БЛІЦ
Як пазбавіцца ад кабальных кантрактаў?
Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці абвясціў аб правядзенні акцыі “Беларусь без кантрактаў”.
Так, на думку старшыні Гродзенскай гарадской арганізацыі прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Святланы Драгалавай, “кантрактная сістэма — гэта здзек з працоўных, якія ў сённяшніх умовах пастаўлены дзяржавай на мяжу выжывання”.
Па кантрактнай сістэме працуе ўвесь свет. Адрозненне Беларусі ў тым, што працоўныя кантракты ў нашай краіне — гэта своеасаблівая зброя супраць тых работнікаў, якія маюць сваю пазіцыю па тых ці іншых пытаннях.
Сёння “Народная Воля” вырашыла высветліць:
Як пазбавіцца ад кабальных кантрактаў?
Аляксандр МЕХ, былы інжынер Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз”:
— Нагадаю, што мяне звольнілі з пасады якраз праз афіцыйную фармулёўку “заканчэнне кантракта”. Але я дагэтуль упэўнены, што “заканчэнне кантракта” ўзнікла з-за маёй актыўнай палітычнай дзейнасці. Кантракт, на які б тэрмін ён ні быў заключаны, — вельмі зручны інструмент для таго, каб кантраляваць працаўнікоў, пужаць іх... Непрацягненне кантракта, асабліва для жыхроў маленькіх гарадоў, вядзе да жабрацтва і галечы...
Каб адказаць на пытанне, як пазбавіцца гэтай кабалы, трэба зразумець, каму такое становішча выгаднае? Адказ вельмі просты — кантраляваць кожны рух працоўнага чалавека ўздумалі на самым версе. Уздумалі дзеля таго, каб людзі трымаліся сваіх працоўных месцаў і маўчалі, дагаджаючы начальству. Таму выснова вельмі простая, каб змяніць сітуацыю з працоўнымі кантрактамі да лепшага, трэба мяняць уладу ў Беларусі...
Уладзіслаў ЦІХАНЕНКА, тынкоўшчык:
— Гэта пытанне вельмі балючае і актуальнае. Працуючы на будоўлях, я наглядзеўся рознага і прыйшоў да высновы, што любыя паперы, якія тычацца афармлення чалавека на працу, складаюцца на карысць наймальніка. Працаўнік папросту безабаронны. Брыгада, у якой я працую, не можа атрымаць грошы ад наймальнікаў, якія карысталіся нашымі паслугамі пры будаўніцтве папярэдняга аб’екта. Людзей аформілі на працу праз дамову-падрад, завінавацілі нам па 4—5 мільёнаў... Зараз адказ такі: “Грошай няма, калі будуць, не вядома. Калі хочаце — ідзіце ў суд”. А што суд? Ён жа не выплаціць нам грошы са сваіх рахункаў.
Так што тут справа не толькі ў кантрактах. Добрыя яны альбо дрэнныя, але часцяком не выконваюцца. Вось праблема.
Аляксандр САСНОЎ, экс-міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі:
— Ва ўсім свеце кантрактная сістэма — самы распаўсюджаны спосаб стасункаў паміж наймальнікам і працаўніком. Напрыклад, на Захадзе кантракт заключаецца з працаўніком з некалькімі мэтамі: акрэсліць кола абавязкаў, дакладна агаварыць умовы працы і яе аплату. У Беларусі, на вялікі жаль, заключэнне кантракта мае на мэце толькі адно — закабаліць супрацоўніка і ўвесь час трымаць яго ў гэтай кабале. Ад гэтага можна пазбавіцца толькі ў тым выпадку, калі пазбавімся ад тых людзей ва ўладзе, якія прыдумалі гэтую кабалу...
Аляксандр ШАРЫПАЎ, былы інжынер ПГУП “Гомелькаапдругрэсурсы”:
— Са мной не працягнулі кантракт якраз пасля маёй спробы ўдзелу ў выбарах. Проста не працягнулі кантракт. Без прычын і тлумачэнняў. Таму я вельмі хацеў бы, каб на заканадаўчым узроўні было замацавана палажэнне, згодна з якім наймальнік быў бы абавязаны хаця б патлумачыць працаўніку сапраўдную прычыну непрацягнення кантракта. У 42-м артыкуле Працоўнага кодэкса Беларусі напісана, што непрацягненне кантракта па жаданні наймальніка можа адбывацца, калі працаўнік не адпавядае займаемай пасадзе. Але калі, напрыклад, я непрафесіянал і сваім непрафесіяналізмам наношу ўрон прадпрыемству, дык навошта чакаць, пакуль у мяне скончыцца кантракт?.. Так што ў гэтай праблеме шмат пытанняў. І, канечне, для таго, каб кантракты дапамагалі працаўнікам, трэба мяняць заканадаўства...
Апытанне праводзіў Віталь ГАРБУЗАЎ.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне
mikalaj_achyzha (12.06.2010 06:14)
Гарадзенская арганізацыя -- гэта фантом (спыталі б у пані Драгалавай, колькі там членаў прафсаюза з прадпрыемстваў), і ўся гэта нібыта барацьба -- пустаслоўе. На вялікі жаль...