УРАЖАННІ
Знаёмства з Вільняй
Днямі мне пашчасціла пабываць у Вільнюсе ў службовай камандзіроўцы. Хачу падзяліцца сваімі ўражаннямі з чытачамі "Народнай Волі".
…Плацкартны вагон цягніка Магілёў—Вільнюс быў амаль пусты. На станцыі Гудагай з'явіліся беларускія памежнікі і мытнікі, а на пад'ездзе да літоўскай мяжы — літоўскія службоўцы і мытнікі. Яны былі ветлівыя, але багажом пацікавіліся, каб нічога недазволенага ў іх краіну не трапіла.
У Вільнюсе, аказваецца, ёсць Беларускі дом правоў чалавека (на здымку знізу). Знаходзіцца ён на вуліцы Латака, 3 у цэнтры старога горада. Пры ім — невялічкі гатэль, у якім можна зняць танны пакой. У першы ж дзень пасля семінара мы адправіліся знаёміцца з колішняй сталіцай нашай агульнай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, а зараз — сталіцай Літоўскай Рэспублікі.
Крыху гісторыі
Вільня — не толькі былая сталіца адной з наймагутных у сярэднявечнай Еўропе дзяржаў — ВКЛ, а і месца, дзе на пачатку ХХ стагоддзя нарадзіўся наш нацыянальны рух і дзе спелілася беларуская культура.
Па паданнях, містычны князь Свінтарог аблюбаваў месца пры ўпадзенні ракі Вільні ў Вілію для свайго пахавання. Ён наказаў сыну пасля сваёй смерці спаліць у вусці Вільні яго цела і надалей тут рабіць рытуальныя трупаспаленні.
Паводле легенды, праз гады Вялікі князь літоўскі Гедымін адправіўся на паляванне ў навакольную даліну. Пасля ўдалага палявання ён застаўся начаваць. Ува сне ён убачыў велізарнага жалезнага ваўка на гары, які выў, як сотня ваўкоў. Раніцай князь папрасіў жраца Ліздзейку растлумачыць сон. Ліздзейка сказаў, што воўк азначае замак і горад, які тут будзе закладзены. Горад стане сталіцай навакольных зямель, а вой ваўкоў азначае славу, якая распаўсюдзіцца па ўсім свеце.
У пісьмовых крыніцах горад упершыню згадваецца ў лісце на лацінскай мове, датаваным 25 студзеня 1323 года, калі Вялікі князь Гедымін назваў Вільню стольным горадам Вялікага Княства Літоўскага.
Фота аўтара.
Мінск—Вільнюс—Мінск.
Поўны фотарэпартаж глядзіце тут.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне