bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №86-87 (3216-3217)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

1 чэрвеня 2010 года пасля працяглай і доўгай хваробы памёр паэт Андрэй Вазнясенскі

Аўтар: I 3 чэрвеня 2010 г.
Сёння,  4 чэрвеня,  ягонае пахаванне ў Маскве.

Ён любіў Беларусь...

Памёр Андрэй Вазнясенскі. "Мы будем бессмертны. И это — точно!" Ну так. Мастацтва, у прыватнасці паэзія, закліканы супрацьстаяць смерці, змагацца за неўміручасць. Ды гэта ў духоўным сэнсе. А ў фізічным…

Адчуванне цяжкай, непапраўнай страты. Ён любіў нейкай незвычайнай любоўю Беларусь. Яе прыроду, яе пейзажы, яе людзей. Прысвячаў ім — і прыродзе, і людзям, — вершы. Аднойчы мы ехалі разам цягніком Масква—Мінск. На пероне Беларускага вакзала яго праводзіла жонка, Зоя Багуслаўская. "Звані, беражы сябе", — казала на развітанне. "Не хвалюйся. У Беларусі мне нішто не пагражае, мяне там заўсёды добра прымаюць, мне там заўсёды добра", — казаў Андрэй з усмешкай у адказ. Так яно і было ў сапраўднасці. Калі ў лістападзе 1987 года магілёўскія ўлады па нейкай прычыне не падтрымалі прапанову правесці Усесаюзныя сіманаўскія чытанні на Буйніцкім полі (над ім, хто не ведае, развеяны прах Канстанціна Сіманава), Вазнясенскі выступіў у "Известиях" з вершам "Свяшчэнны попел", дзе ўсхвалявана звяртаўся да нас:

Быков, сябр Бородулин, Вертинский,

Неужели сердца промолчат?

Неприкаянный дух Константина

успокоив, верните назад!

А ў празаічным уступе да верша пісаў: "Зразумела, народ Беларусі ў гэтым эпізодзе не віноўны, беларусы па-брацку шануюць памяць паэта. Многа я бываў і жыў у Беларусі, яе шматпакутныя працяглыя пейзажы нашэптвалі мне вершы… Менавіта беларусы памагалі мне ў цяжкія часы, сумленнасць і людская салідарнасць у іх у крыві, менавіта народная мараль гучыць у кнігах В.Быкава і А.Адамовіча, як і ў творах М.Танка, С.Алексіевіч, Н.Гілевіча, Г.Бураўкіна, Ул.Някляева".

Ён любіў Беларусь. І гэтая любоў была ўзаемная, знаходзіла на нашай зямлі адпаведны ўдзячны водгалас. Яго гасцінна сустракаў у сваёй слыннай гаспадарцы, што ў некалькіх кіламетрах ад Белавежы, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Бядуля (адсюль і з'яўленне "Белавежскай балады"). Кнігу ягоных вершаў і паэм у сваіх перакладах на беларускую рупліва выдаваў Рыгор Барадулін. Закаханымі вачыма глядзелі на яго маладыя беларускія паэтэсы (і яго чытачкі)…

Апошні раз мы з ім сустрэліся на свяце паэзіі, што ладзілася на возеры Свіцязь (факт па-свойму сімвалічны, калі мець на ўвазе, што ён прысвяціў возеру цудоўныя радкі). Я чытаў тады ў сваім перакладзе адзін з самых значных, на мой погляд, ягоных вершаў, верш "Сон". Сказаў яму, што ён у сваім творы прадсказаў, па сутнасці, Чарнобыль, нават у канкрэтных рэаліях. Ён адказаў нешта ў такім духу, што паэзія па прызначэнні з'ява крызісная і не можа не адлюстроўваць крызісы свету. Дарэчы, самы апошні яго верш, які давялося прачытаць у тых самых "Известиях", і быў прысвечаны тэме сённяшняга сусветнага крызісу.

Анатоль ВЯРЦІНСКІ

Фота Сяргея Шапрана.

Настальгія па сапраўдным

Для тых, хто не памятае, як пахне адліга, хто ў 60-х гадах мінулага стагоддзя не прарываўся праз кардоны коннай міліцыі на стадыёны, каб не футбол ці хакей паглядзець, а паслухаць вершы — са смерцю Андрэя Вазнясенскага нічога асаблівага не сталася. Ну, памёр нехта ў адпаведным для таго ўзросце, няхай сабе паэт. Дык зараз не час паэтаў, ім якраз і пара паміраць… Але для тых, хто пах адлігі памятае і на стадыёны, дзе гучала паэзія, прарываўся, 1 чэрвеня 2010 года на 78-м годзе жыцця пасля цяжкай і працяглай хваробы памерла эпоха. Ці ва ўсякім разе не стала аднаго з тых, хто яе ўвасабляў.

Калі ў 1959 годзе была надрукавана паэма Вазнясенскага "Майстры", а праз год з'явіліся кнігі "Парабала" і "Мазаіка", краіна, якая называлася Савецкім Саюзам, здрыганулася. Менавіта краіна, а не чытачы паэзіі, бо ўся краіна й была чытачамі. І амаль усе былі паэтамі.

Каб цяпер распавесці некаму, хто такі Андрэй Вазнясенскі, трэба абавязкова нагадаць, што менавіта ён падараваў Але Пугачовай "Миллион алых роз". Гэта і смешна, і сумна. Больш чым сумна. Бо час, які распазнаецца не па паэзіі, а па шлягерных тэкстах, гэта не час. Гэта бясчассе.

Вось што было задоўга да мільёна руж.

Запомні гэты міг.

І над шыпшынай поўнік.

І на тваім плячы прышчэпкі светлы боль.

Я — вечны Твой паэт. Твой вечны палюбоўнік.

І — анічога больш.

 

Запомні лета штрых, пакуль ты можаш помніць.

Хоць тысячу гадоў адлічыць час, — і ўсё ж

Ты ўскрыкнеш, і цябе шыпшыны драпне поўнік.

І — анічога больш.

(Пераклад Рыгора Барадуліна.)

Сёння хіба лянівы не аблайвае Савецкі Саюз: суцэльны ГУЛАГ, імперыя зла… Так, СССР быў і ГУЛАГам, і быў імперыяй. Але не толькі. У ім былі яшчэ, апроч усяго іншага, найвялікшыя ў чалавечай гісторыі літаратурныя падмосткі — ад Хабараўска да Брэста. І на іх стаялі паэты. Найпершымі — Андрэй Вазнясенскі, Яўген Еўтушэнка, Бэла Ахмадуліна, Роберт Раждзественскі. "Нас многа. Быць можа, чацвёра" — напісаў адзін з іх. Стадыёны раўлі, узрываліся авацыямі, заміралі ў знямелай цішыні. І над гэтай знямеласцю дзіўна, нібы паперадзе самога сябе, ляцеў Голас. "Я — Гойя! Вачніцы варонак мне выдзяўбаў вораг, засеяўшы поле тугою. Я — Гора! Я — Голас…" І ўся краіна ведала, чый гэта Голас і пра што ён...

Паэзія ў той час была хутчэйшай за сам час. Як вецер перад цягніком. І якраз дзякуючы працягнутым рукам Андрэя Вазнясенскага і Яўгена Еўтушэнкі, я паспеў ускочыць на апошнюю прыступку апошняга вагона гэтага цягніка, які ўжо адыходзіў…

Савецкая імперская літаратура, у якой я пачынаў, скончылася. Сарвалася, як цягнік пад адхіл. Патанула, як "Тытанік". Лёс тых, хто патануў у акіяне разам з караблём, трагічны. Але ці не горшая, бо самотная, доля тых, хто застаўся на беразе.

Мы чыталі вершы на стадыёнах, друкаваліся ў часопісах з мільённымі накладамі — і мільёны хацелі быць падобнымі да нас, паэтаў. На каго яны хочуць быць падобнымі сёння?..

Парадаксальная праўда ў тым, што і на стадыёнах, і ў часопісах мы ўсё зрабілі для таго, каб ні стадыёнаў, ні часопісаў у нас не стала.

Што ж у нас засталося?.. Насуперак часу, бясчассю, гарбачоўшчыне, пугачоўшчыне, насуперак усяму — паэзія. І сябры, якіх адзін за адным мы губляем. Якія няўмольна адыходзяць туды, куда наканавана адыходзіць паэтам: у вечнасць.

Я не знаю, как остальные,

но я чувствую жесточайшую

не по прошлому ностальгию —

ностальгию по настоящему.

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ
Тэмы: СпецRSS
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл