ЗАКУЛІССЕ
Радзівон БАС: «Ні адзін сольны канцэрт беларускіх выканаўцаў не акупіўся нават на 50 працэнтаў»
У гэтым годзе традыцыйны фестываль “Славянскі базар” змяніў арыентацыю. Абноўленае жыццё пачынаецца з лозунгаў і планаў, хаця ўжо даўно прыйшоў час ажыццяўляць іх. Да пачатку першых канцэртаў у Віцебску застаецца ўсяго месяц...
За акупнасць!
Сёлета галоўны пазагалосны лозунг фестывалю — “За акупнасць!”. Прынамсі, так абмаляваў падрыхтоўку да конкурсу намеснік кіраўніка Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Кавалёў.
“Павінна стаяць мэта, каб кожны рубель, які будзе ўкладзены ў “Славянскі базар”, прыносіў паўтара рубля прыбытку”, — выказаўся Кавалёў.
Варта адзначыць, што пэўныя зрухі ў грашовым сэнсе на “Славянцы” адбываюцца кожны год. Калі ў 2007 годзе фестываль акупаўся на 40 працэнтаў, у 2008-м — на 47 працэнтаў, то ў мінулым годзе гэты паказчык склаў каля 54 працэнтаў.
Цікава, што квіткі на ўсе мерапрыемствы сёлетняга фестывалю будуць таннейшымі, чым у мінулым годзе. На выступленне Дзмітрыя Хварастоўскага, напрыклад, можна будзе патрапіць за кошты, параўнальныя з коштамі квіткоў у мінскіх тэатрах — ад 20 да 55 тысяч беларускіх рублёў.
Дарэчы, выступаць на “Славянскім базары” будуць толькі “прыбытковыя” артысты, здольныя сабраць поўную залу. На сцэну віцебскага амфітэатра выйдуць зоркі шансону Алена Ваенга і Стас Міхайлаў, завітаюць “Дискотека авария”, “Блестящие”, дасць сольнае выступленне старшыня журы конкурсу маладых выканаўцаў Таісія Павалій. Пакуль арганізатары не ўпэўнены, што поўныя залы збяруць Валерыя і Аляксандр Сяроў. Астатнія павінны выступіць з аншлагам. Такую мэту перад імі паставілі арганізатары.
За разнастайнасць!
У гэтым годзе фестываль плануецца правесці з 9 па 15 ліпеня, але канцэрты пачнуцца ў Віцебску ўжо 7 ліпеня. Новая задума ад гарадскога кіраўніцтва і арганізатараў праекта — канцэрты пад адкрытым небам на плошчы Перамогі. Па прызнанні кіраўніцтва горада, усё будзе, “як на Краснай плошчы ў Маскве”.
Падчас фестывалю кіраўніцтва горада плануе “заманіць” на плошчу каля 100 тысяч гледачоў. План падрыхтаваны і на той выпадак, калі прыйдзе куды менш меламанаў. Арыфметыка вельмі простая: калі прадаваць квіткі па 15 тысяч, то нават пры 20—30 тысячах наведвальнікаў прыбытак будзе налічваць каля 150 тысяч долараў. У рэшце рэшт чысты прыбытак складзе каля 300—400 мільёнаў рублёў. Грошы пойдуць на кампенсацыю выдаткаў на рэканструкцыю плошчы.
Канцэрт на плошчы Перамогі дадуць Дзіма Білан і зоркі “Еўрабачання”. Цікава, што дамоўленасць аб канцэрце ў Віцебску з сёлетняй пераможцай еўрапейскага конкурсу Ленай была дасягнута яшчэ да яе трыумфу ў Осла.
За інфраструктуру!
Турыстам, якія па плане арганізатараў павінны натоўпам хлынуць у Віцебск, будзе і дзе жыць, і што паесці.
“Вы ведаеце, што месцамі ў нас былі і занядбанасць, і шэрасць, — прызнаўся намеснік кіраўніка Віцебскага аблвыканкама Леанід Кавалёў. — Вялікая праблема была з пунктамі грамадскага харчавання. Нашы кафэ і рэстараны, мякка кажучы, не адказвалі таму высокаму ўзроўню, які павінен быць сёння. У гэтым годзе ўсё будзе на парадак вышэй”.
Пакуль ва ўсведамленні кіраўнікоў горада яшчэ існуе паняцце “общепит”, цяжка наладзіць працу еўрапейскага ўзору...
Змены ў горадзе закранулі і сцэну віцебскага амфітэатра. Айчынныя рэжысёры таксама пачалі імкнуцца да ўзроўню сваіх заходніх калег.
“Усе ведаюць конкурс “Еўрабачанне”, бачылі, як там працуе сцэна, экраны, — зазначыў рэжысёр канцэрта адкрыцця фестывалю “Славянскі базар” Глеб Шапо. — Мы сёлета таксама вырашылі ўнесці сякія-такія змены ў фэставую сцэну: яна, магчыма, нагадае камусьці еўравізійную, таму што будзе трансфармавацца, нейкія яе элементы будуць уздымацца і апускацца. Я не кажу, што гэта будзе другое “Еўрабачанне”, але тое, што гэта будзе відовішчна і ярка, — дакладна”.
Варта адзначыць, што бюджэт на афармленне сцэны ў гэтым годзе быў падняты ў 2,5 раза. Новы падыход да афармлення сцэны задумалі спецыяльна для больш выгаднай “карцінкі” тэлетрансляцыі.
За касавых выканаўцаў!
Адной з галоўных палемік сёлетняга “Базару” стала пытанне выканаўцаў. Каго зваць, а каго пакінуць па-за бортам фестывалю. Ёсць жаданне запрасіць сусветных зорак, але няма грошай. Украіна ўвогуле дагэтуль не назвала тых, хто будзе ўдзельнічаць у канцэрце.
“Ва Украіне не так даўно змянілася ўлада, — патлумачыў генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск”, дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас. — Мы пачалі ўжо рэалізоўваць квіткі, але дагэтуль не ведаем, хто будзе прымаць удзел у гала-канцэрце ад Украіны”.
Радзівон Бас нагадаў сумныя факты мінулага года. Нягледзячы на цудоўную праграму і майстэрства ўкраінскага ансамбля танца імя Вірскага, квіткі на яго выступленне амаль не прадаліся. Тая ж гісторыя была з праектам тэлеканала АНТ “Маладыя галасы Беларусі”. Квіткі распаўсюджваліся бясплатна.
Праўда, ёсць і адваротны бок медаля — зоркі, якіх не можа дазволіць сабе “Славянка”.
“Ёсць зоркі, якіх мы не “пацягнулі”, — прызнаўся спадар Бас. — Шмат у чым гэта залежыць ад бытавога райдэра. Напрыклад, з сапраўднымі зоркамі прыязджае каля 200 чалавек тэхпадтрымкі. У гэтым годзе нам у Мінску прыйдзецца арандаваць тэхніку, каб задаволіць некаторых выканаўцаў”.
Адзін з самых сур’ёзных райдэраў, як і чакалася, у Дзмітрыя Хварастоўскага. Знакаміты спявак нават указаў патрэбную даўжыню машыны і падкрэсліў, што будзе ездзіць толькі з паголеным, цвярозым кіроўцам, апранутым у белую кашулю і гальштук.
Радзівон Бас адзначыў, што калі б не фінансавае пытанне, Дзень Масквы прадстаўляў бы гурт “Машина Времени”. Але што паробіш, грошы ўмеюць лічыць нават зоркі рок-н-рола...
А вось з сольнымі канцэртамі беларускіх выканаўцаў сёлета вырашылі не звязвацца.
“Ні адзін сольны канцэрт беларускіх выканаўцаў не акупіўся нават на 50%, — паведаміў Радзівон Бас. — Гэта былі сольнікі Саладухі, Навуменкі, Скорыкава. Яны не забіраюць залы ні ў Мінску, ні ў Віцебску. Годна глядзяцца гурты “J:Морс” і “Ляпис Трубецкой”. Таму “J:Морс” будзе выступаць на гэтым фестывалі тры разы, а этна-трыо “Троіца” дасць асобны канцэрт у Беларускі дзень”.
За падрыхтоўку!
Па традыцыі ў межах “Славянскага базару” пройдзе конкурс маладых выканаўцаў. Беларусь сёлета будзе прадстаўляць спявак Дзяніс Вяршэнка, якога абралі некалькі месяцаў таму. Гэты факт выклікаў незадаволенасць некаторых арганізатараў фэсту.
“Для таго каб займаць стабільна высокія месцы ў конкурсе, трэба пачынаць падрыхтоўку не за два месяцы, — радыкальна выказаўся Радзівон Бас. — Хто б ні рыхтаваў канкурсанта — “Песняры”, “Верасы”, Стацэнка, Раінчык ці іншыя, — гэта ўсё роўна нішто. Чаму я так кажу? Некалькі год таму я быў сябрам адборачнай камісіі на конкурс маладых выканаўцаў “Славянскага базару”. Складвалася ўражанне, што вось хто ішоў міма Маладзёжнага тэатра эстрады, той і зайшоў паўдзельнічаць у адборы”.
Варта прызнацца, што толькі дзве дзяржавы — арганізатары “Славянскага базару” Беларусь і Расія робяць адборачныя конкурсы. Іншыя краіны-ўдзельніцы даўно стварылі нешта кшталту чаргі. Артыст ужо за 3—4 гады ведае, што ён будзе выступаць на конкурсе.
Дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас настолькі незадаволены прынцыпам адбору канкурсантаў у Беларусі і Расіі, што нават не хоча прызнаваць станоўчых вынікаў.
“Так, беларуска-расійскі канкурсант атрымаў Гран-пры ў мінулым годзе, — прызнаўся Бас. — Але мне дагэтуль сорамна за гэта. Які быў ціск з боку менеджэраў... Толькі што прыбіральшчыца амфітэатра не прасіла за яго”.
За грошы?
У гэтым годзе А.Лукашэнка выдзеліў на правядзенне фестывалю каля 2,5 мільярда рублёў, яшчэ 170 мільёнаў прыйшло ад Міністэрства культуры і 24,5 мільёна расійскіх рублёў — ад Саюзнай дзяржавы. Сумы прыстойныя, але ўнёсак ад Саюзнай дзяржавы арганізатары фестывалю ў мінулым годзе атрымалі толькі за дзесяць дзён да яго пачатку. Сёлета дакументы аб налічэнні грошай дагэтуль не падпісаны.
Фінансавае пытанне абвастрылася на фоне канфлікту дырэкцыі “Славянскага базару” і Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай маёмасці. Цэнтр абараняе правы шэрагу аўтараў, якім дагэтуль не выплацілі ганарары за ўдзел у фестывалі.
“Сёння ў нас засталася невялікая запазычанасць, каля 700 мільёнаў, — апраўдваўся Леанід Кавалёў. — Мы паразмаўлялі з людзьмі, знайшлі паразуменне і зараз з упэўненасцю можам сказаць, што ў хуткім часе выплацім усе запазычанасці”.
Яшчэ на пачатку года было аб’яўлена, што ў гэтым годзе на “Славянскім базары” збіраліся зарабіць каля 4,5 мільярда беларускіх рублёў. Чым бліжэй да фестывалю, тым радзей гучыць гэтая лічба...





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне