ПА-ЗА ГУЛЬНЁЙ
Аб «шведскай сценцы» і міліцэйскіх забаронах
Пазаўчора ўвечары на мінскім стадыёне "Дынама" беларуская зборная па футболе прайграла ў таварыскім матчы, можна сказаць, другому складу шведаў — 0:1.
…Шведы пасяліліся ў Мінску зусім побач са стадыёнам — у гатэлі "Grown Plaza". Дарэчы, у той жа дзень некаторыя шведскія футбалісты былі заўважаны ў раёне букмекерскай канторы, што каля кас стадыёна. Напачатку падумалася, што госці таксама вырашылі зрабіць стаўкі на гульню, але пасля ўсё высветлілася — якраз у гэты час на тэлеэкране паказвалі, як на "Rolland Garros" шведскі тэнісіст Робін Содэрлінг "намыльваў шыю" славутаму Роджэру Федэрэру.
А перад матчам галоўны трэнер шведскай каманды Эрык Хамрэн прызнаўся, што прывёз у Мінск не самы моцны склад: "Мы прадаставім шанц некаторым навічкам, а таксама тым, хто быў у зборнай на другіх ролях. Калі заўважылі, то з 17 прыляцеўшых у беларускую сталіцу футбалістаў толькі пяцёра правялі за зборную 20 і больш матчаў".
Дарэчы, адзіны гол у матчы забіў менавіта ветэран каманды — 40-гадовы Крысціян Вільхельмсон, які прайшоў і абарону беларускай каманды, і варатара Юрыя Жаўнова — як нож скрозь масла. І шведы маглі забіць яшчэ не раз, у адрозненне ад нашых футбалістаў, якія так і не здолелі прабіць "шведскую сценку". Але ж хто будзе крыўдзіць гаспадароў поля, калі за дзень да гэтага адзначалі Дзень абароны дзяцей?
…І напрыканцы аб нашай роднай міліцыі. Меры бяспекі на стадыёне — гэта, натуральна, справа неабходная, але ў такі спякотны дзень нават са звычайнай вадой, якая была куплена на тэрыторыі стадыёна, у ложу для прэсы не прапускалі. "А вдруг вы чемпион мира по метанию?" — вострасловіў маёр, спасылаючыся на нейкія інструкцыі. Гэтаму маёру варта было б хоць зрэдку чытаць на форумах спартыўных газет меркаванні балельшчыкаў. Вось адно з такіх: "И когда милицейский полковник отчитывает своего подчиненного и говорит ему при этом:"Почему из-за действий твоих подчиненных я должен просить прощения у какого-то Капского?!.", то понимаешь, что у нас пока еще не все условия созданы для болельщика — для комфортного просмотра футбола. Пока КАКИЕ-ТО милицейские полковники и иже с ними будут определять формат просмотра нами футбольных матчей, БОЛЕЛЬЩИКА НА ТРИБУНАХ НЕ БУДЕТ!!".
І на самай справе — для каго тады арганізоўваюцца гульні? Хіба 15 тысяч гледачоў, якія прыйшлі на такі матч, — гэта шмат?





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне