ДЭМАКРАТЫЯ ПА-БЕЛАРУСКУ
Нямое радыё
Радыёвыступленне апазіцыйнага кандыдата-настаўніка знялі з эфіру пасля таго, як ён прызнаўся, што не адчувае сябе чалавекам у Беларусі...
Настаўнік нямецкай мовы з Бешанковічаў, адзін з заснавальнікаў ствараемай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Георгій Станкевіч, зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты на мясцовых выбарах. Як кандыдат ён меў права звярнуцца да выбаршчыкаў у эфіры мясцовага радыё, але скарыстацца ім не змог. Станкевіч прыйшоў у студыю, запісаў выступленне, але ў самы апошні момант яго знялі з эфіру.
“Выступленне на раённым радыё я запісаў яшчэ 31 сакавіка, — расказвае Станкевіч. — Літаральна праз два дні мне патэлефанавалі з раённай выбарчай камісіі і папрасілі прыехаць на пасяджэнне. Мэты пасяджэння мне не патлумачылі. Прыехаўшы, я даведаўся, што сябры камісіі сабраліся менавіта “пад мяне”. На галасаванні ў маёй прысутнасці было пастаўлена толькі адно пытанне: ці пускаць у радыёэфір выступленне кандыдата ў дэпутаты Георгія Станкевіча? Большасцю галасоў камісія пастанавіла, што такое выступленне, як у мяне, выбаршчыкам слухаць не варта. У раённай выбарчай камісіі палічылі, што некаторымі тэзісамі свайго выступлення я абражаю іншых кандыдатаў...”
Што ж так напалохала сябраў раённай камісіі ў Бешанковічах?
Георгій Станкевіч упэўнены, што напалохала іх праўда. “У сваім выступленні я сказаў, што заробку настаўніка вясковай сярэдняй школы не хапае на тое, каб зводзіць канцы з канцамі. Зарплата не дазваляе мне пачуваць сябе чалавекам. Мой гадавы даход крыху большы за 9 мільёнаў рублёў, у той жа час чыноўнікі нават раённага ўзроўню атрымліваюць шматмільённыя зарплаты... Сябраў выбарчай камісіі асабліва ўразіла слова шматмільённыя. Але ж хіба гэта не так?”
Акрамя таго, у сваім выступленні Георгій Станкевіч звярнуў увагу на ход гэтай выбарчай кампаніі. Вось што ён збіраўся сказаць выбаршчыкам.
“Дэпутацкі корпус, які ў нас цалкам выбіраецца з чыноўнікаў, не можа добраахвотна адмовіцца ад свайго шыкоўнага жыцця і шматмільённых заробкаў. Трапіць туды сёння, каб стаць народным абраннікам, — няпроста. Бо ў раёне, як і ў цэлым у Беларусі, ідуць не выбары, а прызначэнне дэпутатаў. Нельга назваць выбарамі тое, калі на дэпутацкае месца прэтэндуе адзін кандыдат. А ў нашым раёне гэта не выключэнне, а правіла. У абсалютнай большасці акруг пераможцаў на выбарах можна назваць ужо сёння — імі стануць праўладныя дэпутаты, нашы чыноўнікі. Тыя, каго гадамі перасаджваюць з адной кіраўнічай пасады на другую. Тыя, хто дбаў і дбае толькі пра свой дабрабыт.
У тых жа акругах, дзе вылучаюцца іншадумцы, такія, як я, ім арганізаваны канкурэнты. Але галоўнае на гэтых выбарчых участках будзе адбывацца не ў час галасавання, а ў час падліку...”
Выступленне, якое павінна было быць у эфіры яшчэ 6 красавіка на радыё так і не з’явілася. Станкевіч звярнуўся са скаргай у абласную выбарчую камісію. Адказу пакуль не было: “Мяне супакоілі, што нейкі адказ я ўсё ж такі атрымаю, але калі — дакладна невядома”.
Нягледзячы на яўныя перашкоды падчас агітацыі Георгій Станкевіч не мае намеру здымаць сваю кандыдатуру.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне