bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №60-61 (3190-3191) - "ПРАЦЯГ ТЭМЫ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

ПРАЦЯГ ТЭМЫ

Каму будуць служыць дэпутаты-начальнікі?

Аўтар: I 19 красавiка 2010 г.
"Не хачу гуляць мечанымі картамі" — пад такім загалоўкам у "Народнай Волі" за 23—25 сакавіка 2010 года было змешчана маё інтэрв'ю, дадзенае па тэлефоне Сяргею Буткевічу. Напрыканцы нашай размовы я ўпэўнена заявіў, што ў складзе кандыдатаў у дэпутаты Пастаўскага раённага Савета і на гэты раз не будзе простых людзей, шараговых грамадзян — прадстаўнікоў сялянства, рабочых, пенсіянераў, прадпрымальнікаў.

А на пытанне журналіста, ці не баюся памыліцца, я паўжартам, але рашуча сказаў, што гатовы біцца аб заклад на скрыню каньяку і што калі раптам памылюся, то завітаю з гэтай скрыняй у рэдакцыю…

Сёння мушу паведаміць: на жаль, мой візіт у "Народную Волю" з каньяком адкладваецца, бо я ў сваім прагнозе не памыліўся, а наадварот: маё прадказанне спраўдзілася на ўсе 100 працэнтаў! 31 сакавіка газета "Пастаўскі край" давяла спіс зарэгістраваных кандыдатаў у раённы Савет. З 30 пільна правераных тутэйшай уладай маючых адбыцца "слуг народа" роўна 30 начальнікаў! Да таго ж больш як 30 працэнтаў з іх уваходзілі ў раённы Савет папярэдняга склікання!

Адначасна хачу зазначыць, што многіх з гэтых людзей я асабіста ведаю і нічога дрэннага пра іх сказаць не магу. Але не магу і ўявіць, што хтосьці з іх, увогуле прыстойных і разумных, не пабаіцца заняць актыўную, смелую пазіцыю ў дэпутацкім корпусе, выступіць з крытыкай вышэйстаячых кіраўнікоў, якія нярэдка дапускаюць грубыя памылкі, хібы і нават парушэнні законаў. Яны, гэтыя "недатыкальныя" асобы, не захочуць слухаць крытыку з вуснаў падначаленых калег-дэпутатаў і лёгка знойдуць спосаб закрыць ім раты. Бо дэпутат, вылучаны з начальнікаў, знаходзіцца ў кабале прыгоннай кантрактнай сістэмы, якая падпарадкоўвае яго большаму начальніку. І нават проста сумленныя паводзіны, адрозныя ад паводзінаў паслухмянай большасці, могуць дорага каштаваць. Не толькі ў пераносным сэнсе, бо ў дэпутатаў-начальнікаў вялікія зарплаты, службовыя аўтамабілі і адміністрацыйны рэсурс. Ім ёсць што губляць разам  з пасадай, а значыць, ёсць чаго баяцца…

З апублікаванага ў газеце паведамлення пра кандыдатаў у раённы Савет вынікае, што ў большасці з будучых дэпутатаў месячны даход складае ад 2 да 4,5 мільёна рублёў. Хто захоча "высоўвацца" дзеля праўды і справядлівасці, рызыкуючы такімі грашыма?

Я лічыў, лічу і буду лічыць, што гэткі падбор дэпутацкага корпусу — тормаз для развіцця грамадства, перашкода на шляху да рэформ, вораг усяго новага, перадавога. Пры гэткім, выключна кіраўніцкім, складзе Савета немагчымы аб'ектыўны грамадскі кантроль над уладай, не будзе крытыкі яе памылак і заганаў, а на сесіях не будуць разглядацца найбольш важныя, вострыя пытанні. Бо тое, што непакоіць альбо абурае простых людзей, звычайна не закранае інтарэсаў начальнікаў.

Каб не быць галаслоўным, узгадаю прыкрую гісторыю, калі шматгадовыя адлічэнні жыльцоў нашага мікрараёна на капрамонт дамоў пайшлі на дарагую афарбоўку аднаго дома з-за таго, што ён стаіць ля дарогі, па якой можа паехаць высокае начальства. І вось з адной гэтай прычыны афарбоўка фасаду абышлася ў суму, адпаведную 100.000 долараў ЗША!

Тое марнатраўства, вядома ж, абурыла жыльцоў, а вось дэпутаты засталіся абыякавымі да гэтай гісторыі. Наш тагачасны дэпутат, дырэктар школы Юрый Кісялёў, які добра ведаў пра "залаты фасад" (дарэчы, пра яго паведамляла "Народная Воля"), фактам абуральнага марнатраўства не зацікавіўся. На сёлетніх выбарах спадар Кісялёў зноў балатуецца ў той жа савет, але па іншай акрузе, дзе Юрыя Міхайлавіча не так добра ведаюць.

Кажуць, што ён — добры дырэктар школы. Магчыма, але навошта паспяховага кіраўніка, занятага нялёгкай працай чалавека, запрагаць яшчэ і ў воз дэпутацкіх турбот? Ці не таму, што ён стаяў у баку ад надзённых праблем горада і раёна?

Шаноўны рэдактар "Народнай Волі"! Паверце, мне вельмі шкада, што я не памыліўся ў прагнозе наконт складу маючага адбыцца раённага Савета. Куды лепей было б, калі б рэгістрацыя кандыдатаў прадэманстравала дэмакратычны падыход да выбарчай кампаніі. І тады б я, усцешаны гэтым, прывёз бы ў рэдакцыю тое, што абяцаў. Але цуду не адбылося. Улада зноў, як і раней, паставілася да выбараў як да падбору ўласных кадраў. На жаль, яна не разумее, што гэтым зневажае народ і сячэ сук, на якім усе мы сядзім, бо наўрад ці будуць дэпутаты-начальнікі бараніць інтарэсы народа, а значыць — і дзяржавы.

Такім чынам, кандыдаты прызначаны, участкі вызначаны, усё астатняе — справа тэхнікі.

Застаецца адно пытанне: ці варта галасаваць за дэпутатаў, ад якіх няма карысці?

Уладзімір БАРОЎКА, выбаршчык, палкоўнік авіяцыі ў запасе.

г.Паставы.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл