Уладзімір НЯКЛЯЕЎ: «Нас згуртуе праўда...»
З моманту старту грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” мінула 100 дзён. Крыху болей за тры месяцы. Шмат гэта ці не, што зроблена, а што засталося планамі, што ёсць бліжэйшымі мэтамі — за адказамі мы звярнуліся да лідэра актывістаў, паэта, грамадскага дзеяча Уладзіміра НЯКЛЯЕВА.
— Нярэдкая з’ява: плануеш адно, потым кантэкст, рэаліі, жыццё ўносіць свае карэктывы. Ці прыйшлося ў нечым адаптавацца, мяняць першапачатковыя планы?
— Як казаў Станіслаў Ежы Лец, “прамалінейныя, будзьце пільныя на паваротах”. Калі гнуць толькі ўласную лінію, не зважаючы на абставіны ці на мэтавую аўдыторыю, дзеля якой рэалізуеш тую ці іншую ідэю, то гэта будзе толькі твая, уласная лінія. А мы назвалі кампанію “грамадзянскай” — таму арыентуемся на найпільныя праблемы грамадзян і беларускага грамадства. Таму ўсё, што мы ўжо зрабілі і робім, мы аналізуем, каб планаваць будучае і карэкціраваць раней складзеныя планы. То бок, праца над памылкамі, а таксама над нейкімі станоўчымі неспадзяванкамі вядзецца пастаянна.
— Што б вы назвалі неспадзяванкамі непрыемнымі?
— Не тое, каб гэта было зусім нечаканасцю, але ўсё адно крыху сумна становіцца, калі сутыкаешся з адной вельмі натуральнай для чалавека вартасцю: лянотай. Пасіўнай лянотай. Не ў тым сэнсе, што абы на канапу перад тэлевізарам! Проста час ад часу ясна ўсведамляеш: людзям вельмі хацелася, каб НЕХТА за іх усё вырашыў. Былі, напрыклад, мы ў Салігорску і абмяркоўвалі з жыхарамі аднаго страшна праблемнага дома, што рабіць. Дык вось калі размова зайшла за варыянт змены формы дачыненняў з ЖКГ, у паветры павісла незадаволенасць: а хто ж тым будзе займацца? Маўляў, часу не дужа, калі працаваць будзем... Але ж і мы не феі, каб умомант кавун у карэту ператварыўся!
— Гэтая лянота падаецца падобнай да нацыянальнай нейкай рысы?
— Нацыянальныя рысы — гучыць вельмі агульна неяк і адарвана ў выніку ад сапраўдных, жывых людзей. Усе людзі розныя — у гэтым іх слабасць і сіла адначасова. І беларусы вельмі ўсе розныя. І чуткі пра іх памяркоўнасць моцна перабольшаныя. А што да прынцыпу “мая хата з краю” — дык гэта праява чалавечага характару, прыватнага, а не нацыі ў цэлым.
Прыемныя адкрыцці таксама ёсць. Вось у Слуцку, напрыклад, на рынку пазнаёміліся з прадпрымальніцай Соф’яй. Энергіі ў жанчыны, моцы, ідэй — мора. І ўпартасці, і жадання палепшыць рэчаіснасць. Глядзіш на такіх людзей з разуменнем: праўда заўсёды знойдзе сабе дарогу. А яшчэ — спадарожнікаў.
— Дарога будзе светлай?
— Гледзячы, як “асвятляць”. Пасля ператрусаў па ўсёй краіне, канфіскацыі тэхнікі ў актывістаў нашай кампаніі стала відавочным: заклікі да дзяржавы аб супрацоўніцтве водгуку з яе боку не знайшлі. Хоць нашы праекты цалкам сацыяльныя, мусяць дапамагчы дзяржаўным установам працаваць больш эфектыўна. Выконваць свае функцыі гэтак, як належыць паводле заканадаўства. Тая ж сістэма ЖКГ, праца якой не задавальняе і хвалюе амаль усіх грамадзян, — чаму б не прыняць нашы заўвагі, скаргі, юрыдычную працу з людзьмі як магчымасць палепшыць уласную працу? Не. Трэба шукаць надуманы кампрамат — на нас. Перашкоды ствараць.
— І пра што гэта сведчыць?
— З аднаго боку, сістэма працаваць не хоча. Яе вінцікі-шпунцікі хочуць сядзець у сваіх крэслах — хто ў больш мяккіх, хто ў менш утульных, атрымліваць ладныя грошы, нічога амаль пры гэтым не рабіць і аніякай адказнасці не мець. Што тут маем? Зноў жа — лянота. Але гэта ўсё зручна рабіць у маўклівай атмасферы. Калі на ўсё заплюшчваюць вочы, а з тэлеэкранаў дык яшчэ і распавядаюць, што ўсё цудоўна, а не так, як насамрэч. Дык вось адна справа — калі ціха і можна рабіць выгляд, нібыта ты працуеш. А калі пачынаюць казаць вакол: вось канкрэтна ты, Васіль Васількоў, штаны праседжваеш, грошы атрымліваеш, а працу сваю не робіш — гэта ўжо непрыемна. Асабліва ў рэгіёнах, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. Таму інфармацыя, якую мы распаўсюджвалі і працягваем распаўсюджваць, — нязручная і непрыемная. Хаця пішам, гаворым і пра станоўчыя прыклады. Калі чыноўнікі адэкватна рэагавалі на патрабаванні грамадзян — мы і пра гэта паведамлялі. Не ставілі на мэце шукаць толькі чорнае. У жыцця шмат колераў, апроч чорнага і белага.
— Вы называеце сваю кампанію непалітычнай, сцвярджаеце, што яна носіць маральны характар. Аднак хіба тое, чым займаецеся, не палітыка?
— Паміж палітычнай і грамадзянскай дзейнасцю існуе прынцыповая розніца. Палітык — гэта не проста апанент улады. Ягоная дзейнасць скіравана на тое, каб самому стаць новай уладай. І тут няма нічога супрацьзаконнага.
Грамадзянскі ж актывіст — найперш абаронца грамадскіх інтарэсаў. Ён як шчыт паміж народам і уладай, ён абараняе інтарэсы простых грамадзян — вось дзе галоўнае, вось у чым соль.
Адсюль і наша тактыка: мы збіраем інфармацыю, падымаем грамадскія праблемы і адрасуемся пры гэтым да той жа ўлады, мяркуючы, што менавіта яна можа і павінна ўхіліць несправядлівасць, якой, да жалю, так шмат у жыцці.
Вынікам нашых дзеянняў з’яўляецца рашэнне канкрэтнай і важнай для многіх людзей грамадскай праблемы. Палітыкі змагаюцца за ўладу, мы — у першую чаргу за інтарэсы людзей. Менавіта таму і вядзём па ўсёй краіне падпісныя кампаніі з розных нагод. Трэба возера пачысціць — падымаем праблему. Мерзнуць дзеці ў Крупках — лічым сваім абавязкам ратаваць іх. Падтопліваюцца дамы ў Барысаве — прымусім улады звярнуць на тое ўвагу і пачаць варушыцца.
І гэта — ніякі не піяр, як лічаць многія. Проста такія рэальныя мэты нашага руху.
Любая нармальная ўлада павінна быць зацікаўленай у існаванні грамадзянскіх рухаў. Вацлаў Гавел, вядомы чэшскі дысідэнт, калі стаў прэзідэнтам, сумленна звярнуўся да сваіх былых аднадумцаў з заклікам пачаць актыўную крытыку ягоных дзеянняў. І патлумачыў: цяпер ён пры ўладзе, а значыць — з’яўляецца патэнцыяльным парушальнікам правоў чалавека. І калі паплечнікі цяпер не будуць яго крытыкаваць (памятаючы, што гэта іх сябар-прэзідэнт), тады яны змагаліся дарма, змагаліся не за справядлівасць і не за змену сістэмы, а ўсяго толькі за тое, каб замяніць адных, “дурных” уладароў — другімі, “добрымі”. Вось гэта выдатнае разуменне ролі і месца грамадзянскага актывіста, з аднаго боку, і палітыка — з другога.
— Ці азначае гэта, што вы не станеце займацца палітыкай і не будзеце, напрыклад, балатавацца на пост прэзідэнта?
— Я не адкажу вам ні “так”, ні “не”. Разумею, усіх хвалюе гэтае пытанне. Аднак паверце, для нас зараз важней стварыць сапраўды моцны грамадскі рух. Мяжа паміж палітычным і непалітычным у краіне вельмі тонкая. Ды яшчэ і ўлады нас пастаянна штурхаюць у палітыку. Таму пытанне пра палітычную пазіцыю кампаніі “Гавары праўду!” будзем ставіць і вырашаць, зыходзячы з таго, як складзецца сітуацыя. Дайце час.
— Вы звярталі ўвагу на тое, што праваахоўныя органы ўсё часцей называюцца “сілавымі структурамі”. А насамрэч паміж гэтымі вызначэннямі — фундаментальная розніца...
— Сілавая структура з дапамогай сілы абараняе ўладу. Праваахоўныя ж органы мусяць абараняць права. Сваю задачу мы бачым і ў тым, каб наша праваахоўная сістэма служыла ахове нашых правоў.
— Ёсць меркаванне, што праўда — адна. Напалову яе быць не можа...
— Мы кажам пра праўду ў жыцці грамадства. Мы ж не пра каханне, не пра нейкія прыватныя чалавечыя стасункі. Калі размова ідзе пра факты, то ніякая палітра не патрэбна. І, на вялікі жаль, у нашым грамадстве сёння ўсё перакулена дагары нагамі. Людзі жывуць у адным свеце, а па тэлебачанні ім распавядаюць пра іншы, выдуманы. У гэтым сэнсе праўда сапраўды адна.
— Што вы лічыце дасягненнем кампаніі за мінулыя 100 дзён?
— Людзей, якія насуперак славутаму анекдоту не жадаюць сядзець на цвіку ў роздуме “А можа, так і трэба?”, — іх более. За гэтыя сто дзён я сустракаўся з вялізнай колькасцю землякоў. Беларусы — цудоўная нацыя, якая можа змяніць сваю Беларусь да лепшага. Шмат сустрэч — гэта і цяжка, і цікава.
Што да практычных дасягненняў, то варта адзначыць: з мёртвай кропкі зрушылася шмат што. Напрыклад, справы ў Дымках — мікрараёне Барысава, дзе людзей затапляе штовесну. На даны момант мы ў пошуках спецыяліста, які б мог дапамагчы чыноўнікам вырашыць гэтую праблему. Там ёсць сур’ёзныя тэхнічныя памылкі, іх нельга вырашыць адным махам.
— Пераслед уладаў не перакрэсліў планы кампаніі?
— З майго першага зборніка вершаў на пачатку 1970-х цэнзары выкінулі адзіны верш:
Божа мілы, да магілы
Мне прасіць тваёй парады:
Дзе набрацца боскай сілы
Каб казаць людскую праўду?
Мяркую, што выкінулі яго не з-за слова “праўда”, а з-за адсутнасці ў тыя часы на савецкіх прасторах паняцця “Бога”.
Сіл патрабуецца шмат, а спатрэбіцца яшчэ болей. Але, гледзячы на тое, як кампанія насуперак захадам улады развіваецца, я мяркую, што, можа, і не да магілы я буду шукаць людскую праўду... Можа быць, значна раней грамадой зразумеецца і ўсвядоміцца, як лепей, як разумней. Плён праўды як разумнага сродку камунікацый многія разумеюць ужо цяпер, а заўтра, дасць Бог, яна, праўда, стане нормай для большасці.
Пераслед уладамі некага ў Беларусі прынята разглядаць як прызнанне вертыкаллю сваёй слабасці перад аб’ектам пераследу. Вось баяцца яны таго ці іншага — дык перашкаджаюць рабіць тое ці іншае.
У нашым выпадку відавочна: улады баяцца праўды. Гучыць пафасна, але ж так і ёсць.
Яны дарма праўды баяцца. Праўду трэба вучыцца не толькі казаць, праўду яшчэ трэба ўмець слухаць, прымаць і мець на ўвазе — дзеля лепшай будучыні.
Мінск—Таронта





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне