З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Iрына ДАРАФЕЕВА: «Падчас уборкі ўраджаю ў мяне будзе тур па Магілёўскай вобласці...»
— Ірына, здаецца, ужо тры гады, як вам надалі статус “твара Беларусі”. Што змянілася ў жыцці за гэты час?
— Я не магу сказаць, што нешта моцна змянілася. Усё па-ранейшаму проста цудоўна. Я спяваю для сваіх людзей, шчаслівая, што мяне любяць і цёпла прымаюць.
— Вам спадабаўся гэты статус, ці былі і свае мінусы? Такія, як зайздрасць з боку асобных калег, розныя чуткі, “перамыванне касцей” у СМІ...
— Я такі чалавек, што стараюся заўважаць толькі добрае. А калі нейкія негатыўныя моманты ў жыцці і здараюцца, то як мага хутчэй хачу аб іх забыць і гэтага не бачыць. Думаю, што меркаванне аб чалавеку складваецца не за тры гады. Ды і, спадзяюся, мне яшчэ шмат гадоў працаваць, так што мой слухач будзе са мной. Веру ў гэта.
— Вы шмат ездзіце з канцэртамі па раёнах падчас уборкі ўраджаю. Зараз таксама збіраецеся?
— Безумоўна. У гэтым годзе я ўжо дала 50 канцэртаў у Гомельскай вобласці, тур называўся “Дарогамі Перамогі”. Выступала ў маленькіх населеных пунктах, Чарнобыльскай зоне. У жніўні, калі будзе ўборка ўраджаю, у мяне запланаваны тур па Магілёўскай вобласці. За год маю намер правесці 150 канцэртаў. У мяне ж ёсць план, які складаецца загадзя. Ведаеце, я заўсёды падчас такіх тураў радуюся, што і залы поўныя, і на палях работы ідуць поўным ходам. І ўсе шчаслівыя!
— Раней вы казалі, што пасля вашых выступленняў у механізатараў павышаецца прадукцыйнасць працы...
— Я на 100 працэнтаў у гэтым упэўнена. А яшчэ я з сабой заўсёды прывожу добрае надвор’е.
— І на колькі прыкладна працэнтаў павышаецца прадукцыйнасць пасля вашых спеваў?
— У працэнтных суадносінах мне цяжка сказаць, але галоўнае — каб людзі былі шчаслівымі. Калі ў іх добры настрой, калі адчуваюць, што яны патрэбны камусьці, то і душа спявае, і справа робіцца зусім па-іншаму. Людзі становяцца мудрэйшымі. Я нічога не адкрываю новага, але я людзям расказваю тое, што ў іх закладзена прыродай.
— А адпачываеце калі?
— Калі плаваю ў басейне. Штодзень, дарэчы, праплываю кіламетр.
— Вы пахудзелі, ці гэта тэлебачанне змяняе “фармат” вашай фігуры?
— Усё можа быць... (Смяецца). А ўвогуле, я заўсёды трымаю сябе ў форме, хоць на нашым тэлебачанні і ў прэсе, не хаваю, бываюць “збоі”. Любяць журналісты падлавіць які-небудзь момант, які робіць кадр больш буйным, а, суадносна, як вы кажаце, і мой “фармат”. І калі затым мяне людзі бачаць “ужывую”, яны проста ў шокавым стане.
— Памятаю адзін фотаздымак, дзе падчас канцэрта вецер сексуальна так узняў вашу сукенку...
— Дык я ж сама нічога не падымала. Ірына Дарафеева на такое не здольная.
— Можа, ёсць змены ў вашым асабістым жыцці?
— Няма пакуль такіх глабальных змен, якімі хацелася б падзяліцца з публікай. Але я вам абавязкова паведамлю, калі што.
— Тады, можа, марыце аб нейкіх зменах?
— У мяне вельмі шмат планаў. Ёсць сумесны праект з кампазітарам і музыкальным прадзюсерам Кімам Брэйтбургам, у наступным годзе плануецца прэм’ера мюзікла. Думаю, што для Беларусі гэта будзе падзея.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне