bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №44-45 (3174-3175) - "СТАРОНКІ ПАМЯЦІ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

СТАРОНКІ ПАМЯЦІ

Нябышына. Вайна

Аўтар: I 22 сакавiка 2010 г.

(Працяг. Пачатак у №№30—43.)

Беларусь панесла i матэрыяльныя страты. За гады вайны спалена 9200 вёсак, разбураны гарады, знiшчана прамысловасць i сельская гаспадарка. 619 вёсак (а зараз ужо пiшуць 628 вёсак) спалены разам з жыхарамi i пасля вайны не адбудавалiся, знiклi з карты краіны.

Цёмнай цi белай плямай з’яўляецца савецка-фiнская вайна. Гэта працяг Другой сусветнай вайны. Колькi беларусаў удзельнiчала ў гэтай вайне, колькi загiнула, колькi замёрзла ў карэла-фiнскiх лясах i балотах? Нiякiх звестак пра гэта я не знайшоў.

Калi падлiчыць, падсумаваць усе ахвяры Другой сусветнай вайны, то, магчыма, высветлiцца, што загiнуў не кожны чацвёрты, не кожны трэцi, а кожны другi беларус? А можа, наадварот, усяго толькi дзесяты?

Пад “шумок” вайны СССР абрабаваў Беларусь — на тэрыторыю Расii былi вывезены амаль усе культурныя i мастацкiя каштоўнасцi. Пасля вайны назад нiчога не вярнулася. Тое, што не паспелi вывезцi ў Расiю, немцы вывезлi ў Германiю. Доктар фiлалагiчных навук прафесар Адам Мальдзiс у газеце “Известия” ад 29.09.2000 года з болем у сэрцы расказаў, што ўсяго ад 1 да 5% нашых (беларускiх) культурных, мастацкiх i духоўных каштоўнасцяў знаходзiцца на тэрыторыi Беларусi. Напярэдаднi вайны ў Расiю вывезена калекцыя слуцкiх паясоў, Крыж Еўфрасiннi Полацкай, выданнi Францiшка Скарыны, царкоўныя рэлiквii.

Цi дачакаемся мы праўды

Гiсторыя Другой сусветнай вайны ў савецкай iнтэрпрэтацыi — суцэльная хлусня. Патрабуецца дэталёвая iнвентарызацыя. Гiсторыкi савецкага накiрунку лямантуюць: не дазволiм перапiсваць гiсторыю вайны! Але ж яе спачатку трэба праўдзiва напiсаць, вярнуць яе нам. Трэба аддзялiць усялякае мемуарнае шалупенне i пакiнуць праўду, якой бы горкай яна ні была.

На першым з’ездзе беларусаў свету акадэмiк Радзiм Гарэцкi сказаў у сваiм дакладзе: “... Больш усебаковай i аб’ектыўнай ацэнкi патрабуе партызанскi рух Беларусi ў час Другой сусветнай вайны. Ён заключаў у сабе не толькi гераiчнае, што ўсяляк высвечваецца, а i трагiчнае, што ўсё яшчэ зацямняецца, проста замоўчваецца. Так, ён мала выконваў адзiн з важнейшых абавязкаў, а менавiта — баранiць насельнiцтва Беларусi ад вынiшчэння рознага роду карнiкамi, а ў шэрагу выпадкаў нават садзейнiчаў гэтаму”. Гэта было сказана ў 1993 годзе. Я  ўдзячны акадэмiку. З яго вуснаў я пачуў тое, што доўгiя гады выношваў у сабе. Мне тады падумалася, што лёд крануўся, што высновы акадэмiка Гарэцкага падхопяць i працягнуць iншыя. Але заварушылiся, паднялi галовы былыя партызанскiя функцыянеры, рынулiся баранiць свой мiф аб заступнiцтве за простых, мiрных беларусаў.

Знiшчаны школьныя падручнiкi па гiсторыi, выдадзеныя ў першай палове 90-х гадоў мiнулага стагоддзя. У апошнi час распачата беспардонная спекуляцыя тэмай вайны i перамогi. Слухаеш некаторыя афiцыйныя прамовы i складаецца ўражанне, што прамоўца кiраваў дывiзiямi, армiямi, франтамi, распрацоўваў вайсковыя аперацыi, натхняў войскi на подзвiгi, браў Берлiн. Узнiкае жаданне зняць ордэн Перамогi з помнiка Перамогi i пачапiць яго на грудзi прамоўцы. Пачалася новая хваля прыватызацыi перамогi. Так, мы пранеслi на сваiх плячах цяжар вайны, перацярпелi шмат пакут, панеслi вялiкiя страты. Але не трэба перабольшваць унёсак Беларусi ў справу разгрому нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. Чырвоная Армiя больш чым на палову складалася з цёмнаскурых i вузкавокiх салдат. Тыя беларусы, якiх мабiлiзавалi ў 1944 годзе, загiнулi на працягу 1—2-х месяцаў. Iх ледзь хапiла на некалькi разведак боем. Перамога над фашысцкай Германiяй дасягнута агульнымi намаганнямi ўсiх краiн свету. Брэсцкую цытадэль, якой мы так ганарымся, абаранялi воiны розных нацыянальнасцяў, там загiнула 300—350 чэчэнцаў, пра якiх сёння не ўспамiнаюць.

Чырвоная Армiя вызвалiла краiны Усходняй Еўропы ад фашызму, для народаў вызваленых краiн гэта была вялiкая радасць, але яна была нядоўгай. На змену карычневай чуме прыйшла чырвона-карычневая. Васiль Быкаў у артыкуле “Горкi смак Перамогi” (“Народная газета” ад 07.03.1995) пiсаў: “Мы меркавалi, што вызваляем еўрапейскiя народы  ад  фашызму, не падумаўшы, што нясём iм новае зняволенне...” Савецкая акупацыя праiснавала 45 гадоў. Толькi гарбачоўская перабудова i галоснасць паспрыялi вызваленню. Мiхаiл Сяргеевiч Гарбачоў варты таго, каб яму пры жыццi ў гэтых краiнах былi ўсталяваны помнiкi, як цару-вызвалiцелю.

Чым больш аддаляе нас час ад Другой сусветнай вайны, ад дня Перамогi, тым больш падымаюцца новыя хвалi хлуснi. У дзяржаўных СМI толькi i чуеш напышлiвую балбатню пра ўсенародны ўздым на барацьбу супраць ворага, пра самаахвярнасць, пра суцэльны гераiзм на фронце i ў тыле. Але давайце зiрнём праўдзе ў вочы. Якi ж гэта гераiзм, калi за першы год i асаблiва за першыя месяцы вайны ў нямецкi палон трапiла 5,7 мiльёна савецкiх салдат i афiцэраў? Чаму такая процьма не засланiла сабой краiну? Калi быў у гады вайны суцэльны ўздым, гераiзм, патрыятызм, дык як тады мог з’явiцца загад стаўкi Вярхоўнага Галоўнакамандавання №270, якi аб’яўляў здраднiкамi не толькi салдат i камандзiраў Чырвонай Армii, якiя трапiлi ў нямецкi палон, але i членаў iх сем’яў? Калi лiчыць, што кожная сям’я складалася з 4—5 чалавек, дык атрымлiваецца, што ў СССР аказалася ў час вайны ад 25 млн да 30 млн здраднiкаў! Што ж гэта была за дзяржава, у якой мы жылi?

 Калi быў у гады вайны ўсенародны ўздым, патрыятызм, гераiзм, то як мог з’явiцца на свет загад наркама абароны СССР I. Сталiна № 227 ад 28 лiпеня 1942 года, як атрымаў назву “Нi кроку назад!”. Гэты загад прадпiсваў стварыць заградатрады НКВД, узброеныя кулямётамi, аўтаматамi i iншай зброяй. Атрады размяшчалiся ў тыле часцей, прызначаных для атакi. Пры спробе адступiць заградатрады адкрывалi агонь па сваiх. Акрамя таго, загад даваў санкцыi на стварэнне штрафных рот i батальёнаў. Загад прадпiсваў расстрэльваць перад строем трусаў i панiкёраў. У адпаведнасцi з загадам № 227 такiх было расстраляна (слабанервовых прашу не чытаць, перагарнiце старонку) 954 тысячы савецкiх салдат i афiцэраў! Такi “патрыятызм” у страшным сне не мог прыснiцца. Што ж гэта за дзяржава такая? Што ж гэта за кiраўнiкi дзяржавы, што аддавалi такiя драпежныя, бесчалавечныя загады? Гэта нелюдзi. Любога салдата, якi замарудзiўся i апошнiм падняўся ў атаку, расстрэльвалi, каб правучыць, запалохаць iншых. Загад з’явiўся ў канцы лiпеня 1942 года. Вайна працягвалася ўжо больш за год, быў назапашаны вялiкi вопыт яе вядзення. Але патрыятызму, запалу ў армii не было. Што ж гэта за армiя, якую ў атаку, у наступленне трэба падымаць i гнаць наперад пры дапамозе заградатрадаў? Кожнаму военачальнiку i шараговаму салдату вядома, што армiя, якая наступае, нясе значна большыя страты, чым тая, якая трымае абарону. А што адбывалася на самай справе? Чырвоная Армiя, якая трымала абарону, у баях за кожны горад несла незлiчоныя страты. Звычайна армiя пакiдае горад цi тэрыторыю, каб зберагчы сваю жывую сiлу i тэхнiку, перагрупавацца i чакаць працiўнiка на новых рубяжах абароны. Але тут нават гаворка не iшла, каб берагчы жыццё сваiх салдат i афiцэраў для будучых баёў. Абараняючы Смаленск, Чырвоная Армiя згубiла 1,5 мiльёна чалавек. Пад Ржэвам i Вязьмай яшчэ 1,5 мiльёна. У баях за Маскву загiнула каля 1 мiльёна чалавек. К восенi 1941 года ад той часцi Чырвонай Армii, якая была выстаўлена супраць немцаў, засталося 7% асабовага складу. Аднак i немцам патрэбна была перадышка. Становiшча Чырвонай Армii пад Масквой палепшылася, калi з Далёкага Усходу сюды прыбылi свежыя армii, якiя трымалi там на выпадак агрэсii з боку Японii. Не трэба скiдваць з шаляў вялiкую бескарыслiвую дапамогу, якую аказалi СССР Злучаныя Штаты Амерыкi. Чырвоная Армiя мела шматкратную перавагу ў жывой сiле i тэхнiцы над нямецкай армiяй. Па вiне бяздарнага кiраўнiцтва гэта перавага была згублена ў першыя месяцы вайны. Калi мы вядзём размову пра дапамогу, то прыпамiнаем толькi амерыканскiя аўтамабiлi “Студабекеры”. Але ж ЗША бесперабойна пастаўлялi для СССР танкi, самалёты, iншае ўзбраенне, выбуховыя рэчывы. Я не буду называць канкрэтныя лiчбы дапамогi, скажу толькi, што яны астранамiчныя. Акрамя таго, ЗША пастаўлялi ў СССР прадукты харчавання. Чырвоная Армiя галадала. Мой стрыечны брат Аляксандр Капылоў пачаў вайну сувязiстам. Ён мне расказваў, што кармiлi iх вельмi кепска — раз у двое сутак. Усе думкi былi накiраваны на тое, дзе i як знайсцi ежу, хадзiлi з працягнутай рукой, а бывала, i рабавалi мясцовае насельнiцтва.

Прэзiдэнт Рузвельт, сенат i ўрад ЗША прынялi ў той час пастанову абмежаваць у забеспячэннi прадуктамi ўласны народ, каб за кошт гэтага арганiзаваць пастаўкi для СССР. Я не магу назваць лiчбу, колькi мiльёнаў тон прадуктаў харчавання было пастаўлена, але ў СМI прагучала iнфармацыя, што гэтага хапiла б, каб паўнавартасна кармiць 3-мiльённую армiю на працягу трох гадоў. На жаль, факт амерыканскай дапамогi замоўчваецца.

На абарону Масквы былi перакiнуты вайсковыя фармiраваннi з Сярэдняй Азii. Там былi размешчаны вялiкiя сiлы, бо Сталiн баяўся, каб Сярэдне-Азiяцкiя рэспублiкi не паспрабавалi аддзялiцца, выкарыстаўшы цяжкае становiшча СССР. Унутраныя ворагi для Крамля былi небяспечней вонкавых. Падставы для гэтага iснавалi. Толькi за 1929 год супраць савецкай улады адбылося 730 паўстанняў, у тым лiку i ў армii. Салдаты-сяляне адкрыта заяўлялi, што ў выпадку вайны яны не будуць абараняць СССР. Пра гэта гаварылася ў перадачы “Особая папка” на канале ТВЦ 22.03.2004 года. Каб прадухiлiць крах СССР, Сталiн, ратуючы сваю скуру, вёў перамовы з Гiтлерам аб спыненнi вайны. Пасярэднiкам перамоў была хаўруснiца Гiтлера — Балгарыя. За спыненне вайны Сталiн даў згоду добраахвотна аддаць фашысцкай Германii Украiну, Беларусь, Прыбалтыку, Бесарабiю, Букавiну, Карэльскi перашыек (гл. кнiгу ваеннага гiсторыка Д. Валкагонава “Ленiн”). Дарэчы, сатрап Ленiн, ратуючы сваю ўладу, у 1918 годзе ўжо здаваў нас немцам па Брэсцкім мiры. I вось зноў усё магло паўтарыцца. Але Гiтлер адхiлiў прапанову Сталiна. Гэтыя тэрыторыi i так ужо былi пад нямецкай акупацыяй. А калi б Гiтлер пагадзiўся? Як бы склалася гiсторыя Беларусi, у якiм бы накiрунку яна б развiвалася? I што казалi б нам сёння ветэраны? I цi ведалi б мы iх, самiх ветэранаў, па волi Сталiна, якога яны ўхваляюць? У апошнi час беларускiя ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны паднялi лямант вакол помнiка маршалу Жукаву. Iм не церпiцца ўсталяваць яго ў цэнтры Мiнска. Але якiя адносiны мае Жукаў да Беларусi? Так, ён служыў на нашай тэрыторыi ў якасцi камандзiра палка. Ну i што? Такiх камандзiраў праз Беларускую ваенную акругу прайшлi тысячы, можна натыкаць помнiкаў на кожным квадратным метры. Жукаў нарадзiўся ў Калужскай вобласцi. Калi яго землякам патрэбны такi помнiк, няхай яны i ўстанаўлiваюць. А мы павiнны шанаваць сваiх знатных землякоў, у тым лiку i военачальнiкаў. Нi ў Мiнску, нi ўвогуле на тэрыторыi Беларусi ўсталёўваць помнiкi Жукаву не варта. Беларусь была здана немцам за месяц, а сталiца рэспублiкi горад Мiнск — на шосты дзень вайны. Вызвалялi Беларусь доўгiх 3 гады 1 месяц i 5 дзён. Маршал Жукаў ваяваў не розумам, а колькасцю. Ён завалiў нямецкiя траншэi трупамi савецкiх салдат. На аднаго забiтага нямецкага салдата прыпадае (па афiцыйных дадзеных) 10 савецкiх. Але гэта не дакладная, а значна занiжаная лiчба. Перад 60-годдзем Дня Перамогi, якое пампезна адсвяткавалi ў Расii i Беларусi, у адной з тэлеперадач было сказана, што да нашага часу лiчацца без вестак знiклымi больш шасцi мiльёнаў салдат i афiцэраў Чырвонай Армii! Куды ж яны дзелiся? Яны загiнулi, iх проста нiхто не лiчыў. Магчыма, гэта быў злосны намер. Сем’ям без звестак знiклых салдат i афiцэраў не плацiлi пенсiй, пазбаўлялi iх iльгот. Гэта ж астранамiчная эканомiя для бюджэту краiны...

У мяне няма намеру пакрыўдзiць ветэранаў ВОВ, абразiць iх пачуццi, адносiны да мiнулага, для iх гераiчнага. Яны мужныя людзi, iм пашчасцiла выжыць у той мясарубцы. Здароўя iм, няхай жывуць доўга! Я ўсяго толькi iх заклiкаю зiрнуць праўдзе ў вочы. Новыя пакаленнi нашых людзей маюць права i павiнны ведаць усю праўду пра Другую сусветную вайну, якой бы тая праўда горкай ні была. Калi мы нашу моладзь будзем выхоўваць на хлуснi, то яна, моладзь, будзе паўтараць памылкi сваiх папярэднiкаў, будзе наступаць на тыя ж самыя граблi.

Памятаю, як па расiйскім тэлеканале НТБ 23.06.2000 года паказалi дакументальную кiнастужку “Перамога. Адна на ўсiх”. Сталiн арганiзаваў памiж Жукавым i Коневым гонку, спаборнiцтва, хто першым увойдзе ў Берлiн. Савецкiх маршалаў у пагонi за славай нiшто не магло спынiць. Кожная пядзя зямлi на подступах да Берлiна прапiтана крывёю савецкiх салдат. На шляху адной з дывiзiй да Берлiна сустрэўся дот, у якiм знаходзiўся кулямётны разлiк з двух нямецкiх салдат. Гэтую перашкоду можна было абысцi з флангаў, каб не трапiць пад кулямётны агонь, i наступаць далей. Разумны камандзiр так бы i зрабiў. Але паступiў безагаворачны загад — захапiць дот. Батальёны, палкi па некалькi разоў падымалi ў атаку i кiдалi на дот, але нямецкi кулямёт працаваў безадказна. Мясцовасць перад амбразурай была завалена трупамi салдат. Ад гэтага жудаснага вiдовiшча нямецкi кулямётчык звар’яцеў, кулямёт замоўк. Але i ў атаку падымаць ужо не было каго, падраздзяленне амаль усё загiнула. Вось такiя “таленавiтыя” камандзiры былi ў Чырвонай Армii.

Абвiнавачваць у неапраўданых стратах камандзiраў сярэдняга i нiжэйшага звяна несправядлiва. Яны не мелi права ўносiць змены ў загады камандзiраў больш высокага рангу. Для прыкладу. Перад фронтам дывiзii была добраўмацаваная вышыня з шматлiкiмi агнявымi кропкамi. За вышынёй — вёска, у якой размяшчалiся немцы. Немцы не збiралiся здаваць нi вышыню, нi вёску. Батальёны i палкi дывiзii некалькi разоў кiдалiся на штурм, хадзiлi ў атаку, але безвынiкова. Гiнулi i салдаты, i камандзiры. I вось на 7 гадзiн ранiцы наступнага дня быў прызначаны чарговы штурм. Камандзiр палка паставiў задачу захапiць вышыню нядаўна прызначанаму на пасаду камандзiру батальёна. Атака — пасля 15-хвiлiннай артылерыйскай падрыхтоўкi. Але камандзiр батальёна ўсё вырашыў па-свойму. Пад покрывам ночы батальён непрыкметна падкраўся да вёскi. Часавых лiквiдавалi цiха. Потым па сiгналу байцы адначасова ўварвалiся ў хаты. Сонныя немцы былi знiшчаны без адзiнага выстралу. Савецкiх байцоў уразiла тое, што немцы, знаходзячыся на перадавой, спалi на чыстай бялiзне. Пакончыўшы з немцамi ў вёсцы, батальён з тыла атакаваў вышыню i без асаблiвага шуму захапiў яе. Усе агнявыя кропкi немцаў былi падаўлены. У 6 гадзiн ранiцы, за гадзiну да атакi, камандзiр батальёна далажыў камандзiру палка аб захопе вышынi i вёскi. Вы думаеце, што камандзiр батальёна за праяўленую iнiцыятыву атрымаў узнагароду? Як бы не так. Батальёну было загадана пакiнуць вышыню i вёску, вярнуцца на зыходныя пазiцыi i чакаць, як было запланавана, сiгнала для атакi. Камандзiра батальёна адхiлiлi ад пасады, пазбавiлi афiцэрскага звання i накiравалi ў штрафную роту. Гэта шараговы выпадак, якiх было вельмi многа...

Пасля таго як Германiя капiтулявала, адбылася сустрэча памiж маршалам Жукавым, фельдмаршалам  Мантгомеры (Англiя) i генералам армii Эйзенхаўэрам (ЗША). У размове Эйзенхаўэр запытаўся ў Жукава, як яму так хутка ўдалося захапiць Берлiн. Вакол Берлiна,  на далёкiх i блiзкiх подступах да яго суцэльныя мiнныя палi, на якiх падарвалася некалькi амерыканскiх салдат. Саюзнiкi спынiлi наступленне. Вельмi крыўдна гiнуць, калi вось-вось закончыцца вайна. Так думалi i шараговыя амерыканскiя  салдаты, i генералы, i галоўнакамандуючы генерал армii Эйзенхаўэр, i прэзiдэнт ЗША. Але гэта там, у iх. У нас было ўсё па-iншаму. Маршал Жукаў адказаў Эйзенхаўэру, што якi сэнс жалець салдат, калi ведаеш, што гэта апошнi штурм. Жукаў на мiннае поле, на верную смерць кiнуў мотастралковую дывiзiю. У жывых ад дывiзii засталiся адзiнкi... Так быў пракладзены праход праз мiннае поле. Там, дзе прайшла дывiзiя, на зямлi засталiся ляжаць тысячы забiтых i сцякаючых крывёю, параненых салдат i афiцэраў. Параненым, пакалечаным, кантужаным медыцынскай дапамогi нiхто не аказваў, не было часу. У пракладзены мiнны праход адразу пайшлi танкi. Яны давялi справу да канца, гусенiцамi перамалолi косцi i мёртвых i жывых i змяшалi iх з зямлёй. Магчыма, усе яны папалi ў спiс без вестак прапаўшых. Для маршала Жукава жыццё салдата, афiцэра, генерала было нiшто.

За ўсю Другую сусветную вайну загiнула 307 тысяч англiйскiх салдат i афiцэраў. Гэта ў тры разы меней, чым  iх страты ў Першую сусветную вайну. Страты амерыканскай армii ў Другой сусветнай вайне склалi 250 тысяч салдат i афiцэраў. Страты савецкай армii незлiчоныя. Па афiцыйных дадзеных спачатку яны склалi 7 мiльёнаў чалавек, потым — 8 мiльёнаў, зараз абвяшчаецца, што ваенныя страты Чырвонай Армii склалi каля 10 мiльёнаў чалавек. Але i гэта лiчба значна занiжана. Толькi ў баях за Берлiн загiнула каля мiльёна савецкiх салдат i афiцэраў. Такi ж самы малюнак назiраўся ў баях за iншыя гарады.

Гледзячы на тыя падзеi з пазiцый сённяшняга дня, мне не зразумела, для чаго Сталiн, Жукаў, Конеў так напiналiся, каб першымi захапiць Берлiн. Па-першае, амерыканцы i не збiралiся яго браць штурмам, пазбягалi вялiкiх неапраўданых страт. Па-другое, захапiўшы Берлiн, савецкае кiраўнiцтва ўсё роўна вымушана падзялiла горад на 4 часткi акупацыi памiж саюзнiкамi, паднесла iм яго на сподачку.

Некалькi слоў аб тым, як падпiсваўся акт аб капiтуляцыi Германii. Ён быў падпiсаны 7 мая 1945 года. З амерыканскага боку акт падпiсаў генерал Смiт, з боку СССР — генерал Суслапараў, з боку павержанай Германii — генерал Йодль. Акт уступiў у сiлу ў ноч з 7 на 8 мая. 8 мая лiкаваў увесь свет. Звесткi дайшлi да Крамля. Там абурылiся. Хто пасмеў свавольнiчаць?! Амерыканцы, каб уцешыць Жукава, каб не дражнiць звера, не сталi пярэчыць супраць яшчэ аднаго падпiсання акта аб капiтуляцыi Германii. З боку СССР акт падпiсаў надменны маршал Жукаў, з боку Германii — фельдмаршал Кейтэль. Але гэта падзея ўжо не iграла нiякай ролi, нiхто ў свеце, акрамя СССР, яе не заўважыў.

Трэба адзначыць, што Сталiн не выказаў асаблiвай радасцi, што ў вайне з Германiяй пастаўлена апошняя кропка. Ён быў не супраць паваяваць яшчэ. Вайна з самага пачатку пайшла не па яго сцэнарыі. Ён збiраўся першым знянацку, без аб’яўлення вайны напасцi на Германiю i за кароткi тэрмiн дайсцi да Берлiна. Жукаў i Цiмашэнка падрыхтавалi план вядзення вайны. СССР меў шматкратную перавагу над Германiяй у жывой сiле i ва ўзбраеннi. Але атрымалася ўсё наадварот. Лепшы сябра Сталiна папярэдзiў падзеi, напаў першым i вельмi хутка дайшоў да Масквы. Пасля парада перамогi, якi адбыўся ў Маскве ў дажджлiвы дзень 24 чэрвеня 1945 года, пра Дзень Перамогi не ўспамiналi 20 гадоў — да 9 мая 1965 года. З гэтага моманту галоўнай дзеючай асобай у Вялiкай Айчыннай вайне стаў чарговы генсек ЦК КПСС  Леанiд  Брэжнеў. На яго грудзях з маўклiвай згоды сённяшнiх ветэранаў пачапiлi ордэн Перамогi. Цяпер ужо самай галоўнай вайсковай аперацыяй стаў не штурм Берлiна, а высадка дэсанта на бераг Цэмескай бухты каля Новарасiйска i захоп там невялiкага плацдарма плошчай у 30 кв. кіламетраў. Плацдарм некалькi разоў наведаў начальнiк палiтаддзела 18-й армii палкоўнiк Брэжнеў. На думку ваенных гiсторыкаў тая аперацыя была лёсавызначальнай для далейшага ходу вайны.

Як з цягам часу ўсё мяняецца! Зараз нам даводзяць, што паваротнай кропкай у ходзе вайны была бiтва на “Лiнii Сталiна” пад горадам Заслаўем на подступах да Мiнска, бiтва — якой не было.

Якi эпiзод вайны ні возьмеш — усюды натыкаешся на хлусню. Возьмем прыкладам блакаду Ленiнграда. Не для людской памяцi, а па iдэалагiчных меркаваннях, для турыстаў, як нейкую выставу, пабудавалi Пiскароўскiя могiлкi. А на тым месцы, дзе праводзiлiся самыя масавыя пахаваннi, пасля вайны заклалi парк Перамогi. Кроны дрэў у iм разраслiся, трава на газонах сакавiтая, квiтнеюць клумбы — зямля ўгноена... Нашчадкi памерлых i выжыўшых прагульваюцца па алеях парка i, магчыма, не падазраюць, што пад iх нагамi сотнi тысяч людскiх парэшткаў. Улада рабiла i працягвае рабiць усё, каб сцерцi вялiкiя страты з памяцi. У Ленiнградзе ёсць яшчэ адно змрочнапамятнае месца — цагельны завод. У часы блакады ён працаваў як крэматорый. Спачатку ў пячах завода штодзённа спальвалi па 800 цел. Потым, па загадзе першага сакратара Ленiнградскага абкама КПСС Жданава, норму спальвання давялi да 1500 трупаў за суткi. Попел з печаў вывозiлi ваганеткамi i выгружалi ў катлаван, з якога да блакады здабывалi глiну. Катлаван, цi кар’ер, меў вельмi ўнушальныя размеры. Пасля вайны яго запоўнiлi вадой, уладкавалi бераг, пабудавалi пляжы, зоны адпачынку — атрымалася прыгожае возера. Зараз там адпачываюць, купаюцца, загараюць, п’юць пiва пецербуржцы. Няўжо iм невядома, што дно гэтага возера пакрыта тоўстым слоем святога попелу? На тым месцы, дзе стаяў цагельны завод, пабудавана станцыя метро “Парк Перамогi”. Уваход у метро знаходзiцца якраз там, дзе стаялi печы.

Якая колькасць людзей загiнула ў блакадным Ленiнградзе, дакладна невядома. Да вайны ў горадзе пражывала 3 мiльёны чалавек. На момант лiквiдацыi блакады засталося ўсяго 500 тысяч. Эвакуiравана людзей з Ленiнграда было не надта многа. Гэта быў у асноўным персанал навукова-даследчых устаноў. У Ленiнград хлынулi  бежанцы. Па розных ацэнках iх колькасць складала ад 2 да 3 мiльёнаў чалавек. Яны i сталi памiраць першымi. Бо былi без дакументаў, без месца працы, iм не выдавалiся картачкi на атрыманне пайкоў. Блакаду можна было зняць на год раней.

Чаму я так падрабязна пiшу пра блакадны Ленiнград? Таму, што ў гэтым пекле памёр мой родны брат Сяргей. Дзе яго магiла — невядома. Крэмль не спяшаўся з дапамогай блакаднаму Ленiнграду.

Разам з “рукой дапамогi” СССР вырашаў свае далёка iдучыя планы. А калi здаралася, што насамрэч акупаваным народам была патрэбна хуткая дапамога i яны яе прасiлi, СССР не спяшаўся яе аказаць. Так здарылася з Варшаўскiм паўстаннем. Камандаванне Чырвонай Армii, якая была ўжо побач з Варшавай, раўнадушна назiрала ў бiноклi, як немцы распраўлялiся з паўстанцамi.

Як вызвалялася сталiца Чэхаславакii Прага — гэта цэлая захапляльная гiсторыя, у якой замешана Руская Вызваленчая армiя (РВА) генерала Уласава.

13 сакавiка 1945 года 1-ю рускую дывiзiю гэтай армii пад камандаваннем генерал-маёра Сяргея Бунячэнкі нямецкае камандаванне перакiнула да Берлiна, дзе iшлi кравапралiтныя баi. Але генерал Бунячэнка адмовiўся выконваць загады нямецкага камандавання, аб чым 13 красавiка аб’явiў усяму асобаму складу сваёй дывiзii. Прывiтанне “Хайль Гiтлер” было заменена на звычайнае прыкладанне рукi да галаўнога ўбору. Дывiзiю, а разам з Уласавым i ўсю армiю, генерал Бунячэнка павёў на поўдзень. 2 мая дывiзiя спынiлася на прывал у 50 км ад Прагi. У той жа дзень у штаб дывiзii прыбыла чэшская дэлегацыя i праiнфармавала Уласава i Бунячэнку, што ў Празе рыхтуецца паўстанне супраць нямецкiх акупантаў, прасiлi дапамогi. Памiж Уласавым i Бунячэнкам па гэтым пытанні спачатку паразумення не было. 3 мая 1945 года дывiзiя займалася раззбраеннем нямецкiх гарнiзонаў. Немцы ўласаўцам супрацiву не аказвалi. Нямецкiя салдаты i унтэр-афiцэры адразу былi адпушчаны, а афiцэраў адпусцiлi на наступны дзень. 4 мая амерыканская армiя па прыказу генерала Эйзенхаўэра пачала наступленне ў Чэхаславакii. Да Прагi было не надта далёка. Спадзеючыся на амерыканцаў, у 11 гадзiн 5 мая пачалося Пражскае паўстанне. Немцы пачалi жорстка яго падаўляць. Да Прагi пачалi рухацца эсэсаўскiя часцi. Паўстанне сцякала крывёй. ЧНС — Чэшскi нацыянальны савет зноў звярнуўся за дапамогай да Уласава. Амерыканцы гатовы былi аказаць дапамогу, але савецкае камандаванне забаранiла iм гэта рабiць. Ялцiнскiмi пагадненнямi была вызначана мяжа, на якой саюзнiкi павiнны былi спынiцца. Чырвоная Армiя была далёка i дапамагаць паўстанцам яна, як звычайна, не збiралася. На гэты раз генералы Уласаў i Бунячэнка прыйшлi да высновы, што паўстанцам трэба тэрмiнова аказаць дапамогу. Армiя рушыла на Прагу. 5 мая радыё паўстанцаў перадала: “Абаронцы Прагi! Мужна трымайцеся, напружце апошнiя сiлы! Нам на дапамогу рухаецца армiя генерала Уласава!” Напрыканцы дня армiя ўвайшла ў Прагу. За 6 i 7 мая армiя ачысцiла Прагу ад немцаў, спынiла моцныя часцi эсэсаўцаў, якiя наступалi на Прагу. Прага была вызвалена. Уласаўцаў радасна сустракала насельнiцтва. На танках уласаўцаў было напiсана: “Смерць Сталiну, смерць Гiтлеру”. Але большасць у ЧНС складалi прамаскоўскiя камунiсты. Яны былi напалоханы тым, што супрацоўнiцтва з уласаўцамi скампраментуе iх перад СССР. 7 мая яны прынялi рэзалюцыю, каб уласаўцы пакiнулi горад. Вось так функцыянеры ЧНС аддзякавалi ўласаўцам за вызваленне сталiцы ад немцаў. Ранiцай 8 мая дывiзiя ў апошнi раз прайшла па вулiцах Прагi, пакiдаючы яе. Людзi плакалi, прасiлi ўласаўцаў не пакiдаць горад. Прагу зноў адразу занялi фашысты. ЧНС iм не перашкаджаў, хаця насельнiцтва, дзякуючы Уласаву, было ўжо добра ўзброена. Чэхi вызвалiлi палонных немцаў, якiх у палон захапiлi ўласаўцы. Па дамоўленасцi з ЧНС, немцы папоўнiлi свае запасы зброi, харчавання i ў гэты дзень, 8 мая, пакiнулi горад. 9 мая 1945 года ў свабодную Прагу ўвайшла Чырвоная Армiя. Савецкае камандаванне было абурана тым, што чэхi далi магчымасць пакiнуць горад спачатку ўласаўцам, а потым немцам. Савецкiя военачальнiкi прывыклi браць гарады, завалiўшы iх трупамi сваiх салдат i мiрнага насельнiцтва, пакiнуўшы пасля сябе руiны. Вiнаватых знайшлi хутка. Былi арыштаваны кiраўнiкi паўстання i ЧНС. У поўным складзе — каго расстралялi, каго адправiлi ў ГУЛАГ. А многiя нашы ветэраны i зараз носяць медаль “За взятие Праги”.

(Працяг будзе.)

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл