БОЛЬ
Забытыя імёны з «расстрэльнага» спісу
(Аўтар праекта і галоўны рэдактар кнігі — вядомы беларускі пісьменнік Кастусь Цвірка. Укладальнікі — пісьменнікі Лідзія Савік і Міхась Скобла. Прадмову напісаў гісторык і публіцыст Анатоль Сідарэвіч.)
Ураджэнцу вёскі Варковічы Слуцкага раёна, палітычнаму дзеячу і пісьменніку Юрку Лістападу ў кнізе адведзена не шмат старонак, але яны вартыя ўвагі. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ён настаўнічаў у нашым горадзе. Восенню 1919 года быў накіраваны школьным інспектарам, арганізаваў за кароткі час 8 беларускіх школ. У 1920-м стаў сябрам Беларускай Рады Случчыны, прыняў удзел у Збройным чыне, разам з ацалелымі пасля месяца баёў пад Семежавам, Цімкавічамі, Вызнай паўстанцамі апынуўся ў Польшчы. Вярнуўся ў 1922 годзе пасля аб’яўлення бальшавікамі амністыі і працаваў выкладчыкам Слуцкіх педагагічных курсаў, затым рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР. Пераклаў на беларускую мову творы У.Караленкі, А.Астроўскага і іншых рускіх пісьменнікаў.
У кастрычніку 1925 года ГПУ асудзіла беларускага інтэлігента на 5 гадоў зняволення як кіраўніка “контррэвалюцыйнай арганізацыі”, але праз два гады ён выйшаў на волю, паспеў надрукаваць у рэспубліканскіх часопісах дзве аповесці. Ды 31 сакавіка 1938 года па прыгаворы “тройкі” быў расстраляны на 41-м годзе жыцця...
Яшчэ адзін случчанін у тым расстрэльным спісе — забыты землякамі ў савецкую эпоху літаратар Паўлюк Шукайла, які ў 20-я гады быў рэдактарам акруговай газеты. Пазней яго накіравалі ў Расоны на Віцебшчыну сакратаром раённага камітэта КП(б). Друкаваўся некалькі гадоў у часопісе “Малады араты”, выдаў кнігу паэзіі “Акрываўленыя землі”. Лёс закінуў яго пазней у Ленінград, затым у Маскву, дзе ён заслужыў званне прафесара гістарычных навук. Але гэтае вылучэнне не ўберагло яго ад рэпрэсій. Шукайла быў арыштаваны і ў 1939 годзе 14 красавіка расстраляны на 35-м годзе жыцця.
Забыта ў нашым горадзе і імя трэцяга, знакамітага на пачатку мінулага веку рэвалюцыянера і публіцыста Фабіяна Шантыра. Гэта была яркая, дзейсная натура, палымяны аратар, змагар за беларушчыну. Нарадзіўся ён у сям’і рабочага-муляра ў 1887 годзе. За рэвалюцыйную прапаганду супраць царскага самадзяржаўя адседзеў у Слуцкай турме два гады. Затым працаваў у Капылі настаўнікам, а ў 1917-м быў абраны старшынёй Бабруйскага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, стаў лідэрам яго левага крыла. Выступаў з прамовай на 1-м Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 года, быў стваральнікам культурна-асветніцкага таварыства “Папараць-кветка” ў Слуцку.
У 1919 годзе з утварэннем Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі з З.Жылуновічам, А.Чарвяковым і Я.Дылам уваходзіў у яго склад як камісар па нацыянальных справах. Затым — супрацоўнік Мінскага губернскага ваеннага камісарыята. Друкаваўся ў літаратурным часопісе “Дзянніца”, у рукапісным выданні “Беларускае пытанне”. У лютым 1920 года палітаддзелам 16-й арміі Шантыр быў арыштаваны і расстраляны ў горадзе Навазыбкаве. Месца пахавання яго невядома...
Гэта была першая ахвяра бальшавіцкага тэрору супраць людзей, якія любілі Беларусь і зычылі дабра свайму народу, сваёй Бацькаўшчыне і ўжо гэтым былі небяспечныя для Масквы і прамаскоўскіх прыхільнікаў у БССР.
Настаў час увекавечыць імёны гэтых слынных землякоў на іх радзіме. У сельгаскааператыве “Лучнікі”, куды ўваходзіць і вёска Варкавічы, ёсць музей калгаса, аднаго з багацейшых у раёне, куды возяць гасцей з іншых краін. Але і тут нічым не ўвекавечана імя земляка-патрыёта Юркі Лістапада. Ніякіх звестак аб ім не мае і раённы гісторыка-краязнаўчы музей, бо гэтае імя семдзесят гадоў было выкраслена з нашай гісторыі. На радзіме пісьменніка, у тых жа Варкавічах, бадай ніхто са старажылаў не ведае, кім быў іх зямляк Юрка Лістапад. У вёсцы дзве вуліцы, адной далі безаблічную назву Палявая. У самы раз назваць яе імем Юркі Лістапада!
Няма ў новых мікрараёнах Слуцка вуліц з імёнамі Фабіяна Шантыра і Паўлюка Шукайлы. Затое ёсць вуліцы Суворава, Чапаева, Пугачова. Маўчыць наконт гэтага мясцовая інтэлігенцыя.
А мне верыцца, што хоць праўнукі мае дачакаюцца той пары, калі ў Мінску ля Дома літаратараў ці ў іншым месцы будзе ўзведзены помнік у памяць 66 расстраляных у 30-я гады пісьменнікаў. Там будуць і імёны нашых землякоў.
Міхась ТЫЧЫНА, жыхар г.Слуцка.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне