bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №60-61 (3190-3191) - "З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Палітсалдат

Аўтар: I 19 красавiка 2010 г.

14 красавіка Францішак Вячорка быў звольнены з войска па стане здароўя.

Цягам 15 месяцаў службы былы лідэр “Моладзі БНФ” аспрэчваў свой прызыў як незаконны.

У войску змагаўся за свае правы і правы іншых салдатаў. У інтэрв’ю „Народнай Волі” падзяліўся думкамі пра службу,  стан сучаснага войска і планы на будучыню.

— Што ты адчуў, калі сказалі, што вызваляюць?

— Эйфарыя. Закружылася галава. Але да апошняга не верылася. Толькі калі пераступіў парог КПП, зразумеў, што вайсковае зняволенне скончылася. Першае, што хацелася, — зняць форму.

— Цябе вызвалілі раней тэрміну. Што адбылося?

— Мяне камісавалі па хваробе сэрца, з якой служба ў арміі забаронена. У выніковым эпікрызе напісана, што “хвароба набыта ў арміі”. Але і ўрачы, і я сам разумеем, што гэта ад нараджэння, і ніякія нагрузкі да такога захворвання прывесці не маглі.

— Атрымоўваецца, ты ўсё-такі даказаў, што твой прызыў быў несправядлівы?

— Не проста несправядлівы — незаконны! Гэта было працяглае жорсткае змаганне: 5 судовых працэсаў, больш за 10 пракурорскіх праверак, публікацыі ў СМІ, міжнародныя акцыі салідарнасці. Апошняй кропляй стала маё вылучэнне на выбарах... Спецслужбы пабачылі, што са мной змагацца бессэнсоўна. Лічу, што маё звальненне — перамога. Гэта таксама прыклад для іншых юнакоў, якія лічаць, што іх прызвалі незаконна.

— А як гэта выглядала? Да цябе проста прыйшлі і сказалі: збірай рэчы, можаш ехаць дадому?

— Уся працэдура камісавання заняла паўтара месяца. 2 сакавіка мяне палажылі ў Галоўны вайсковы шпіталь — у тое самае 1-е кардыялагічнае аддзяленне, дзе мяне абследавалі пры прызыве.  Тады мае дыягназы былі сфальсіфікаваныя, мяне збілі ў палаце і гвалтам завезлі ў ваенкамат. Гэтым разам мяне абследавалі сумленна, выявілі гіпертэнзію і недастатковасць сардэчнага клапана. У навукова-практычным цэнтры “Кардыялогія” пацвердзілі дыягназ. Ваенна-ўрачэбная камісія прызнала мяне непрыгодным да службы ў войску. Потым вярнулі ў часць, там прабыў месяц у чаканні дакументаў з Мінска.

— Ці збіраешся аспрэчваць свой прызыў?

— Так. Людзі, якія парушаюць законы і правы іншых, павінны несці адказнасць. Гэта і прызыўная камісія, і медыкі, якія перапісвалі дыягназы, і супрацоўнікі Службы бяспекі прэзідэнта, што збівалі мяне ў шпітальнай палаце, і тыя, хто ўсё гэта рэжысіраваў. Буду патрабаваць кампенсацыі і абвяржэння ад БТ і Беларускай ваеннай газеты “Во славу Родины”. У справядлівасць суда не веру, але імёны ўдзельнікаў спецаперацыі “палітычны прызыў” застануцца ў гісторыі.

— Чым жа ты так насаліў дзяржаўным СМІ?

— За час службы пра мяне і іншых палітсалдат паказалі як мінімум пяць сюжэтаў на БТ і адзін фільм. У “Беларускай ваеннай газеце” некалькі разоў на месяц выходзілі абразлівыя пасквілі. Уся іх сутнасць у адным: “апазіцыянеры толькі ўмеюць, што крычаць на мітынгах, а служыць не хочуць”. Мяне выстаўлялі фашыстам, клоунам, “косарам”. Усяляк спрабавалі дыскрэдытаваць. Здаецца, пасля майго вызвалення яны павінны былі падціснуць хвост. Пару дзён таму быў апублікаваны  чарговы пасквіль.

— А як на гэтыя публікацыі рэагавалі таварышы па службе?

— Смяяліся. Яны ж бачылі, які я насамрэч. Абсалютная бальшыня і салдат, і афіцэраў мяне негалосна падтрымлівалі. Былі, праўда, пару чалавек, якія згадзіліся даць інтэрв’ю Першаму каналу супраць мяне. Пасля апраўдваліся, што іх прымусіў нампаліт. Увогуле, камандаванне і кадэбэшнікі вытанчана маніпулявалі салдатамі, збіралі на кожнага кампрамат: хто дзе напіўся, заснуў на дзяжурстве, быў злоўлены ў самаволцы... Ім прапаноўвалася “выкупіць” сваю віну і аказаць “паслугу”, у адваротным выпадку пагражалі пракуратурай.

— І што гэта былі за паслугі?

— У асноўным ім прапаноўвалася стаць шасцёркай: дакладваць начальству пра ўсе мае размовы і дзеянні. Аднойчы даручылі “здаць” мой мабільны тэлефон. Тады пад выглядам майго здалі нампаліту зусім левы апарат. Потым упарта ўгаворвалі прынесці са звальнення дыскі з “якой-небудзь парнушкай”. Правакавалі на бойку. Але я паводзіў сябе вельмі асцярожна і стараўся з усімі сябраваць: гэта мяне і ўратавала.

— Кажуць, вайсковыя сябры — самыя лепшыя. Сярод тваіх таварышаў па службе былі такія?

— Ёсць некалькі чалавек, якіх я магу назваць сапраўднымі сябрамі, якія не падвялі, у цяжкія моманты — падтрымалі. Камандаванне імкнулася, каб са мной як можна менш кантактавалі. Аднаго дагэтуль працягваюць цкаваць, яшчэ аднаго — перавялі ў іншую часць. Але мы абмяняліся кантактамі, будзем падтрымліваць сувязь.

— Былы палітсалдат Іван Шыла казаў, што дзедаўшчыны ў войску амаль няма. А як з гэтым у цябе?

— У нас быў перагіб у адваротны бок. Наша часць лічыцца ўзорна-статутнай. Калі нехта недзе “заляцеў”, адпраўляюць на перавыхаванне да нас. Сярод салдат мазырскую часць жартаўліва называюць дысбатам. Ад дзедаўшчыны засталіся некаторыя традыцыі, мянушкі, “пераводы”, у тым ліку грашовыя. Мне здаецца, камандаванне зацікаўлена ў “дзядусе”, гэтак лягчэй кантраляваць калектыў. Правакацыі супраць мяне рабіліся рукамі гэтак званых “дзядоў”. Для іншых салдат гэта гульня на паўтара года, якая дае магчымасць паказаць сябе і разнастаіць час. Але я ў гэтым прынцыпова не ўдзельнічаў.

— Кажуць, гэта добра, што апазіцыянераў пачалі забіраць у войска, маўляў, паразмаўляюць з простымі людзьмі, паагітуюць...

— Цягам службы я нікому не навязваў свой пункт гледжання, калі пыталіся — выказваўся. Гэта дзейнічала як найлепшая агітацыя. Многія задумваліся. Некаторыя адкрыта сімпатызавалі. Аднак салдаты ў асноўнай бальшыні абыякавыя да палітыкі. Яны не лічаць, што ад іх нешта залежыць. Але некалькі чалавек адразу па заканчэнні службы збіраюцца далучыцца да “Моладзі БНФ”.

— Ці змянілася стаўленне да вайсковай службы?

— Я па-ранейшаму лічу, што тэрміновая служба ў Беларусі — перажытак саветчыны. Калі кажуць, што войска кагосьці зрабіла мужчынам, значыць, дагэтуль ён быў бурацінам. Тэрміновая служба мае мала супольнага з абаронай Радзімы. Салдаты, як і качагары, ці повары — абслугоўваючы персанал. Каб навучыцца вайсковай спецыяльнасці, дастаткова 2—3-х месяцаў. За грошы, што выдзяляюцца на тэрміновую службу, можна купіць новую тэхніку, падняць заробкі кантрактнікам, прымусіць іх працаваць. Баяздольнасць павысіцца ў разы.

— Як я зразумела, служыць табе не спадабалася?.. А вось некаторыя іншыя з “палітпрызваных” выказваліся пра войска нейтральна ці нават пазітыўна...

— Яны абралі іншую мадэль паводзін. Лічу, што мой прызыў быў незаконным. Да мяне ставіліся не як да салдата, а як да зняволенага. І я змагаўся за сваё вызваленне кожны дзень. 15 месяцаў мяне ізалявалі, правакавалі, здзекаваліся. Але марна. Я не зламаўся, застаўся самім сабой. Першае, што я пачуў па прыбыцці ў Мазырскую часць: “Мы цябе перавыхаваем”. Яны не ўлічылі, што мне хоць іголкі заганяй пад пазногці — я буду стаяць на сваім. Мне адразу прапанавалі служыць “як усе”, адмовіцца ад публічнасці, а ўзамен атрымаць лычкі сяржанта і палёгкі ў службе.  Замест гэтага я атрымаў 12 спагнанняў, у тым ліку гаўптвахта і скарачэнне адпачынку. Мяне каралі не за кепскую службу (залікі па вайсковых прадметах я здаў на выдатна), а за грамадзянскую пазіцыю. Калі ты назваўся змагаром за свабоду — будзь такім да канца. Прагнуўся адзін раз — будзеш кланяцца ўсё жыццё. Калі было цяжка, перачытваў перапіску са Зміцерам Жалезнічэнкам, Іванам Шылам і іншымі палітсалдатамі, сябрамі. Штодня прыходзілі паштоўкі і лісты падтрымкі.

— Яшчэ падчас прысягі ты абяцаў заняцца беларусізацыяй войска.

— Дзякуючы мне, нарэшце перакладзены і афіцыйна выдадзены па-беларуску вайсковыя статуты. Усю службу я прынцыпова карыстаўся толькі беларускай мовай. Спачатку мне забаранялі аддаваць каманды па-беларуску. За тое, што я адмовіўся спяваць песні на рускай мове, скарацілі водпуск да пяці сутак (у які, дарэчы, мяне так і не пусцілі).  Я скардзіўся ў пракуратуру, у суд, пісаў у прэсу. І яны адступілі. Апошнія месяцы ніякіх перашкод з ужываннем мовы не было. Некаторыя афіцэры нават спрабавалі размаўляць па-беларуску. Калі быў перапіс, дабіўся таго, што ў часці з’явіліся беларускамоўныя бланкі.

— А як салдаты ставіліся да беларускай мовы?

— Спачатку насцярожана, а пазней звыкліся. Бальшыня — з Магілёўскай і Гомельскай абласцей, звычайна гавораць на трасянцы, мову выдатна разумеюць. Гэта хутчэй псіхалаґічны бар’ер: “Ён размаўляе не так, як усе”.

— Ты недзе пісаў, што стаў салдацкім адвакатам. З якімі праблемамі да цябе звярталіся?

— Разам з салдатамі мы дабіліся таго, што ўключылі таксафон-аўтамат, адрамантавалі зліўныя бачкі, лазню, пачалі пускаць у звальненні, пасля начнога дзяжурства дазволілі некалькі гадзін адпачываць. Да мяне звярталіся не толькі салдаты. Аднаму афіцэру дапамог вырашыць жыллёвую праблему. Мы зладзілі кампанію з патрабаваннем адрамантаваць дарогу па вуліцы Астроўскага, на якой размешчана наша часць і пражываюць некаторыя афіцэры і прапаршчыкі. Як вынік — нядаўна зрабілі ямачны рамонт. Кожная перамога давалася цяжка, са скандалам, а то і з удзелам пракуратуры.

— А як праходзіць звычайны салдацкі дзень?

Пад’ём у 6 раніцы. Умыванне. У 7.00 — сняданак. Пасля ўсе ўбываюць на баявую пазіцыю. Частка людзей заступае на дзяжурствы. Іншыя абслугоўваюць тэхніку і прыбіраюць тэрыторыю. Пасля абеду, калі не ідзеш у нарад, зноў на пазіцыю. У 19.00 — вячэра. Да 20.40 — вольны час. Каб адпачыць, падшыцца, паглядзець тэлевізар. Пасля прагулка з песнямі, прагляд “Панарамы”, паверка і адбой. Салдат не хапае. Даводзіцца хадзіць у нарады праз суткі, праз двое. Бывала, у казарме начавала па некалькі чалавек.

— Ці была магчымасць чытаць кніжкі?

— Вечарам, пасля вячэры. Калі я прыйшоў служыць, у нашай часці было 6 кніжак. Цяпер іх 270. Цягам службы мае бацькі, бабуля, сябры (у прыватнасці, Ілона Урбановіч-Саўка, Уладзімір Арлоў) перадавалі кнігі; сярод іх — школьная праґрама па літаратуры, падручнікі па замежных мовах, Быкаў, Караткевіч, Карнэгі, Муракамі, Пялевін і шмат іншага. Я склаў спіс усіх кніжак, падзяліў іх па раздзелах. Атрымалася сапраўдная бібліятэчка! Пра яе станоўча напісалі ў мазырскай гарадской ґазеце. Быў момант: адзін хлопец узяў на дзяжурства кніжку, афіцэр яе забраў. Салдат прыходзіць да мяне і жаліцца: “Ну вось! Упершыню ў жыцці сам узяў кніжку пачытаць, а яе ў мяне забралі”.

— А як наконт фізічных нагрузак?

— У нас спецыфічныя войскі — радыётэхнічныя. Некаторыя іх называюць “інтэлектуальнымі”, а яшчэ — “артапедычнымі”. Батальён знаходзіцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, круцяцца лакатары, людзі — на дзяжурствах і нарадах. На фізічную падрыхтоўку папросту няма часу.

— А якія былі твае асабістыя абавязкі?

— Па пасадзе я — дызеліст-электрык. У выпадку гатоўнасці заводзіў дызель, падключаў сілкаванне да радыёлакацыйнай станцыі. Па баявым разліку я стралок акопа. Мая задача — не дапусціць прарыву пяхоты і тэхнікі праціўніка з паўднёвага кірунку. На поўдні ў нас мяжа з Украінай. Таму па ідэі я мусіў бараніць нас ад паўднёвых суседзяў, якія, як нам давялі на занятках па ідэалогіі, “прадаліся НАТО”.

— Ці давяралі табе зброю?

— Так. АК-74, штык-нож, з аўтамата за час службы я страляў толькі аднойчы — тры патроны.

— Апошні месяц у інтэрнеце гучыць інфармацыя пра тваю выбарчую кампанію. Як табе, салдату тэрміновай службы, удалося стаць кандыдатам у дэпутаты Мазырскага раённага Савета?

— Давялося схітраваць. У вайскоўцаў прынята на ўсё прасіць дазволу начальства. Я ж паставіў камандаванне перад фактам, што зарэгістравана мая ініцыятыўная ґрупа. Мне забаранілі збіраць подпісы сярод салдат, нягледзячы на тое, што яны з’яўляюцца маімі выбаршчыкамі. Тады я прасіў звальненні ў горад — абвясцілі каранцін. Подпісы сабраў мой паплечнік з Мінска — Антон Койпіш. Ніхто з камандавання і ўявіць не мог, што мяне зарэгіструюць! Пакуль не ўмяшалася Лідзія Ярмошына і Гомельская вайсковая пракуратура, мяне, ужо зарэґістраванага кандыдата, не пускалі ў горад праводзіць агітацыю.

— А чаму вырашылі балатавацца ў Мазыры? Наколькі мне вядома, ты карэнны мінчук.

— Першапачаткова я збіраўся ісці ў Мінскі гарадскі Савет. Аднак, згодна з заканадаўствам, я маю права вылучацца на той тэрытарыяльнай адзінцы, дзе  прапісаны. На маёй мазырскай акрузе мяне добра ведаюць. Да таго ж тут распаўсюджана прозвішча “Вячорка”. Для выбаршчыкаў я свой. Я шчыра палюбіў гэты горад. Жыхары акругі моцна пакрыўджаны ўладай, якая не хоча іх чуць. З Мазыра знялі статус радыяцыйна-забруджанай зоны, а разам з гэтым — і адпаведныя льготы, бясплатныя абеды ў школах і садах, праезд для дзяцей. Гэта было апошняй кропляй. Магчыма, жыхары раёна бачаць ува мне надзею на перамены, таму падтрымліваюць.

— Якія ў цябе планы на бліжэйшую, ужо цывільную будучыню?

— Планую пабыць у Мазыры і давесці да канца “выбарчую кампанію”. У сумленны падлік галасоў я не веру. Але гэта добрая магчымасць пагаварыць з людзьмі, дапамагчы вырашыць некаторыя мясцовыя праблемы.

Падзякую тым, хто мяне падтрымліваў у войску. Дапішу “армейскі дзённік”, які мае выйсці асобнай кнігай.

Вырашу пытанне з адукацыяй. Буду ўзнаўляцца ў БДУ, калі адмовяць, буду вучыцца завочна за мяжой.

Узнаўлю культурніцкія праекты: дубляж фільмаў на беларускую мову, “Партызанскую школу”.

Як бы ні было, працягну змаганне з рэжымам. Збяру каманду аднадумцаў. Вярнуся ў Фронт. Вядома, шмат чаго памянялася. Трэба агледзецца.

ДАРЭЧЫ

У Беларусі стартавала чарговая кампанія па прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Указ № 182 "Аб звальненні ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы і рэзервістаў, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны ваеннай службы па прызыве, службы ў рэзерве, і прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў красавіку — верасні 2010 г." быў падпісаны прэзідэнтам 16 красавіка.

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны, у адпаведнасці з указам на тэрміновую службу, службу ў рэзерве будуць прызваны грамадзяне мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама грамадзяне прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку. Маладое папаўненне павінна быць накіравана на ўкамплектаванне злучэнняў і часцей Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў да 30 верасня.

Устаноўлена, што пацярпелыя ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС грамадзяне, прызваныя на тэрміновую ваенную службу, накіроўваюцца ў воінскія часці і фарміраванні, якія не знаходзяцца на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях, і прызначаюцца на воінскія пасады, не звязаныя з работамі па эксплуатацыі крыніц іянізуючага выпраменьвання, звышвысокіх частот і работамі з кампанентамі ракетнага паліва.

Тэмы: СпецRSS
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

Lara (21.04.2010 14:56)

Брава Вячорка Францiшак! Балатуйся хутчэй,падтрымаем!!

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл