bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №88-89 (3218-3219) - "ШОК"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

ШОК

Смерць Ніны

Аўтар: I 7 чэрвеня 2010 г.

Скажу адразу: я змяніла назву населенага пункта, а таксама імёны людзей. Зрабіла гэта па той прычыне, што ў іх ёсць дзеці і ўнукі, а яны ні ў чым не вінаватыя. Гэтая праўдзівая гісторыя выклікала ў мяне шок. Хоць і прайшло ўжо два месяцы, не магу пра яе забыцца…

Гэты дом у Любімічах засялілі сорак гадоў таму. Дом як дом: тры паверхі, тры пад'езды, васемнаццаць кватэр. Час унёс свае змены. Нехта памёр, нехта пераехаў і прадаў кватэру, але ў асноўным тут жывуць тыя самыя людзі, што засяліліся адразу. Ведаюць адзін пра аднаго ўсё. І які матэрыяльны дастатак, і якія ўзаемаадносіны ў сям'і. Словам, як у той песні: "От людзей на деревне не спрятаться…"

Сорак гадоў таму на трэцім паверсе гэтага дома пасялілася і маладая сям'я Даўгаполікаў: Віктар, Ніна і маленькі сынок Кірыл. Бацькі працавалі, хлопчык рос. Калі вырас, прыйшла пара служыць у арміі. Тады яшчэ быў Саюз, і Кірыл апынуўся далёка ад родных мясцін. Дужы, загартаваны хлопец армейскую службу ўпадабаў. І яго любілі за дысцыплінаванасць ды адказнасць. Зусім няшмат часу заставалася да дэмабілізацыі, як пагодлівым майскім днём малады салдат загінуў. Пры выкананні службовага абавязку. Везці цынкавую труну з целам было далёка, і бедныя, змарнелыя ад гора бацькі чакалі сыночка цэлы тыдзень. Чакалі, каб развітацца назаўсёды…

Пасля гэтага выпадку Віктар Даўгаполік — дужы і спрытны чалавек, роўнага якому не было ў ваколіцы, раптам пачаў хварэць, страціў цікавасць да жыцця і неўзабаве пайшоў услед за сынам.

Ніна засталася адна ў пустой двухпакаёвай кватэры. Хадзіла на работу, у магазін, выконвала хатнія справы. Усё рабіла машынальна, прыціснутая сваім неверагодным горам і адзінотай. А яшчэ яна ледзь не кожны дзень хадзіла да касцёла і малілася, малілася… Ціхая, спакойная па натуры, яна ні з кім асабліва не сябравала, але і ніколі не ўступала ў спрэчкі, што часта здараліся паміж суседзямі. Словам, жыла адзінока і замкнута. Да яе хадзіла і ўсяляк падтрымлівала толькі адна жанчына з дома — Марыя Журовіч, якая жыве ў другім, крайнім, пад'ездзе. Яны і да касцёла разам хадзілі, і ў магазін. У апошні час, калі Ніну пачалі пакідаць сілы, Марыя дапамагала ёй выконваць хатнюю работу. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што няшчаснай адзінокай кабеце дапамагаў і мясцовы райваенкамат, і адміністрацыя той установы, дзе яна некалі працавала і адкуль пайшла на пенсію. Не забывалі, за што ім гонар і падзяка.

Напярэдадні Вялікадня, а сёлета, як вядома, каталіцкі і праваслаўны быў разам, усе рыхтаваліся да свята. Спачатку, канечне, рыхтаваліся да Вербнай нядзелі. Перад ёй, у чацвер, Ніна з Марыяй схадзілі ў магазін, потым пасядзелі на лаўцы ў двары і надвячоркам разышліся. І трэба ж такому здарыцца, што Марыя сама занемагла. А потым перадсвяточныя клопаты закружылі. Людзі хадзілі да споведзі, так бы мовіць, ачышчалі душы. А Ніны Даўгаполік нідзе не было відаць. І не чуваць. Яна не хадзіла ў магазін, не выносіла да спецыяльнай машыны смецце. Толькі кабеты бачылі, што ў яе кватэры дзень і ноч гарыць святло. І фортачка адчынена. Ну, гарыць дык гарыць. Каму да гэтага справа? Кожны сядзеў у сваёй шкарлупе раўнадушша і абыякавасці.

Аднойчы, выкінуўшы ў машыну смецце, адна з кабет пацікавілася ў Вікці Садоўнічай, кватэра якой знаходзіцца акурат пад кватэрай Даўгаполікаў.

— Ніны там не чуваць?

— Не чуваць. Магільная цішыня, — раўнадушна адказала тая.

І ўсё. Усе зноў разышліся па сваіх справах.

У Вялікую суботу, прывёўшы ў парадак кватэру і пафарбаваўшы яйкі, Вікця Садоўнічая лягла на канапу адпачыць, бо неўзабаве збіралася ісці да касцёла свенціць ежу да велікоднага стала.

— Ляжу я, гляджу тэлевізар, а мне на руку нешта са столі — кап, праз хвіліну зноў — кап, расказвала потым Вікця. — Я расцерла пальцамі тую каплю: карычневая, цягучая і вельмі смярдзючая. Глянула на столь, а там вялікая карычневая пляма. Я давай званіць Марыі Журовіч: маўляў, відаць, нешта з Нінай…

Пасля Вікцінага званка Марыя прыбегла адразу, але ў яе не было ключа ад Нінінай кватэры. Пазванілі ў міліцыю, у камунгас, выклікалі "хуткую дапамогу". Узламалі дзверы, і на ўсіх напаў стаўбняк: на падлозе ў смярдзючай лужыне чорная, разбухлая да неверагодных памераў ляжала няшчасная Ніна.

— Як толькі дакрануліся да галавы, валасы адразу палезлі пасмамі, — расказвала мне потым Марыя Журовіч. — Медыкі канстатавалі, што смерць наступіла больш за тыдзень таму.

Цела паклалі ў чорны цэлафанавы мяшок, купілі труну і закрылі яго туды. Наверх паклалі адзенне. Так і пахавалі. Без святара, без жалобнай імшы. Праўда, па просьбе Марыі Журовіч ксёндз адслужыў яе на другі дзень Вялікадня.

— Як вы маглі такое дапусціць? — з горыччу і болем пытала я ў некаторых кабет з гэтага дома. — Больш за тыдзень чалавека не было ні відаць, ні чуваць, і вас гэта не ўстрывожыла? Ты, Вікця, жывеш паверхам ніжэй і, канечне, ведала, што ніхто ў Нінінай кватэры не ходзіць, не ўключае ваду. Чаму не падняла трывогу? — пытаю ў Вікці Садоўнічай.

— А што я? — адразу абурылася яна. — І так добра, што я пазваніла Марыі, а то ляжала б тая Ніна і сёння ў сваёй кватэры.

— Правільна, трэба было тазік падставіць, і няхай бы капала ў яго з тваёй столі… — кажу з жалем. А больш слоў не знайшлося…

— Я што, павінна была за ёй пільнаваць?

— Юрыдычна, канечне, не. Але з боку маралі, чалавечнасці… Я цябе ніколі не зразумею.

Калі б гэта адбылося на закінутым хутары, у выміраючай вёсцы, нават у вялікім горадзе, дзе людзі часта не ведаюць, хто разам з імі жыве на лесвічнай пляцоўцы, то можна было б яшчэ нешта растлумачыць. А тут… У пасёлку… Ведалі адзін пра аднаго не толькі хто як жыве, але і хто што есць на абед. І так закінуць, занядбаць няшчасную жанчыну, якая перажыла столькі гора…

Што з намі робіцца, людзі? Чаму дабрыня, міласэрнасць, спагада сталі пустымі словамі? Мы хочам нейкай лепшай долі, Божай ласкі, а ў душы многіх толькі зайздрасць, сквапнасць, раўнадушша. Абы самому было добра. Ніколі ў нашым жыцці нічога не памяняецца да лепшага, калі мы не памяняем сваіх адносін да бліжняга, не навучымся спагадаць, адчуваць чужы боль. Мы ходзім у святы ў храм, молімся Богу, а што робім, выйшаўшы з яго сцен? Страшная смерць няшчаснай Ніны Даўгаполік яскрава сведчыць, што грош нам цана.

Дзятлаўскі раён.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл