ПАСЛЯСЛОЎЕ
Аляксандр ГАНЧАРОЎ: «Калі не паважаеце балельшчыкаў, дык падумайце хаця б пра імідж краіны...»
Днямі ў Мінску завяршыўся чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы, дзе беларусы заваявалі аж восем медалёў — 3 залатыя і 5 бронзавых. Галоўны трэнер зборнай Беларусі Аляксандр ГАНЧАРОЎ задаволены выступленнем каманды, але кажа, што былі і “моманты смутку”.
“Мяне вельмі засмуціла траўма Генадзя Махвяені, — прызнаўся Аляксандр Васільевіч ej.by. — Шкада нават не тое, што ён мог заваяваць бронзавы медаль, а па-чалавечы шкада спартсмена. Ён атрымаў сур’ёзную траўму плечавога сустава, і што будзе далей — не вядома. Прыкра, што і Мікалай Новікаў з-за траўмы калена не стаў першым, хоць проста абавязаны быў гэта зрабіць”.
Па словах Аляксандра Ганчарова, пасля чэмпіянату будуць зроблены пэўныя карэктывы ў рабоце.
“Ведаеце, той, хто нешта шукае новае, заўсёды зробіць урокі і з няўдалага выступлення, і з паспяховага выступлення, — кажа ён. — Сёння відавочна, што трэба ўдасканальваць фармакалогію. Траўмы, якія здарыліся з нашымі спартсменамі, таксама даюць нагоды для роздуму. Напэўна, і мне трэба звярнуць увагу дактароў, каб больш прадуктыўна працавалі з кожным атлетам. Думаю, што да чэмпіянату свету будуць зроблены пэўныя высновы”.
— А хто вас больш за ўсіх парадаваў?
— Усе, не хацеў бы вылучаць кагосьці аднаго. Нават дзяўчына, якая заняла 10-е месца, таксама ў нейкім сэнсе пераможца. Таму што ўсе рабілі агульную справу, і як вынік — першае каманднае месца ў мужчын, і трэцяе — у жанчын. Пры гэтым беларуская жаночая зборная паказала такі вынік упершыню ў сваёй гісторыі! А ўвогуле, чэмпіянат паказаў, што мы рухаемся ў правільным накірунку.
— Але алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў так і не парадаваў беларускіх балельшчыкаў новым рэкордам...
— Так, але ж сусветны рэкорд — гэта не новая цацка, якую можна набыць, як толькі гэтага захацеў. На цяперашні момант Андрэй не быў падрыхтаваны да таго, каб паставіць рэкорд. Аб гэтым трэба сказаць шчыра. А аднаго жадання ў такім выпадку мала. За тыдзень да выступлення на еўрапейскім першынстве ў Арамнава былі 6 кілаграмаў залішняй вагі. І, калі штучна зганяеш кілаграмы, сілавыя якасці пагаршаюцца.
— Што скажаце пра арганізацыю турніру?
— Я бачыў спаборніцтвы суперкласа, як гэта было на апошнім чэмпіянаце свету ў Паўднёвай Карэі. Але даводзілася назіраць і такія слабыя турніры, што мінскі ў параўнанні з імі — што неба і зямля. І спартсмены, і трэнеры — усе адзначылі высокі ўзровень першынства ў Мінску. Таму не здзіўлюся, калі нашай сталіцы давераць у хуткім часе правядзенне і чэмпіянату свету.
— Чэмпіянат Еўропы роднае тэлебачанне паказвала ў асноўным ў запісе позна вечарам. Не сорамна вам было за такую работу тэлевізіёншчыкаў?
— А я пра гэта сказаў на Алімпійскім сходзе, пасля чаго адразу ж былі прыняты меры. І перамогу Андрэя Арамнава балельшчыкі змаглі паглядзець ужо ў прамым эфіры. Але ж гэта і на самай справе сорам, калі турнір такога ўзроўню праходзіць у Мінску, а людзі павінны назіраць за спаборніцтвамі па тэлевізары ноччу. Калі вы не паважаеце балельшчыкаў, то падумайце хаця б пра імідж краіны.
Падрыхтаваў Алесь СВЯТЛАНІЧ





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне