і супраць мяне, ягонага апанента.
І сёння са старонак раённай газеты выразна прагледжваецца, як тутэйшая ўлада загадзя “раскручвае” сваіх, зручных для яе кандыдатаў, авансам заахвочвае будучых функцыянераў выбарчых камісій. Таму я і не жадаю паўторна гуляць без правілаў з шулерамі, у руках якіх, вобразна кажучы, мечаныя карты, і з удзелам суддзяў, да якіх не маю даверу. З гэтай прычыны адмовіўся ад вылучэння кандыдатам у дэпутаты. Але не адмовіўся ад удзелу ў выбарчай кампаніі ўвогуле: увайшоў у склад ініцыятыўнай групы незалежнага кандыдата, збіраў подпісы за яго, аднёс у райвыканкам заяву групы грамадзян аб уключэнні мяне ў выбарчую камісію. Зрабіў гэта, бо хачу на свае вочы пабачыць, што з гэтага будзе ў выніку, ці дапусцяць мяне ў тую камісію, каб я мог прасачыць за гатаваннем на выбарчай кухні, упэўніцца ў дакладнасці рэцэптуры і калькуляцыі, пабачыць, якую страву звараць і пададуць электарату прызначаныя ўладай паслухмяныя кухары. Лічу, што адказ райвыканкама на пададзеную заяву будзе свайго роду тэстам для мясцовай улады на годнасць, справядлівасць і законапаслухмянасць. Чакаць засталося нядоўга.
— І апошняе пытанне. Ці высокай, на вашу думку, будзе на гэты раз актыўнасць выбаршчыкаў?
— Людзі памятаюць, што на папярэдніх выбарах раённы Савет сярод 30 кандыдатаў было 28 кіраўнікоў, затое ніводнага селяніна, шараговага рабочага, прадпрымальніка, пенсіянера. Чые інтарэсы будуць абараняць чыноўнікі, абраныя дэпутатамі? Ці здолеюць людзі, скутыя кантрактамі, абараняць ахвяр чыноўніцкага ўціску, бясстрашна выступаць супраць беззаконня, якое чыніцца прадстаўнікамі ўлады? Не хачу забягаць наперад, але ўпэўнены, што маючая неўзабаве адбыцца рэгістрацыя кандыдатаў дакладна паўторыць тую ж статыстыку. Людзі ўсё разумеюць і ўдзельнічаць у гэтым спектаклі для наіўных і непісьменных пажадаюць толькі абыякавыя альбо зусім наіўныя.
— Памыліцца не баіцеся?
— Калі нейкім цудам памылюся, і ў кандыдатах апынуцца не залежныя ад улады людзі, прывязу ў рэдакцыю “Народнай Волі” скрыню каньяку. Часу да рэгістрацыі засталося няшмат. Пачакаем...
— Дзякуй вам за шчырую размову, поспехаў у грамадскай дзейнасці.
P.S. Ад рэдакцыі
Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што Пастаўскі райвыканкам усё-такі даў згоду на ўключэнне Уладзіміра Бароўкі ў склад раённай выбарчай камісіі. А вось пытанне з асабовым складам кандыдатаў у дэпутаты застаецца адкрытым...





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне